Сашыка – старадаўняя японская тэхніка вышыўкі

ALOVAK знаёміць чытачоў ??з рэдкімі відамі творчасці.  Мы будзем даследчыкамі і выпрабавальнікамі: вывучым тэхналогію, натхнімся арыгінальнымі ідэямі, створым аб’екты і падзелімся нашымі ўражаннямі, высновамі і вопытам. У гэтым артыкуле разгледзім старадаўнюю японскую тэхніку вышыўкі  сашыка.

Тэкст, схемы: Ірына Бельская
Фота: Кацярына Буто

Гісторыя сашыка

Сашыка – старадаўняе японскае мастацтва вышыўкі. Тэхніка сашыка простая, а ўзоры атрымліваюцца разнастайнымі і вельмі прыгожымі. Першапачаткова сашыка выкарыстоўвалася для перашывання і ўцяплення паношаных рэчаў. З’явілася яно ў сельскіх раёнах Японіі ў эпоху Эдо (1615-1868 гг.). Працэс вырабу тканін у тыя часы быў вельмі працаёмкім, і сашыка, як спосаб павялічыць тэрмін службы старой вопраткі, хутка распаўсюдзіўся па краіне. Акрамя гэтага, да 60-х гадоў XIX стагоддзя Японія жыла ва ўмовах эмбарга на імпарт любых тавараў з іншых краін (толькі галандскім купцам дазволена было ўвозіць тавары ў Японію). Больш за два стагоддзі краіна знаходзілася ў добраахвотнай ізаляцыі. Тавары не імпартаваліся, японцы былі вымушаны выкарыстоўваць наяўныя тканіны зноў і зноў.

Існавала і іншая прычына папулярнасці сашыка.  Японцы верылі, што ўсе прадметы, у тым ліку тканіны, з’яўляюцца жывымі і маюць душу. Сакрэты сашыка сталі перадавацца з пакалення ў пакаленне, ад маці да дачкі. З’явіліся школы рукадзелля, дзе дзяўчаты вучыліся гэтаму рамяству. Нявеста павінна была пашыць сабе ў пасаг дванаццаць цёплых падшываных коўдраў, а трынаццатую шылі сяброўкі.

Арнаменты сашыка мелі асаблівае, сімвалічнае значэнне. Вышытыя на вопратцы, яны былі закліканы абараняць ўладальніка ад злых духаў, абяцалі росквіт і дабрабыт. Часта ўзоры дапаўняліся асобнымі выявамі, якія, як лічылася, таксама прыносілі поспех. Напрыклад, вельмі часта ў вышыўцы сашыка сустракаюцца выявы жураўля і чарапахі – сімвалаў даўгалецця. Журавель ўвасабляе 1000 гадоў, а чарапаха – 10000 гадоў спакойнага жыцця роду, страказа – адвагу, качка – сямейнае шчасце, тыгр – сілу. Таксама былі вельмі папулярны малюнкі веераў, парасонаў, ліхтарыкаў, кветак, лісця і дрэў.

Мае значэнне і колеравая гама вышыўкі: традыцыйныя колеры сашыка – белы і сіні. Геаметрычныя ўзоры, якія складаюцца з колаў, квадратаў, ромбаў, наносіліся трывалымі белымі, радзей – сінімі ніткамі, на сінюю тканіну. Часцей за ўсё прашывалі тры слаі тканіны, прычым новую тканіну размяшчалі зверху. Такі выбар быў невыпадковым. У эпоху Эдо кіруючым кланам Такугава былі прыняты законы, якія строга рэгламентавалі колер, матэрыял і фасон адзення для кожнага саслоўя. Так, сялянам дазвалялася насіць вопратку толькі сіняга і шэрага колераў.

У нашы дні сашыка выкарыстоўваецца не столькі з практычнага, колькі з эстэтычнага боку. Дадаліся колеры і ўзоры, многія вядомыя дызайнеры выкарыстоўваюць сашыка ў афармленні адзення і мэблі.

Для працы ў тэхніцы сашыка мы выкарыстоўвалі:

  • Баваўняныя ніткі малочнага колеру;

  • Доўгую іголку;

  • Тканіну;

  • Нажніцы;

  • Аловак-крэйду.

Лёгка разабрацца:

1. Тэхніка вышывання сашыка – гэта сфастрыгаванае шво “наперад іголку”:

– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –

Шывок на вываратным баку павінен быць меншы, чым на вонкавым прыкладна ў два разы.

Трэба імкнуцца да аднолькавай даўжыні шыўкоў – так выраб будзе выглядаць больш акуратным.

2. У класічным сашыка арнамент будуецца па квадратнай сетцы.

Арнамент можна намаляваць на тканіне крэйдай і вышываць па ім альбо раздрукаваць ўзор на тонкай паперы ці кальцы і вышываць па паперы, прыкладзенай да тканіны і замацаванай шпількамі. Гатовую вышыўку трэба замачыць у вадзе – папера ўмакрэе і лёгка здымецца.

Вы можаце скарыстацца прапанаванымі ўзорамі (спасылка на спампоўванне  – тут), прыдумаць свой альбо знайсці ў інтэрнэце любы іншы арнамент.

3. Ніткі і тканіна павінны адпавядаць адно аднаму: тканіна павінна добра пракалвацца і не цягнуцца (падыдуць лён, бавоўна, не вельмі шчыльны джынс), а нітка свабодна слізгаць.

4. Іголку выбірайце доўгую з вузкім вушкам – так будзе лягчэй працягваць іголку праз тканіну.

5. Вышывайце слабка, не сцягваючы тканіну – выраб будзе выглядаць акуратней.

6. Калі вы вышываеце па сетцы, вызначыце паслядоўнасць працы: зручна вышываць спачатку ўсе гарызантальныя лініі, затым вертыкальныя, дыяганальныя і, у апошнюю чаргу, закругленыя.

7. Узоры сашыка можна вышываць як з дэкаратыўнымі мэтамі, выкарыстоўваючы адзін пласт тканіны (аднаслаёвы выраб), так і з практычнымі, прашываючы некалькі слаёў тканіны ці нават пракладваючы паміж слаямі тканіны сінтэпон (шматслаёвы выраб).

Наш вопыт

Традыцыйныя ўзоры сашыка мы вышылі на кішэні плашча.

У якасці эксперыменту, адступіўшы ад пэўных правілаў сашыка і не прытрымліваючыся сеткі, мы вышылі сурвэтку пад кубак і навалачку для невялікай падушкі.

Раім вам таксама не баяцца і імправізаваць!

Leave a Reply