Ці варта выкарыстоўваць штучны інтэлект у фатаграфіі ручной работы? У якіх выпадках ШІ сапраўды дапамагае майстру, а калі можа знізіць давер да handmade-брэнда? Разважаю пра выкарыстанне ШІ ў фатаграфіі вырабаў ручной работы, пра празрыстасць, аўтэнтычнасць і тое, дзе праходзіць мяжа паміж творчым інструментам і падменай рэальнасці?
Штучны інтэлект ужо стаў часткай сучаснай фатаграфіі
Калі гаворка заходзіць пра штучны інтэлект у фатаграфіі, многія ўяўляюць сабе цалкам згенераваныя выявы. Але насамрэч нейрасеткі ўжо даўно прысутнічаюць у інструментах, якімі карыстаюцца не толькі фатографы, але і амаль кожны з нас штодня. Напрыклад, у сучасных смартфонах ШІ па змоўчанні дапамагае камеры ствараць здымкі, якія часта выглядаюць лепш, чым тое, што першапачаткова фіксуе матрыца камеры.

Сучасныя праграмы для апрацоўкі фотаздымкаў таксама шмат чаго могуць рабіць з дапамогай ШІ: выдаляць шумы, паляпшаць рэзкасць, павялічваць памер малюнка, прыбіраць дробныя недахопы.
Такія магчымасці не змяняюць сутнасць здымка і даўно сталі звыклай часткай фатаграфічнага працэсу.
Значна больш дыскусій сёння ўзнікае вакол генерацыі з дапамогай штучнага інтэлекту новых фонаў, інтэр’ераў і цэлых сцэн вакол рэальнага вырабу. У папярэднім артыкуле я ўжо разважала пра тое, чаму ў эпоху ШІ аўтэнтычнасць і ручная работа могуць набываць яшчэ большую каштоўнасць. Сёння ж прапаную паглядзець на гэта праз прызму фатаграфіі. Бо ад таго, як мы паказваем выраб, таксама залежыць, як яго ўспрымаюць.
Калі ШІ дапамагае ўвасобіць задуму
Ёсць выпадкі, калі ШІ адкрывае магчымасці, якія раней былі практычна недаступныя. Напрыклад, аўтарская лялька-хобіт можа апынуцца ў чароўным свеце, ці керамічная ваза ў выглядзе планеты трапляе ў космас ― стварыць такія сцэны фізічна магчыма, але складана ці непрапарцыйна дорага.

На прыкладзе: згенераванае мною фота неіснуючай вазы
У такіх выпадках штучны інтэлект не падмяняе рэальнасць, а дапамагае развіць мастацкую ідэю. Глядач разумее, што перад ім вобраз, казка, творчая інтэрпрэтацыя. Калі ШІ дапамагае ўвасобіць тое, што немагчыма зрабіць іншым спосабам, ён становіцца паўнавартасным творчым інструментам.
Важнае ўдакладненне: выкарыстанне ШІ ў такіх выпадках выглядае пераканаўча толькі тады, калі яно арганічна спалучаецца з канцэпцыяй канкрэтнага вырабу і творчага брэнда.
Нават самая прыгожая генерацыя можа выглядаць чужой, калі яна расказвае іншую гісторыю, чым сам выраб.
А яшчэ, калі гаворка ідзе пра продаж вырабаў ручной работы, адных толькі мастацкіх здымкаў, на мой погляд, недастаткова. Усё ж такі задача майстра не толькі натхніць пакупніка прыгожым вобразам, але і паказаць сам выраб як мага больш дакладна і разнастайна, каб пакупнік мог добра яго разгледзець.
Таму фантазійныя выявы могуць выдатна працаваць як частка візуальнай гісторыі брэнда, але наўрад ці здольныя цалкам замяніць рэальныя фатаграфіі вырабу.

Сапраўднае фота сапраўднага вырабу
Калі ШІ пачынае выклікаць пытанні
Зусім іншае адчуванне ўзнікае тады, калі штучны інтэлект выкарыстоўваецца там, дзе падобны вынік можна было б атрымаць і без генерацыі. Калі майстар замест таго, каб зрабіць некалькі сапраўдных фотаздымкаў дома, ці ў сваёй майстэрні, генеруе звычайныя фоны, інтэр’еры і кампазіцыі для сваіх вырабаў з дапамогай ШІ.
Як быццам, ніякай забароны тут няма (ёсць нюансы, пра гэта пазней). Але ў гледача і пакупніка можа з’явіцца пытанне: навошта? Часам такія выявы ствараюць уражанне, што перад намі не сам выраб, а яго палепшаная версія.
Асабліва гэта датычыцца майстроў і брэндаў ручной работы, якія будуюць сваю камунікацыю на шчырасці, аўтэнтычнасці і натуральнасці.
Менавіта таму штучныя выявы могуць пачаць супярэчыць такім каштоўнасцям і нечакана пачаць працаваць супраць самога брэнда.

На прыкладах арыгінальнае фота злева. На згенераваным фота (справа) фон выглядае рэалістычна, але такую сцэну можна было б сфатаграфаваць без ШІ.
Сітуацыя становіцца яшчэ больш неадназначнай таму, што сацыяльныя сеткі пачынаюць пазначаць падобныя выявы як створаныя або змененыя з дапамогай ШІ (“дадзеныя ШІ” ў інстаграме, напрыклад). Для кагосьці такая пазнака можа стаць своеасаблівым сігналам: ці сапраўды выраб на гэтай фатаграфіі выглядае менавіта так, як у рэальнасці?
ШІ любіць ідэальныя выявы. А пакупнікі?
Генератыўны ШІ мае адну асаблівасць: ён імкнецца зрабіць карцінку больш прыгожай, гарманічнай і прывабнай. Менавіта за гэта многія і любяць такія інструменты. Але для майстроў тут можа хавацца пэўная небяспека.
Рэч у тым, што пакупніку важна бачыць не толькі прыгожую выяву. Яму патрэбна разумець больш пра сам выраб ― яго фактуру, асаблівасці матэрыялаў, дробныя дэталі, колер ― пра ўсё тое, што дапаможа зразумець, як рэч выглядае ў рэальнасці.

На прыкладах павялічаныя фрагменты арыгінальнага (злева) і згенераванага (справа) здымкаў. Бачна, што ШІ палічыў некаторыя кропачкі на паверхні кубка лішнімі і прыбраў іх.
На практыцы, нават калі карыстальнік пазначае “не змяняць выраб”, генератыўныя інструменты не заўсёды строга прытрымліваюцца запыту. Яны імкнуцца зрабіць выяву больш гарманічнай і візуальна прывабнай: больш роўнай, сіметрычнай, гладкай.
Для ШІ любая асаблівасць ручной работы, лёгкая няроўнасць ці асіметрыя могуць выглядаць як недасканаласць, якую варта выправіць.
Для мастацкай і натхняльнай здымкі невялікая доля ўмоўнасці можа быць цалкам дарэчнай. Але калі гаворка ідзе пра продаж, дакладнасць не менш важная за прыгажосць.

І на гэтых прыкладах бачна, як ШІ змяніў фактуру керамічнай міскі (справа), нягледзячы на пазнаку ў запыце не ўносіць змены ў сам выраб.
Ці сапраўды ШІ таннейшы за фатаграфію?
Часам выкарыстанне штучнага інтэлекту падаюць як простую і танную альтэрнатыву дарагой прадметнай фотаздымцы.
Насамрэч паміж гэтымі варыянтамі існуе вялікая колькасць прамежкавых рашэнняў.
Майстар можа прайсці курс па асновах фотаздымкі, арганізаваць простую дамашнюю фотазону, пачытаць артыкулы або паглядзець навучальныя відэа — такіх матэрыялаў сёння сапраўды шмат. А пры неабходнасці можна звярнуцца да фатографа па кансультацыю або прайсці кароткае навучанне. Для майстроў і невялікіх брэндаў гэтага можа быць ўжо дастаткова, каб атрымліваць якасныя і сумленныя фатаграфіі сваіх вырабаў.

Чаму нават штучнаму інтэлекту патрэбная добрая фатаграфія
Ёсць яшчэ важны нюанс ― большасць добрых генерацый пачынаецца з якаснага фотаздымка. Калі выраб сфатаграфаваны ў дрэнным святле, атрымаўся нярэзкім або на здымку страчана частка фактуры, генератыўным інструментам даводзіцца “фантазіяваць”. Чым менш дакладнай інфармацыі ёсць у зыходным кадры, тым больш месца застаецца для інтэрпрэтацыі алгарытму.
І наадварот, чым лепшая фатаграфія, тым больш дакладным і пераканаўчым звычайна атрымліваецца вынік.
Таму нават пры выкарыстанні штучнага інтэлекту добрая фатаграфія застаецца асновай.

На прыкладах: першапачатковае фота (злева) зроблена няякасна, на вонкавым баку міскі няма рэзкасці, само фота недаэкспанавана (міска атрымалася занадта цёмнай). Не генерацыі (справа) нават пасля спробаў штучнага інтэлекту выправіць недахопы міска па-ранейшаму выглядае няўдала.
Дакументальнасць замест бездакорнасці
Цікава, што паралельна з развіццём генератыўнага ШІ ў прафесійнай прадметнай фатаграфіі ўсё больш заўважным становіцца іншы трэнд — імкненне да дакументальнасці, натуральнасці і так званай raw-эстэтыкі.
У кадры ўсё часцей пакідаюць тое, што яшчэ нядаўна імкнуліся прыбраць: “выпадковыя” прадметы, неідэальны і нават неакуратны стайлінг, адчуванне незавершанасці кампазіцыі.

Фота: ATELIER FRANCK DURAND
Вядомыя фатографы і брэнды свядома адыходзяць ад бездакорна “адпаліраванай” карцінкі. І хаця гэты трэнд узнік яшчэ да масавага распаўсюджвання ШІ, сёння ён усё часцей успрымаецца як спосаб падкрэсліць: перад намі сапраўдная фатаграфія. У пэўным сэнсе гэта нават спроба дыстанцыявацца ад ідэальных карцінак, згенераваных нейрасеткамі.
Разам з тым гэта не азначае, што цяпер усім майстрам і крафтавым брэндам варта імкнуцца да наўмысна “неахайных” кадраў. Як і любы іншы мастацкі прыём, raw-эстэтыка патрабуе ведаў, досведу і разумення, калі яна сапраўды працуе. Недарэмна кажуць: каб свядома парушаць правілы, спачатку трэба іх добра ведаць.
Але сам факт з’яўлення такога трэнду паказвае: сёння прафесійная фатаграфія ўсё часцей шукае адчуванне сапраўднасці.


Фота для брэндаў Jacquemus і LOEWE
Празрыстасць становіцца новай нормай
У апошнія гады разам з развіццём штучнага інтэлекту інтэрнэт-платформы, маркетплэйсы і заканадаўцы ўсё больш увагі пачалі надаваць пытанням празрыстасці і даверу.
Напрыклад, у правілах для прадаўцоў Etsy гаворыцца пра тое, што ў аб’явах трэба выкарыстоўваць уласныя фатаграфіі рэальных вырабаў і дакладна паказваць іх стан і якасць. Пляцоўка разумее: калі чалавек купляе рэч праз інтэрнэт, фатаграфія становіцца галоўнай крыніцай інфармацыі. І чым больш дакладна здымак паказвае рэальнасць, тым вышэйшы ўзровень даверу паміж прадаўцом і пакупніком.

На ўзроўні заканадаўства таксама назіраецца рух у бок большай празрыстасці. Еўрапейскі саюз ужо прыняў Закон аб штучным інтэлекце (AI Act), які ўводзіць патрабаванні да маркіроўкі асобных відаў кантэнту, створанага або істотна змененага з дапамогай ШІ. Пакуль што гэтыя нормы не даюць простых адказаў на ўсе пытанні, звязаныя з камерцыйнай фатаграфіяй, але агульны кірунак выглядае даволі відавочным.
У Беларусі выкарыстанне ШІ ў рэкламе, продажах або камерцыйнай фатаграфіі пакуль не мае асобнага падрабязнага прававога рэгулявання. Аднак, улічваючы хуткасць развіцця тэхналогій і ўвагу да гэтай тэмы ў іншых краінах, можна меркаваць, што пытанні празрыстасці і інфармавання карыстальнікаў з часам таксама будуць абмяркоўвацца больш актыўна.
Чым больш магчымасцяў для генерацыі і мадыфікацыі выяў з’яўляецца ў нашым распараджэнні, тым большай каштоўнасцю становіцца празрыстасць.
Людзям важная не толькі прыгожая карцінка, але і разуменне таго, як яна была створана.

Дзе ж праходзіць мяжа?
Урэшце, галоўнае пытанне не ў тым, ці можна выкарыстоўваць ШІ ― значна важней зразумець, навошта мы яго выкарыстоўваем.
Калі штучны інтэлект дапамагае ўвасобіць творчую задуму або раскрыць вобраз, і гэта суадносіцца з канцэпцыяй брэнда ручной работы, ён сапраўды пашырае магчымасці аўтара.
Калі ж ШІ выкарыстоўваецца толькі для таго, каб замяніць рэальнасць там, дзе ў гэтым няма асаблівай патрэбы, варта задумацца, ці не пачынае гэта працаваць супраць самога брэнда. Асабліва ў свеце ручной работы, дзе галоўнай каштоўнасцю застаюцца не тэхналогіі, а чалавек.
На мой погляд, штучны інтэлект — гэта не мэта і не каштоўнасць сама па сабе. Гэта ўсяго толькі інструмент.
І, як любы іншы інструмент, ён патрабуе не толькі ўмення, але і разумення, калі і як яго сапраўды варта выкарыстоўваць.
А што думаеце вы?
(с) ALOVAK

