Што будзе з ручной работай у эпоху штучнага інтэлекту?

Ці сапраўды штучны інтэлект пагражае ручной рабоце? Ці змогуць аўтэнтычнасць і ручная работа ў эпоху штучнага інтэлекту стаць яшчэ больш каштоўнымі? Разглядаю даследаванні, меркаванні аналітыкаў і прыклады з гісторыі, каб зразумець, як развіццё ШІ можа паўплываць на handmade.

Насамрэч мы ўжо былі тут аднойчы

Гэта не першы момант у гісторыі, калі тэхналогіі рэзка мяняюць стаўленне да ручной работы. Падчас прамысловай рэвалюцыі XIX стагоддзя фабрыкі навучыліся вырабляць рэчы хутчэй і танней за рамеснікаў. Тавары, якія раней былі раскошай, сталі даступнымі для вялікай колькасці людзей.

У адказ на гэта ў Англіі ўзнік цэлы рух — Arts & Crafts. Яго заснавальнік Уільям Морыс і яго аднадумцы асуджалі бяздушную аднастайнасць машыннага веку. Яны лічылі, што масавая вытворчасць вядзе да эстэтычнай і нават маральнай дэградацыі.

Ткацкая майстэрня на фабрыцы Morris & Co, Merton Abbey Works, 1880-ыя

Наадварот, прыхільнікі Art & Crafts шукалі натхненне ў рамесных традыцыях мінулага і выступалі за адраджэнне ручной работы. Для таго часу гэта быў амаль радыкальны крок. „Сярэднявечнікаў“, як іх называлі, спачатку высмейвалі.

Але вельмі хутка інтэр’еры ў стылі Arts & Crafts сталі дамінантным стылем у дамах брытанскага сярэдняга класу.

Прафесар Оксфардскага ўніверсітэта Кшыштаф Пэльц (Krzysztof Pelc) называе гэта „эфектам Уільяма Морыса“: кожны буйны тэхналагічны прарыў узмацняе каштоўнасць ручной работы.

Дык што ж будзе адбывацца з развіццём штучнага інтэлекту?

Сэм Альтман, заснавальнік OpenAI, у інтэрв’ю 2023 года сказаў:

„Тое, што мы хочам зрабіць танным, стане значна таннейшым. А тое, што мы хочам пакінуць дарагім, можа стаць астранамічна дарагім… Нерухомасць, вырабы ручной работы, мастацтва …

Нават калі прадукцыя машыннай вытворчасці была лепшай, ручная работа заўсёды цанілася вышэй. І я думаю, што гэтая тэндэнцыя будзе толькі ўзмацняцца“.

І на хвіліначку: гэта сказаў не супернік штучнага інтэлекту, а чалавек, які будуе адну з самых магутных ШІ-кампаній у свеце!

Аналітыкі таксама адзначаюць: попыт на рамесныя вырабы расце, і гэтая тэндэнцыя фіксуецца ў многіх даследаваннях рынку.

Напрыклад, паводле Grand View Research, сусветны рынак handicrafts ацэньваўся прыкладна ў $740 млрд у 2024 годзе і, паводле прагнозаў, вырасце да $983 млрд да 2030-га.

 На што ўплывае пазнака „створана чалавекам“

Навукоўцы з Мюнхена і Карнела правялі цікавыя даследаванні: людзі аддаюць перавагу рамесным вырабам і нават гатовыя плаціць за іх больш, бо лічаць, што яны зроблены з большай любоўю і ўвагай, чым прадукцыя машыннай вытворчасці.

Для гэтага феномену нават існуе асобны тэрмін — handmade effect!

Шэраг эксперыментаў апошніх гадоў паказаў: веданне пра аўтарства моцна ўплывае на тое, як людзі ўспрымаюць мастацтва.

Пазнака „створана чалавекам“ дадавала творам каштоўнасці. І наадварот — выявы, створаныя ШІ, удзельнікі эксперыментаў часцей называлі „менш творчымі“, „халоднымі“ і „механічнымі“.

Сігналы сапраўднасці

Цікава, што людзі, якія будуюць ШІ, самі часта цягнуцца да эстэтыкі ручной работы. Першы крэатыўны дырэктар Anthropic Эвэрэт Кацігбак расказваў у інтэрв’ю, што ў дызайне інтэрфэйсу іх каманда натхнялася цеплынёй, тактыльнасцю і лёгкай недасканаласцю рэчаў ручной работы.

Аналітыкі WGSN — міжнароднай агенцыі, якая прагназуе трэнды, — папярэджваюць пра „вялікую стомленасць“ ад пастаяннай лічбавай перагрузкі.

Экспертка Касандра Напалі сцвярджае:

„Ручныя малюнкі, аналагавыя працэсы, абмежаваныя тыражы і прыкметныя чалавечыя рашэнні будуць успрымацца як сігналы сапраўднасці“.

Ці значыць усё гэта, што ШІ і ручная работа стануць ворагамі?

Наўрад ці. Хутчэй гэтыя дзве розныя сферы, супрацьлеглыя „сусветы“, будуць усё больш аддаляцца адна ад адной. Тэхналогіі зробяць масавую вытворчасць яшчэ хутчэйшай і таннейшай, а ручная работа стане яшчэ больш каштоўнай — менавіта таму, што ў ёй застаецца чалавечы след.

Але ўсё гэта не значыць, што творцы не будуць карыстацца штучным інтэлектам, як новым інструментам.

ШІ не адменіць каштоўнасць ручной работы — хутчэй наадварот, ён будзе сваім існаваннем нагадваць нам, чаму нас так кранаюць рэчы, у якіх адчуваецца чалавек.

І, магчыма, менавіта таму эпоха штучнага інтэлекту стане часам новага росквіту рамяства.

А што думаеце вы?

(с) ALOVAK

Leave a Reply