Пра Гуканне вясны на Беларусі нам ужо расказвала Наста ГЛУШКО. У сваім артыкуле яна ўзгадала пра адмысловае абрадавае печыва ў выглядзе жаваранкаў. Наста падзялілася і сваім рэцэптам.
Раней, на Саракі, выпякалі 40 жаваранкаў і верылі , што ў гэты дзень вяртаюцца птушкі. Гэтае печыва раздавалі дзецям, тыя падкідалі яго ўгору, заклікаючы птушак хутчэй вяртацца і прыносіць вясну. Форма печыва залежыць ад рэгіёна, дзе яго выпякалі. На Гомельшчыне нажом выразалі з цеста пляскатыя выявы птушак, называліся яны чыркамі. На Палессі рабілі галёпы – своеасаблівае печыва ў форме буслінай лапы. Мы пячом адмысловыя булачкі-жаваранкі, якія вядомыя па розных раёнах Беларусі, напрыклад, такія пякла мая бабуля з Барысаўшчыны, ёсць згадкі з Гарадзеншчыны. Робім іх здобнымі, а раней цеста магло быць і прасцейшае.
РЭЦЭПТ
Для вырабу «жаваранкаў» падыходзіць любое дражджавое цеста, вось мой варыянт.
Для салодкага здобнага дражджавога цеста спатрэбіцца (без апары):
- Дрожджы – 1\2 пачка;
- Цукар – 1\2 шклянкі;
- Малако – 1 л;
- Яйкі – 2-3 шт.;
- Масла сметанковае – 1\2 пачка;
- Мука – блізу 2 кг, залежна ад колькасці вадкасці;
- Крыху солі;
- 2 ст.л. смятаны.
- Дрожджы з цукрам расцерці, пасля дадаць цёплага (не гарачага) малака, яйкі, масла растопленае, соль , смятану.
- Размяшаць, паступова дадаваць прасеяную муку, замясіць цеста, крыху больш тугое, чым на велікодныя булкі, каб печыва было крапчэйшым.
- Даць цесту пастаяць прыкладна 30 хвілін, яшчэ раз вымесіць.
- Жаваранкі рабіць наступным чынам: жмуток цеста раскачаць кілбаскай і завязаць у вузельчык. З аднаго канца вузельчыка зрабіць дзюбу, другі распляскаць для хвосціка, нарэзаць нажом, нібыта пёркі, можна зрабіць вочкі з разынак ці перцу.