Калі ў адзін цудоўны дзень у вас узнікла жаданне зрабіць любімую справу афіцыйнай працай, вы абавязкова задасце пытанне: з чаго пачаць? У Беларусі ў вас ёсць, як мінімум, чатыры варыянты пачатку сваёй справы: стаць рамеснікам, зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам або працаваць у статусе самазанятага. Можна таксама стварыць сваё прадпрыемства (юрыдычную асобу). Рэгістраваць юрасобу з нуля, напэўна, вырашацца нешматлікія. Гэты артыкул створаны спецыяльна для тых, хто выбірае паміж рамесніцтвам і індывідуальным прадпрымальніцтвам.
Тэкст: Кацярына Буто
Ілюстрацыя: Ірына Бельская
Стаць рамеснікам:
плюсы і мінусы
Плюсы
+Проста стаць
Не патрабуецца дзяржаўная рэгістрацыя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка (ІП) або юрыдычнай асобы (ЮА).
+Мала плаціць
Замест падаткаў плаціцца рамесны збор у памеры 2 базавых велічынь* адзін раз на год, пры гэтым не мае значэння колькі відаў рамеснай дзейнасці ажыццяўляецца
*На красавік 2021 года 1 б.в. = 29 руб. (прыкладна 11 долараў).
2 б.в. = 58 руб.
+Няма ўліку
Не трэба весці бухгалтарскі ўлік, складаць і прадстаўляць бухгалтарскую, статыстычную і іншую справаздачнасць, заводзіць кнігі і формы ўліку, акрамя кнігі ўліку праверак.
+Аніякіх фармальнасцяў
Няма абавязковага патрабавання да адкрыцця разліковага рахунку ў банку, наяўнасці пячаткі.
+Простыя разлікі
Вельмі простыя разлікі з пакупнікамі: адсутнасць абавязку здаваць наяўныя грошы ў банк, мець касавы апарат, аплатны тэрмінал і г.д.
+Добраахвотная выплата страхавых унёскаў
Выплата страхавых унёскаў (на пенсійнае і сацыяльнае страхаванне) у бюджэт ФСАН** па жаданні
+Сумяшчэнне
Магчымасць сумяшчэння з іншымі відамі дзейнасці –працоўнай, прадпрымальніцкай і інш.
+Вучні
Рамеснік мае права бясплатна навучаць сваёй дзейнасці да трох вучняў. Пры гэтым зробленыя вучнямі вырабы будуць уласнасцю рамесніка.
Мінусы
–Не любым рамяством
Ажыццяўленне дзейнасці, якая не ўваходзіць у ўстаноўлены заканадаўствам пералік відаў рамеснай дзейнасці, патрабуе рэгістрацыі ў якасці ІП ці ЮА.
–Без памочнікаў
Немагчымасць прыцягваць да наёмнай працы іншых людзей, дзейнасць ажыццяўляецца самастойна.
–Зарабляеш больш – плаціш больш
Пры дэклараванні даходаў у памеры, які перавышае 100-кратны памер рамеснага збору, даплачваецца 10% ад сумы перавышэння.
–Не ўсюды прадаць
Абмежаваныя магчымасці па рэалізацыі вырабаў, немагчымасць мець інтэрнэт-краму.
–Не ўсім прадаць
Рамесная дзейнасць можа быць накіравана толькі на задавальненне бытавых патрэбаў грамадзян – немагчымасць аптовага продажу.
Стаць індывідуальным прадпрымальнікам:
плюсы і мінусы
Плюсы
+Магчымасць займацца чым заўгодна
Адсутнасць абмежаванняў па ажыццяўленні відаў дзейнасці (за выключэннем забароненых заканадаўствам).
+З памочнікамі
Магчымасць прыцягваць наёмных работнікаў – да 3 чалавек.
+Нескладаная справаздачнасць
Пры выкарыстанні спрошчанай сістэмы падаткаабкладання – адносна просты спосаб весці ўлік, невялікі памер стаўкі падатку (5%).
+Прадаваць, дзе заўгодна
Няма абмежаванняў па месцах продажу, у тым ліку магчымасць мець інтэрнэт-краму.
+Больш кліентаў
Магчымасць прадаваць юрасобам і ІП вялікія партыі вырабаў для наступнага перапродажу ў прадпрымальніцкіх мэтах.
+Вялікія планы
Рэгістрацыя ІП – просты спосаб пачаць больш сур’ёзны бізнес, накшталт, трэніроўкі.
Мінусы
–Рэгістрацыя
Неабходнасць дзяржаўнай рэгістрацыі (мінус адносны, бо парадак рэгістрацыі ў цяперашні час у Беларусі даволі просты).
–Справе – час
Неабходнасць траціць свой асабісты час на паходы ў рэгіструючыя і падатковыя органы (або грошы, калі абраць электроннае дэклараванне).
-Больш падаткаў
Пры выплаце адзінага падатку штомесячная фіксаваная стаўка ў г. Мінску можа дасягаць 100 руб. і больш пры ажыццяўленні пэўных відаў дзейнасці. Стаўка падатка пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання (ССН) – па агульным правіле 5%
–Весці ўлік
Абавязак весці падатковы ўлік (хоць ёсць магчымасць гэта рабіць у спрошчаным парадку), складаць і ў пэўныя тэрміны прадстаўляць падатковую і іншую справаздачнасць.
– Унёскі ў ФСАН**
Абавязковая выплата страхавых унёскаў за перыяды ажыццяўлення дзейнасці (за некаторымі выключэннямі, напрыклад, ІП мае права не выплачваць унёскі, калі працуе дзесьці яшчэ па працоўнаму дагавору).
** Фонд сацыяльнай аховы насельніцтва.
-Фармальнасці
Пры наяўнасці пэўных умоў устаноўлены патрабаванні да адкрыцця разліковага рахунку, здачы наяўных грошаў у банк і г.д..
ALOVAK робіць вынікі
Мы хацелі неяк падсумаваць вышэй напісанае, але зразумелі, што гэта амаль немагчыма. У сваёй дзейнасці кожны пераследуе свае мэты, расстаўляе свае прыярытэты. Таму будзе правільней, калі такія вынікі вы зробіце самі. А ў гэтым вам дапаможа наш артыкул.
Такім чынам, выбар за вамі, кім стаць: рамеснікам ці прадпрымальнікам.
Акрамя таго, памятайце, што ніхто не забараняе вам быць адначасова і адным, і другім.
Жадаем поспехаў!
(с) ALOVAK