Як праілюстраваць незвычайную кнігу: досвед фінскай мастачкі Лінды Бундэстам

ALOVAK з ахвотай падтрымлівае таленавітых людзей і цікавыя творчыя ініцыятывы, таму не мог прапусціць краўдфандынгавую кампанію па выданні па-беларуску дзіцячай кнігі “Звяры, якіх ніхто не бачыў акрамя нас ” ад вядомага шведскага пісьменніка Ульфа СТАРКА.

Мы ўзялі інтэрв’ю ў ілюстратара кнігі, выбітнай фінскай мастачкі Лінды БУНДЭСТАМ, і даведаліся, як з’явіліся на свет незвычайныя героі кнігі – звяры, якіх і праўда ніхто не бачыў, – Эскалоп, Кракавяк, Сланец, Клыпантропка, Качэўлік ды іншыя дзіўныя істоты.

Тэкст падрыхтавала: Алеся Башарымава
Ілюстрацыі, фота: з архіву Лінды Бундэстам, Таге Ронквіст

Пра кнігу, і як яна стваралася

Задума стварэння кнігі “Звяры, якіх ніхто не бачыў апроч нас” была такая, што спачатку я намалюю ілюстрацыі мноства выдуманых жывёл, а потым Ульф напіша да іх вершы. Але я не паспела пачаць, а Ульф раптоўна так натхніўся, што не ўтрымаўся і напісаў вершы. І нічога – маляваць да іх ілюстрацыі было проста цудоўна: яны апісваюць процьму розных істотаў – але больш праз іх пачуцці, чым праз вонкавы выгляд, так што ў мяне як у ілюстратара была неверагодная свабода творчасці. Мне здаецца, гэта падобна да таго, як пішуцца вершы, але ў малюнках.

Вершы апісваюць процьму розных істотаў – але больш праз іх пачуцці, чым праз вонкавы выгляд, так што ў мяне як у ілюстратара была неверагодная свабода творчасці.

Photo by Tage R?nnqvist

Я думаю, і Ульф, і я разумелі, што гэтая кніга асаблівая. Калі яна выйшла, то вельмі хутка атрымала некалькі прэмій – і ў Фінляндыі, і ў Швецыі. Гэта было проста неверагодна! Але ў той жа час сумна, што Ульф неўзабаве захварэў і памёр, і таму не паспеў усё гэта перажыць. Жахліва, што мы не зможам больш працаваць разам: у нас было так шмат задумаў, і ён быў напраўду ўнікальным чалавекам.

Я думаю, і Ульф, і я разумелі, што гэтая кніга асаблівая. Калі яна выйшла, то вельмі хутка атрымала некалькі прэмій.

Я лічу, што гэтая кніга з тых, якія пасуюць усім узростам: і маленькім, і вялікім чытачам. Яна расказвае пра ўсё чалавецтва і лёгка адгукнецца ў душы любога, незалежна ад таго, шмат у яго жыццёвага досведу ці не. Кніга перакладзеная на фінскую, нарвежскую і дацкую, а таксама ўвосень выйдзе ў Латвіі.

Photo by Tage R?nnqvist

Пра персанажаў кнігі і ілюстрацыі

Спачатку было вельмі-вельмі складана прыдумляць персанажаў кнігі. Я не магла дачакацца, каб пачаць працаваць над кнігай, бо думала, што гэта будзе весела і прыемна, але адразу ж захрасла і не магла зусім нічога добрага намаляваць.

Я хадзіла па музеях прыродазнаўства, каб знайсці натхненне, але гэта толькі прыгнятала. Я адчула сябе разбітай, калі зразумела, што прыродную разнастайнасць проста немагчыма пераўзысці. Неўзабаве замест таго, каб глядзець на чучалы, я пачала назіраць за наведнікамі музеяў і раптам усвядоміла, што магу ўявіць іх унутраных звяроў. Гэта быў паваротны пункт – пасля гэтага працаваць над кнігай было неверагодна здорава.

Я адчула сябе разбітай, калі зразумела, што прыродную разнастайнасць проста немагчыма пераўзысці. Неўзабаве замест таго, каб глядзець на чучалы, я пачала назіраць за наведнікамі музеяў і раптам усвядоміла, што магу ўявіць іх унутраных звяроў.

Ужо калі я малявала ілюстрацыі, я адчувала, што гэта праект маёй мары, і было нават крыху сумна, калі ён быў гатовы, і мне больш не трэба было ўжывацца ў гэтых размаітых персанажаў.

Я адчуваю сувязь з усімі персанажамі кнігі. Калі я іх малявала, спрабавала ўявіць сябе ў розных абставінах, адчуць сябе гэтак жа, як нейкі канкрэтны звер. Бубух крыху нагадвае сітуацыю, калі ты ў гасцях, дзе нікога не ведаеш і думаеш, што апрануў штосьці не тое. Сланец – гэта калі адчуваеш пакуты творчасці, а Будзёнка, сказаў Ульф, мабыць, пра тое, як гэта – быць творцам і атрымаць прэмію. Біпалярнік, на маю думку, таксама мае сапраўдны творчы тэмперамент.

Я адчуваю сувязь з усімі персанажамі кнігі. Калі я іх малявала, спрабавала ўявіць сябе ў розных абставінах, адчуць сябе гэтак жа, як нейкі канкрэтны звер.

Я стварала ілюстрацыі да кнігі ў змешанай тэхніцы: рабіла накіды, малявала ад рукі і ўвесь час збірала ўсялякі дадатковы матэрыял: цікавыя паперкі, часам фотаздымкі. Потым усё гэта сканавала, пасля чаго стварала выніковыя ілюстрацыі ў Photoshop. Вядома, кампутар вельмі дапамагае, але ўсё адно я часта мару маляваць і ствараць ілюстрацыі выключна ад рукі.

Пра супрацу з Ульфам Старкам

Я супрацоўнічала раней і з іншымі аўтарамі, але Ульф быў для мяне вельмі-вельмі асаблівы і важны. Ён напісаў кнігу “Цудакі і Зануды”, якая стала для мяне ў дзяцінстве адным з найбольшых чытацкіх уражанняў.

З Ульфам было працаваць надзвычай цікава. Мы заўсёды вельмі падбадзёрвалі адно аднаго, і яго мэйлы часцей за ўсё пачыналіся з фразы: “Прывітанне, геній-мастак!” Мы заўсёды стаялі на адным баку і падтрымлівалі адно аднаго.

Мы заўсёды вельмі падбадзёрвалі адно аднаго, і яго мэйлы часцей за ўсё пачыналіся з фразы: “Прывітанне, геній-мастак!”

Кнігі Ульфа цудоўна пасавалі для ілюстравання, таму што для яго было надзвычай важна даваць такія тэксты, да якіх мне б хацелася стварыць малюнкі. Мастаку не заўсёды лёгка можна знайсці такую супрацу.

Ідэя кнігі пра звяроў была мая: Ульф неяк спытаў, што б я хацела зрабіць, і я сказала, што мару зрабіць кнігу пра невядомых звяроў, накшталт такіх старых кніг па прыродазнаўстве. Але потым, вядома, атрымалася нешта зусім іншае і яшчэ лепшае!

Пра ўзаемадзеянне пісьменнікаў і ілюстратараў

На мой погляд, ілюстрацыі мусяць падтрымліваць тэкст, пры гэтым мне больш падабаюцца кнігі, дзе словаў няшмат і якія дазваляюць мне як мастаку стварыць сваё ўласнае апавяданне і шмат прыдумляць у сваіх малюнках. Я не хачу быць дэкаратарам, але хачу быць апавядальнікам, які ў малюнках расказвае гісторыю.

Я не хачу быць дэкаратарам, але хачу быць апавядальнікам, які ў малюнках расказвае гісторыю.

Лепей за ўсё, калі ілюстратар – такі ж расказчык, як і аўтар. Дзякуючы малюнку, да таго ж, можна ўзмацніць некаторыя пачуцці, што ёсць у тэксце, дадаць больш гумару або напружання ці маленькіх другасных персанажаў са сваімі ўласнымі гісторыямі. Таксама можна падымаць важныя тэмы накшталт праблем навакольнага асяроддзя, фемінізму, разнастайнасці, можна зрабіць, каб чытач перажыў здзіўленне.

Цудоўна, калі тэкст і ілюстрацыі расказваюць гісторыю па-рознаму – тады ўражанні чытача будуць цікавыя. Я спрабую рабіць кнігі, якія б краналі і дзяцей, і дарослых, і былі б для іх маленькім мастацкім перажываннем пасярод будняў.

У мяне быў вопыт стварэння цалкам сваёй кнігі, якая называецца “Дабранач усім на Зямлі”. Гэты праект шмат для мяне значыць. У кнізе большая частка апавядання ў малюнках, таму можна сказаць, што тэкст у ёй грае ролю ілюстрацый да выяваў. Пісьменніца-Лінда была, пэўна, самым згаворлівым аўтарам, з якім мне даводзілася супрацоўнічаць: яна згаджалася на ўсе праўкі і выкрэсліванні ў тэксце, пра якія прасіла Лінда-ілюстратарка 🙂 У гэтай кнізе, дарэчы, ёсць маленькая асаблівасць: некаторыя старонкі абрэзаныя так, што ператвараюцца ў коўдры, якімі можна накрываць розных звяркоў, якім трэба спаць.

Пісьменніца-Лінда была, пэўна, самым згаворлівым аўтарам, з якім мне даводзілася супрацоўнічаць: яна згаджалася на ўсе праўкі і выкрэсліванні ў тэксце, пра якія прасіла Лінда-ілюстратарка 🙂

Даведка

Лінда Бундэстам (Linda Bondestam) – фінска-шведская мастачка, скончыла Кенсінгтонскі ўніверсітэт у Лондане, дзе вывучала ілюстрацыю, жыве і працуе ў Хельсінкі.

У прафесійным партфелі Лінды больш за 15 дзіцячых кніг, а таксама дызайн постэраў, паштовак, лагатыпаў, ілюстрацыі ў газеце, тэатральныя дэкарацыі і нават лялечны тэатр для дарослых.

Яе працы былі неаднаразова ганараваны рознымі прэміямі і ўзнагародамі. Мастачка атрымала прэмію Таварыства шведскай літаратуры ў Фінляндыі (Svenska litteraturs?llskapet), намінавалася чатыры разы на прэмію памяці Астрыд Ліндгрэн (Швецыя).

З Ульфам Старкам працавала неаднойчы, “Звяры, якіх ніхто не бачыў апроч нас” стала іх чацвёртай сумеснай працай. Кніга намінавалася на Аўгустаўскую прэмію (Augustpriset) у Швецыі, атрымала прэмію “Снежка” (Sn?bollen) за найлепшую шведскую кніжку-карцінку 2016 года, прэмію Рады Паўночных краін у 2017 годзе.

(c) ALOVAK

Leave a Reply