Як плаціць падаткі мастакам: рамесны збор ці падатак на прафесійны даход

Спыталі ў юрыста Алены Федарынчык, ці належыць напісанне карцін да рамесніцтва, ці могуць мастакі легалізаваць сваю дзейнасць як рамесную і выплачваць рамесны збор замест іншых падаткаў.

Віды рамеснай дзейнасці

Віды дзейнасці, па якіх магчыма выплата рамеснага збору, вызначаны заканадаўствам*. Пры гэтым Пералік відаў рамеснай дзейнасці не вычарпальны, г.зн. не закрыты, і ўключае ў сябе сярод іншага дзейнасць па стварэнні прадметаў творчасці.

* Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 09.10.2017 №364 “Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці” (далей – Указ №364)

Пры гэтым стварэнне прадметаў творчасці, у тым ліку ў выглядзе карцін, павінна адпавядаць прыкметам рамесніцтва, і тады яно можа абкладацца рамесным зборам.

Даведка.

Да 30 чэрвеня 2023 года рамеснікі могуць выплачваць на выбар не толькі рамесны збор, але яшчэ і падатак на прафесійны даход.

Прыкметы рамеснай дзейнасці

Рамесная дзейнасць – гэта дзейнасць фізічных асобаў, якая не з’яўляецца прадпрымальніцкай, па вырабе і рэалізацыі тавараў, выкананні работ, аказанні паслуг з прымяненнем ручной працы і інструменту, якая ажыццяўляецца самастойна, без прыцягнення іншых фізічных асоб па працоўных і (або) грамадзянска-прававых дагаворах, калі іншае не прадугледжана Указам № 364, і накіравана на задавальненне побытавых патрэбаў грамадзян.

На падставе азначэння можам вылучыць важныя прыкметы рамеснай дзейнасці, якія павінны выконвацца ў сукупнасці:

1) рамеснік прымяняе ручную працу і інструменты. Гэта могуць быць прылады, механізмы, станкі, іншае абсталяванне, у тым ліку электрычнае, прызначаныя для вытворчасці тавару (выканання работ, аказання паслуг);

2) рамеснік ажыццяўляе сваю дзейнасць самастойна, не прыцягвае да працы іншых асоб;

3) важная мэта набыцця вырабаў. Купляючы прадмет рамеснай дзейнасці ў рамесніка, спажывец задавальняе свае побытавыя патрэбы (асабістыя, сямейныя і іншыя патрэбы, не звязаныя з прадпрымальніцтвам).

Такім чынам дзейнасць мастакоў у класічным яе разуменні пры адпаведнасці ўсім вышэй згаданым прыкметам належыць да рамесніцтва.

Варыянты рэалізацыі карцін рамеснікамі

Важна дапоўніць, што рамеснікі, а гэта значыць і мастакі, могуць рэалізоўваць вырабленыя імі тавары:

  • на гандлёвых месцах на рынках, кірмашах і/ці ў іншых вызначаных выканкамамі месцах,
  • у памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца для вырабу такіх тавараў (у майстэрнях),
  • з ужываннем рэкламы ў інтэрнэце,
  • шляхам перасылкі паштовым адпраўленнем (у тым ліку міжнародным), дастаўкі па ўказаным спажыўцом адрасе любым відам транспарту,
  • а таксама на падставе грамадзянска-прававых дагавораў, якія заключаюцца з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі (п.1.5. Указа № 364).

Такім чынам, рамеснік мае права рэалізоўваць вырабленыя ім прадметы рамеснай дзейнасці юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, напрыклад, у мастацкія салоны або крамы вырабаў ручной работы. Часцей за ўсё практыкуюцца дамовы куплі-продажу і пасярэдніцкія дамовы (напрыклад, дамова камісіі).

(с) ALOVAK

Leave a Reply