Напрыканцы ХХХ сезона ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі амаль на кожным спектаклі – аншлаг. Сярод гледачоў была і аўтарка ALOVAK Паліна Маслянкова, якая наведала шэсць спектакляў за месяц і падзялілася з нашымі чытачамі сваімі ўражаннямі. Амаль праз месяц стартуе новы тэатральны сезон – у вас ужо ёсць магчымасць спланаваць свой культурны адпачынак і набыць квіткі на ўпадабаны спектакль.
Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: РТБД
У наш час неяк па-асабліваму пачынаеш цаніць выспачкі беларускай культуры, якія ў нас яшчэ засталіся. Таму я ўзялася за афішу ўлюбёнага тэатра беларускай драматургіі і за апошні месяц наведала шэсць спектакляў. Буйная доза тэатру па-беларуску, як ні дзіўна, не сталася для мяне перадозам, а пацэліла ў самае сэрца. Але ў сэрцы яму цесна. Таму трымайце агляд шасці спектакляў, якія мне давялося наведаць у юбілейным, ХХХ сезоне РТБД. Хто ведае, магчыма, яны стануцца для вас крыніцай натхнення і нагодай для гонару за беларускі тэатр.
“Альпійская балада”
Ваенная аповесць у адной дзеі – паводле твора Васіля Быкава
Рэжысёрка – Святлана Навуменка
Пачну з прэм’еры гэтага года – самай рамантычнай ваеннай аповесці Васіля Быкава. Першыя паказы спектакля адбыліся ў траўні 2022 года, калі ў аўдыторыі вырас запыт на антываенную тэматыку. А потым цікавасць да п’есы падагрэлі навіны пра выключэнне гэтага твора са школьнай праграмы ва Ўкраіне. Таму ў нашых сілах аднавіць баланс і пашырыць вядомасць гэтага твора прынамсі сярод сваіх знаёмых.
Як сам Быкаў, так і аўтары спектакля не факусуюцца выключна на гісторыі кахання Івана і Джуліі – вязняў канцлагера, якім удаецца ўцячы. Перад гледачом разыгрываецца канфлікт, падчас якога руйнуюцца ілюзіі італьянкі пра краіну камуністаў: аказваецца, і Сібір была, і голад быў. Ці ж магчыма гэта ўявіць з далёкай спякотнай Італіі?
Калі я чытала ў дзяцінстве гэтую кнігу, я прамінала ўсе востра сацыяльныя тэмы, счытваючы толькі гісторыю кахання. І мае ўспаміны пра купанне ў вадаспадзе і водар альпійскіх кветак разам з суніцамі – гэта ўсё перададзена дакладна так, як мне запомнілася з кніжкі. Дзякуючы відэакантэнту, працы з шырмамі і ценямі, а таксама элементам харэаграфіі, усе інтымныя моманты перададзены вельмі пачуццёва, але не занадта адкрыта (хаця ва ўсіх прадстаўленых спектаклях для дарослых стаіць узроставая рэкамендацыя: 16+).
Адзінае, што, магчыма, можа абразіць інтэлект гледача – гэта словы аўтара за кадрам. Маўляў, усё гэта маглі б зграць і самі героі. Але тут я мяркую, што аўтары спектакля проста вырашылі даць слова самому Васілю Быкаву – сумленню нацыі. І гэта на сёння апраўдана.
“Калека з вострава Інішман”
Трагікамедыя ў дзвюх дзеях – паводле п’есы Марціна МакДонаха
Рэжысёр-пастанаўшчык – Аляксандр Гарцуеў
Гэта п’еса ірландскага тэатральнага Таранціна – Марціна МакДонаха. Наогул, у Беларусі надта шмат агульнага з Ірландыяй: можна браць і ставіць усё запар – і будзе як пра Беларусь.
Гэтая пастаноўка выбітная тым, што актору трэба зграць калеку з суцэльнай кульгавасцю, тонусам цягліцаў рук і твару, а таксама з дэфектам маўлення. І каб гледачы яго слухалі, разумелі і суперажывалі герою. У той вечар Арцёму Курэню гэтая роля ўдалася на ўсе 100 адсоткаў! Я прыйшла з букетам, а калі ён выйшаў на паклон – я яго проста не пазнала, нават збянтэжылася, ці таму актору ўручыла кветкі. Настолькі кардынальнага пераўвасаблення патрабавала роля – і ён даў рады!
Крыху блазнаватыя героі другога плану ствараюць фон, на якім хай і скалечаны знешне чалавек выглядае годна і нават прыгожа. А сцэнаграфія, касцюмы і бляшанкі з гарохам, якія з першай да апошняй хвіліны спектаклю граюць у ім не апошнюю ролю, дапамагаюць перанесціся ў далёкую Ірландыю. “Мабыць, Ірландыя не такое ўжо і захалусце”, калі ірландскія п’есы ставяць ажно ў Беларусі!
“Кар’ера доктара Рауса”
Гістарычна недакладная трагікамедыя – паводле п’есы Віктара Марціновіча
Рэжысёр – Аляксандр Гарцуеў
Неяк Андрэй Курэйчык сказаў, што гатовы зняць кіно пра Францішка Скарыну. А пакуль да экранізацыі яшчэ не дайшло, можна схадзіць на спектакль паводле п’есы Віктара Марціновіча пра беларускага першадрукара і першапраходца ў свет кнігі.
У трагікамедыі наздвычай пранізліва паказана драма чалавека, які нарадзіўся раней сваёй эпохі, абагнаў сваё пакаленне гадоў на 100 і цаной свайго жыцця прабіваў у глухой сцяне аконца, каб туды некалі трапілі промні сонца. Скарына вымушаны быў выпрошваць грошы ў мецэнатаў, вандраваць па свеце ў пошуках друкарскіх тэхналогій, даказваць і ў Польшчы, і ў Расеі, што мае сэнс выдаваць кнігі на мове, якая тады і назвы ўцямнай не мела, але дакладна была не польскай, не расейскай і, канешне, не літоўскай. У спектаклі раскрываецца лёс героя, які рабіў рэвалюцыйныя дзеянні, перакладаючы кнігі святога пісання на беларускую мову, робячы іх даступнымі для больш шырокага кола людзей. За сваю асветніцкую дзейнасць Скарына спазнаў ганенні, суды, астрогі і знішчэнне яго кніг.
Менавіта ў гэты момант, калі ішоў папяровы дождж з-пад шрэдара, увесь зал каўтаў слёзы абурэння, гневу і крыўды. Мне здаецца, менавіта ў такія моманты катарсісу нараджаецца нацыянальная самасвядомасць.
“Камень дурасці”
Драма ў адной дзеі – паводле п’есы Канстанціна Сцешыка
Рэжысёр – Дзмітрый Зімін
Пасля звальнення Аляксандра Гарцуева тэатру даводзіцца шукаць новых рэжысёраў – і вось вам прыклад міжнароднага супрацоўніцтва: спектакль “Камень дурасці” пастаўлены на сцэне РТБД рэжысёрам з “горада бесаў” Екацерынбургу. Не хвалюйцеся, на мову спектакля гэта не паўплывала – усе спектаклі тэатра ідуць па-беларуску.
У назву п’есы лёг папулярны сюжэт з карцін нідэрландскіх мастакоў Сярэднявечча – “выдаленне каменя дурасці” – лекаванне ад дурасці хірургічным шляхам. У галандскай жа мове “выразаць камень” азначае падмануць, таму дзеянне на карцінах нагадвае больш шарлатанства, чым сапраўдную хірургічную аперацыю.
У драме ж герой пераносіць аперацыю на мозгу, пасля якой перажывае стрэс і дэпрэсію. У гэтым святле ён пераацэньвае каштоўнасці і перастае бачыць сэнс ва ўсім, што займае яго блізкіх. У іншай сітуацыі ён бы прабачыў ім дурныя забабоны, псіхічныя расстройствы, дзіўныя захапленні і нават дурацкі мамін парык, але ў стане глыбокай дэпрэсіі яму бачыцца ўсё бязглуздым і бессэнсоўным.
Ці магчымы выхад з дэпрэсіі? Як знайсці зноў апірышча, каб будаваць жыццё надалей? На гэтыя пытанні адказваюць нам акторы і стваральнікі спектакля. Прычым адказваюць літаральна: мне пашэнціла быць на абмеркаванні п’есы – можна было выказаць свае думкі, падзякі і пытанні наўпрост акторам і мастаку гэтага спектакля – Алене Ігрушы.
“Сірожа”
Жыццё ў дзвюх эпохах – паводле п’есы Юліі Чарняўскай
Рэжысёр-пастаноўшчык – Аляксандр Гарцуеў
Гэты спектакль мяне зацікавіў аўтарствам п’есы і рэжысуры, а ўжо потым сюжэтам, кампазіцыяй і хранаметражом (4 гадзіны з антрактам!). Проста вельмі хочацца падтрымліваць работу нашых людзей – таленавітых, неверагодных, але пры гэтым самых сапраўдных!
Першы акт пераносіць нас у 1980-я, у часы пасля смерці Уладзіміра Высоцкага. Мы бачым, як наспявалі розныя настроі ў грамадстве, як жылі студэнты тады ў інтэрнатах (спойлер: нічога не змянілася), як на чорным рынку набывалі джынсы ўскладчыну і лежачы нацягвалі іх на свае азадкі… А яшчэ бачым, як нараджаўся той тып людзей, якія цяпер у вярхах, хай і на пасадзе намесніка дэкана.
Сірожа – гэта менавіта той тып, які выбраўся з вёскі і па галавах дабраўся да ўлады. Гэта мы ўжо разумеем у другім акце, калі дзеянне пераносіцца ў нашы дні. І хоць галоўны герой грае цудоўна, паказваючы ўсю неадназначнасць свайго персанажа, дарыць яму свой букет мне вельмі не хацелася – здавалася, што я нібы такім чынам яго падтрымаю і апраўдаю. Добра, што на паклоне да мяне бліжэй стаяла Галіна Чарнабаева, якая бліскуча зграла вахцёрку інтэрната.
Складанасць спектакля ў тым, што кожнаму герою трэба было падабраць узроставага “дублёра” – усё ж розніцу ў 40 гадоў не начаруе ніякі грымёр. Пагатоў за 15 хвілін антракту. І стваральнікі драмы падбору актораў далі рады надзвычай удала. Перад наступным спектаклем я загадала сяброўцы знайсці пары сярод партрэтаў актораў – і яна ўсе адгадала!
“Шлюб з ветрам”
Песня ў адной дзеі
Рэжысёр-пастаноўшчык – Яўген Карняг
Кампазітарка і музычная кіраўнічка – Каця Аверкава
Калі вы бывалі ў тэатры, то вы прыблізна ўяўляеце, якія бываюць спектаклі: з дэкарацыямі і без, са стылізаванымі касцюмамі і без, з музыкай і без. Але вось спектакль без словаў – гэта для нас даволі рэдкі жанр. Памятаю, некалі на сцэне Купалаўскага тэатра ішлі крутыя пластычныя спектаклі Паўла Адамчыкава “Больш чым дождж” і “СВ”.
Здаецца, цяпер па эксперыментальныя спектаклі трэба ісці ў РТБД. Дуэт Яўгена Карнягі і Кацярыны Аверкавай паставіў тут два спектаклі: “Шлюб з ветрам” і “Пачупкі”. На першы з іх мне і давялося трапіць.
Гэта музычна-пластычны спектакль, у якім асноўным сродкам мастацкай выразнасці і камунікацыі на сцэне з’яўляюцца вясельныя народныя песні. І калі спачатку ўся дзея выглядае незвычайна, то літаральна на другой-трэцяй песні ты ўцягваешся ў фармат і прымаеш зададзеную сістэму каардынат.
Аўтарам спектакля ўдалося расказаць няпростую гісторыю жаночай долі і мужчынскай ролі ва ўсім. “Шлюб з ветрам” – гэта працяг фальклорнай традыцыі на сцэне, свежы спосаб пераасэнсавання беларускага фальклору, пераацэнкі гендэрных стэрэатыпаў і традыцыйных каштоўнасцяў.
У той час, калі аўтэнтычныя носьбіты фальклору сыходзяць, эстафету пераймае тэатр.
Замест эпілогу
Пасля кожнага спектакля я заўжды пакідаю водгук у кнізе водгукаў. Але не кожны раз паспяваю набыць букет перад спектаклем ці напісаць водгук на сайце тэатра. І за гэты месяц, выязджаючы з паркоўкі, я не раз бачыла, як акторы, пражыўшы цэлае жыццё свайго персанажа ў трох- ці чатырохгадзінавым спектаклі, у адзіноце чакалі таксі ці нават пешкі ішлі дахаты. Да іх не зляталіся натоўпы фанатаў, з імі не прасілі сфоткацца, у іх не патрабавалі аўтографаў. А я не насмельвалася прапанаваць іх падвезці дахаты, бо і фота, і аўтографы, і пагатоў такая прапанова – гэта для мяне недазвольнае парушэнне асабістых межаў, якое можа быць успрынята па-рознаму.
Я не ведаю, што адчуваюць акторы дзяржаўнага тэатра, ідучы дадому пасля спектакля. Але я адчуваю вялікі гонар і ўдзячнасць за іх унёсак у беларускую культуру і ў развіццё мяне як гледача. Тэатр у Беларусі – гэта ахвярная праца, як у настаўнікаў і дактароў. Гэта пакліканне. У іншай краіне нашы акторы маглі б быць зоркамі, якім бы даводзілася хавацца ад натоўпу фанатаў у сваіх тэслах і майбахах, а ў нас яны вольна могуць чакаць таксі ці пешкі ісці дахаты. Але крыху славы ім не зашкодзіла б. Ці не так?
(с)ALOVAK