З беларускамоўнай керамісткай Марыяй Лапіцкай я пазнаёмілася на майстар-класе па стварэнні саламяных павукоў – і ўжо тады зразумела, што мне вельмі б хацелася з ёй пагутарыць у межах рубрыкі “Творчыя людзі”. А калі зайшла на яе старонку @smuha_ceramics і пабачыла яе беласнежныя інтэр’ерныя працы – пагатоў.
Але калі я ёй напісала і прапанавала сустрэчу, Марыя была за мяжой, адарваная ад сваёй майстэрні і няўпэўненая, ці захочуць чытачы “Алоўка” ведаць пра керамістку, якая “заблыталася паміж Беларуссю і эміграцыяй”. Аднак мы вырашылі гэта праверыць, бо ALOVAK публікуе творчыя гісторыі майстроў, якія перажываюць самыя розныя перыяды сваёй дзейнасці ад першых нясмелых крокаў да паспяховага поспеху. І раздарожжа на творчым шляху – гэта таксама вельмі цікавая гісторыя.
Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Марыя Лапіцкая
“Мне здаецца, каб любіць сваё, часам трэба з перспектывы на яго паглядзець”
Марыя, раскажы, дзе ты цяпер знаходзішся і чым займаешся?
Я цяпер у Мінску, мы вярнуліся з Ташкенту дадому. З аднаго боку, я шчаслівая, што я нарэшце дома, з другога боку, я нават фізічна адчуваю, што блізка вайна, што людзі пакутуюць. Тут адчуваецца прыгнёт. Я да сябе прыслухоўваюся: пакуль што я не вельмі добра пачуваюся, але ж мы, беларусы, трывалыя, перажывем. Са страхам паціху звыкаешся і жывеш, спадзяешся на лепшае. Хутка ўсё выраўняецца, і я буду зноў аптымістычнай, прадуктыўнай і творчай.
А пакуль я стараюся працаваць: на палову стаўкі я дызайнерка, а на палову – керамістка. Цяпер працую над дзвюма свяцільнямі-хмаркамі.
Як ты адчувала сябе за мяжой, у адрыве ад уласнай майстэрні, без магчымасці тварыць?
Я старалася не заліпаць у навіны, а гуляць, глядзець іншую краіну, размаўляць з людзьмі і спрабаваць зразумець іх адметнасць. Я адчувала, што мы вернемся, таму не было роспачы, што мы пакінулі родны дом. Спрабавала пачувацца турысткай, але ў нейкі момант ужо ўсё пачало раздражняць. І калі спачатку мы разглядалі Ташкент для пераезду, то з часам зразумелі, што мы ўсё ж еўрапейцы. Узбекістан было цікава паглядзець, але жыць там нам не захацелася.
Якія чыннікі ў тваім выпадку цябе схіляюць да эміграцыі, а якія – клічуць застацца?
Хочацца застацца, таму што мне падабаюцца тут пратоптаныя сцяжынкі, наладжаны побыт, напрыклад, мы водзім дачку ў беларускамоўны садок у хрысціянскім цэнтры, там такія людзі душэўныя, вельмі класныя, яны гараць ідэяй і любоўю да дзетак. Тут кватэра, якую мы любім, якую мы доўга рамантавалі і стараліся зрабіць яе ўтульнай. Тут блізкія людзі, на дзіва, сябры яшчэ не ўсе з’ехалі! Да ўсяго, пераязжаць цяпер, на мой погляд, не зусім этычна, бо гэта тое месца, якое ты ўмоўна адбярэш у якога-небудзь украінца.
Але я чалавек цікаўны. Мне б цікава было годзік пажыць у якой-кольвек іншай краіне, паглядзець, як жывуць людзі, што яны адчуваюць, якія праблемы іх турбуюць. Падыхаць іншым паветрам, чужым. Мне здаецца, каб любіць сваё, часам трэба з перспектывы на яго паглядзець.
Аднак майму мужу цяжка адарвацца ад сваёй зямлі, ад каранёў. Дый мне таксама. Калі мы вярнуліся з Узбекістану і ехалі з аэрапорта, я глядзела на нашы яшчэ голыя дрэвы, на нашу яшчэ кволую пасля зімы траву – і гэтая сціплая прыгажосць на нюансах мне так закатвае, вось маё-маё. Таму на сённяшні дзень мы прынялі рашэнне заставацца ў Беларусі.
“Сябры прыходзілі ў госці і смяяліся, што ў нас усе лямпы керамічныя!”
Ты неяк пісала пра кераміку ў сваім профілі: “Гэта не я яе выбрала, а яна мяне”. Як гэта адбылося?
Гэта былі курсы для дарослых на Славінскага, прычым цікава, што гэта менавіта тое месца, куды я хадзіла на гурток керамікі яшчэ маленькай дзяўчынкай. У нас была файная тусоўка: усе прыходзяць, нешта лепяць, абпальваюць, паліваюць – гэта цікавей, чым разавыя майстар-класы ў майстроў.
Кераміка мяне вельмі натхняе і ніколі не надакучвае. Гліна – гэта такі тэрапеўтычны матэрыял, які забірае ўсю негатыўную энэргію, злосць і стрэс. Цяпер шмат відаў мастацтва, якія могуць жыць у сеціве. А кераміка, наадварот, жыве з табой у рэальным жыцці. Вось кубачак, з якога ты будзеш піць каву 10 гадоў, – гэта вельмі каштоўна.
Я па адукацыі інтэр’ершчыца, і мне вельмі цікава, як аб’екты ўзаемадзейнічаюць міжсобку. Сваю кераміку мне заўжды хочацца пасяліць у інтэр’ер і назіраць, як яна спалучаецца са сценамі, з прасторай, з іншымі рэчамі.
Ты вырабляеш фантазійныя свяцільні, посуд, кручкі, ручкі. Гэта ўсё дзякуючы адукацыі?
Не толькі. Апроч таго, што я вывучала дызайн інтэр’еру, у мяне яшчэ ёсць кватэра, у якой я магу ўсё прымерыць, павесіць, пакруціць. Наогул, кераміка – дарагая штука. Калі б у мяне не было грошай, я б не рабіла ніякіх інтэр’ерных штучак. Спачатку зрабі, потым паспрабуй прадаць – гэта цяжкавата. А калі гэта для сябе – нармалёва. У мяне амаль усё зроблена тут сваімі рукамі: ручкі шафаў, кручкі для ручнікоў, аздоба выцяжкі, кубачкі, вазы, дэкаратыўныя штукі. Прыходзілі ў госці сябры і смяяліся, што ў нас усе лямпы керамічныя!
Як ты адваявала сабе прастору для творчасці ў кватэры?
Ды проста хто першы ўстаў, таго і тапачкі. Як толькі мы пачалі планаваць, дзе што будзе, я не сунімалася: а вось тут будзе мая майстэрня, а гэта акурат падыдзе для майстэрні, а вось гэта я пастаўлю ў майстэрню… У нас такая рыторыка: каму больш патрэбна, той і забірае. Муж таксама яе ўжывае: з панядзелка пачынае паўтараць, што ў пятніцу ён ідзе з хлопцамі граць музыку, і тут ужо нічога не паробіш і са сваімі планамі не ўклінішся. Таму ў мужа проста не было выбару!
Мне падабаецца, што ў мяне ёсць такое памяшканне, дзе я не заўжды мушу наводзіць чысціню: паляпіла, стамілася і пайшла. Калі ідзе шліфоўка, трэба працаваць у масцы. Увогуле, белыя масы кепска ўплываюць на скуру, таму пажадана працаваць у пальчатках.
І гэта яшчэ ў мяне майстэрня без печкі. Хаджу, валацужнічаю, бо ў кватэры печку не пажадана трымаць. Канешне, людзі трымаюць печкі дома, ставяць на лоджыі ці на гаўбцы, але гэта не ад добрага жыцця, а проста таму што арандаваць майстэрню з печкай вельмі дорага. І калі кераміст кажа, што яго праца каштуе пэўную суму грошай, дайце яму гэтыя грошы – яго праца таго вартая. Бо адзін абпал каштуе 100 рублёў, а калі ў цябе майстэрня, то там жахлівыя рахункі за камуналку, ў такіх памяшканнях павышаны тарыф на электрычнасць. А калі выраб паліваны, яму трэба пабываць у печцы двойчы! Самі палівы дарагія вельмі. А цяпер яшчэ і няма танных класных керамічных масаў з Данбасу – альтэрнатыва ў некалькі разоў даражэйшая.
У тваім доме амаль у кожным куточку, на кожнай сцяне і нават на столі – твае працы. Ці не таму, што ты не знайшла на рынку нічога вартага сярод вырабаў сваіх калег?
Ды не, у нас шмат таленавітых дызайнераў. Цікавыя інтэр’ерныя працы ў Дар’і Лізунковай, Лізы Пулко, Алега Барычэўскага, Іі Оўскай. Мне вельмі падабаецца скульптарка Вольга Орсік, напрыклад, яе буслік і чорная галава з вачыма. Я неяк пабачыла яе ў Rooms і закахалася ў гэтую галаву – вырашыла назбіраць грошай і калі-небудзь яе набыць.
Праблема не ў тым, што ў нас няма дызайнерскіх вырабаў, а ў тым, каб былі пакупнікі. Людзі з грашыма раз’язджаюцца. Але нехта застаецца, значыць, нешта будзе.
“Я знайшла нешта больш-менш пазнавальнае – і гэта маё дасягненне”
Раскажы, як ты знайшла свой уласны стыль у кераміцы?
Кераміка – гэта такі чароўны працэс. Вось ты глядзіш на гэтыя лініі – табе падабаецца. Потым глядзіш на іх праз паўгода – табе ўсё яшчэ падабаецца. Значыць, гэта тое, што трэба. Аблачынка, напрыклад, наогул паўстала з вазы для садавіны. А потым я дацяміла, што яе можна перакуліць – і атрымаецца свяцільня.
Некаторыя керамісты любяць ганчарыць, ім падабаецца рацыянальнасць, калі ўсё роўненька атрымліваецца. Некаторыя, наадварот, больш за ўсё любяць распісваць свае вырабы. А я люблю ўручную паляпіць, потым пальчыкамі нешта загладжваць – так робяцца мае поўні.
Я знайшла нешта больш-менш пазнавальнае – і гэта маё дасягненне. Таму што мяне кідае ў розныя бакі: я люблю рабіць нешта прыкольнае, з ножкамі, напрыклад. А потым гляджу на кераміку Milky.soup – і разумею, што гэта таксама маё. Можа, я таксама магла б нешта такое рабіць, яркае і вясёлае. Цяжка спыніцца на нечым адным і развівацца толькі ў гэтым кірунку. Альбо ўжо калі рабіць нешта іншае, то нікому не паказваць.
Якімі творцамі ты натхнялася на шляху да некранутай белі і непаўторных формаў?
З сусветных творцаў, як гэта ні банальна, мяне заўсёды захапляла Заха Хадзід яе архітэктурнымі формамі і незвычайным бачаннем прасторы. Але яшчэ і тым, што яна жанчына-архітэктарка з Усходу, якой трэба было ўсё рабіць у 10 разоў лепш, чым мужчынам, каб узялі менавіта ейны праект.
Японцы мне вельмі падабаюцца тым, як яны адчуваюць прастору, форму, як яны ловяць гармонію. У іх вельмі своеасаблівыя прадметы дызайну, яны проста дызайнерская нацыя. На многіх падпісваюся і проста кайфую.
З беларусаў, напрыклад, ёсць вельмі класны беларускі скульптар Ximera, які зрабіў вялізную ціхаходку і размясціў яе каля Палаца мастацтваў у Мінску. Яна такая белая, страшная, агідная, цяжкая, велізарная – у яго вельмі цікавыя рэчы!
У тваіх сторыс бываюць здымкі аскепкаў тваіх прац, якія не перажылі абпал. А як табе даецца кожная страта свайго твора?
Я проста прызвычаілася, што жыццё складаецца з расчараванняў. Вось дзяўчынка чакала свае кубачкі, яны кепска абпаліліся – і яна не дачакалася сваіх кубачкаў. Канешне, лепш прадаваць тое, што ёсць у наяўнасці. Тады не будзе такіх сітуацый. Але ў мяне гатовага вельмі мала, я больш працую пад замову.
“Гэта як серыял!”
А што ты слухаеш падчас лепкі? Ці працуеш у цішыні?
Я вельмі люблю ўцячы ад рэальнасці. Калі працую, я люблю слухаць не дужа інтэлектуальную літаратуру. Ёсць такі польскі пісьменнік Рэмігіуш Мруз, у яго ёсць сага пра адвакатаў, у якой ўжо выйшла 15 тамоў. Слухаючы, я назіраю за польскім грамадствам – гэта як серыял! Люблю слухаць Катажыну Бонду, яна беларускага паходжання, і ў выдавецтве “Янушкевіч” выходзіў ейны раман “Акулярнік” у перакладзе на беларускую мову.
У беларускай літаратуры, на жаль, вельмі мала аўдыякніжак. Я б з радасцю слухала і пераслухоўвала Бахарэвіча, Касцюкевіча ды іншых нашых пісьменнікаў. Цяпер слухаю шмат украінцаў: Андруховіча, Жадана ды інш. Хачу засвоіць украінскую мову так, каб разумець не 80%, а ўсе нюансы паміж словамі.
А беларускую мову ты як засвоіла? Даўно на яе перайшла?
Мне заўсёды хацелася, але побач не было ніводнага беларускамоўнага чалавека, які б падтрымаў або з якім можна было б разам пачаць. А потым неяк з’явіліся сябры, якія размаўлялі па-беларуску. А яшчэ, як гэта часта бывае, выязджаеш за мяжу – і там размаўляеш па-беларуску. У нейкі момант я сабралася з духам і вырашыла, што трэба пачынаць. Калі ў мяне нарадзілася дачка – я цэлы год з ёй размаўляла па-беларуску, з немаўляці! Мне вельмі важна было адпачатку выхоўваць дзіця па-беларуску, каб потым у яе быў выбар, якой мовай карыстацца ў жыцці. І потым, калі ёй споўніўся год, на ейным дні народзінаў я аб’явіла ўсім знаёмым, што ўсё, маўляў, цяпер я з усімі размаўляю па-беларуску. Людзі былі не ў захапленні. Я не адчула ніякай падтрымкі. Але з часам усе прызвычаіліся. Цяпер і мой муж нарэшце разаўляе са мной па-беларуску, і сябры ў яго на беларускую перайшлі.
“Галоўнае ж не грошы, а самарэалізацыя”
Ці забяспечвала цябе кераміка ў лепшыя часы?
У тым і рэч, што я ніяк не магу наладзіць працэсы, каб гэта прыносіла нейкія істотныя грошы. Я проста не ў стане штампаваць свае вырабы. Часам мне хочацца нешта зрабіць для сябе.
Ува мне дастаткова моцна прысутнічае комплекс мастака, які проста стварае і не думае пра грошы. Таму я пакуль не магу расстацца са сваёй дызайнерскай працай, якая мне дазваляе зарабляць на маё хобі, а не ў мужа на шыі сядзець.
А як ты спалучаеш творчасць і гадаванне маленькай дачкі?
Ой, я нават не ведаю, як іншыя жанчыны спалучаюць працу, творчасць і гадаванне дзетак. Я працую ўсяго на палову стаўкі, у мяне суперкласная дызайнерская каманда, якая ўсё разумее. Але ж праз дзіцячыя хваробы я не магу нічога планаваць, у мяне зрываюцца дэдлайны. Можа, некалі яна падрасце і будзе побач са мной ляпіць, але пакуль дачка маленькая, ёй увесь час трэба пераключаць дзейнасць, узаемадзейнічаць са мной. Карацей, усё паспяваць – гэта не пра мяне.
Ці ёсць перспектывы для далейшага развіцця дызайнерскай керамікі ў Беларусі?
У нас у Беларусі ўсё трымаецца на беларусах. На амбіцыі чалавека нешта рабіць. Колькі ў нас крутых музыкаў – гэта ўсё трымаецца выключна на жаданні ствараць беларускую музыку, хаця ў нас няма прасторы для прасоўвання і шанцаў трапіць у нейкі чарт. І так паўсюль.
З’яўляюцца крутыя людзі, якія нешта робяць. Напрыклад, Таццяна Сініцава стварыла арт-прастору Rooms, вельмі крутую, проста шыкоўную – і яна ўжо некалькі гадоў працуе, сплачвае арэнду, праводзіць імпрэзы. Наколькі гэта прыбыткова, я не ведаю, добра, калі не ў мінус.
Галоўнае ж не грошы, а самарэалізацыя. Шкада, што не ўсе людзі могуць дазволіць сабе гэтую самарэалізацыю. Я магу – мне пашчасціла.
(c)ALOVAK