Грэцкі арэх – дзіўны прыродны матэрыял! Яго драўніна выкарыстоўваецца ў вытворчасці мэблі, з дапамогай лупінаў фарбуюць скуру, а шкарлупіны прымяняюць у вытворчасці лінолеўма … Падсілкаваўшыся смачным і карысным ядром грэцкага арэха, мы знайшлі майстроў, якія бачаць натхненне ў гэтых дзіўных пладах, і паэксперыментавалі самі. Сустракайце нашу падборку ідэй – вырабы з грэцкага арэха.
Тэкст, фота: Ірына Бельская, Кацярына Буто
Завушніцы
Акуратна раскаліце арэх па «шве», дастаньце ядро. Змажце абадкі шкарлупин клеем і склейце, папярэдне уставіўшы ў арэх пяцельку (з дроту або тоўстай ніткі) разам са швензамі. Калі клей падсохне, падшліфуйце арэх наждачнай паперай, пакрыйце воскам або алеем для дрэва – гэткім чынам колер вашага арэха стане больш насычаным.
Вазончыкі
Палавінкі грэцкага арэха могуць стаць вазончыкамі для невялікіх сукулентаў. Ім не трэба шмат зямлі і шчодры паліў, таму яны ідэальна падыходзяць для нашай задумкі. Самае галоўнае ў нашай ідэі – замацаваць палавінкі арэха да палачцы. Для надзейнага мацавання, мы зрабілі дрылём адтуліны ў донцы шкарлупінак і на невялікія шрубы прыкруцілі іх да палкі. Насыпалі ў гатовыя вазончыкі зямлю і пасадзілі расліны.
Звярніце ўвагу
Паліваць расліны ў такіх вазончыках можна з чайнай лыжкі або піпеткі.
Падвеска
З палавіны грэцкага арэха можна вырабіць падвеску-кулон з лямцавай «падушачкай». Майце на ўвазе, што воўна пры валенні дае ўсадку, таму бярыце воўны больш, чым залазіць у палавіну арэха. Мы ўпрыгожылі нашу падвеску вышыўкай сцябліністым швом, а вы можаце задэкараваць яе пацерамі, ці воўнай іншага колеру. Гатовую падушачку прымацуйце да палавіны арэха.
Звярніце ўвагу
Загадзя падумайце пра мацаванне. Калі «падушачка» з воўны будзе моцна выступаць з палавінкі грэцкага арэха, як у нас, вы можаце ўставіць штыфт з пяцелькай наўпрост у «падушачку». Іншы варыянт: загадзя прасвідруйце ў шкарлупіне адтуліну і ўстаўце туды штыфт.
Кошык
Тэхналогія вырабу такіх кошыкаў не складаная: міні-балгаркай (дрэмелем) робім надрэзы ўздоўж шва арэха, стамескай вымаем ядомую частку, наждачнай паперай зачышчаем, алеем пакрываем, ягадамі запаўняем! 🙂
Экакаралі
Такое арыгінальнае і незвычайнае ўпрыгожанне ў экастылі добра спалучаецца з натуральнымі ільнянымі тканінамі.
Для стварэння экакараляў нам спатрэбіцца тры арэха, якія папярэдне трэба раскалоць і вынуць ядро, невялікая палачка / галінка, ільняны шпагат, дрот (штыфты), ланцужок, сталярны клей, абцугі, кусачкі.
Склейваем палавінкі арэха сталярным клеем для дрэва.
Верхнюю частку злепленага арэха намазваем клеем і абмотваем ільняным шпагатам, фарміруючы зверху пяцельку.
Бярэм палачку патрэбнага памеру, пры неабходнасці чысцім яе ад кары. Шылам праколваем у ёй тры ненавылётных адтуліны на роўнай адлегласці.
Адразаем кусачкамі дрот (штыфты) з пяцелькай патрэбнага памеру на канцы. Намазваем кончыкі штыфтоў клеем і ўстаўляем у адтуліны ў палачцы.
Расціскаючы абцугамі (або круглагубцамі) пяцелькі, акуратна надзяваем на іх арэхі, пасля чаго заціскаем пяцелькі.
У тарцах палачкі таксама праколваем адтуліны і ўклейваем штыфты. Прасоўваем ланцужок у пяцельку.
Каралі гатовыя!