“Творчасць – нашыя крылы!”: інтуітыўнае мастацтва Кацярыны Ганчарык

Карціны Кацярыны Ганчарык вяртаюць у дзяцінства. Дакладней, у той чысты, іскрысты час, калі ўсё магчыма, а свет такі добры і ласкавы, і ўвесь для цябе.

Кацярына падзялілася, куды яе часам прыводзяць мары, чаму ў творчасці так важна слухаць сэрца і што бывае, калі адпусціць сябе падчас таго, як у рукі трапляе аловак або пэндзаль.

Спойлер: здараюцца цуды. Напрыклад, на палотнах з’яўляюцца анёлы. Але давайце пра ўсё па парадку.

Тэкст: Наталля Некрашэвіч
Фота: архіў гераіні

“Яшчэ ва ўніверсітэце ў мяне здарыўся першы сур’ёзны крызіс”

Наогул, я малюю, колькі сябе памятаю. Здольнасці і любоў да выяўленчага мастацтва, верагодна, перадаліся нам з сястрой ад бацькі. Дагэтуль памятаю, як ён нас, малых, вучыў маляваць коцікаў ды сабачак.

Я дастаткова рана зразумела, чым хачу займацца, можна сказаць, з дзяцінства ўсё спрыяла таму, каб я стала мастачкай. Цягам дзесяці гадоў я наведвала студыю выяўленчага мастацтва ў родным Наваградку. Мне вельмі пашанцавала з выкладчыкам, на той момант студыяй ужо шмат гадоў кіраваў Уладзімір Аляксандравіч Грэк. Менавіта яму я ўдзячная за свой унутраны стрыжань і свабоду, за развітую фантазію і непахісную веру ў свае сілы. 

Пасля школы ў мяне не было пытанняў, з чым звязаць сваё жыццё. Я паступіла ў БДУ на дызайн, выбраўшы гэты напрамак як адну з формаў мастацтва.

Наколькі важна было для цябе атрымаць гэтыя акадэмічныя веды? Ці не абмяжоўваюць яны цябе ў свабоднай творчасці?

У мяне няма адназначнага адказу на гэтае пытанне.

Сярод маіх знаёмых ёсць шмат выдатных майстроў без мастацкай адукацыі, якія здолелі развіць свой аўтэнтычны стыль. Але ў гэтай з’явы ёсць і адваротны бок: часта такім людзям уласцівы сіндром самазванца.

Мне здаецца, у мяне яго няма, у тым ліку, дзякуючы таму, што я атрымала акадэмічную базу. Што да пошуку свабодных формаў, то так, мне давялося трансфармаваць свае ўніверсітэцкія веды. 

Менавіта падчас вучобы ў мяне здарыўся першы сур’ёзны крызіс. Я займалася ўлюбленай справай, але не адчувала задавальнення. Здавалася, што я іду не сваім шляхам, а гэта даволі непрыемнае адчуванне.

– Атрымліваецца, ты “згубілася” ўжо ўнутры ўлюбленай справы?

Так, у гэтым і была ўся складанасць. Я была там, дзе і хацела быць, а радасці ад гэтага не адчувала. У дызайне было мала творчасці дзеля творчасці: калі ты працуеш з замоўцамі, ты абмежаваны тэхнічным заданнем, бюджэтам і г.д. А мне хацелася больш свабоды.

І што табе дапамагло знайсці свой кірунак?

Я добра памятаю той вечар, калі мой уласны сусвет перавярнуўся ад усведамлення таго, што можна ўвогуле не канцэнтравацца на тым, што плануеш намаляваць, можна працаваць без эскізу і ідэі. Я глядзела фільм і проста крэмзала алоўкам па паперы, і раптам сярод ліній заўважыла нейкага дзіўнага героя. Яго выява мяне так уразіла, лінія была такой свабоднай, форма такой незвычайнай, здавалася, што ён сам з’явіўся. Гэта быў сапраўдны цуд.

Я тады нічога не ведала пра інтуітыўнае мастацтва, проста кожны дзень практыкавала такія сеансы малявання, і на падставе маіх малюнкаў нават з’явілася серыя паштовак.

“Наступны ўсплёск цікавасці да інтуітыўнай творчасці ўзнік падчас працы ў манастыры”

Я даволі рана распачала пошукі духоўнасці. Маё адчуванне, што ёсць нехта большы, шукала пацверджання, унутры было шмат пытанняў, якія патрабавалі адказаў. Пасля таго, як я скончыла ўніверсітэт, мы з сябрамі зладзілі падарожжа аўтаспынам на мора, а праз месяц я ўладкавалася на працу ў Свята-Елісавецінскі манастыр.

Я рэдка што раблю напалову сваіх сілаў, таму рэлігійнае жыццё мяне вельмі хутка захапіла. Я эксперыментавала са сваім харчаваннем, трымала пэўныя аскезы і хутка заўважыла, што праз гэтыя абмежаванні ў мяне нібыта вызвалілася больш творчай энэргіі.

Праз некалькі гадоў я сышла, бо адчула, што хачу развівацца як вольны мастак, незалежна ні ад кога. І на дадзены момант гэта апошні запіс у маёй працоўнай кніжцы.

І што было потым?

Падчас працы ў манастыры, у мяне з’явілася серыя паштовак на беларускай мове, “Цёплыя паштоўкі”, праект быў даволі паспяховы, у мяне нават бралі інтэрв’ю для газеты “Звязда” і паказвалі ў праграме “Утро на СТВ!” І дагэтуль да мяне на майстар-класы часам прыходзяць людзі, якія калісьці набывалі ў мяне паштоўкі.

Некалькі гадоў я малявала на графічным планшэце, у тым ліку паштоўкі, і не дзіўна, што падчас працы з “жывымі” матэрыяламі, пачала адчуваць пэўны дыскамфорт. Доўгі час прывыкала да акрылу, эксперыментавала з папяровым калажам і паступова прызвычаілася. А яшчэ зразумела, як мне трэба будаваць свой уласны творчы працэс.

Я ніколі не раблю эскізаў, а пачынаю з таго, што пакрываю паверхню палатна або дошкі рознакаляровымі хаатычнымі плямамі, а потым углядаюся ў гэты стракаты сусвет, намагаючыся вокам выхапіць якую-небудзь выяву ці форму.

Гэта падобна да дзіцячай гульні, калі мы разглядалі арнамент на дыванку над ложкам ці аблокі, спрабуючы ўбачыць у іх абрысах нейкіх жывёлін. 

Я ўжо пераканалася, што шлях інтуітыўнасці – гэта тое, што мне трэба, і дагэтуль працягваю эксперыментаваць з рознымі матэрыяламі. Люблю калаж, у тым ліку тэкстыльны, з задавальненнем працую со шпаклёўкай.

“Прыемна ўсведамляць, што людзі прыходзяць на пэўную аўтарскую тэхніку і майстра. І гэты майстар — ты!”

Ты праводзіш майстар-класы па інтуітыўным жывапісе. Адзін з іх пра маляванне свайго Анёла.

Так, гэта мая аўтарская тэхніка, якую я таксама вынайшла выпадкова. Часта чую, што карціны падобныя да ікон ці фрэсак, магчыма, уплывае і праца ў манастыры, і нагледжанасць, якую я атрымала падчас падарожжаў.

З цягам часу склаўся пэўны алгарытм дзеянняў, і менавіта яму я вучу на сваіх занятках, а яшчэ спрабую данесці людзям думку пра тое, што жывапіс і творчасць увогуле даюць шмат падтрымкі і рэсурсу, што ў кожнага з нас ёсць патэнцыял і талент мастака, аднак трэба знайсці свой стыль і сваю тэхніку)

Творчасць —  нашыя крылы! 

Акрамя анёлаў, на тваіх майстар-класах ёсць і іншыя тэмы. Напрыклад, нацюрморт…

Так, гэта таксама адзін з кірункаў, у якім я працую. Тут асалода ў тым, каб нанесці, не шкадуючы, акрылавую фарбу на пэндзаль і дазволіць сабе эксперыменты з аб’ёмам і фактурай. Карціны атрымоўваюцца падобнымі на зефір – такія пяшчотныя) Таксама я перыядычна праводжу заняткі па абстрактным жывапісе і калажнай тэхніцы. Усе мае майстар-класы аб’ядноўвае тое, што мы намагаемся пазбавіцца ад татальнага кантролю над працэсам, і часта вынік уражвае і мяне, і вучаніцу. Кажу “вучаніцу”, таму што так склалася, што я працую пераважна з жанчынамі.

Я сама атрымоўваю шмат задавальнення ад працэсу навучання, а яшчэ маю шчасце бачыць тэрапеўтычны эфект, які мае заняткі даюць людзям. Акрамя таго, дужа прыемна ўсведамляць, што людзі прыходзяць на пэўную аўтарскую тэхніку і майстра. І гэты майстар — ты!

Фота: Надзея Хмыль

“Калі ты апранаеш адзенне, ўласнаруч табой вышыванае ці распісанае, то гэта ж наогул проста космас!”

Каця, ты ж яшчэ распісваеш адзенне і вышываеш. Што гэта для цябе значыць?

У гэтых працэсах мяне таксама прываблівае не традыцыйны падыход, а нешта інтуітыўнае. Больш свабоды, больш экспрэсіі, больш творчасці і свайго Я, больш унікальнасці. І гэта добра спалучаецца з маёй ідэяй самапрэзентацыі: я люблю рэчы з душой, люблю эксперыментаваць з аксэсуарамі, змешваць розныя стылі.

А насіць адзенне ўласнаруч распісанае ці вышытае  —  гэта проста космас. Гэта тая рэч, што ператварае самы звычайны дзень у святочны, падымае настрой і ўвогуле якасць жыцця!

І так, мне нецікава займацца прынтамі, менавіта таму, што губляецца сама ідэя эксклюзіўнасці і выключнасці.

А як ставішся да сваіх выставаў? Ці выкарыстоўваеш нейкія інструменты для прасоўвання і для продажу сваіх прац? 

Перыядычна ўдзельнічаю ў выставах. Асабліва люблю персанальныя. Для мяне гэта, перш за ўсё, справаздача перад самой сабой, своеасаблівая адсечка.

Да продажаў навучылася ставіцца роўна. Проста іду сваім шляхам, займаюся ўлюблёнай справай, выбіраю слухаць сваё сэрца і радуюся, калі продажы здараюцца.

Што можаш пажадаць ці параіць маладым мастакам?

Пачаць знаёміцца з сабой, шукаць свае ўласныя сэнсы і “сваю прыгажосць”, нават калі яна не адпавядае агульнапрынятай, смела эксперыментаваць і не звяртаць увагі на крытыку, гэтаму свету патрэбна выключнасць і індывідуальнасць.

Р.S. Я была ў Каці на майстар-класе. І з захапленнем назірала за тым, як на палатне з’яўляецца Анёл, такі падобны на мяне. Дзіўна, што і ў астатніх удзельніц адбывалася амаль тое ж самае.

Сыходзілі ўсе не толькі з прыгожымі карцінамі, але і з радасцю, якая звініць у сэрцы…

(с) ALOVAK

Leave a Reply