Сядзіба Раецкіх-Путкамераў у Райцы

На самым пачатку верасня яшчэ па-летняму цёпла і зялёна, але ўжо адчуваецца прысутнасць восені. Асабліва гэта заўважна ў тыя дні, калі пахмурна, але з-за хмар часам выглядае сонца, а дробны дождж раствараецца ў паветры, не паспеўшы дасягнуць зямлі. Такі стан прыроды настройвае на разважанні і думкі пра цеплыню хатняй утульнасці. У адзін з падобных вераснёўскіх дзён мы прыехалі ў Райцу, у госці да творчай сям’і Салдатавых, якія з 2009 года аднаўляюць і жывуць у былым сядзібным доме Раецкіх-Путкамераў.

Тэкст: Кацярына Буто
Фота: Вадзім Буто

Райца – ад слова “рай”

Мясціны ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, дзе знаходзіцца былая вёска, а цяпер аграгарадок Райца, вельмі маляўнічыя. Ярка выяўлены рэльеф, вакол лясы і палі. Не дзіва, што тут калісьці было размешчана шмат сядзібаў, на жаль, многія з іх альбо не дажылі да нашых дзён, альбо ўяўляюць сабой разваліны. На гэтым фоне сядзібны дом Раецкіх – шчасліўчык, лёсу якога могуць пазайздросціць многія помнікі архітэктуры Беларусі. Новыя ўладальнікі шчыра любяць гэты дом, укладаюць у яго ўвесь свой час і творчыя сілы. Вера Яўгенаўна Салдатава – майстар саломапляцення, выкладала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, яе муж Аляксандр Васільевіч Салдатаў – мастак, іканапісец. Новыя гаспадары не проста жывуць і рэстаўруюць свой новы дом, яны ў ім твораць, чэрпаючы натхненне літаральна ва ўсім навокал.

Вера Яўгенаўна кажа, што мясцовасць, у якой размешчаны дом, апраўдвае сваю назву Райца. Версій, адкуль пайшоў гэты “райскі” тапонім, дзве. Паводле першай і самай відавочнай – ад прозвішча былых уладальнікаў Раецкіх. Па іншай версіі, назва бярэ свае карані ад беларускага слова “раіць”. Магчыма, калісьці тут жыў чалавек, да меркавання якога прыслухоўвалася грамадства.

Цікавыя факты

• Першая згадка пра сядзібу ў Райцы датуецца пачаткам 16 стагоддзя, калі тут жылі Раецкія. Дом, які дайшоў да нашых дзён, пабудаваны ў 1813 годзе.

• Наступным уладальнікам сядзібы стаў Юзаф Верашчака, брат той самай Марылі Верашчакі, каханай і музы паэта Адама Міцкевіча.

• У канцы XIX стагоддзя сядзібу выкупіў Ваўжынец Путкамер, унук Марылі Верашчакі.

• У пачатку ХХ стагоддзя ў пасаг сядзібу атрымала дачка Ваўжынца Путкамера Яніна, выйшаўшы замуж за прафесара Кракаўскага ўніверсітэта Адама Жуўтоўскага. Галоўны дом Жуўтоўскіх знаходзіўся ў Кракаве, таму пасля спробаў здаваць сядзібу ў арэнду, яны падарылі яе манашкам палатынкам, якія валодалі ёю да 1943 года.

• Пасля Другой сусветнай вайны ў сядзібным доме размяшчаліся медыцынскія ўстановы.

• З канца 90-х гадоў ХХ стагоддзя і да таго як сядзібу выкупіла сям’я Салдатавых, будынак стаяў пустым.

Аляксандра Васільевіча, свайго мужа, я злавіла на тым, што сказала яму: А слабо ў графскіх развалінах пажыць? – смяецца Вера Яўгенаўна. Перш за ўсё мы пытаемся ў гаспадыні сядзібы, як яна знайшла гэтае месца:

– Напэўна, гэта месца само мяне знайшло. Неяк я прыехала ў мясцовую раённую адміністрацыю з прапановай пабудаваць на падмурку разабранага дома ў Куневічах музей саломкі, якога ў Беларусі няма да гэтага часу. А мне ў адказ зрабілі сустрэчную прапанову: выкупіць на аўкцыёне дом у Райцы.

Салдатавы скарысталіся магчымасцю і за адну базавую велічыню выкупілі сядзібу: дом, якому нядаўна споўнілася 200 гадоў, і паўтара гектара парку, што прымыкаюць да яго. Паступова, сваімі сіламі і з дапамогай сваіх дзяцей, гэтая творчая сям’я спрабуе беражліва рэстаўраваць сваё новае жытло, узнаўляючы гістарычнае аблічча і захоўваючы самае каштоўнае – непаўторную атмасферу дома. Пры гэтым з Рэестра гісторыка-культурных каштоўнасцяў сядзібны дом быў зняты яшчэ да моманту выкупу.

Рамонт сядзібы ў 2016 г

Дзіўная аўра

Сядзіба ў Райцы замяніла сям’і Салдатавых мітуслівае жыццё ў горадзе, пра што яны ні кроплі не шкадуюць. Бо тут творчаму чалавеку можна вольна працаваць, увасабляць ідэі, чэрпаючы натхненне ў прыродзе. У такім месцы як нідзе адчуваецца культурны пласт Беларусі, наша гісторыя. Вера Яўгенаўна дзеліцца сваімі ўражаннямі ад жыцця ў такім месцы:

– Маёнтак наносіць свой адбітак на наш лад жыцця. Тут зусім дзіўная аўра! Паглядзіце, мы зараз знаходзімся на ганку галоўнага фасада, у вянку, вакол алея. Тут няма ветру, такое адчуванне, што нават лісцейка на дрэве не зварухнецца. А калі выйдзем за мост, я не здзіўлюся, што там будзе ветрана і сыра. Вельмі часта лаўлю сябе на думцы, што тут усё па-іншаму. Тут пазней растае снег, першыя кветкі распускаюцца тут заўсёды на два тыдні пазней, чым у самой вёсцы.

–  Я веру, раней такія дамы не на выпадковых месцах будавалі.

На ганку і праўда вельмі ўтульна сядзець і любавацца дрэвамі і раслінамі, сярод якіх ёсць і занесеныя ў Чырвоную кнігу. Напрыклад, адзіны ў Беларусі васьмітычынкавы каштан, які былая гаспадыня сядзібы Раецкая прывезла з выставы ў Парыжы. У былыя часы сядзібны парк мог пахваліцца і іншымі ўнікальнымі раслінамі, а цэнтральны ўезд у сядзібу сустракаў гасцей прыгожым і маляўнічым кветнікам. Гэты кветнік Салдатавы хочуць аднавіць, вось толькі трэба пазбавіцца ад пад’язнога асфальту, пад якім у савецкія часы “схавалі” старадаўнюю брукаванку…

Дом-музей Салдатавых: сучаснасць і будучыня

Мы заходзім унутр дома, у большай частцы якога ў самым разгары рамонтныя работы. На вуліцы даволі халаднавата, але ў доме, на здзіўленне, цёпла, хоць ён ацяпляецца толькі ў жылой частцы. Па словах гаспадыні, у спёку тут, наадварот, прахалодна. Сядзібны дом драўляны, пабудаваны ў стылі класіцызму. Унутраная планіроўка – анфіладная, гэта азначае, што ўсе пакоі прахадныя. Гэтую асаблівасць дома Салдатавы хочуць выкарыстоўваць у будучыні, калі музей будзе функцыянаваць на поўную сілу.

Музей пачнецца адразу ж з хола – яго ўпрыгожаць партрэты ўсіх гаспадароў сядзібы, якія напіша Аляксандр Васільевіч. Гаспадары дома адзначаюць, як гэта важна для іх:

– Радавод гэтага дома – гэта наша гісторыя, гэта гонар Беларусі.

Музей працягнецца ў пакоі, размешчаным справа ад хола – калісьці тут будзе галоўная экспазіцыя, прысвечаная сучаснаму мастацтву саломапляцення. У наступным пакоі будзе прадстаўлены жывапіс і іканапіс. Прайшоўшы праз пакоі далей, наведвальнікі трапяць у кухню з адрэстаўрыраванай рускай печчу, тут жа можна будзе азнаёміцца з прадметамі побыту XIX стагоддзя, пры гэтым у планах дамагчыся адчування таго, што кухня жыве, як быццам гаспадыня дома толькі што распаліла печ і выйшла па справах. Левая ад хола частка дома будзе адведзена пад майстэрні гаспадароў і адзін жылы пакой.

У адным з пакояў дома ўжо зараз створана часовая імправізаваная экспазіцыя, дзе змяшчаюцца як працы таленавітых мужа і жонкі Салдатавых, так і калекцыя вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сабраная з усёй Беларусі.

Вянчальныя кароны, вышытыя саломкай, саламяны зубр, які ўражвае сваімі памерамі, калядныя маскі – гэта тое нямногае, што прадстаўлена з работ Веры Салдатавай у пакоі-музеі саломкі. Ёсць тут і вынікі творчай дзейнасці гаспадара дома: жывапісныя палотны, а таксама іконы, якія Аляксандр Салдатаў піша па старадаўніх тэхналогіях выключна натуральнымі фарбамі: расцёртымі ў пыл мінераламі, у якія дадаецца яечны жаўток і трохі квасу.

Сярод экспанатаў – рэчы, якім споўнілася больш за 100 гадоў: тут прадстаўлены і ткацтва, і кераміка, і цікавыя прадметы побыту, незразумелага сучаснаму чалавеку прызначэння. Гаспадыня дома распавяла нам, як збірае і папаўняе сваю ўнікальную калекцыю:

– Нешта знаходжу, нешта купляю. Вельмі рэдка, але знаходзяцца людзі, якія дораць будучыя экспанаты. А наогул, цікавыя рэчы ў ваколіцах сядзібы можна выявіць паўсюль: трэба быць уважлівым, напрыклад, калі капаеш агарод або збіраеш грыбы: я знаходзіла тут і бронзавую фігурку, і чарапкі посуду: ад найтанчэйшага кітайскага фарфору да Гарадзенскай чорнай керамікі.

Палац, які стаў домам

Пасля займальнай экскурсіі па сядзібным доме мы зноў выходзім на ганак. Вакол па-ранейшаму ціха, такое адчуванне, што прырода замерла, і нават дождж, які збіраўся пайсці – перадумаў і павіс у паветры. Мы ўспамінаем словы Веры Яўгенаўны пра дзіўную аўру гэтага месца і, здаецца, верым у гэта канчаткова і беспаваротна. У гаспадыні дома падчас аповеду пра сядзібу і музей натхнёна гараць вочы, мы вырашаем спытаць, ці абавязвае жыццё ў такім месцы да нейкіх асаблівых паводзінаў, і атрымліваем натхняльны адказ:

– Мы, напэўна, ішлі да гэтага. Ладам жыцця і думак мы заслужылі гэты дом, цяпер засталося яго давер апраўдаць. Я ж нарадзілася ў Гомелі, жыла насупраць палаца Румянцавых-Паскевічаў, у яго парку мы ў дзяцінстве праводзілі шмат часу. Але я ніколі не думала, што нешта падобнае змагу мець. Для мяне сядзіба ў Райцы – гэта сапраўдны палац, які стаў мне домам. Калі мы яшчэ толькі афармлялі дакументы на яго, я праязджала міма дома на аўтобусе, выглядвала з акна, спрабуючы разглядзець яго сярод дрэў, і думала: “Як яму холадна без мяне!”. І вось я яго зараз саграваю і падаўжаю яму жыццё.

–  Калі я гэтую кропку на зямлі зраблю так, як мне бачыцца, думаецца і марыцца, я буду лічыць, што не марна пражыла жыццё. Так, гэта няпроста, але ж магчыма!

Варта паглядзець

Карэліцкі раён Беларусі багаты на помнікі архітэктуры і культуры. Вось няпоўны спіс таго, што яшчэ, акрамя Райцаўскай сядзібы, тут можна наведаць:

– Царква св. Варвары ў той жа Райцы (пабудавана ў 1817 Раецкімі як касцёл-пахавальня).

– Мірскі замак і іншыя славутасці Міра (40 км, па дарозе на Мінск).

– Касцёл св. Ганны ў Варончы (7 км).

– Зусім побач размешчаны Наваградак (27 км), Шчорсы (28 км), Любча (42 км праз Шчорсы), Уселюб (41 км праз Наваградак).

(с) ALOVAK

Leave a Reply