Гарадная, ці па-мясцоваму, Городна, – адна з самых цікавых вёсак у Беларусі, якая здаўна славілася сваёй ганчарнай вытворчасцю. Упэўніцца ў гэтым можа кожны, наведаўшы самы поўдзень Беларусі, знакамітае Палессе. А падставай будзе – унікальны міжнародны пленэр ганчароў, які ладзіцца ў Гарадной кожныя два гады. З 23 па 31 ліпеня 2018 года пленэр пройдзе ўжо ў шосты раз. Вельмі раім завітаць у Гарадную, асабліва ў нядзелю, 29 ліпеня, калі адбудзецца традыцыйны кірмаш рамёстваў.
Тэкст: Марыя Кліменцьева
Фота: Святлана Варашылава
З чаго ўсё пачыналася
Першы пленэр адбыўся ў 2008 годзе, дзякуючы намаганням работнікаў Цэнтра ганчарства. Сам Цэнтр пачаў дзейнічаць яшчэ ў 2003-ім: двухпавярховы будынак на адной з галоўных вуліц вёскі паступова ператвараўся ў ганчарную скарбніцу Беларусі.
Сёння ў Цэнтры можна пабачыць музей гісторыі ганчарства, галерэю вырабаў патомных ганчароў, а таксама спецыяльную экспазіцыю прац удзельнікаў пленэру. Менавіта тут можна параўнаць ганчарныя традыцыі розных майстроў, убачыць адметнасці ганчарнага мастацтва розных краін. Бо гараднянскі плэнэр тым і славіцца, што сюды з’язджаецца шмат замежных майстроў. За апошнія гады вёска прыняла ўдзельнікаў з Украіны, Грузіі, Малдовы, Арменіі, Швецыі, Даніі, Латвіі, Расіі, Польшчы ды іншых краін.
Цікавыя факты
–Вёскай Гарадная стала толькі ў XX стагоддзі, а дагэтуль старадаўняе мястэчка з уласным гербам валодала пачэсным магдэбургскім правам, якое атрымала ў 1592 годзе.
–На пачатку ХХ стагоддзя пераважная большасць жыхароў Гарадной так ці інакш было звязанае з ганчарствам.
–Каля гэтага старажытнага паселішча размешчаны найбуйнейшыя залежы тугаплаўкіх каалінавых глін. Пры абпале такая гліна становіцца амаль белай і малапорыстай. На гэтых якасцях гліны і грунтуецца пазнавальнасць і асаблівасць гараднянскай керамікі.
–У 2010 годзе традыцыйнаму ганчарнаму промыслу Гарадной надалі статус нематэрыльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Як праходзіць
Пленэр доўжыцца тыдзень. Падчас яго ўдзельнікі знаёмяцца, ганчараць, лепяць з гліны, абпальваюць свае вырабы, праводзяць майстар-класы, абменьваюцца досведам, удзельнічаюць у конкурсах.
Адной з найцікавейшых падзей пленэрнага тыдня з’яўляецца кірмаш, які традыцыйна праходзіць у нядзелю. Асаблівую аўтэнтычную атмасферу ствараюць ў гэты дзень патомныя гараднянскія ганчары, якія прывозяць свае гаршкі коньмі, на вазах з саломай.
Зрэшты, набыць на кірмашы можна не толькі гліняныя вырабы. З розных раённых цэнтраў Беларусі прыязджаюць таксама майстры па саломе, дрэве, макрамэ, вышыўцы…
Цікава ведаць
Каб не толькі пазнаёміцца з вырабамі гараднянскіх ганчароў, але і ўявіць, дзе і як яны жылі, варта наведаць Музей-сядзібу ганчара, які змясціўся зусім недалёка ад цэнтру вёскі. Невялікі, але ўтульны, ён валодае сапраўднай атмасферай ганчарнага дома, у якім калісьці жыў патомны ганчар.
На першы погляд гэта самы звычайны вясковы дом, але, калі прыгледзецца, можна ўбачыць шмат адметнасцяў. Вось, напрыклад, на кухні ёсць адмысловыя жэрдачкі, падвешаныя пад столлю, – ставіць гаршкі. Вось спецыяльная выемка ў лаве, каб уладкаваць ганчарны станок. А калі выйсці на двор ды заглянуць у сапраўдную печ, дзе нашыя продкі абпальвалі гаршкі, сумневаў у тым, што гэта хата незвычайная, не застанецца…
Як трапіць
Каб наведаць гэтую ўнікальную вёску, варта мець на ўвазе, што Гарадная знаходзіцца ў прыгранічнай зоне Беларусі. Таму абавязкова вазьміце з сабой пашпарт ці від на жыхарства, для дзіцяці пасведчанне аб нараджэнні, а таксама квітанцыю аб аплаце дзяржпошліны (0,2 б.в., што прыкладна складае 2$). Замежным наведвальнікам прыйдзецца таксама атрымаць пропуск у органаў пагранічнай службы.
Раней у Гарадную не так і проста было трапіць без асабістага транспарту. Але ў гэтым годзе арганізатары паабяцалі спецыяльны аўтобусны рэйс для дастаўкі гасцей на Гараднянскі кірмаш. Адпраўленне з аўтавакзала г. Століна ў 9.30 гадзін і ў 15.00 гадзін з Гарадной. Таксама дапамагчы ахвотным трапіць на ганчарнае свята могуць “папуткі”: у дні пленэру іх злавіць няцяжка.
Гараднянскі пленэр – значная падзея ў нашай краіне. Бо ганчарства – даўняе славутае рамяство, якім нашы продкі зараблялі сябе на жыццё ды славіліся за мяжою. А Гарадная – самая “ганчарная” беларуская вёска. Нягледзячы на пэўныя складанасці, працаўнікі Цэнтру маюць настрой пазітыўны: “Гараднянскае ганчарства ў бліжэйшыя 50-60 гадоў не загіне! Гліны ў нас і на 200, і на 300 гадоў хопіць!”
Уражанні аўтара
Кірмаш для городэнцэв – сапраўдная падзея. Яшчэ не пачалася афіцыйная частка, а жыхары вёскі ў святочных строях выходзяць на цэнтральную плошчу, каб павітацца адно з адным, паразмаўляць пра тое-сёе. Людзі тут таксама і таму, што сёння нядзеля, а значыць – святочная служба. Жанчыны ў спадніцах і яркіх хустках выходзяць з блаіктнага будынку царквы.
Тое, што гарадэнцы – людзі цікавыя, гумарныя, можна пабачыць на кожным кроку. Вось клічуць да сцэны самага старога ганчара – Макара Шэлеста, а ён усё не ідзе.
– А дэ Макар? – чую з-за спіны.
– А Макар горшкі прадае!
Між іншым, спадару Макару мінуў ужо 81 год. А ён дагэтуль “нагамі круціць” – лепіць гаршкі.