Тым, хто цікавіцца беларускай літаратурай для дзяцей, пэўна знаёмае імя ілюстратаркі з Мінску Кацярыны ДУБОВІК. Ведаюць яго і за межамі Беларусі – Кацярына жыве ў Амстэрдаме, супрацоўнічае з выдавецтвамі розных краін свету, яе талент адзначаюць на прэстыжных міжнародных конкурсах ілюстрацыі. Наша гераіня неаднойчы атрымлівала ўзнагароды і на радзіме – прэміі Цёткі, дыплом нацыянальнага конкурса “Мастацтва кнігі” і іншыя.
Мы паразмаўлялі з Кацярынай пра поспех, пра тое, дзе чэрпаць энергію пры інтэнсіўным рэжыме працы, наколькі важна ілюстратару мець пазнавальны стыль і прасоўваць сябе ў сацсетках, пра супрацу з аўтарамі кніг і складанасці беларускага кнігавыдавецтва.
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы інтэрв’ю кніжнаму выдавецтву “Папуры”.
Пытанні задавала: Кацярына Буто
Тэкст падрыхтавалі: Вера Сірата, Кацярына Буто
Ілюстрацыі: Кацярына Дубовік
Пра поспех і працагалізм
– Кацярына, вас упэўнена можна назваць паспяховым ілюстратарам з пазнавальным стылем. Што ўвогуле для вас значыць поспех?
Напэўна, мяне можна так назваць. Поспех, на маю думку, — вельмі адносная рэч. Для кагосьці гэта карцінка, якую яны бачаць у сацыяльных сетках, альбо нейкія матэрыяльныя рэчы. Для мяне асабіста поспех — гэта мець магчымасць рабіць тое, што я хачу і люблю, і не быць пры гэтым у галечы. Не буду адмаўляць, што маю амбіцыі, і часам у мяне атрымліваецца іх задавальняць. Вядома, што гэта важна для мяне, як і для любога мастака.
Для мяне асабіста поспех — гэта мець магчымасць рабіць тое, што я хачу і люблю, і не быць пры гэтым у галечы.
– Калі паглядзець ваш профіль у Інстаграм, то складваецца ўражанне, што вы ўвесь час малюеце. Чытала таксама ў ранейшым інтэрв’ю з вамі, што працуеце 7 дзён у тыдзень. У чым сакрэт вашай працаздольнасці?
Так, я працую без выходных. Няма ніякіх сакрэтаў. Проста мне гэта вельмі цікава. Звычайна я вяду некалькі праектаў паралельна, таму можна адпачываць, калі пераключацца з аднаго праекта на іншы. Часу ўсё роўна на ўсе задумы не хапае.
– Як жа не перагарэць у такім інтэнсіўным рэжыме працы?
Трэба ўважліва да сябе ставіцца, і калі адчуваецца, што няма ўжо адкуль браць сілы, — на нейкі час кардынальна змяніць дзейнасць альбо месца знаходжання. Карацей, рабіць штосьці, што можа зноў вас напоўніць. У ідэале, канешне, паехаць у вандроўку ў незнаёмае месца, калі ёсць такая магчымасць. Але звычайна я выязджаю проста куды-небудзь на ровары. Яшчэ мяне напаўняе прырода, я вельмі люблю лес. Часам таксама дапамагае, калі робіш нейкія простыя дробныя механічныя рэчы па хаце. Але на справе гэта ўсё, канешне, не так проста, як на словах. Таму лепей старацца не даводзіць сябе да стану, калі ўжо “ўсё”.
Пра ілюстраванне кніг, супрацу з аўтарамі і чытачоў
– Мастак-ілюстратар Генадзь Каліноўскі лічыў, што кожная кніга мае свой падыход: характар адной патрабуе акварэльнай тэхнікі, іншая кніга “просіць” больш стрыманых, графічных ілюстрацый. Якое ў вас меркаванне на гэты конт?
Я вельмі люблю Генадзя Каліноўскага і тут поўнасцю з ім згодная. Я працую з Заходняй Еўропай, дзе вельмі вітаюць тое, што я мяняю падыходы і тэхнікі для розных кніг.
Мне падаецца, некаторыя ілюстратары і самі задаволеныя тым, што ім не трэба мяняць падыход. I гэта таксама выбар кожнага канкрэтнага мастака. Камусьці падабаецца маляваць у адной і той жа тэхніцы, а камусьці — гэта нецікава. Увогуле, выдаўцы таксама розныя. Мяркую, што кожны ілюстратар, якому хочацца памяняць штосьці ў сваёй працы, заўсёды вольны гэта зрабіць.
– Я таксама шмат разоў чула меркаванне, што ў кожнага кніжнага ілюстратара мусіць быць свой пазнавальны стыль, адыход ад якога не вітаецца. Наколькі ўсё ж сучасны кніжны ілюстратар скаваны падобнымі патрабаваннямі?
Шчыра кажучы, я не люблю гэтае паняцце — “стыль”. Здаецца, ніхто дакладна не ведае, што маецца на ўвазе, таму прынята лічыць, што калі ў цябе нешта больш-менш атрымалася — вось ты і знайшоў “свой стыль”. I цяпер трымайся за яго рукамі і зубамі, і ні ў якім разе не малюй інакш. Канешне, што будзе, калі намалюеш інакш, ніхто не ведае таксама, але, напэўна, нешта вельмі страшнае.
Для мяне стыль — гэта тое, як чалавек думае, што ён чытае, якую музыку любіць і г.д. У выяўленчым мастацтве ён выпрацоўваецца за кошт штодзённай працы, вывучэння і аналізу таго, што вам асабіста бліжэй, і з чым цікавей працуецца.
– Мяркую, хтосьці з ілюстратараў і хацеў бы адысці ад свайго “стылю”, які прыносіць заказы і “корміць”, але баіцца, што застанецца без працы. Што б вы маглі параіць у такім выпадку?
Чалавек, які сапраўды хоча зрабіць штосьці новае і развівацца як мастак, на маю думку, заўсёды знойдзе выйсце і час для гэтага. Бо яно ідзе не ад зарплаты, а таму што ты інакш не можаш. Ніхто, прынамсі, не адмяняў асабістых праектаў – гэта калі ты робіш нешта як хочаш, і потым спрабуеш прапанаваць гэта выдаўцам. Шмат ілюстратараў, у тым ліку і я, такім чынам паспяхова працуюць.
Ніхто, прынамсі, не адмяняў асабістых праектаў – гэта калі ты робіш нешта як хочаш, і потым спрабуеш прапанаваць гэта выдаўцам. Шмат ілюстратараў, у тым ліку і я, такім чынам паспяхова працуюць.
Беларуская народная казка з ілюстрацыямі Кацярыны Дубовік “Як Васіль Змея перамог”
– Ілюстратар — гэта сааўтар кнігі? Іншыя пісьменнікі бываюць занадта раўнівымі да сваіх твораў і хочуць уплываць на ілюстрацыі. А як на вашу думку, ці мусіць у ілюстратара быць поўная свабода творчасці?
Так, ілюстратар — гэта сааўтар. Я не працую з аўтарамі, якія навязваюць сваё бачанне. Я за ўзаемапавагу і давер паміж аўтарам і ілюстратарам. І са свайго боку гатовая выслухаць пажаданні, нейкія тлумачэнні наконт персанажаў, але далей пачынаецца мая праца з кнігай. Калі ілюстратару навязваюць сваё бачанне, на маю думку, — гэта непавага да яго як да прафесіянала.
– А што наконт чытачоў? Напрыклад, я сустракалася з меркаваннем некаторых людзей, што ілюстрацыі да дзіцячых кніг мусяць быць зразумелымі і жыццярадаснымі. З гэтага яны рабілі выснову, што ілюстрацыі Кацярыны Дубовік празмерна складаныя для дзяцей. Ці адсочваеце вы рэакцыю на кнігі, якія вы ілюстравалі?
Я таксама сустракалася з такімі людзьмі. Цяжка неяк каментаваць такія меркаванні — для мяне гэта тое самае, што казаць, быццам усе людзі аднолькавыя, а калі яны іншыя, то іх не мусіць быць. Я, на шчасце, не магу падзяляць такі светапогляд.
Так здараецца, што часам некаторыя дарослыя людзі схільныя думаць стэрэатыпна. Гэта, напэўна, натуральна і нармальна для чалавека: спачатку адмаўляць і не прымаць усё, да чаго ён не прывык. Таму я вельмі часта сустракаю водгукі бацькоў, якія пішуць, што спачатку ім жудасна не спадабалася кніжка праз мае малюнкі, але дзіця, наадварот, палюбіла яе і часта пераглядае. Для мяне такія водгукі вельмі дарагія, таму што дзеці могуць вучыць сваіх дарослых бацькоў думаць больш шырока. І гэта вельмі здорава, што такія бацькі даюць сваім дзецям права самім выбіраць, што ім падабаецца.
Пра творчы і “калятворчы” працэс
– Ці патрэбныя вам нейкія “рытуалы”, каб сесці і пачаць працаваць?
Мой творчы працэс залежыць ад праекта і ад таго, на якім я этапе. Спачатку праца звычайна ідзе даволі пакутліва, бо мне трэба зразумець і вынайсці новы для сябе і кнігі падыход. У такія моманты здаецца, што ты развучыўся маляваць, — усё прасоўваецца вельмі марудна. Потым, калі гэты этап пройдзены, і я больш-менш разумею, што трэба рабіць, то ўпэўненасць і лёгкасць вяртаюцца. Звычайна я працую па дзевяць-дзесяць гадзін у дзень незалежна ад стадыі праекта. Ніякіх рытуалаў у мяне няма. Я проста люблю сваю працу.
Ніякіх рытуалаў у мяне няма. Я проста люблю сваю працу.
Вокладкі , створаныя Кацярынай Дубовік, для кніг розных аўтараў
– А як ўсё паспяваць? Ці магчыма гэта?
Трэба проста не спяшацца і рабіць усё крок за крокам.
– Што наконт прасоўвання і ўсялякай такой “калятворчай” дзейнасці — ці самастойна вы гэтым займаецеся?
Так, я самастойна вяду ўсе свае сацсеткі. Канешне, часам лянота рабіць гэта, а часам проста не хочацца бачыць аніякіх сацсетак. Але без гэтага не абысціся — інакш ніхто пра цябе не даведаецца. Я не той чалавек, які можа нешта раіць пра тое, як стаць заўважным мастаком. Я проста закідваю свае працы на Behance і ў Instagram. І нават не рэгулярна.
– Акрамя маркетынгу ёсць розныя юрыдычныя пытанні, аўтарскія правы, дагаворы… Наколькі вы дбаеце пра гэта?
А вось да аўтарскіх правоў і дамоў я вельмі ўважлівая. Гэта вельмі важна. Таму заўсёды трэба патрабаваць дамову да таго, як вы пачалі працаваць. Чытаць яе трэба вельмі ўнікліва і, калі вас штосьці не задавальняе, альбо не зразумела, трэба казаць пра гэта выдаўцу. Ці нават кансультавацца з юрыстам.
Пра сучаснае беларускае кнігавыдавецтва
– Не хацелі б вярнуцца працаваць у Беларусь, калі гэта стане магчымым? Наколькі важна вам падтрымліваць сувязь з радзімай?
Мне заўсёды было важна рабіць кніжкі менавіта ў Беларусі. І я гэта рабіла, пакуль было магчыма. Але цяпер у мяне няма прапаноў аб супрацоўніцтве ад беларускіх выдавецтваў. Прычыны гэтаму, вядома, розныя. На некаторыя выдавецтвы, з якімі давялося працаваць, у мяне няма нараканняў, але з некаторымі я сама не хацела б мець новых сумесных праектаў праз мінулы непрыемны досвед.
Увогуле, часам у мяне ўзнікае адчуванне, што беларускія выдаўцы значна ахвотней друкуюць замежныя ілюстраваныя кніжкі. Мяркую, справа ў нейкім спрадвечным стэрэатыпе (як у выдаўцоў, так і ў спажыўцоў), што ўсё беларускае — гэта нешта няякаснае. Альбо яны проста не ведаюць, што ў Беларусі таксама ёсць шмат мастакоў-ілюстратараў. Сітуацыя даволі парадаксальная, на мой погляд.
Ну і, шчыра кажучы, стыль і ўмовы вядзення працы ў Беларусі немагчымыя для камфортнага самаадчування. У прыватных выдавецтвах (напэўна, з-за абмежаваных фінансавых магчымасцяў) няма ў штаце пазіцыі “дызайнер” альбо “мастацкі рэдактар”. Іх прафесійныя абавязкі мастакі вымушаны рабіць самі, альбо наймаць сваіх дызайнераў, калі хочуць, каб іх кніжка выглядала прыстойна. У такіх выпадках аб’ём працы павялічваецца ўдвая, няма ніякай падтрымкі, а выдаўцы лічаць, што так і трэба… Таму, можа, і па гэтай прычыне ім прасцей набываць правы на выданне замежнай кнігі. Бо там адразу ўжо ўсё гатовае – і ілюстрацыі, і дызайн.
Вось і атрымліваецца, што рабіць кніжкі ў Беларусі — гэта ў значнай ступені валанцёрства. Бо за такія ганарары і з такімі адносінамі да мастака ніякі неідэйны чалавек працаваць не будзе.
Увогуле, напэўна, у такі час, як зараз, трэба быць удзячным, што выдавецтвы хоць неяк працуюць. І я вельмі разумею, як гэта цяжка, і паважаю іх вялізную працу. Але гэтыя вышэйзгаданыя праблемы існавалі і раней, і працягваюць існаваць.
Вось і атрымліваецца, што рабіць кніжкі ў Беларусі — гэта ў значнай ступені валанцёрства. Бо за такія ганарары і з такімі адносінамі да мастака ніякі неідэйны чалавек працаваць не будзе.
– Павел Татарнікаў казаў у інтэрв’ю, што “Прыкладна 10 гадоў малады мастак прабівае галавою сценку”, то бок мусіць пастаянна ўдзельнічаць у конкурсах і выставах, каб пра яго нарэшце даведаліся. Як, на ваш погляд, ці робяць самі беларускія мастакі дастаткова ўсяго, каб стаць заўважнымі?
З Паўлам Юр’евічам я цалкам згодная. Мастакі робяць дастаткова. Яны праходзяць на самыя прэстыжныя конкурсы ілюстрацыі ў свеце, такія, як, напрыклад, Bologna Childrens Book Fair, NAMI Concours, Chanhai Childrens Book Fair, Bienal of illustrations in Bratislava і гэтак далей. І там, у свеце, яны вельмі заўважныя. Але, калі казаць пра мой асабісты досвед, ніводнага разу выдавецтвы, з якімі я працавала ў Беларусі, нават не напісалі пра тое, што іх кніжка прайшла ў шортліст прэстыжнага міжнароднага конкурса, на выставу, альбо ўзяла ўзнагароду.
Пра бягучае і будучае
– Бачыла, вы анансавалі ў сацсетках свой курс па ілюстрацыі. Як можна туды трапіць?
Мой курс прысвечаны кніжнай графіцы. ?н разлічаны на дарослых людзей, якія ўжо маюць нейкі досвед працы з ілюстрацыяй. Курс індывідуальны і складаецца з лекцый і практычных заняткаў. Лекцыі прысвечаныя распрацоўцы персанажа, кампазіцыі, кніжнаму макету. Каб трапіць на мой курс, трэба даслаць мне сваё партфоліа і апісанне матывацыі, чаму вы хочаце займацца ілюстрацыяй са мной.
– А за творчасцю якіх сучасных мастакоў сочыце?
?сць вельмі шмат мастакоў, творчасць якіх мне цікавая. Самае простае — гэта паглядзець мае падпіскі на Behance і ў Instagram. Калі паспрабаваць назваць самых любімых — гэта Клаус Энзікат, Генадзь Каліноўскі, Сяргей Алімаў, Шон Тан, Кіці Краўтэр (Kitty Crowter), Віка Семыкіна, Бенджамін Шо, Тара Бут (Tara Booth), Валеры Слаук, Стася Сакалоўская і шмат іншых.
– Падзяліцеся, калі ласка, сваімі планамі.
Планаў шмат, бо ў мяне стаіць чарга праектаў, якія чакаюць, калі я іх зраблю. Хутка выходзіць новая кніжка Эвы Сусы ў Швецыі з маімі ілюстрацыямі. Зараз я ўжо працую над некалькімі новымі праектамі. Насамрэч я не вельмі люблю расказваць пра свае праекты ў працэсе, і ніколі не выкладаю іх у Сеціва да таго моманту, як выйдзе кніжка. Але магу запэўніць, што новыя працы неўзабаве можна будзе пабачыць як у сацсетках, так і ў кнігарнях.
Узнагароды Кацярыны Дубовік:
|
Больш ілюстрацый Кацярыны Дубовік:
Ілюстрацыі да кніг Джорджа Оруэла
(с) ALOVAK
[…] ў гэтым пытанні акурат ёсць палеміка. Мы з Кацяй Дубовік пра гэта разважалі, і яна ўпэўненая, што вельмі важна […]