Дызайнерка Саша Баршчова спецыяльна для часопіса ALOVAK правяла майстар-клас па лепцы з японскай гліны. Паспрабуйце і вы!
Тэкст: Юлія Багданчык
Фота: Кацярына Буто
Неабходныя матэрыялы і інструменты
- японская гліна CLAY CRAFT by DECO,
- вострыя манікюрныя нажніцы,
- вяровачкі для кветак,
- тонкі дрот,
- клей ПВА,
- стэк.
1. Пачнём з падрыхтоўкі гліны.
Для кветкі нам спатрэбіцца гліна 4-5 адценняў. У нас атрымалася пяць: два адценні жоўтага, аранжавы, два адценні чырвонага колеру.
Для падвяночка кветкі мы падрыхтавалі 4 адценні зялёнага колеру. Адценні атрымліваюцца шляхам змешвання гліны розных колераў.
2. Прыступаем да лепкі кветкі.
Бярэм гліну аднаго адцення. Лепім невялікі шарык і выцягваем яго з аднаго боку – атрымаецца “кропелька”.
Робім на кропельцы з дапамогай манікюрных нажніц надрэзы, якія ў далейшым стануць пялёсткамі кветкі. Пасля гэтага прыляпляем тое, што ў нас атрымалася, да роўнай гладкай паверхні, выцягваючы аснову “кроплі” да сябе.
Такім чынам паўтараем працэдуру з шарыкамі астатніх адценняў, з якіх будзе складацца наша кветка.
3. Фарміруем падвяночак кветкі.
Бярэм гліну аднаго з адценняў зялёнага колеру, надаем ёй форму плоскай кропелькі і прыляпляем да асновы кветкі, такім чынам пачынаючы фармаванне падвяночка. На яе наносім невялікую колькасць клею ПВА.
4. Прыляпляем да падвяночка вяровачку – будучую сцяблінку.
Невялікія па памеры кавалачкі дроту ўтыкаем у галоўку кветкі, для ўстойлівасці і надзейнасці.
5. Працягваем фармаваць падвяночак кветкі – прыляпляем падвяночкавыя лісткі.
Зноў лепім маленькія даўгаватыя кропелькі і накладваем іх зверху ўніз, адну па-над іншай.
Колеры гліны выкарыстоўвайце ад светлага да цёмнага, ці ад цёмнага да светлага і зноў да цёмнага.
6. Стэкам робім на лістках пражылкі.
Каб зрабіць з кветкі брошку, трэба дачакацца яе поўнага высыхання – каля 24 гадзін. Пасля прыляпіць зашпільку да адваротнага боку кветкі з дапамогай супер-клею.
P.S. Японская палімерная гліна баіцца вады, таму ў пральную машыну ёй пападаць не варта. Калі ж гліна крыху намокла пад дажджом – нічога страшнага, проста прасушыце брошку. Але пасля трапляння пад дождж яна, на жаль, можа зафарбаваць светлую тканіну вашай вопраткі.