Дызайнерка Таццяна Сіняўская кожны снежань прыдумвае і стварае непаўторныя калядныя ўпрыгожанні і прэдметы дэкору для дома. ALOVAK ужо традыцыйна просіць расказаць Таню падрабязней пра працэс іх стварэння. З гэтага пакрокавага майстар-класа вы даведаецеся, як сшыць сваімі рукамі тэкстыльны калядны вянок з Анёлкам.
Тэкст, фота: Таццяна Сіняўская
Неабходныя матэрыялы:
- Лён даматканы (можна выкарыстоўваць любую плотную тканіну светлых адценняў),
- лён белы,
- сінтэпон,
- мярэжа баваўняная,
- ніткі швейныя і вязальныя белыя,
- чырвоны фетр,
- буйны бісер,
- тонкі медны дрот,
- маркеры для тканіны.
Працэс стварэння тэкстыльнага вянка
Спачатку трэба раскроіць тканіну на вянок, пялёсткі і кветкі згодна са схемай.
Сшываем дэталі вянка паміж сабой вонкавым бокам унутр, утачыўшы “пялёсткі”, якія пажадана размеркаваць па вянку сіметрычна. Не зашываем да канца “галаву” анёла – туды мы будзем пазней ушываць “валасы” з нітак.
Выварочваем вянок на вонкавы бок, набіваем шчыльна сінтэпонам і пачынаем размалёўваць яго маркерамі па тканіне.
Парада для размалёўвання: на месцах швоў лепш выкарыстоўваць чорны маркер – тады работа будзе выглядаць акуратна, і швы будуць незаўважнымі.
Займаемся кветкамі. Сшываем дэталі вонкавым бокам унутр, выварочваем, набіваем сінтэпонам – трошкі, для аб’ёму.
Дэталі-кветкі размалёўваем маркерам, прышываем да вянка, прымацаваўшы ў сяродках бісер.
Затым пачынаем працу над Анёлкам. З белага льну вырабляем ручкі і ножкі – выразаем 4 загатоўкі 90*2,5мм, прашываем з запасам 0,5мм, выварочваем вонкі з дапамогай вязальнай спіцы, набіваем шчыльна сінтэпонам, прышываем да тулава на вянку.
З кавалачка белай тканіны 100*150мм робім трапецыю пад сукенку прыладжваем па “фігуры” Анёлка, прышываем мярэжу на падол
Робім фрызуру анёлку – ушываем у шво валасы-ніткі, зашываем галаву.
Выгібаем дрот колам дыяметрам 3мм, аплятаем вязальнымі ніткамі.
З фетру выразаем сардэчка. Усе ўтвораныя дэталі сшываем.
Вянок гатовы!
Больш навагодніх творчых ідэй – шукайце ў раздзеле “Новы год”
(с) ALOVAK