Майстар-клас: сумка з фетру

Сумка для вясновых шпацыраў у парк і паходаў з сяброўкамі ў кафэ – у такую сумку будзе зручна пакласці любімы часопіс або планшэт (з любімым  часопісам!). Гэтая сумка была зроблена спецыяльна для вясновай фотаздымкі нашага часопіса.

Тэкст: Кацярына Буто

Фота: Аляксандра Баярына

Пакрокавая інструкцыя па пашыву сумкі з фетру сваімі рукамі. Арыгінальная дэталь – ручкі з галінак!

Матэрыялы, якія спатрэбяцца: 1 ліст фетру шэрага колеру (4940); 1 ліст фетру цёмна-шэрага колеру (4940); 1 ліст фетру аліўкавага колеру (36*24); шэрыя ніткі для шыцця; рэшткі нітак для вязання фісташкавага колеру (салатавага); 4 см стужкі-ліпучкі Velcro; падыходнага памеру галінкі для ручак.

Інструменты, якія спатрэбяцца: іголкі, швейная машына, нажніцы, лінейка, кравецкая крэйда, наждачная папера.

  1. Згодна з выкрайкай выразаць з фетру дэталі для сумкі.
  2. У дэталях з цёмна-шэрага фетру зрабіць прарэзы для кішэнек.
  3. З фетру аліўкавага колеру выразаць 5 палосак наступных памераў: дзве па 2*30 і па адной 2*36, 3*36 і 15*36. З абрэзкаў фетру аліўкавага колеру выразаць дэталі для дэкору сумкі (у нашым выпадку гэта стылізаваныя лісцікі).
  4. Скласці і прыфастрыгаваць да вываратнага боку дэталяў з шэрага і цёмна-шэрага фетру ручкі.
  5. Прыфастрыгаваць 4 палоскі з фетру аліўкавага колеру да дэталі з шэрага фетру: дзве палоскі памерам 2*30 па баках, адну палоску 2*36 – унізе, адну палоску 3*36 – наверх прыфастрыгаваных ручак. Верхнюю палоску дадаткова прыстрачыць на машыне.
  6. Да вонкавага боку дэталі з цёмна-шэрага фетру прышыць засцежку адным канцом (палоску цёмна-шэрага фетру 4*15): прыфастрыгаваць, а потым прыстрачыць на машыне. На другі канец засцежкі спачатку прыфастрыгаваць, а потым прыстрачыць на машыне адну частку стужкі-ліпучкі.
  7. Да дэталі з цёмна-шэрага фетру прышыць наверх прыфастрыгаваных ручак палоску фетру аліўкавага колеру 15*36. Прыстрачыць на машыне дэталь аліўкавага колеру, дадаткова прашыць строчкі – межы кішэнек.
  8. Да дэталі з шэрага фетру прышыць дэкор з фетру аліўкавага колеру, другую частку стужкі-ліпучкі для засцежкі.
  9. Скласці разам дэталі шэрага і цёмна-шэрага фетру вываратным бокам унутр. Спачатку прыфастрыгаваць, а потым прыстрачыць на машыне па баках і нізе, адыходзячы ад краю прыкладна 0,5 см.

Парада: добра прыфастрыгоўвайце фетр, ён валодае ўласцівасцю цягнуцца, калі працуеш з ім на швейнай машыне!

  1. Падыходнага памеру 2 галінкі замачыць у вадзе на некалькі гадзін, каб зняць кару. Адшліфаваць наждачнай паперай да неабходнай ступені гладкасці, пры жаданні – надаць тон марылкай

  2. Уставіць галінкі ў ручкі, прашыць тоўстымі ніткамі ручкі пад галінкамі, спалучаючы паміж сабой.

Leave a Reply