Велікодная сервіроўка ў прыродным стылі

Ужо традыцыйна напярэдадні Вялікадня дзелімся з вамі ідэямі, як прыгожа і цікава можна сервіраваць святочны стол. Сёлета для дэкору мы выкарыстоўвалі прыродныя матэрыялы, нескладаныя фларыстычныя тэхнікі, а таксама вырабы ручной работы ад беларускіх майстроў. Атрымалася проста, густоўна і вельмі святочна!

Тэкст: Ганна Савановіч
Фота: Дар’я Піскун, Кацярына Буто

Усе фотаздымкі  ў гэтым артыкуле былі зробленыя ў рамках супольнай прадметнай здымкі #фотадзень_ад_аловак. Даведацца пра фотадзень і запісацца на наступны можна па спасылцы.  

Навошта патрэбная святочная сервіроўка?

Прыгожа накрыты стол стварае атмасферу, абуджае апетыт, адбіваецца на нашым унутраным стане і настроі. За густоўна накрытым сталом прымаць ежу значна прыемней, ды і смак страваў раскрываецца лепш. А дыетолагі гавораць, што сервіроўка дапамагае харчавацца свядома і нават змяняць у лепшы бок харчовыя звычкі. Дарэчы, прыгожа сервіраваць стол можна не толькі на святы!

Падстаўка для яек

Просты, але нечакана стылёвы дэкор – падстаўка для яек з кардоннай упакоўкі. Калі раскласці ў ёй яйкі не ў кожнай ячэйцы, а пакінуць пустыя месцы, да таго ж, у некаторыя з іх замест яек пакласці кветачкі, – кампазіцыя будзе выглядаць цікава і дынамічна. Незвычайна ў такіх падстаўках выглядаюць маленькія какедамы з вясеннімі цыбульнымі кветкамі.

Велікодныя вяночкі

Сапраўды па-вясенняму выглядаюць вяночкі з бярозавых галінак. Яны могуць быць самых розных памераў, іх можна пакласці на стол ці павесіць на сцяну, упрыгожыць кветкамі і рознымі прыроднымі матэрыяламі ці пакінуць як самадастатковы элемент дэкору.

Для таго, каб зрабіць такі вяночак, патрэбныя доўгія бярозавыя галінкі – як гэта робіцца, мы раней паказвалі на прыкладзе каляднага вянка. Па тым самым прынцыпе можна сплесці дэкаратыўнае гняздзечка, пакласці ў яго некалькі пёрак і маленькіх перапёлкавых яек:

Какедама

Какедама – універсальная ідэя. Для велікоднай сервіроўкі найбольш эфектныя какедамы – з цыбульных кветак. Цыбулінка ўжо мае ў сабе ўсе неабходныя рэчывы, для росту і квітнення ёй неабходныя толькі вільгаць і святло, таму не абавязкова фарміраваць вакол яе земляны ком – дастаткова толькі закрыць усе карэньчыкі шчыльным слоем імху. Для таго, каб мох надзейна трымаўся, фіксуем яго з дапамогай баваўнянай ніткі.

Ваза з імхом

Празрыстая шкляная ваза, напоўненая імхом, можа быць сама па сабе элементам дэкору, а можна размясціць у ёй цыбулінкі ў квецені – папярэдне абмыйце іх ад глебы вадой. Калі гэты дэкор будзе ў вас кароткачасовы, то гэтага дастаткова, а калі хочаце, каб ён пастаяў даўжэй, то трэба наліць у вазу паўсантыметра вады, або апырскваць / увільгатняць мох.

Прыродны каларыт

Прытрымлівайцеся прыроднай палітры колераў (зяленыя і белыя адценні) і натуральных фактур (ільняны абрус, керамічны посуд). Выкарыстоўвайце  кантрасты: белыя кветкі і цёмныя бярозавыя галінкі, мяккія пёркі і цвёрдыя паверхні посуду, гладкія вазы і фактурнае шкло. Дадавайце празрыстыя келіхі, вытанчаныя свечкі, галінкі бэзу з зяленымі пупышкамі.

У нашай сервіроўцы паўдзельнічалі вырабы ручной работы ад беларускіх майстроў: керамічныя талеркі ад @gorgona.by і ільняны абрус ад @barninak_

Няхай вашыя святы будуць утульнымі, шчаслівымі і прыгожымі!

(с) ALOVAK

Leave a Reply