Існуе цікавая японская тэхніка малюнка на паштоўках – ЭТЭГАМІ. Менавіта ў ёй прапануем вам стварыць паштовае пасланне і даслаць яго тым, каму гэта цяпер вельмі патрэбна.
Пакрокавы майстар-клас стварыла і сфатаграфавала спецыяльна для ALOVAK дызайнер-ілюстратар Маша Завадская.
Што такое ЭТЭГАМІ?
Etegami (E – “малюнак”, Tegami – “паштоўка”) – літаральна азначае “паштоўка з малюнкам”.
Паштоўкі, створаныя ў тэхніцы этэгамі ўяўляюць сабой простыя малюнкі, якія суправаджаюцца тэкстам. Як правіла, выкарыстоўваецца фармат паштовай карткі (10х15) для зручнага адпраўлення па пошце.
У этэгамі няма пэўных правілаў ці прыёмаў малявання – маляваць можна як падабаецца і адчуваецца. Чым вальней выкананы малюнак, тым лепш.
Правілы
- Першае і важнае правіла – вы мусіце падзяліцца сваімі ўражаннямі!
У этэгамі няма строгіх рамак, таму проста бярыце і малюйце эмоцыі і дзяліцеся імі з сябрамі і блізкімі.
Будзе вельмі добра, калі вы намалюеце паштоўку ў гэтай японскай тэхніцы і падзеліцеся ёю ў сацыяльных сетках з хэштэгам #etegamiAlovak
- Другое правіла. Вы можаце маляваць абсалютна любыя прадметы. На этэгамі часта малююць нейкія простыя рэчы, элементы штодзённага жыцця, сезонныя кветкі, гародніну І садавіну і інш. – усё, што заўгодна.
Мы выбіраем для гэтага майстар-класа сезонныя зараз клубніцы.
- І, вядома, трэцяе правіла – паштоўку этэгамі трэба адправіць: па пошце ці любым іншым спосабам.
Матэрыялы і інструменты
Заўвага. Матэрыялы і інструменты могуць быць любыя, якія ёсць пад рукой. Калі няма фарбаў – вазьміце алоўкі, туш можна замяніць лінэрам, гуашшу, перманентным маркерам – і не абавязкова чорнага колеру.
- Папера фармату 10х15 см. Я выкарыстоўваю адмысловую паперу для этэгамі з рысавай асновай, але можна ўзяць і акварэльную, і любую іншую шчыльную – нават ад скрынкі цукерак.
- Туш;
- Акварэль / алоўкі / фламастары;
- Вада;
- Пэндзлі для акварэлі і тушы, пажадана розныя па памеры.
Працэс
1
Вазьміце аб’ект, які хочаце намаляваць, і разгледзьце яго. Знайдзіце ідэальны ракурс, з якога будзеце маляваць.
2
Вазьміце на пэндзаль туш і пачынайце маляваць контур. Трымаеце пэндзаль вертыкальна і малюйце ім не спяшаючыся. Чым больш павольна мы будзем прасоўваць пэндзаль, тым больш атрымаецца сэрцабіццяў і няроўнасцяў у контуры. У этэгамі вітаецца маляванне за контур, але гэта не абавязкова.
3
Трымаючы такім жа чынам пэндзаль, працягнем маляваць зярняткі ў нашай клубнічцы, а таксама часткі, якія выступаюць, і нават нейкія хібы.
4
Развядзіце на палітры патрэбныя колеры фарбы. Можна ўзяць алоўкі ці вадзяны пэндзаль, напоўніўшы яго вадой.
5
Пачынаем хуткімі прамакальнымі рухамі размалёўваць ягаду. Выкарыстоўваць пажадана некалькі адценняў чырвонага, каб стварыць аб’ём. І абавязкова пакіньце некалькі непафарбаваных участкаў – гэта дадасць паветра нашай клубнічыне.
6
Цяпер прыступім да хвосціка і зярнятак ягады. Спярша набіраем на пэндзаль жоўтую фарбу і малюем зярняткі. Гэтым жа адценнем пройдземся і па хвосціку.
Дадаём зялёнага колеру лісточкам.
7
Самы важны этап. Каб наша этэгамі захавала нашы эмоцыі, дадаём тэкст.
Гэта можа быць як кароткая фраза, слоган, цытата, так і шматслоўнае пасланне
Галоўнае, каб тэкст як бы «абыходзіў» малюнак і ствараў дадатковы фонавы малюнак.
Гатова! Цяпер можна не спыняцца і намаляваць цэлую міску клубніц.