Герой гэтай творчай гісторыі ішоў да свайго паклікання 10 гадоў: ад урокаў працы ў школе да ўласнай майстэрні ў беларускай вёсцы. Але на шляху ў Іллі Зарэцкага было шмат адхіленняў ад маршруту: будоўля і цяслярня ў Мінску, масавая вытворчасць і выгаранне ў Піцеры, тры падарожжы па Індыі, захапленне кухняй і шмат распачатых справаў, якія заканчваліся, не паспеўшы пачацца. І толькі з пераездам у вёску і нараджэннем дзяцей паступова прыйшло разуменне, што трэба займацца ўлюбёнай справай. Так і з’явіліся драўляныя звяры-пуфы.
Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Аляксандра Барысюк
“Рукі растуць з сэрца, а ўжо потым з’яўляюцца плечы”
Мусіць, мяне адразу закінулі ў кучу людзей, якія робяць нешта сваімі рукамі. Мне заўсёды падабалася нешта тварыць і самавыражацца. Гэта частка майго характару – прыдумаць і адразу зрабіць. У кватэры майго дзяцінства ёсць нават дошка з фанеры, на якой алоўкам намаляваны глушэц – адна з першых маіх школьных работ. У мяне ў школе настаўніца працы вельмі лес любіла, вечна вазіла нас на нейкія пасадкі. Ніхто такога не рабіў, а мы з ёю збіралі сасновыя шышкі.
Трэба было залезці на дрэва, сабраць саспелыя шышкі – іх на вагу лясніцтва купляла, на насенне. Гэта быў мой першы заробак.
Але ў юнацтве мне не хапіла самастойнасці, каб выбраць творчую прафесію. Класічны сцэнар, калі бацькі за цябе вырашаюць, куды паступаць. Мне ў гэтым плане бліжэй Ізраіль, калі пасля войска хлопцы едуць на год у падарожжа – на грошы, заробленыя за час службы. Ну і што, што яны губляюць гэты год? Затое за гэты час яны набіраюцца досведу, адасабляюцца ад бацькоў. А мне прыйшлося пасля 11 класаў ехаць паступаць у мінскі будаўнічы каледж і сумяшчаць вучобу з працай, каб неяк жыць.
“Дрэва – гэта цёплы, прыемны матэрыял”
Пасля каледжа я быў на адпрацоўцы на будоўлі – і мне гэта зусім не падабалася: холад, зіма, ранні ўздым. А дрэва – гэта цёплы, прыемны матэрыял. Таму, калі я сам пачаў нешта цяміць уласнай звілінкай, я знайшоў хлопцаў, якія займаліся дрэвам. Спачатку працаваў над хуткасцю, а пазней дадалася і якасць. Рабілі мы даволі буйныя аб’екты, напрыклад, летнія кавярні.
Так склалася, што потым я апынуўся ў Пецярбургу, знайшоў там людзей, якія рабілі прыкладна такую ??ж мэблю, толькі больш барадатую, нават крыху пра вікінгаў. Крэслы, якімі б’юцца недзе ў пабах.
Там былі класныя дзядзькі, я ім творчасць прынёс – яны мяне пачулі, давалі свае старыя квадратныя аб’екты, а я дадаваў у іх жывыя, плаўныя лініі. Але ў нейкі момант у майстэрні здарыўся пажар, ім давялося фінансава наганяць, і панеслася: сталы і крэслы – аднолькавыя, сотнямі. І тады я неяк апынуўся ў Індыі.
“Пасля Індыі на чатыры гады закінуў дрэва”
Я ў той момант вельмі любіў падарожнічаць аўтаспынам – працягнуў гэта рабіць і ў Індыі. Там для мяне было ўсё незвычайна: яны тамака ўсе ўсміхаюцца! Хтосьці спрабуе табе на хаду вушы пачысціць. Карацей, галава ў мяне спачатку адляцела. Але я праз пару тыдняў адаптаваўся. Пазаймаўся пару разоў ёгай, а ў мяне спыталі: “Ты колькі гадоў ужо займаешся?”
У той час мяне зацягнула кухня, усе гэтыя індыйскія спецыі. Збольшага усе мае падарожжы круціліся вакол кухні: спачатку гэта было вегетарыянства, потым веганства. Памятаю, у вёсцы пад Гоа была кавярня, у якую ўсе хадзілі і рукі аблізвалі – так смачна было. Я вельмі хацеў у іх папрацаваць, ведаў, што мяне ў лепшым выпадку паставяць абіраць бульбу з цыбуляй, але часам маглі падпусціць да пліты паглядзець, як што адбываецца. Шкада, так і не давялося ў іх павучыцца.
Вярнуўшыся праз тры месяцы ў Піцер, я адкрыў там крамку спецый, гарбаты, арэшкаў. Калі за прылаўкам працаваў я, крама прыносіла прыбытак. Іншыя супрацоўнікі не былі заматываваныя працаваць так, каб людзям хацелася прыходзіць часцей. А да мяне прыходзілі пагутарыць.
Наогул я не вельмі таварыскі, але тады ўва мне нешта пераключылася, я раптам стаў прадаўцом. Праўда, калі да мяне прыходзілі пагаварыць, часам нават забывалі нешта набыць:)
Я тады шмат пёк, заходзіў у кухню праз выпечку. У рэстаране па суседстве, дзе ў мяне была крама, мелася выдатнае памяшканне з вялікімі сталамі – вельмі прыгожае месца. Гады тры мы кожны тыдзень праводзілі тамака кулінарныя майстар-класы: спачатку за данат, потым ужо за фіксаваны кошт. Вельмі шмат людзей праз іх прайшлі і, я думаю, пераканаліся ў тым, што могуць рабіць нешта смачнае.
Тады яшчэ ў Піцеры быў рэстаранны дзень: раз на два-тры месяцы кожны ахвочы мог адкрыць аднадзённае кафэ. Трэба было толькі паставіць кропку на мапе і размясціць там сваё абсталяванне: у двары, у антыкафэ, у сябе ў кватэры – няважна. Гэта была дзікая разнастайнасць кухняў! Хто-небудзь класны рэцэпт прывязе з-за мяжы, хтосьці спячэ нешта па бабуліным рэцэпце. Гэта быў добры заробак. Шмат людзей з вось такіх міні-кавярняў выраслі ў свае рэстарацыі.
“Я пачаў рабіць падарункавыя наборы, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам”
Наогул у мяне ў Піцеры было шмат пачынанняў: спачатку мы з дзяўчынай адкрылі чайную “Случайная”, потым была крамка спецый, дастаўка каш “Кашалоты”, кулінарныя майстар-класы “Добрая кухня” і яшчэ адзін маленькі праект “Шчасце белага колеру” – гэта якраз пра тое, як я вяртаўся да цяслярства.
Я рабіў драўляныя скрыначкі і ў іх прыемныя падаруначкі. Памятаю, хадзіў на рынак да знаёмых узбекаў, яны мне адгружалі пустыя драўляныя скрыні, я іх распілоўваў і рабіў з іх маленькія, акуратненькія скрыначкі. Я пачаў рабіць падарункавыя наборы, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам.
Наогул, усе гэтыя спробы адкрыць уласную справу нельга назваць бізнэсам. Была нейкая ідэя і вольная капейка – нешта рабілі і глядзелі, прадасца ці не прадасца. Калі не, то каму-небудзь падарым. У мяне тады не было фінансавай спрактыкаванасці, затое былі пазыкі. Але мне здавалася, што інакш і немагчыма.
Так я і жыў паміж Піцерам, Індыяй і Беларуссю. Грошай на квіток хапала – і ладна.
Але калі ажаніўся, з Піцерам у нас не склалася, таму што – клімат. Здавалася, што нам было добра: мы жылі ў прыгарадзе, там у мяне ўжо была майстэрня. Але перад нараджэннем сына мы купілі хатку ў беларускай вёсцы. Яшчэ пару разоў потым паездзілі на зімоўку ў Піцер, на заробкі, але потым вырашылі – досыць.
“Калі купілі хатку ў беларускай вёсцы, то зразумелі – мы дома”
А з хатай цікавая гісторыя выйшла. Неяк на адным фэсце пад Піцерам мы былі з кейтэрынгам, і я там пачуў беларускія песні! Зайшоў у шацёр, а там сядзелі нашы беларускія хлопцы і дзяўчаты! Мы іх пакармілі, пагутарылі, знайшліся ў сацсетках, і я ўбачыў, што яны жывуць у вёсцы ў Валожынскім раёне. А калі мы будавалі маршруты, каб знайсці сабе хату, я адразу ж успомніў пра знаёмых даўншыфтараў. У выніку я нікуды не даехаў – толькі ў госці да іх. Яны мяне пасадзілі да печкі, пірагамі накармілі, а потым паказалі вольныя хаты. Так мы і знайшлі гэты дом. Насамрэч, зараз бы я яго не купіў: ён у нізінцы, маленькі, як намёт. А тады мы адразу вырашылі – бяром. Там яшчэ гаспадыня была лапушка: дом каштаваў $1200, а ў нас усіх грошай адразу не было, дык яна яшчэ паўгода чакала. З цягам часу мы выкупілі суседні ўчастак, стала прасторней, майстэрню змог пабудаваць. Тут усё выдатна, толькі мне не стае вялікіх дрэваў. Для мяне гэта гора.
Нам пашэнціла з хатай, у ёй можна было жыць, калі не лічыць васьмі пластоў шпалераў, пад якімі жылі мышы. Нават мэбля была старадаўняя – цяпер людзі робяць сабе дызайн інтэр’еру ў такім стылі, які ў нас быў у хаце першапачаткова. Мы проста ўсё вычысцілі, пафарбавалі, падрамантавалі. Тады я ўсю мэблю зрабіў сам, але на хуткую руку. Не было магчымасці выкладвацца. Трэба было карміць сям’ю.
Я ішоў на неймаверныя кампрамісы з сабой. Нікому такога не пажадаю, хаця многія так і жывуць. Мараць маляваць, але насамрэч будуюць дамы.
Я ездзіў па будоўлях, альтанкі рабіў, сталы – атрымаў маральны досвед працы насуперак свайму жаданню. Але і вожыку зразумела, што эфектыўнасць гэтых дзеянняў у лепшым выпадку 20%. А вось цяпер, калі я стаў рабіць пуфы і іх нядрэнна купляюць, у мяне ўжо не стаіць такая вострая неабходнасць зарабляць на жыццё – і я нарэшце рыхтуюся да будоўлі нармальнага дома.
“Напілаваў пару пуфаў – і ў мяне гэтыя пні купілі!”
Я нават не памятаю, як у мяне атрымаўся першы пуф. Недзе падгледзеў, што з пня можна зрабіць зэдлік. Выпілаваў ножкі – там не было ніякай формы, акрамя ножак. І падарыў сябрам.
Потым заняўся нарыхтоўкай драўніны і слэбаў для цесляроў. Прайшло пару гадоў, я рыхтаваўся да мэблевай выставы, сабраў з сабой драўляшкі для майстроў і думаў, што трэба нешта яшчэ маленькае каля сябе паставіць. Напілаваў пару пуфаў – і ў мяне гэтыя пні купілі!
Ого! Гэта значыць я магу кайфаваць – і ў мяне гэта будуць купляць? Яшчэ і за нармальныя грошы? І панеслася!
У самым пачатку мне вельмі дапамагла Таня Сініцава, заснавальніца Rooms. Мне сябры падказалі, што ў яе класнае месца. Я быў яшчэ зялёны хлопец, прыехаў туды са сваімі вырабамі на здымку. Я тады ўвогуле не ведаў, навошта мне гэтыя фоткі. Каб былі! Яна тады падышла, зрабіла на тэлефон два кадры – у выніку менавіта іх мы і выкарыстоўвалі для рэкламы. Яна ў дызайне даўно, я ёй спадабаўся як майстар – і яна мне столькі ўпэўненасці надала, за гэта ёй асобны дзякуй! У Rooms часта выставы беларускіх майстроў праходзяць, хутка будзе чарговы маркет – я таксама паўдзельнічаю.
“Для сваіх вырабаў пілую старыя і хворыя дрэвы, нават пянькі”
Жывое дрэва пад сякеру – гэта смерць. Але часам яна непазбежная. Людзі вырашылі гэтае дрэва спілаваць – яны яго спілуюць. А я магу з ім развітацца і даць яго целу новае жыццё.
Я часта знаходжу ўжо паваленыя дрэвы, якія спілаваць спілавалі, але не змаглі транспартаваць, парэзаць ці спаліць. А ў мяне ёсць раздзяўбаны прычэп і бензапіла, удвая магутнейшая за звычайную, пасля працы з якой рукі як кавалачкі ваты, але затое яна можа распілаваць нават вяз. Вось я дамаўляюся і забіраю гэтыя цуркі.
Кожны пуф праходзіць праз некалькі этапаў: нарыхтоўку дрэва, сушку, выпілоўванне грубай формы, яшчэ адну сушку і вельмі шмат стадый шліфоўкі да кайфовага стану. І калі гэта агонь, ён заўсёды падкрэслівае архаічную глыбіню, для мяне гэта як глядзець усярэдзіну сваёй душы: абпаленая колцы дрэва – гэта гіпноз нейкі.
Фінішны этап – гэта аліва, прычым толькі Rubio Monocoat – яна самая лепшая і самая дарагая, але яна ідэальна падыходзіць для маіх пуфаў. Прадаўцы гэтае алівы купілі мой пуф і паставілі ў краме – так яны падтрымліваюць майстроў і на рэальных вырабах паказваюць прыклады прымянення сваёй прадукцыі.
“Яны скачуць на ручкі і падстаўляюць спінку, каб іх пагладзілі”
Не магу прыгадаць, каб я з канкрэтнай ідэяй падышоў да пянёчка. У мяне гэта заўсёды пра паглядзець, адчуць – гэта якраз і напаўняе драйвам мастака. У мяне часта заказваюць класічную форму пуфа, я іх раблю хутка і дакладна – са звычайнага цыліндрычнага пянёчка. А калі пянёчак не цыліндрычны, тады пачынаецца нешта цікавае. З такімі нарыхтоўкамі мне больш кайфова працаваць, калі кожны раз не ведаеш, што выйдзе. Часам сучок вылазіць – і я спрабую з яго зрабіць нешта выбітнае.
У мяне быў толькі адзін выпадак, калі мне вярнулі пуф – расколіны. Пні проста не могуць не трэскацца, але заказчыцу гэта збянтэжыла. Мне часам пішуць: “Ой, трэскаецца”. А я пішу: “Я вас віншую, вы бачыце, як дрэва дыхае”. Усе гэтыя расколінкі і дзірачкі – гэта пра жыццё.
Напоўніць жыццём можна што заўгодна. Чамусьці пуфы ў мяне атрымліваюцца жывыя. Новая партыя нават яшчэ больш персаніфікаваная. Але я спрабую захаваць баланс, каб яны не былі занадта жывыя, каб не палохалі людзей.
Мінулай зімой у нас дома стаяла каля сямі пуфаў, і дзеці па іх лазілі. Гэта было вельмі прышпільнае адчуванне, быццам яны хатнія жывёлы. У некаторых краінах забараняюць трымаць аднаго хамяка, бо яму патрэбная кампанія. Маім звяркам таксама добра ў кампаніі.
Наогул, мяне не вельмі цікавіць функцыянальнасць маіх вырабаў, гэта хутчэй арт-аб’екты, а функцыянальнасць – ужо пабочны эфект. Калі можна пуфу зрабіць вечка і нешта ў ім захоўваць – ок. Пасядзець або паставіць каля ложка замест тумбачкі – выдатна. Паставіць у дзіцячы пакой замест коніка – цудоўна! Але гэта другаснае. Проста я цяпер дазваляю сабе з цесляра часам ператварацца ў скульптара. Хаця мне не падабаецца гэтае слова.
“Заўсёды відаць, калі чалавек робіць і кайфуе ад гэтага”
Мне падабаюцца самабытныя майстры, якія не спрабуюць падладзіцца пад рынак, якія з уласных глыбінь дастаюць штосьці ці праводзяць праз сябе нейкія энергіі і ўвасабляюць іх. Напрыклад, вельмі падабаецца Дзяніс Мілаванаў з яго канцэптам “Саха” – гэта Сібір перакрыжаваная з Карэліяй. Заўсёды відаць, калі чалавек робіць і кайфуе ад гэтага.
Мой сябар Мікіта Мех робіць чайныя сталы. Мы любім чайную культуру. У яго майстэрня мары. Мне вельмі падабаецца ягоны падыход. У яго заўсёды ўсё спраектавана, потым выпілавана і сабрана. А ў мяне з гэтых крокаў толькі адзін. Мы пару разоў на год збіраемся і робім нешта разам. І гэта заўсёды мурашкі. У яго гэтыя сталы дапытацца не могуць, бо гэта яго захапленне, а не асноўны заробак.
“Пуфы купляюць вельмі цікавыя людзі”
Першы час, калі я сам развозіў замовы, сустрэча з пакупнікамі – гэта было самае каштоўнае. Пуфы купляюць вельмі цікавыя людзі: дызайнеры, якія ўпісваюць мае вырабы ў інтэр’ер замоўцаў, моднікі, якія жадаюць чагосьці незвычайнага, добрыя фрыкі, якія аж пішчаць ад маіх звяроў. Глядзець у вочы чалавеку, да якога ў рукі трапляе мой звер – гэта нешта неверагоднае! А яшчэ калі пагладзяць яго!
А цяпер усё па пошце. Потым пішуць водгукі: “Вау, крута!” Але хаця б маленькае відэа хто запісаў! Дзеляцца фоткамі, дзе цяпер жыве мой звер. У прыгожых інтэр’ерах стаіць – стылёвых, акуратных, нятанных. Я б там жыў. І, дарэчы, практычна ўсюды пуфы выкарыстоўваюцца ў якасці акцэнтаў, як нешта, што ажыўляе месца, у якім чагосьці не хапала.
Цяпер мы дастаўляем пасылкі праз сэрвіс СДЭК – пуфы не вельмі цяжкія і праходзяць у стандартную пасылку. Яны, вядома, касячаць: адзін раз зламалі пуф, а потым яшчэ і згубілі. Але іншых варыянтаў для перасылак па Беларусі і Расіі проста няма.
Ва Украіну цэлая праблема пуф даставіць! Быў у мяне замоўца з Украіны, які абраў сабе пуф па нарыхтоўцы (часам я даю магчымасць паглядзець на грубыя нарыхтоўкі і абраць сабе гадаванца). Дык вось ён апынуўся занадта цяжкім і не праходзіў па габарытах для перасылання звычайнай поштай. Прыйшлося з маршруткай перадаваць!
Хачу паволі выйсці на сусветны рынак, паставіць нармальны цэннік: гэта ўсё ж не зэдлікі – яны і каштаваць павінны крыху больш.
Не трэба баяцца нармальна ацэньваць сваю працу, а то гэтыя маркеты з вырабамі за тры рублі – ну каму гэта трэба? Гэта не цешыць ні майстра, ні пакупніка.
А пакуль адзін такі пуф каштуе каля $350. У сярэднім я раблю ў месяц недзе 20 пуфаў, а прадаю – 10. Так што заўсёды ёсць нешта ў наяўнасці.
“Гэты звер гаворыць сам за сябе… Дынаміка насарога. Пяшчота поўні”
Раней я рабіў класныя штукі: падарункавыя наборы, кулінарныя майстар-класы, крамку спецый, але ніхто асабліва пра гэта не ведаў, і мне не хапала часу перачакаць цішыню, каб пачаць зарабляць. А тут каля года таму я знайшоў дзяўчынку – смм-спецыялістку, якая ў мяне і маркетолаг, і таргетолаг – і гэта проста шчасце незямное! Яна рэкламуе мае вырабы, робіць гэта класна, і ёй гэта самой падабаецца! Я сам вяду інстаграм-старонку, а яна адказвае за прасоўванне. Ідэальна!
Я люблю паэзію і часам у пасты з пуфамі дадаю нешта паэтычнае. Тэхнічную інфармацыю пра пуфы людзі атрымаюць па запыце, а вось напаўненне гэтай формы нейкімі сэнсамі – гэта для мяне важна.
Якасна фатаграфаваць і публікаваць кожны выраб – гэта абавязковы і лагічны крок. Таму часцей за ўсё мы едзем да сяброў у фотастудыю, мая сяброўка Саша там працуе і фоткае пуфы: яна ідэальна бачыць маіх звяроў – вельмі добра атрымліваецца. Даводзіцца яе ўпрошваць узяць у мяне грошы за працу.
У нас быў досвед замовы прафесійнай фотасесіі вырабаў у стыліста і фатографа – такі кантэнт добра ў стужцы глядзіцца. А вось калі мы выкарыстоўвалі гэтыя фота для макетаў рэкламы, яны працавалі горш, чым нашы звычайныя фатаграфіі: з зелянінай ці на белым фоне.
А ўвогуле ў мяне ў камандзе пяць чалавек. На этапе нарыхтоўкі ў мяне ёсць памагаты ў вёсцы, маргінал, анархіст наш мясцовы, добрай душы чалавек. Ён мне часам дапамагае прывезці драўляшкі. Потым я раблю нарыхтоўку і часам даручаю яму яе адшліфаваць. Яшчэ ў мяне ёсць напарнік Паша, якому я заводжу ў Мінск нарыхтоўкі на фінальную шліфоўку, абпал, пакрыццё і адпраўку заказчыкам. Паша – гэта падарунак Бога, лепшага напарніка не знайсці. Калі ў нас гатова 10-15 штук, сяброўка іх здымае ў фотастудыі, а таргетолаг запускае рэкламу.
За натхненне ў мяне адказвае жонка. Яна ў мяне аматарка мініяцюр. Нядаўна замовіла маленькія пуфікі – вельмі міленька глядзіцца.
А ў мяне ёсць жаданне рухацца да новых, больш сур’ёзных формаў. Магчыма, гэта будуць масіўныя лаўкі, вулічныя аб’екты. У вёсцы ёсць закінутая зернесушылка, я планую яе ўзяць у арэнду, паставіць там пілараму, каб можна было рабіць вялікія вырабы.
Я 10 гадоў ішоў да таго, чым цяпер займаюся, і, здаецца, знайшоў сваё месца. Калі вы падазраяце, што хацелі б рабіць тое, чаго сапраўды хочацца, і не рабіць таго, чаго не хочацца, няхай гэта будзе знакам, што прыйшоў момант зрабіць важны крок, скінуць старую скурку і кайфануць.
(С) ALOVAK