Дызайнерка Таццяна Сіняўская кожны снежань прыдумвае і стварае непаўторныя калядныя ўпрыгожанні і прэдметы дэкору для дома. ALOVAK ужо традыцыйна просіць расказаць Таню падрабязней пра працэс іх стварэння. З гэтага майстар-класа можна даведацца, як зрабіць традыцыйны калядны, ці адвентавы, вянок на стол з прыродных матэрыялаў.
Тэкст, фота: Таццяна Сіняўская
Калядны вянок — гэта ўпрыгожванне ў доме ў перадкалядны час, якое традыцыйна рабілася ў форме вянка з чатырма свечкамі. Такі вянок замацоўваецца вертыкальна або ўсталёўваецца на стол. У першы з чатырох тыдняў адвенту запальваецца першая свечка, на наступным тыдні – другая і г. д.
Вы можаце прытрымлівацца традыцый, а можаце стварыць калядны вянок выключна як элемент святочнага дэкору вашага дома, не прывязваючыся да датаў і сэнсаў.
Матэрыялы і інструменты, якія спатрэбяцца:
- Аснова вянка* (пра яе – далей),
- свежыя галінкі хвоі і елкі блакітай,
- сухія суквецці руты (пра альтэрнатывы – ніжэй),
- любыя цытрусавыя.
- ніткі, стужкі,
- скотч,
- фарба акрылавая,
- 4 тонкія свечкі.
*Аснова вянка
У якасці асновы каляднага вянка можна выкарыстоўваць лёгкадаступныя цяпер пенапластавыя загатоўкі. Але мы прапануем стварыць вянок цалкам з прыродных матэрыялаў. Таццяна дзеля вянка загадзя нарыхтавала лазу – і не пашкадавала, бо ўсё аздабленне добра і трывала замацоўваецца на ёй з мінімальным ужываннем скотча і клею.
Калі ў вас няма магчымасці знайсці лазу, вы можаце зрабіць аснову з гнуткіх галінак бярозы – пакрокавы майстар-клас ёсць на нашым сайце.
Рыхтуем аснову з лазы
Галінкі лазы замацоўваем у аснове скотчам, разбіраем на 2 пасмачкі і пераплятаем матузком. Скручваем колам да патрэбнага дыяметра, а лазовую рэшту ўплятаем у атрыманае кола для трываласці. Такую аснову вельмі цяжка расцярушыць, і да яе можна мацаваць усё астатняе аздабленне. Я пакінула некалькі лозак на ўпрыгожанне сцен – і зрабіла аналагічныя загатоўкі маленькага памеру.
Дэкор вянка
Хваёвыя галінкі з доўгай ігліцай я выкарыстоўвала на бакавыя вонкавыя часткі вянка для стварэння дадатковага аб’ёму. Дзеля гэтага я замацоўвала галінкі тонкімі трывалымі ніткамі – яны дазваляюць адвольна фіксаваць галінкі да асновы, і форма атрымліваецца ахайнай.
На верхнюю частку вянка я прымацоўвала галінкі елкі блакітнай – наўпрост утыкаючы ў лазу ў адным напрамку.
Далей у тым жа напрамку аналагічна замацоўваліся загадзя пафарбаваныя белым акрылам галінкі руты.
Замест руты можна выкарыстоўваць кветкі кермеку (Limonium), якія прадаюцца ў любой кветкавай краме. Іншыя альтэрнатывы – жывыя суквецці снежнаягадніку, бружмелю ці бузіны, але варта памятаць, што некаторыя з гэтых ягад атрутныя, і калі дома ёсць малыя дзеці ці жывёлы, лепш выкарыстоўваць сухацветы.
Свечкі добра замацоўваюцца ў прагаліны між лозамі ва ўнутраным дыяметры вянка.
Апошні крок – цытрусавыя долькі, якія мацуюцца да ялінкавых галінак з дапамогай нітак.
Такія долькі трэба падрыхтаваць загадзя: апельсін ці іншыя цытрусавыя нарэзаць на тонкія долькі і адправіць у духоўку (70 градусаў) на сушку.
Былі памкненні аздобіць мой вянок стужкамі, але ўсё ж вырашыла пакінуць яго мінімалістычным.
Вянок гатовы!
(с) ALOVAK
[…] • Калядная зорка: https://youtu.be/Pj-WKmjz0jE • Саламяны павук: https://youtu.be/37r-6XTOxQI • Выцінанка: https://youtu.be/Uj6gH28cG1I • Калядны вянок: https://alovakmag.by/novy-hod/kalyadny-vyanok-na-stol-svaimi-rukami.html […]