Перад галоўным беларускім святам шанавання продкаў мы папрасілі выкладчыцу фальклёру Надзею Касцяневіч расказаць пра Дзяды, якія адзначаюцца ў Беларусі чатыры разы на год, пра таемны сэнс абрадавых дзеянняў і лакальныя адметнасці святкавання Дзядоў у розных мясцінах Беларусі.
Тэкст: Надзея Касцяневіч
Фота: Марына Верабей
Вокладка: Альфрэд Мікус
Паходжанне свята Дзяды
Раней нашы продкі лічылі галоўным абавязкам ведаць свой род, свае карані, але сёння не кожны з нас узгадае сваіх дзядоў і прадзедаў, што тут казаць пра усіх продкаў. Людзі шанавалі памерлых, узгадвалі дзядоў у абрадах і звярталіся да продкаў па дапамогу. Гэта адбывалася некалькі разоў на год: зімой на Масленічныя Дзяды, вясной на Велікодныя Дзяды, летам на Траецкія, а восенню – на Пакроўскія, пазней – Змітроўскія, ці яшчэ іх называюць Восеньскія.
Восеньскія Дзяды – адзін з найважнейшых дзён памінання продкаў. На Беларусі праваслаўныя вернікі іх традыцыйна спраўлялі ў 3-ю суботу пасля Пакроваў (14 кастрычніка), а пазней царква прымеркавала іх да суботы перад днём велікамучаніка Дзмітрыя Салунскага (8 лістапада). Даволі часта гэтыя суботы супадалі, таму за Восеньскімі Дзядамі замацавалася назва Змітроўскіх. Каталіцкія вернікі спраўляюць Дзяды 2 лістапада – на наступны дзень пасля Дня Ўсіх Святых.
Адметнасці святкавання
Гэты дзень святкаваўся па-рознаму ў кожным рэгіёне Беларусі. Здаралася так, што ў суседніх вёсках Дзяды маглі спраўляцца ў розныя суботы, тады мясцовая назва Дзядоў утрымлівала назву той вёскі, дзе іх спраўлялі. Але ўсё адно памінальныя вячэры ладзіліся ў прамежак часу ад Пакроваў і да Змітра. Галоўным памінальным днём лічылася субота, але, напрыклад, на Палессі маглі спраўляць Дзяды 2 дні – суботу і нядзелю, якія называліся Дзяды і Бабы, адпаведна. У такім выпадку ў суботу паміналі ўсіх продкаў-мужчын, а ў нядзелю – жанчын.
Нягледзячы на рэгіянальныя асаблівасці, можна вылучыць асноўныя элементы падрыхтоўкі да Дзядоў.
- Па-першае, хадзілі ў храм для памінання продкаў.
- Па-другое, прыбіраліся ў двары і хаце.
- Па-трэццяе, рыхтавалі святочную вячэру.
Трэба засяродзіць увагу, што ўсе дзеянні пры падрыхтоўцы да Дзядоў былі накіраваны на сустрэчу духаў памерлых продкаў, якія павінны былі наведаць сваю хату.
Памінальная вячэра на Дзяды
Галоўным элементам свята была памінальная вячэра, на якую збіралася ўся сям’я. Нашы продкі верылі, што Дзяды таксама прысутныя з імі за сталом, таму ім ставілі асобны посуд. У дзень памінання продкаў існавалі свае правілы і забароны, якія вельмі строга выконваліся сям’ёй. Напрыклад, абрадавых страў павінна быць на стале няцотная колькасць, але не менш за тры. Галоўнымі памінальнымі стравамі былі куцця (крупяная каша), бліны і суп (звычайна ён рабіўся з кіслае капусты, таму так і называўся – капуста, але ж на Палессі мог прысутнічаць і боршч). Прысутнічалі і іншыя стравы: квас з грыбамі, яешня, крупнік, халадзец, аўсяны кісель, клёцкі, камы ды іншае.
На захадзе Беларусі ў якасці памінальнай стравы быў пашыраны канун – сыта з крышаным у яе хлебам ці булкамі. На памінальным стале абавязкова прысутнічаў рытуальны алкаголь. Адпачатку гэта быў пітны мёд альбо піва, але ў ХІХ стагоддзі гэтае месца паўсюдна заняла гарэлка.
Абрадавыя дзеянні на Дзяды
На Падняпроўі і Паазер’і на Дзяды тапілі лазню, і ўся сям’я мылася перад вячэрай. Лазню не зачынялі, пакідалі ў ёй свежы венік і гарачую ваду, каб Дзяды таксама змаглі ёй скарыстацца.
Перад урачыстым застоллем адчынялі вакно ці дзверы і запрашалі продкаў да стала. Гэта магло быць як некалькі слоў: “Дзяды, хадзіця к нам дзедаваць” (Барысаўскі раён), так і пэўная разгорнутая структура:
Дзяды-радзіцелі, прыходзьце да нас на вячэру.
Запрашаю ўсю радню,блізку і далёку,
Каго бачылі і каго не бачылі.
І тыя, каму не к каму ісці, прыходзьце да нас. (Любанскі раён)
У Мастоўскім і Вілейскім раёнах запрашалі продкаў да стала пайменна, каб дзеці таксама ведалі пра сваіх памерлых родзічаў.
Падчас вячэры імкнуліся маўчаць, гучна не размаўляць, каб не пакрыўдзіць сваіх продкаў. З размоваў за сталом дазваляліся толькі расповеды пра продкаў. Вячэра пачыналася з ужывання галоўнай стравы – куцці. Накладаў першыя тры лыжкі найстарэйшы ў сям’і – дзед ці бацька.
Пасля вячэры са стала нічога не прыбіралі, усё пакідалі на ноч для нябожчыкаў, якія пасля яшчэ заставаліся за сталом. На заўтра лішкі ежы аддавалі курам ці свінням.
Сучасны досвед
Я памятаю, як мае бабуля Ганна і дзядуля Сяргей рыхтаваліся да свята Дзядоў. Гэта адбывалася ў вёсцы Краснікі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. З самай раніцы дзед добрасумленна выконваў усю работу на двары: карміў жывёлу, прыбіраў двор, тапіў лазню. А бабуля ў гэты час мыла і прыбірала ў хаце: засцілала ложкі саматканымі посцілкамі, сталы – прыгожа вышытымі абрусамі, гатавала спецыяльную абрадавую вячэру. Перад тым, як сесці за стол, усе ішлі ў лазню мыцца, хто апошні сыходзіў з лазні, пакідаў яе адчыненай і са святлом, каб продкі таксама перад вячэрай памыліся. Затым, прыйшоўшы ў хату адчынялі вакенца (фортку над сталом), ставілі дадатковы чысты посуд і чарку на стале і запальвалі свечку. Тады дзед запрашаў продкаў далучыцца да вячэры. З абрадавых страў на стале была куцця з пярловай кашы, кіслыя шчы (капуста), бліны, халадзец і кісель. Елі моўчкі. Павячэраўшы, пакідалі ежу на стале, дзверы не замыкалі. Раніцай ежу са стала аддавалі курам.
Гэтае свята ў Беларусі захавала аўтэнтычны змест і форму, без карнавалізацыі і гульні са смерцю.