СВАІМІ РУКАМІ #3 Ліза Ганчарова / Ellgone

Гераіня новага выпуска падкаста “СВАІМІ РУКАМІ” – ілюстратар з Мінска Ліза Ганчарова. Лізе ўсяго 22, але яна ўжо шмат чаго паспела зрабіць на шляху да працы сваёй мары. Яна малюе для розных брэндаў і праектаў, вядзе курсы па ілюстрацыі. На рахунку ў нашай гераіні ёсць і ілюстраваная кніга, музычны кліп.  А яшчэ каля 2-х гадоў таму Ліза перайшла на беларускую мову і лічыць, што гэта шмат у чым паўплывала на яе як на асобу. Мы паразмаўлялі пра гэта, пра складанасці на шляху ў ілюстратара-пачаткоўца,  пра вышэйшую мастацкую адукацыю, дакладней, ці неабходная яна сучаснай моладзі, пра тое, як не ўпасці ў залежнасць ад аўдыторыі і захаваць свой стыль.

Дзе паслухаць?

Слухайце гэты  выпуск на нашым сайце, а таксама на самых папулярных платформах для падкастаў, напрыклад:

Фота на вокладцы і іншыя  тут – Алена Драздова

Ліза скончыла знакамітую Глебаўку, гэта такі каледж у Мінску, па спецыяльнасці  “мастацкая апрацоўка дрэва”, вяла гурток па вязанні з сена (дарэчы, менавіта праз сена мы і пазнаёміліся с Лізай калісьці, яна праводзіла для ALOVAK майстар-клас). Але  ў выніку выбрала ў якасці сваёй справы ўсё ж не дэкатарытыўна-прыкладное мастацтва, а ілюстрацыю.

З самага дзяцінства Ліза шмат малявала, займалася ў розных гуртках, вучылася ў гімназіі з мастацкім ухілам. У каледжы таксама займалася жывапісам, акадэмічным малюнкам і дызайнам. Гэта стала добрай базай і апорай для таго каб навучыцца маляваць у сваім стылі і перайсці на на айпад. Ліза расказала ў падкасце, як атрымалася, што ў яе няма вышэйшай мастацкай адукацыі, і чаму яна не хвалюецца на гэты конт.

Тры асноўныя накірункі дзейнасці Лізы на сёння  – гэта ілюстрацыя, ментарства на курсах па дзіджытал ілюстрацыі, вядзенне блога ў Інстаграм.

Ліза некалькі год таму перайшла на беларускую мову, і лічыць, што  гэта дае + 100% да ўнікальнасці.

Пасля сканчэння каледжу Ліза 2 гады адпрацавала па размеркаванні ў дзіцячым цэнтры, паралельна з гэтым  пачала маляваць для розных праектаў і весці свой блог, чым і займаецца дагэтуль. Мая гераіня прызнаецца, што фрыланс мае свае рызыкі  – напрыклад, верагоднасць непастаяннага атрымання прыбытку, але яна лічыць, што гэтага не трэба баяцца.

Сярод магчымых складанасцяў, з якімі можа сутыкнуцца ілюстратар-пачатковец на сваім шляху, Ліза называе асноўны, на яе думку – страх стаць публічным, паказваць свае ілюстрацыі, сумненні ў сваіх здольнасцях. Змагацца з гэтым проста – трэба, не зважаючы на колькасць падпісчыкаў, паказваць свае працы свету.  нават калі яны і не ідэальныя. Падтрымка іншых людзей вельмі матывуе.

(c) ALOVAK

Leave a Reply