Выстава аўтарскіх цацак KUKLA ў Гомелі

Выстава аўтарскіх лялек і мішак Тэдзі KUKLA праходзіць цяпер у Музеі гісторыі Гомеля. Да 5 лістапада ёсць час паспець трапіць туды, каб убачыць на свае вочы вырабы ад больш чым 40 таленавітых мастачак, створаных спецыяльна для выставы, і натхніцца на ўласныя творчыя здзяйсненні.

Тэкст: Лізавета Варакса
Фота: Сушко ЛюдмілаЮры Аніпаў

Праект KUKLA нарадзіўся 5 гадоў таму, праходзіць у горадзе ўжо ў восьмы раз і радуе наведнікаў цёплай атмасферай, унікальнымі экспанатамі і вялікай колькасцю ўдзельнікаў. Гэтай восенню KUKLA стала тэматычнай.

“Гербарый. Казкі восені” – так гучала тэма, на якую за некалькі месяцаў да пачатку выставы арганізатары прапанавалі ўдзельніцам стварыць свае працы. Тэма праекта павінна была прасочвацца альбо ў самой працы, альбо ў яе канцэпцыі, апісанні, назве.

@tomabogdanova
@teddysphera

Асаблівасць праекта KUKLA у тым, што ён некамерцыйны і заснаваны на любові да аўтарскіх цацак і лялек ручной работы, а таксама на жаданні несці ў свет казку і дабро – так кажуць арганізатары.

Усяго ў выставе бяруць удзел 44 мастачкі з розных куткоў Беларусі – Гомеля, Мінска, Гродна, Віцебска, Рэчыцы, Магілёва, Салігорска, Бабруйска, Баранавічаў. А таксама ўдзельнічаюць аўтары з Старабельска (Україна), з Тбілісі (Грузія) і з Варонежа (РФ).

Ідэйная натхняльніца, заснавальніца творчага праекта KUKLA – мастачка Таццяна Тэйкіна @teykina – яе працы таксама прадстаўленыя на выставе.

Ідэя арганізаваць выставачны праект KUKLA прыйшла Таццяне пасля падарожжа ў Кіеў, дзе яна пабывала на зімовай выставе аўтарскіх лялек і мішак Тэдзі:

“Пасля паездкі я стала марыць пра стварэнне Каляднай выставы ў сваім родным горадзе Гомелі. Мяне падтрымалі сябры па творчасці, і 5 гадоў таму нарадзіўся наш маленькі праект пад назвай KUKLA”.

@alla_beetle

Мы спыталі ў Таццяны, ці не з’явіцца ў Гомелі неўзабаве і музей аўтарскіх лялек, і высветлілі, што яна марыць адкрыць сваю галерэю. Застаецца пажадаць, каб і гэтая мара мастачкі спраўдзілася, а ў Гомелі з’явілася на адно цікавае месца больш.

Як нам расказала Таццяна, усе экспанаты праекта KUKLA можна набыць. Некалькi лялек ужо знайшлi свой дом менавiта тут, на выставе. Пасля заканчэння мерапрыемства работы вернуцца да аўтараў, і далей у кожнай лялькі свой лёс.

@shasishol.doll

Выстава будзе цікавая і дарослым, і дзецям, бо кожная лялька ці мішка – гэта твор мастацтва, тонкая праца. Ядваб, футра, воўна, фарфор, шарніры, пацеры, палімерная гліна і пёры – усіх матэрыялаў не пералічыць!

За кожнай работай – свая гісторыя, асаблівая эмоцыя, часцінка чараўніцтва і шмат гадзін працы.

@natko_hmd

У рамках праекта KUKLA на выставе праходзяць розныя творчыя мерапрыемствы. Так, у гэтую суботу 29 кастрычніка можна трапіць на экскурсію па выставе і на паказ мастацкага фільма “Гісторыя лялек Кетэ Крузэ” пра вядомую стваральніцу дзіцячых лялек ручной работы  ХХ ст. А ў нядзелю 30 кастрычніка адбудзецца творчая сустрэча з мастачкай Наталляй Карманавай на тэму колеру ў аўтарскіх ляльках.

Сёлета ўпершыню ўбачыць свет каталог KUKLA, яшчэ можна паспець паўдзельнічаць у папярэднім заказе на друк яго першага накладу. Для гэтага трэба напісаць да 31 кастрычніка арганізатарам выставы ў Дырэкт інстаграма.

Прапануем вам разгледзець у ALOVAK самыя яркія здымкі з адкрыцця выставы, а ўбачыць усе экспанаты разам вы зможаце ў Музеі гісторыі горада Гомеля  да 5 лістапада.

@milazemlia
@natakukolnitsa_
@alesyavoytenkova
@syndychok_gomel

(c) ALOVAK

Leave a Reply