Дзе фатографу шукаць натхненне: прыклады з творчасці Алесі Смірновай

Сёння сваімі крыніцамі натхнення з чытачамі ALOVAK падзеліцца фатографка з Расіі Алеся Смірнова. Яна ўсё жыццё малявала. Мама казала, што яна нарадзілася з алоўкам у руках. Скончыла школу мастацтваў, вучылася ў творчай майстэрні мастака, паступіла на архітэктара, а пасля інстытута праектавала дамы.

Фатаграфіяй займалася як хобі: спачатку здымала на “Зеніт”, потым з’явілася першая лічбавая камера. Алеся спынілася на здымцы цяжарнасці і развівалася ў гэтым напрамку, пасля стаўшы адным з топавых фатографаў Масквы ў гэтай нішы. Аднойчы Алесі напісала дзяўчына з Нямеччыны і прапанавала прыехаць да іх і правесці майстар-клас. Так пачалася чарада майстар-класаў па ўсёй Расіі і за мяжой. 

Калі старэйшым дзеткам-блізняткам споўнілася тры гады, Алеся зацяжарыла другі раз і зразумела, што больш не зможа ездзіць па ўсім свеце. У гэты перыяд яе жыцця і з’явілася хатняя фатаграфія. Пра яе і яшчэ пра пошук натхнення ў хатніх умовах і пойдзе гутарка ў гэтым матэрыяле.

Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Алеся Смірнова

Кулінарыя як крыніца натхнення для фатографа

Натхненне можна знайсці дзе заўгодна. Яно чэрпаецца з розных крыніц. Чытаючы кнігі, гледзячы фільмы, разглядаючы карціны, гартаючы рэцэпты, я знаходжу тое цікавае, што можна ўвасобіць у фатаграфіі.

Я ўвогуле не аматарка гатаваць. Але гатаваць трэба, сям’я ж вялікая, чацвёра дзяцей. Таму я для сябе знайшла такі варыянт: калі я ўжо нешта гатую, дык гэта павінна быць прыгожа і фотагенічна, каб я магла гэта потым сфатаграфаваць.

Я стала шукаць у інтэрнэце розныя рэцэпты. Напрыклад, да дня Святога Валянціна ці дня нараджэння я гартаю прыгожыя фуд-карцінкі, каб яны мяне зачапілі. Мне проста спадабаўся гэты гранатавы чызкейк. І я падумала: якая класная ідэя! Да 14 лютага можна зрабіць з гранату сэрцайка!

Выяўленчае мастацтва як крыніца натхнення для фатографа

Бывае, што за аснову я бяру нейкую класічную карціну і магу цалкам яе паўтарыць. Бывае, натхненнем робіцца нейкая маленькая частка твора.

Калі я ўбачыла ў інтэрнэце нацюрморт з грушамі, я падумала: якое цудоўнае святло! Гэтая карціна мяне настолькі натхніла, што я яе вырашыла рэалізаваць, дадаўшы ў кадр дзіця.

Мяне на гэты кадр натхніла карціна, на якой проста люстэрка і кветкі. Мне спадабалася старадаўняя рама і кветкі, якія стваралі прыгожы пярэдні план. Я падумала: які цікавы ракурс! А вось калі б у гэтым люстэрку адлюстроўвалася я, цяжарная ці з дзіцем, то гэтая карціна змагла б расказаць маю ўласную гісторыю.

Фільмы як крыніца натхнення для фатографа

Часта, гледзячы кіно, я стаўлю фільмы на паўзу і разглядаю карцінку ці наогул гляджу без гуку. Канешне, калі я хачу атрымаць асалоду ад прагляду, я гляджу фільмы з гукам, каб чуць і музыку, і галасы, але тады я ўпускаю з-пад увагі карцінку. Калі ж мне хочацца паглядзець мастацкі складнік фільма: якое святло было скарыстана, як выбудавана кампазіцыя кадра, то я выключаю гук.

Гэтую карцінку я ўзяла з вельмі прыгожага фільма “Пасярэднік”. Ён дастаткова сумны, эмацыйна цяжкі, але там такі прыгожы візуальны шэраг – ім можна натхняцца бясконца!

Кнігі з карцінкамі як крыніца натхнення для фатографа

Акрамя фатаграфіі, я вельмі люблю кнігі і ўвогуле з’яўляюся калекцыянеркай прыгожых рэдкіх выданняў. Купляючы дзіцячыя кнігі, я зважаю не толькі на тэкст, але і на ілюстрацыі. Калі я чытаю кніжкі сваім дзецям, мне вельмі важна, каб і мне было цікава. Чытаючы, я разглядаю ілюстрацыі разам з децьмі, натхняюся і знаходжу для сябе вельмі цікавыя ідэі для рэалізацыі. Для мяне добрая кніга раўназначная паходу ў мастацкую галерэю. Не выходзячы з дому, я магу дзецям паказаць цікавыя і незвычайныя рэчы. Таму кнігі – гэта для мяне вялізная крыніца для натхнення.

Калі я чытала дзецям “Беласнежку”, я ўбачыла там ілюстрацыю дзяўчынкі ў ложку і мне вельмі захацелася рэалізаваць яе для сваёй дачкі.

Гэтую фатаграфію я зняла па кнізе “Стары дом прачынаецца”. Неверагодна прыгожая кніга Марціна Відмарка з ілюстрацыямі Эміліі Дзюбак. Душашчыпальная гісторыя пра тое, як аднаму дзядулю хлопчык прынёс кветку ў гаршку і гэты дзядуля яе вырошчваў. Тэкст мяне ўразіў тым, як дзядуля спачатку нядбайна ставіўся да кветкі, а потым стаў назіраць за гэтай кветкай, даглядаць яе. Гэта гісторыя пра зараджэнне новага жыцця і пра тое, як мянялася жыццё ў гэтага дзядулі. Яна мяне натхніла на стварэнне фатаграфіі з прарошчанай кветачкай і маім дзіцем.

Вінтажныя ілюстрацыі як крыніца натхнення для фатографа

У мяне шмат фатаграфій, знятых па матывах вінтажных ілюстрацый, напрыклад, вядомага амерыканскага ілюстратара Нормана Роквэла. Ён маляваў сюжэты звычайных побытавых гісторый. У яго велізарная колькасць гумарыстычных ілюстрацый, якія добра кладуцца на наша жыццё.

Рэферэнсы і фатаграфіі Алесі Смірновай: вялізная порцыя натхнення

А цяпер трымайце запар агромністую дозу крыніц натхнення з гатовымі фоташэдэўрамі, якія проста расплюшчваюць вочы! Нахненне паўсюль!

Фотакурсы і блогерства: чаму можна навучыцца ў Алесі Смірновай

На дадзены момант Алеся Смірнова – паспяховая блогерка з актыўнай аўдыторыяй з 157 тысяч падпісчыкаў у Instagram. Таксама яна з’яўляецца заснавальніцай суполкі @photomoms_pro, у якой мамы ўспрымаюць і паказваюць сваё паўсядзённае жыццё як мастацтва.

А яшчэ ў Алесі ёсць фотакурсы, якія можна праходзіць анлайн самастойна або з яе суправаджэннем. Напрыклад, анлайн-курс па асновах фатаграфіі “Здымай з душой”; па разуменні колеру і колеракарэкцыі “Мастацтва колеру”; па здымцы на прыродзе “Прыгажосць на шасці сотках”; па хатняй фатаграфіі “Паўсядзённае жыццё як мастацтва”.

Лавіце натхненне і развівайцеся ў сваёй справе!

(C) ALOVAK

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра