“Карункі кахання” Карыны Кудзінай

Карына Кудзіна – стваральніца брэнда жаночай бялізны Lovelace ды іншых праектаў, якія аб’ядноўвае адно – любоў да сябе і свайго цела. Аднойчы Карына кінула працу афіцыянткай і вырашыла шыць майткі ды станікі, каб даказаць, што жанчына з любой фігурай і ў любым узросце вартая прыгожай бялізны.

З гутаркі, якая адбылася яшчэ ўзімку, вы даведаецеся, як простая дзяўчына з Чэрвеня заснавала кампанію, у якой цяпер працуе больш за 50 чалавек, і праз якія выбрабаванні ёй давялося прайсці, каб цяпер жыць на выспе непадалёк ад Балі, кіраваць бізнэсам з-за мяжы, маляваць і пісаць кнігу на беларускай мове.

Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Карына Кудзіна

Гісторыя брэнда Lovelace

Як ты адкрыла ў сабе творчы і прадпрымальніцкі талент? 

Я з дзяцінства адчувала, што ўва мне ёсць творчы патэнцыял: мяне цікавіла мода, я сама сабе шыла адзенне, стварала свой стыль. Я жыла ў маленькім мястэчку, дзе быў адзін рынак на ўсіх, таму я перашывала матуліны рэчы ці знаходзіла нейкія тканіны і з іх нешта выдумляла. Пры гэтым у мяне не было машынкі – каб нешта пашыць, мне даводзілася хадзіць да суседзяў. 

Як да цябе прыйшла назва будучага брэнда?

Калі я працавала афіцыянткай у адным бары, там было сем кінапакойчыкаў. І калі не было гасцей, мы адчынялі дзверы аднаго пакойчыка і глядзелі фільмы. Сярод іх быў фільм Love Lace.

Я пераклала назву Love Lace – “Карункі кахання”, а па-расейску “Любовное кружево”  – і падумала: як гэта прыгожа! А калі ў мяне з’явіўся свой бізнэс і прыйшоў час даць яму назву, у галаве адразу ўсплыло: Lovelace!

Чаму, калі ты кінула працу ў бары, ты пашыла менавіта станік? Не сукенку, не кашулю, а станік?

Ува мне шмат сэксуальнай энергіі, і мне трэба было яе неяк праяўляць. Насамрэч, у мяне з юнацтва былі здымкі ў бялізне, яшчэ на стужкавы фотаапарат. Я сама сабе рабіла фэшн-вобразы і любіла фатаграфавацца. Таму, калі я звольнілася і шукала, чым займацца далей, я пашыла менавіта станік.

Як табе прыйшло ў галаву, што жанчыны з маленькімі грудзямі гатовыя адмовіцца ад паралону і пушапу?

Трэба было проста паказаць, як гэта можа быць прыгожа! Я ж дагэтуль сама насіла пушап. А потым у адзін момант мне гэта надакучыла, бо паралон выглядаў яшчэ горш, чым калі зусім без яго. 

Я пачала бунтаваць. Перастала насіць станікі. І часам, калі працавала афіцыянткай, выклікала шок у наведнікаў. Але мне было ўсё адно, абы мне было зручна. І гэта мне дало адчуванне сэксуальнасці.

Калі я сшыла свой першы станік і паглядзела на сябе ў люстэрка, я сама была ўражаная: “Гэта можа быць так прыгожа?! Гэта тое, што я шукала!” Так я і пачала рабіць брэнд, рабіць найперш упрыгожванні для жанчын.

Некаторыя кажуць, што перш чым адкрываць сваю справу, трэба падрыхтаваць фінансавую “падушку бяспекі”. Гэты варыянт не для цябе?

Гэты варыянт вельмі добры і прадуманы. Але ён можа падацца задужа складаным, можа спыніць ад важнага кроку наперад. 

Калі ў цябе няма грошай, каб укласці іх у новую справу, у цябе ёсць шанец памыляцца і не страчваць на памылках, а толькі набываць. Найперш, досвед. Памылкі дапамагаюць нам расці і станавіцца мацнейшымі і разумнейшымі. Я люблю памылкі і лічу іх сваімі сябрамі.

“Паколькі гэта асабісты брэнд, у ім шмат маёй філасофіі”

Цяпер у Беларусі, апроч “Мілавіцы”, існуе яшчэ каля сотні невялікіх брэндаў бялізны. А якая сітуацыя была тады, калі ты з Lovelace выходзіла на рынак?

Тады было некалькі цікавых брэндаў, мы ўсе адрозніваліся адно ад аднаго. Напрыклад, Эльвіра Басько шыла бялізну з ядвабу, Merci шыла больш карункавую бялізну. А я адразу ўзяла сабе за фішку рэгуляцыю. Але цяпер шмат паўторак развялося. Гэта бянтэжыць і вымушае нас мяняць стыль. 

Я хачу даць адну параду тым, хто стварае свой бізнэс: не паўтарайце, прыдумляйце свой стыль, бо паўтарашак ніхто не любіць.

Стрэпы – калі ты іх увяла ў асартымент як асобны прадукт і што з гэтага выйшла?

Стрэпы я пачала шыць адразу – гэта было слушнае рашэнне, бо ў Мінску іх тады не было. Я магла без швачкі на сваёй машынцы рабіць па 10 стрэпаў на дзень. Яны дапамаглі мне дарасці да ўласнай крамы. Я тады праводзіла акцыю “Майткі + стрэпы”, уключыла таргет – і гэта быў сапраўдны выбух продажаў. 

Ты з самага пачатку ўкладала ў Lovelace не толькі душу, але і філасофію. Што табе было важна данесці да аўдыторыі?

Я адна з першых пачала прасоўваць Lovelace як асабісты брэнд. Пачала паказваць сябе, таму што мне не было чым плаціць прафесійным мадэлям. А паколькі гэта мой асабісты брэнд, то ў ім шмат і маёй філасофіі: гэта любоў да сябе, клопат і пяшчота да свайго цела, сэксуальнасць і эротыка, а таксама любоў да жывёл і ўсяго жывога на гэтай планеце.

Станікі і коцікі – як табе ўдалося звязаць любоў да коцікаў з любоўю да ўласнага цела?

Дык а як іначай, калі мы жылі з коцікамі фактычны ў краме жаночай бялізны? Я і тры коцікі, забраныя з вуліцы: Насця, Жора і Джэк. Аднапакаёўка на Ракаўскай, 20 была для мяне і домам, і шоурумам, і месцам працы. Часам там было так шмат пакупнікоў, што яны не змяшчаліся. Таму я вывезла ложак і спала з коцікамі на падлозе. 

Аднойчы ў мяне балеў жывот, а я не магла нідзе легчы, бо ў кватэры былі пакупнікі, і тады я легла ў ванну, паклала валізу пад галаву і накрылася нейкім футрам. А потым пачала па выходных ездзіць у Вільню, бо гэта быў мой адзіны шанец адпачыць і паспаць на нармалёвым матрацы. 

З цягам часу я пачала шукаць памяшканне для шоурума. У мяне была такая ўстаноўка: я знайду сваё месца, калі буду глядзець вакол. Я ішла па мосціку на Нямізе, 3 і ўбачыла надпіс “Арэнда”. Я абажаю Нямігу, я ўсё сваё жыццё ў Мінску арганізавала так, каб не выходзіць з гэтага квартала.

“Апусціцца на дно, каб адчуць, куды больш ніколі не хочаш вяртацца”

Раскажы пра самы цяжкі перыяд твайго творчага шляху.

Гэта было прыблізна чатыры гады таму. Я магла накупіць тканіны і фурнітуры, заплаціць швачцы, але мне не ставала сродкаў на камуналку і тэлефон, на ежу і корм для коцікаў. Гэта быў самы нервовы перыяд: дзе ўзяць грошы? Я тады больш перажывала не за сябе, а за коцікаў: я ж узяла іх з вуліцы і не хацела, каб яны туды вярнуліся. Тады я паабяцала сабе і сваім коцікам, што яны больш не зазнаюць голаду. 

І я стала вучыцца. Спачатку па ютубе і кнігах, праз пару месяцаў я набыла свой першы платны курс па прасоўванні і продажах. Як толькі я пачала прымяняць новы досвед на практыцы, адчула, што мне больш не пагражае безграшоўе. 

Што табе дапамагло не кінуць сваю справу, не зламацца ў цяжкі перыяд? 

Такія перыяды ёсць заўжды. У мяне і сёння быў такі момант. Здаецца, я зараз усё гэта кіну, мяне ўсё задзяўбло, я стамілася, я хачу проста жыць! Бізнэс – гэта так цяжка, гэта заўжды нейкае тушэнне пажараў! Але людзі, якія мне пішуць, як мая бялізна змяніла іх жыццё, як яны сябе ў ёй адчуваюць, як яны пачалі глядзець на сябе ў люстэрку, усяляюць у мяне думку, што я іду туды, куды трэба.

Як ты ўспамінаеш часы поўнага безграшоўя? Нікому такога не пажадаеш?

Ды пажадаю! Гэта ж класна! Я ўдзячная за гэты досвед! Пабываць на дне вельмі карысна, каб адчуць, куды больш ніколі не хочаш вяртацца. 

Я заўжды кажу: крызіс – гэта кропка росту. Я, як мазахістка, радуюся кожнаму крызісу, бо складаная сітуацыя заўжды прымушае варушыць мазгамі, шукаць новыя рашэнні і новых людзей, а гэта заўжды выводзіць кампанію на новы ўзровень. Я не баюся цяжкасцяў, бо ў мяне ёсць досвед і веды, таму цяпер, што б ні здарылася з маімі бізнэсамі, я ўжо без грошай не застануся. 

“Жанчына з любой фігурай і ў любым узросце можа насіць прыгожую бялізну”

Твая бялізна – гэта псіхатэрапія для многіх жанчын. Раскажы падрабязней, як вы распрацоўвалі калекцыі Plus Size? 

З’яўленне калекцыі Plus Size стала водгукам на попыт: мне актыўна пісалі жанчыны і скардзіліся, што няма прыгожай бялізны на вялікія памеры. У нас не было досведу, але мы пачалі крок за крокам вучыцца. Хутка выйдзе некалькі новых камплектаў вялікіх памераў. Мне хочацца, каб жанчына з любой фігурай магла сябе адчуваць прыгожай, вартай прыгожай бялізны ды іншых упрыгажэнняў.

А калабарацыя з мадэллю Вольгай Шатыка прывяла да Lovelace пакупніц сталага веку?

У нас было дзве здымкі з жанчынамі ва ўзросце, яны мелі вялікі розгалас: шмат рэпостаў, лайкаў, каментаў. Было рознае: нехта пісаў “як ёй не сорамна!”, а нехта казаў “ваў, як прыгожа!” Але мне і тут важна было паказаць, што жанчына ў любым узросце можа насіць прыгожую бялізну і што старасць можа быць прыгожай!

Старасць – гэта неад’емная частка нашага жыцця. Канешне, яе ўсе баяцца, але да яе ставіцца трэба па-іншаму. Па-першае, трэба займацца сабой з маладосці, каб старасць надыходзіла пазней. А па-другое, трэба ведаць, што ў любым узросце можна быць прыгожай, паспяховай і любімай.

Цяпер нашы кліенткі набываюць бялізну сваім мамам. Мы на Балі рабілі здымку мамы з дачкой і паказалі, як аднолькавыя камплекты могуць выглядаць на жанчынах розных пакаленняў.

Наогул, раскажы, чым адрозніваецца дызайн і тэхналогія стварэння бялізны для жанчын розных памераў і формаў? 

Для падтрымкі вялікіх грудзей патрэбныя шырокія брэтэлькі, вялікія засцежкі, костачкі – там столькі нюансаў! На выпуск такіх калекцый сыходзіць больш часу і матэрыялу. 

А прасцей за ўсё з нулявым памерам! Я кажу ўсім дзяўчатам, у каго маленькія грудзі: “Радуйцеся! У вас мінус мільён праблем!” 

Я на днях правяла апытанне на Балі. Падыходзіла да хлопцаў і запытвала ў іх, ці важны для іх памер жаночых грудзей і калі так, то якія ім больш даспадобы: маленькія ці вялікія. Большасць адказвалі, што ім усё адно. Таму гэтыя комплексы трэба выбіваць з дзявочых галоваў, і ўжо шмат дзяўчатаў змянілі сваё мераванне і палюбілі свае маленькія грудзі.

“Мае моцныя бакі – назіральнасць і нагледжанасць”

Як доўга ты ўсё рабіла сама? Матэрыялы закупала, шыла, пазіравала, займалася рэкламай і продажамі?

Нейкі час я сапраўды рабіла ўсё сама – амаль безвынікова. Але калі я прайшла свой першы платны курс, адразу зразумела, што я раблю не так. У ім было сказана: калі ты робіш усё сама і нічога не паспяваеш, прыйшоў час наймаць памочнікаў. Ды ладна! Геніяльна! 

Я знайшла швачку – і стала лягчэй. А дагэтуль я паўтара года нічога не прадавала: я проста ўкладала ў матэрыялы, у досвед, у памылкі. Там былі невялікія страты. 100-200 даляраў на месяц. Набывала тканіну, прыкідвала, што з яе можна зрабіць. Гэта цяпер я прыйшла да таго, што трэба спачатку прыдумаць калекцыю, потым набыць тэставыя тканіны, пафарбаваць іх, паглядзець, як яны сябе паводзяць, і толькі потым замаўляць на цэлую партыю. Але да ўсяго гэтага я дайшла не адразу.

І гэта абсалютна натуральна, калі спачатку няма ні продажаў, ні зваротнай сувязі. Вельмі добра, што я атрымала досвед на маленькіх памылках, на мізэрных інвестыцыях, бо калі ўкладаеш больш, памылкі каштуюць вельмі дорага.

Напрыклад, адна з апошніх памылак каштавала мне 11000 беларускіх рублёў. Увосень мусіў адбыцца Women Forum. Я не хацела ў ім удзельнічаць, бо мне падавалася вар’яцтвам збіраць разам 4000 жанчын падчас пандэміі. Але каманда мяне пераканала прыняць удзел. Я адчувала, што яго адменяць. І яго адмянілі ў апошні дзень! У дамове быў пункт, што нам вернуць грошы ў выпадку адмены, але пакуль ніхто не спяшаецца нічога вяртаць. 

Цяпер у тваёй камандзе каля 50 чалавек. Якія абавязкі ты дэлегавала, а чым дагэтуль займаешся сама?

Нават у Lovelace ужо больш за 50 чалавек у камандзе, а ў мяне ёсць яшчэ два бізнэсы – кавярня здаровай ежы і продаж бамбусцікаў. У мяне ёсць топ-мэнэджары, якія працуюць непасрэдна са мной. Я б адна нічога не зрабіла. Трэба не толькі ва ўсім разбірацца, але і ўмець давяраць людзям. 

Стварыць каманду не так і цяжка, калі ў цэнтры брэнда будзе канцэпцыя, якую ўсе будуць падзяляць. Але часам бывае, што і я памыляюся ў сваіх думках – мне паказваюць мой план з іншага боку, і я разумею, чаму не мела рацыі. Тады мы прыходзім да кампрамісу, каб не адступаць ад канцэпцыі і не трапляць у мінус.

Сама я дагэтуль займаюся калекцыямі: гэта дызайн, закуп матэрыялаў, вытворчасць. Ніводная мадэль не запускаецца без мяне. Займаюся кіраваннем, прыношу ідэі, вяду 5 інстаграмаў: свой уласны, Lovelace.by, Lovelace.ru, Hijack.by i Bamboostick.by.

Дзе ты шукаеш натхненне на новыя калекцыі?

Я шмат назіраю, я магу знайсці натхненне ў прыродзе, у вандроўках, у людзях, у жывёлах, у мастацтве, у музеях. Калі я працавала з псіхолагам, яна мне дапамагла зразумець, што мае моцныя бакі – назіральнасць і нагледжанасць. Я вось гляджу на нейкую расліну – і бачу ў спалучэнні яе колераў новы камплект. Я магу ў музеі пабачыць нейкі фрагмент карціны і зразумець, што тры колеры на палатне дужа добра паміж сабой спалучаюцца. І потым зрабіць калекцыю ў гэтых колерах.

“Рызыка аказалася вельмі класным рашэннем”

Ты неяк распавядала пра сваю першую ўдалую інвестыцыю. Як у Маскве спусціла на рэкламу апошнія 250 даляраў, дый тое не свае. Не страшна было так рызыкаваць чужымі грашыма, калі дома не было чым за камуналку заплаціць?

У той момант у мяне былі грошы, якія мне дала сяброўка, каб я ёй накупіла ў Маскве розных рэчаў. Я ўсё набыла, і ў мяне засталося некалькі соцень даляраў і торба пашытых майткоў і станікаў. Перада мной быў выбар: ці вяртацца дамоў з торбай бялізны і рэштай грошай ці рызыкнуць і пусціць іх у ход. 

Я дастаткова рызыкоўны чалавек, часам мяне нават варта спыняць. У мяне заўжды шмат ідэй – і хочацца іх усе пратэсціць, таму цяпер я кантралюю гэты працэс.

Але тады рызыка аказалася вельмі класным рашэннем! Гэта быў мой першы досвед супрацоўніцтва з блогерамі: я проста села і стала пісаць маскоўскім блогеркам, шукала іх па нейкіх хэштэгах і ўсім прапаноўвала бялізну для рэкламы. Муж адной блогеркі праз дзве гадзіны пад’ехаў да мяне ў гандлёвы цэнтр і забраў у мяне торбу камплектаў, а на наступны дзень выйшла рэклама. І тады ў мяне забіўся ўвесь дырэкт: дзяўчаты пісалі і замаўлялі майткі ды станікі! Я адразу ж вярнула тыя 250 даляраў і яшчэ атрымала шмат замоваў. Канешне, калі б рэклама не спрацавала, я б знайшла, дзе пазычыць, каб вярнуць грошы сяброўцы (у бацькоў ці ў хлопца, напрыклад), але тады гэта не спатрэбілася.

 

Цяпер ты выдаткоўваеш на рэкламу каля 2,5-3 тыс даляраў. Не ўсе нашы падпісчыкі, якія займаюцца ручной працай, могуць дазволіць сабе такую суму. Ці магчыма абысціся бясплатнымі метадамі прасоўвання і дабіцца поспеху? 

Калі няма бюджэту на рэкламу, трэба шукаць супрацоўніцтва і дамаўляцца на бартарных умовах. Напрыклад, я калісьці знайшла блогерку Кунілінгу і дамовілася з ёй на рэкламу па бартары – мы і дагэтуль супрацоўнічаем, яна наша амбасадорка. Апрача рэкламы па бартары, я таксама выкарыстоўвала хэштэгі, прасіла сяброў падпісацца, сама на кагосьці падпісвалася ці лайкала, каб на мяне падпісваліся ў адказ.

“Цяпер я жыву на маленькай ціхай выспе непадалёк ад Балі”

Два гады таму ты раптоўна аказалася адрэзаная ад Беларусі і на 6 месяцаў падчас лакдаўну завісла ў Тайландзе. Гэтая выпадковасць моцна ўдарыла па кампаніі ці аказалася новым пунктам росту?

Канешне, крызіс прывёў да новай фазы росту! Мы з калегай набылі свежы курс, разам паглядзелі, як весці і прадаваць у Інстаграм, як запускаць і прасоўваць брэнд, а потым дыстанцыйна распрацавалі анлайн-калекцыю (мы так яе і назвалі – Online) і выраслі ў два разы! Я тады ў шоку была! 

Цяпер ты піліш кантэнт для брэнда ў купальніках Lovelace проста на беразе акіяна. Жыць на выспе, дзе заўжды лета, уваходзіла ў твае мары? 

Калі я першы раз трапіла ў Азію, я цалкам змяніла сваё стаўленне да жыцця: дзе я мушу жыць, як харчавацца і чым займацца. Цяпер я жыву ў віле на маленькай ціхай выспе непадалёк ад Балі. Гэтую вілу мы неяк арэндавалі для здымак і карпаратыву – і тады я адчула, што гэта маё, гэта тое, пра што я марыла. Я бачу неверагодную прыгажосць, стылёвы дызайн, я чую птушак, бачу акіян, у мяне няма побач суседзяў, я толькі чую воддаль галасы пеўняў і кароў. Тады я сабе сказала: тут я хачу напісаць кнігу. Я настолькі камфортна сябе адчуваю, што мне не хочацца пакідаць гэтае месца: тут жа я здымаю кантэнт для ўсіх маіх бізнэсаў, малюю, чытаю і проста жыву!

Яшчэ ты марыла мець шалаш на дрэве, а цяпер на Балі ты шмат малюеш, у тым ліку на дрэве. Раскажы пра гэты бок сваёй творчасці.

Аднойчы я сабе задала пытанне: кім я буду, калі раптам перастану быць прадпрымальніцай? І адказала сабе: мастачкай! Таму цяпер я вучуся ў літоўскай мастачкі, якая пераехала з Лондану на Балі. Маляванне для мяне – гэта медытацыя, спосаб пабыць без гальштукаў. Не хачу пераходзіць на digital-art, бо я вечна нешта раблю ў тэлефоне ці планшэце, там мазгі не адпачываюць, прыходзяць паведамленні і навіны – гэта ўсё адцягвае ўвагу. А маляваць пэндзлем – гэта іншае! І шалаш – гэта нешта!!! 

Ты ўсур’ёз уяўляеш, што зможаш прадаць усе свае бізнэсы і заняцца нечым іншым?

Так, я думаю, што я не буду ўсё жыццё прадпрымальніцай. Гэта адымае шмат сіл і энэргіі. А я хачу так усё жыццё? Думаю, не. Ва ўсяго ёсць сваё лагічнае завяршэнне, свой жыццёвы цыкл. Я не хачу прывязвацца да нейкіх рэчаў, я хачу вучыцца адпускаць. Дапускаю думку, што захачу ўсё гэта некалі прадаць ці зрабіць так, каб мой удзел у бізнэсе быў мінімальны. 

Я паставіла сабе мэту ў 2022 годзе напісаць кнігу

Ты шмат дзе вучылася апошнія гады, патраціла каля 25 тысяч даляраў на навучанне. Якія кнігі ці курсы прынеслі найбольшы плён?

Цяпер я праходжу курс ва ўкраінскай прадпрымальніцы па развіцці брэндаў: як зрабіць так, каб твой брэнд быў самы любімы ў свеце. Я даўно не была ў такім захапленні ад навучання! Заўжды набываю курсы Сашы Мітрошынай, бо яна вядзе курсы пра блогінг – і гэта цікава. 

За месяц я чытаю мінімум 3-4 кнігі. Я сюды заўжды вязу з Беларусі паўвалізы бялізны і паўвалізы грэчкі. А яшчэ валізу кніг. Па бізнэс-тэматыцы часцей набываю кнігі амерыканскіх аўтараў, бо там людзі куды больш паспелі ў гэтай галіне. Я актыўна вучу ангельскую, каб чытаць свежыя кнігі ў арыгінале, бо шмат чаго няма ў перакладзе. Нават думаю паехаць на некаторы час у ЗША, каб паскорыць навучанне. 

Цяпер я вучу таксама і беларускую мову. Я пачала яе вучыць два гады таму: спачатку слухала аўдыякнігі, потым стала чытаць папяровыя кнігі, а цяпер вяду па-беларуску трэвэл-блог і блог сваёй кавярні па-беларуску. Яшчэ планую напісаць кнігу на беларускай мове. І не пра паспяховы поспех, а пра жыццё.

Я шмат чытаю мастацкую літаратуру, напрыклад, кнігі, што выходзяць у выдавецтве “Янушкевіч”. Мне вельмі падабаецца Альгерд Бахарэвіч – я чытаю ўсе ягоныя кнігі, якія мне трапляюцца. Я была вельмі ўражаная кнігай “Гарэзлівы пацалунак” Евы Вайтоўскай – я яе чытала як серыял, не магла адарвацца. Я гатовая аўтарцы дапамагчы ў піяры, у прасоўванні – абы яна хутчэй выпусціла другую частку! Што яшчэ з апошняга мяне ўразіла, дык гэта кніга “Прачынаюся ў Сібуі” А. Цымы, таму што там пра Японію, а я фанатка Японіі. Прыкольная задума, бо там кніга ў кнізе, сапраўдная японская кніга. 

Гэты камплект Lovelace Карына назвала ў гонар свайго ўлюбёнага рамана “Гарэзлівы пацалунак”

Ты заўжды марыла напісаць кнігу па-беларуску ці такая ідэя да цябе прыйшла пасля пэўных падзей?

Не, не заўжды. Два гады таму я была ў Парыжы, і мне параілі паслухаць аўдыякнігу “Мы лёгкія, як папера”. Я была ў такім захапленні! Я і ржала, і плакала. Як гэта дзіўна і цікава! Якой захапляльнай можа быць беларуская літаратура! Чаму я гэтага не ведала? Таму што раней мне такое чытво не траплялася. 

 

Я магу вучыцца і нешта рабіць толькі тады, калі мне цікава. У школе мне было нецікава. Таму я ў школе кепска вучылася. Чаму я цяпер добра вучуся? Таму што мне цікава! Я сама выбіраю, што мне вучыць, як мне вучыць, дзе мне вучыць! Насамрэч, мне хочацца ствараць сучасную культуру на маёй роднай мове, я б хацела на яе ўплываць, і я адчуваю ў сабе патэнцыял гэта зрабіць.

Чаму я засела за ўласную кнігу? Таму што мне падаецца, што ў сучаснай беларускай літаратуры не стае чагосьці прыкольнага, вясёлага. Бо нейкае ўсё сумнае, жорсткае, пра цемру. А я хачу пра каханне, пра моладзь, пра вандроўкі, каб пасмяяцца ці паплакаць. У мяне ёсць такі досвед, я шмат чаго бачыла, у мяне добрая фантазія, таму я паставіла сабе мэту ў 2022 годзе напісаць кнігу. 

“Кожны мой праект – гэта частка майго жыцця”

Некалі ты загадала жаданне набыць кватэру на Ракаўскай, 20. А цяпер у гэтым будынку яшчэ і кавярня HI JACK.

Гэта дом, дзе пачынаўся Lovelace. Гэта маё месца сілы. Я дагэтуль арэндую кватэру, у якой мы жылі з коцікамі. Яны і цяпер там жывуць. А па суседстве прадавалася кватэра мастачкі – і я яе набыла.

Рэч у тым, што я пачала вывучаць тэму крыптавалют – гэта мне дапамагло за год назбіраць на кватэру ў Мінску. Дагэтуль я наогул не ўмела ашчаджаць грошы. Траціла на вандроўкі, пералёты, вілы, а вось крыптавалюты дапамаглі мне навучыцца мысліць фінансава. Я дастала адтуль усё, каб набыць кватэру, але не пераймаюся, зараблю яшчэ. Закрыю гэтую сваю мэту і ўжо далей не буду так рызыкаваць. А то вось набыла кватэру на эмоцыях – а тут раптам крызіс…

Раскажы, як з’явілася ідэя стварыць там жа кавярню здаровай ежы?

Кавярня – гэта частка маёй псіхатэрапіі. Я заўжды марыла адчыніць тут сваю кавярню. Кавярню цяжка пакуль прасоўваць, кожны месяц я ў вялікім мінусе. Я чакаю цяпла, лета, і спадзяюся на рост цікавасці. Я ўжо заўважаю, што ў HI JACK з’яўляюцца першыя фанаты, як некалі ў Lovelace. Канешне, гэта ўжо іншыя стаўкі і рахункі, але для мяне гэта таксама прасоўванне культуры, культуры здаровага харчавання. 

Мне хочацца, каб не толькі веганы, але і ўсе людзі даведаліся, якой смачнай можа быць раслінная ежа! 

А яшчэ гэта мой персанальны боль: вечна, як я вяртаюся з Азіі, мне няма чаго есці. Тут я ем гародніну, смузі, адчуваю такую лёгкасць і энергію! А прыязджаю ў Беларусь – там бульба, макарошкі, фаст-фуд. Што мне есці? Я ведала, што рана ці позна я зраблю сабе гэтае месца. Цяпер яшчэ там праектар: мы ладзім вечары прагляду фільмаў, у тым ліку з ангельскімі і беларускімі субтытрамі. Завітвайце!

Раскажы яшчэ пра свой праект Bamboostick.

Бамбусцік – гэта палачка, якую я зрабіла сама, каб на трэніроўцы набіваць скуру, бо мне трэба было яе падцягнуць пасля схуднення. Потым у мяне часта запытваліся, што ж гэта за палачка такая, з якой я трэніруюся. Аднойчы я ехала міма бамбукавай вуліцы, знайшла майстра і паказала, што б я хацела атрымаць. Ён зрабіў першую партыю – я на пальцах патлумачыла, што не так. Потым ён зрабіў яшчэ адну партыю – і я замовіла 500 штук. Так я запусціла вытворчасць бамбусцікаў і праводжу марафоны: дзяўчаты худнеюць і робяць фота да і пасля самамасажу. 

Канешне, калі нехта табе робіць масаж, ты можаш трохі расслабіцца, але калі я раблю сама, то лепш прапрацоўваю ўсю скуру, мне не трэба нікуды ехаць, і я магу займацца амаль кожны дзень. І каштуе адзін бамбусцік як адзін сеанс масажу!

Брэнд жаночай бялізны, кавярня здаровай ежы і бамбукавыя палачкі для самамасажу. Ці не складана ўсё гэта сумяшчаць?

Дык гэта маё жыццё! Я раблю толькі тыя праекты, у якіх я ўпэўненая сама, кожны з іх – гэта частка майго жыцця. Я ствараю і прадаю толькі тое, чым я сама карыстаюся, чаго мне самой не ставала. Але, напэўна, больш праектаў я ўжо не пацягну. Хаця я яшчэ б вельмі хацела брэнд натуральнай касметыкі і прытулак для жывёлаў)))

Ва ўсіх маіх праектах ёсць тое, што іх аб’ядноўвае, – гэта любоў да сябе і свайго цела.

(C) ALOVAK

Leave a Reply