Кніжная паліца: жыццё ў мастацтве

Ёсць кнігі, якія прыносяць радасць, іншыя напаўняюць смуткам, роздумам і жаданнем паспрачацца з аўтарам. А ёсць тыя, якія натхняюць і заклікаюць да дзеянняў. Гэтая падборка кніг пра мастакоў і свет мастацтва, якія абавязкова натхняць вас на творчыя подзвігі!

Тэкст: Кацярына Чарняўская
Ілюстрацыя: Яна Бунцэвіч

Дына Рубіна “Белая галубка Кардовы”

(арыгінал на рускай мове “Белая голубка Кордовы”)

 Галоўны герой Захар Кардовін – таленавіты мастак, аўтарытэтны эксперт жывапісу і… віртуозны махляр. Ён чытае лекцыі па мастацтве, кансультуе калекцыянераў і выкшталцона падроблівае карціны.

Арт-дэтэктыў “Белая галубка Кардовы” поруч з “Сіндромам Пятрушкі” і “Почыркам Леанарда” ўваходзіць у трылогію Дыны Рубінай пра людзей мастацтва. Гэтая кніга, як складанае палатно, прасякнута сямейнымі таямніцамі, рытмамі фламенка і гарачым сонцам Гішпаніі.

Донна Тарт “Шчыгол”

(пераклад з англійскай мовы на рускую “Щегол”, А.Завозава)

 Адна з самых каментаваных і папулярных кніг, за якую яе аўтар атрымала ў 2014 годзе Пулітцараўскую прэмію.

14-гадовы Тэа Дэкер, які неверагодным чынам выжывае падчас выбуху ў музеі, становіцца ўладальнікам рэдкага шэдэўра – карціны галандскага майстра Карла Фабрыцыюса. Герой нават не здагадваецца, што скрадзеная ім карціна прывядзе яго і ў абсталяваную старадаўняй мэбляй майстэрню антыкварнага магазіна, і ў дом да незаконных гандляроў карцінамі, і ў прасякнуты ледзянымі скразнякамі калядны Амстэрдам.

Якая роля мастацтва ў жыцці кожнага з нас? І ці зможа яно стаць тым променем, які асветліць шлях да выратавання? Спрэчная, неадназначная, часам жахлівая кніга. Яе крытыкуюць, ёй захапляюцца, але бясспрэчна адно – яна наўрад ці пакіне вас абыякавымі.

Філіп Хук “Сняданак у Sotheby’s. Свет мастацтва ад А да Я”

(пераклад з англійскай мовы на рускую “Завтрак у Sotheby’s. Мир искусства от А до Я”, В.Ахтырская)

 Філіп Хук працаваў на вядучых сусветных аўкцыёнах Christie’s і Sotheby’s, праводзіў ток-шоў пра мастацтва і напісаў займальную кнігу, у якой шчыра распавядае, чаму адны мастакі прадаюцца лепш за іншых, як ствараюцца сучасныя шэдэўры і якімі таямніцамі валодаюць арт-дылеры і галерысты.

Вельмі “смачная” кніга, якая будзе цікавай закаханым у мастацтва, арт-крытыкам і будучым калекцыянерам.

Алена Мілюгіна “Шэдэўры Ван Гога”

(арыгінал на рускай мове “Шедевры Ван Гога”)

На старонках гэтага альбому аўтар знаёміць чытача з біяграфіяй, асноўнымі этапамі творчасці Ван Гога і прапаноўвае прасачыць станаўленне яго ўнікальнай мастацкай манеры. Карціны, якія не атрымалі прызнання пры жыцці мастака, уваходзяць сёння ў дзясятку самых дарагіх і прадаваемых у свеце.

У альбоме прадстаўлены такія вядомыя палотны, як “Едакі бульбы”, “Аўтапартрэт”, “Ваза з пятнаццаццю сланечнікамі” – творы, якія сталі шэдэўрамі постімпрэсіянізму.  Такое выданне прынясе радасць сапраўдным аматарам мастацтва і стане цудоўным падарункам.

(с) ALOVAK

Leave a Reply