Мастак і дызайнер, сузаснавальнік нашага часопіса Ірына БЕЛЬСКАЯ вырашыла крыху пафантазіраваць і ўявіць, як сустракалі б вясну звяры, калі б бралі прыклад з нас, людзей. Прадстаўляем вам пакрокавы майстар-клас па ілюстрацыі – будзем ствараць яе з дапамогай Photoshop.
Вам спатрэбяцца: папера, просты аловак, сканер, базавыя веды работы з Photoshop.
1. Спачатку робім накід. Яго можна зрабіць на паперы алоўкам або адразу пачынаць у Photoshop (як мы). На гэтым этапе наша будучая ілюстрацыя можа быць даволі схематычнай – далей усе недакладнасці выправяцца.
2. Калі вы малявалі эскіз алоўкам – скануем яго і адкрываем ў Photoshop, дзе акуратна на новым слоі прамалёўваем контуры. Пры неабходнасці можна прыбіраць або дадаваць новыя дэталі.
3. Ствараем новы слой і інструментам Brush Tool (пэндзаль) у рэжыме Multiply (множанне) размалёўваем нашу карцінку.
4. Працягваем размалёўваць. Для таго, каб гэта атрымалася акуратна, не забываем павялічваць маштаб малюнка.
Павялічыць маштаб: Ctrl +
Паменшыць маштаб: Ctrl-
5. Пераходзім да дэталяў: малюем узоры на вопратцы, траву, аблокі, тэкстуру на дахах хат.
6. Дадаём лёгкія цені. На новым слоі замалёўваем блакітна-шэрым колерам задні план карцінкі, каб прыглушыць і «аддаліць» яго ад пярэдняга. Прызначаем гэтаму слою празрыстасць 30%.
Гатова!