Аўтарскія ўпрыгожанні ў вобразе – работа над памылкамі

Стыліст Ганна Урбан  расказала і паказала на прыкладах, як падбіраць для свайго вобраза стылёвыя ўпрыгожанні ручной работы. А таксама з чым іх найлепш насіць, каб выглядаць актуальна і гарманічна.

Тэкст: Ганна Урбан
Фота: Pinterest
Галоўнае фота: Дар’я Палуян, Pinterest 

Перавага і складанасць

Сярод усяго мноства аксесуараў і ўпрыгожанняў многія аддаюць перавагу аўтарскім дызайнерскім вырабам. І гэта добрае рашэнне: такія рэчы, часцей за ўсё унікальныя, нясуць у сабе пэўную ідэю і маюць выразную стылістычную накіраванасць. Яны як найлепей могуць перадаць індывідуальнасць свайго ўласніка. І ў гэтым хаваецца як іх перавага, так і складанасць.

Пры выбары ўпрыгожання трэба быць асабліва пільнымі, каб захаваць вобраз у цэлым актуальным і гарманічным. Важна не перагрузіць яго і не сысці ў стылістычныя крайнасці, калі ён пачынае ўспрымацца як бутафорыя і кіч. Часам цалкам удалы вобраз псуецца неадпаведнымі, “лішнімі” аксесуарамі. Бывае, наадварот, увесь вобраз не дацягвае да ўпрыгожання альбо перакрывае яго.

Іншымі словамі, трэба заўсёды памятаць, што любы аксесуар не існуе сам па сабе. І выбіраючы новую рэч, заўсёды ў думках прымяраць яе да свайго гардэроба.

 

Правіла, якое можна парушаць

І тут я хачу падзяліцца з вамі адным правілам, якое дакладна вас выратуе не ў адной сітуацыі. Яно гучыць так:

Акцэнтны аксесуар – базавае адзенне.

Актыўнае адзенне – базавы аксесуар.

Гэта значыць, што любая выразная – яркая, вялікая, складаная – рэч найлепей раскрываецца на нейтральным фоне.

І наадварот, яскравы фон гарманізуецца больш спакойнымі дэталямі.

Але трэба адзначыць, што гэта НЕ непарушны закон, і за вамі заўсёды застаецца свабода эксперыментаваць.

Крытычна важная актуальнасць

А вось што сапраўды заўсёды крытычна важна – гэта актуальнасць, як самога ўпрыгожання, так і вобраза ў цэлым. Нават рэтра, этна-стылізацыі і вінтаж павінны выглядаць агулам сучасна – мы ж збіраемся іх насіць у сучаснай штодзённасці.

Натхненне іншымі эпохамі і культурамі можа быць адметнасцю вашай асобы, але не павінна падмяняць яе.

Маркерамі актуальнасці з’яўляюцца:

  • крой адзення,
  • форма ўпрыгожання,
  • а таксама спосаб камбінаваць рэчы і матэрыялы.
Захавайце гэтую карцінку сабе ў Pinterest, каб яшчэ вярнуцца да артыкула пазней

Прыклады

Давайце разбяром на прыкладах распаўсюджаныя памылкі і спосабы іх выправіць.

! На ўсіх слайдах ніжэй  левы здымак – гэта прыклад не вельмі ўдалага падбору адзення і ўпрыгожання, а правы – наадварот, удалага і густоўнага.

Неактуальныя ўпрыгожанні на неактуальным фоне

Агулам, густоўныя сучасныя ўпрыгожанні маюць больш лаканічны дызайн і больш зразумелую выразную структуру.

Яны могуць быць яркімі, але не стракатымі.

Актуальныя футболкі і кашулі – прамога крою, са свабодным рукавом.

Спалучэнне неактуальнага адзення і аксесуара, а таксама сітуацыя, калі яны абодва прэтэндуюць на акцэнтнасць, робяць вобраз абсалютна няўдалым. У той жа час можна лёгка падабраць вельмі падобныя, блізкія па настроі, але актуальныя рэчы.

Цікавае ўпрыгожанне на неадпаведным фоне

У прыкладзе ніжэй калье на левым фота нібы “з’ядаецца” выразам кашулі. І ствараецца ўражанне, што штосьці тут лішняе: ці аксесуар, ці кашуля. Эфект падмацоўваецца блізкасцю колераў – два адценні карычневага.

Падкрэсліць асаблівасць упрыгожання дапаможа цалкам нейтральная, гладкая і аднатонная рэч на фоне, асабліва кантрасная па колеры.

Камплекты

Трэба сказаць, што цяпер неактуальныя наогул любыя гатовыя камплекты аксесуараў (і “шалік-шапка-рукавічкі”, і “пацеркі-бранзалет-пярсцёнак”).

На правым фота слайда вышэй ? сітуацыю ратуе цікавасць саміх упрыгожанняў, у адрозненне ад тых, што на левым.

Але усё ж найлепшым рашэннем будзе насіць іх паасобку ці ў камбінацыі з іншымі аксесуарамі.

Інфантыльнасць

Усе гэтыя мілыя звяркі і кветачкі могуць быць у вобразе жанчыны як лёгкі флёр дзіцячай наіўнасці. Але ў разумнай колькасці, густоўнага выгляду і – вы ўжо ведаеце! – на актуальным нейтральным фоне. У адваротным выпадку можа атрымацца камічна і недарэчна.

Празмерная этнічнасць

З этнічнымі і рустыкальнымі элементамі таксама трэба быць асцярожнымі. Па-першае, самі вырабы мусяць быць альбо этнаграфічнай адпаведнасцю, альбо трапнай стылізацыяй.

Па-другое, у штодзённым жыцці цяпер рэдка выкарыстоўваюцца чыстыя стылі. Тотал-боха альбо ўсе віды караляў на вышымайцы – гэта празмерна. Таму правіла пра нейтральны фон тут будзе асабліва актуальным.

 

***

Вось такія мае назіранні і парады па стылізацыі ўпрыгожанняў. Жадаю вам заўсёды выглядаць актуальна і адметна і выбіраць толькі лепшае для сябе!

© ALOVAK

Leave a Reply