Вырабы нашага новага героя здзіўляюць, прыцягваюць увагу, а кагосьці нават шакуюць – але адназначна не пакідаюць абыякавымі. Гаворка ідзе пра мастака і дызайнера Паўла Малаткова і яго ўнікальныя ўпрыгожанні ў выглядзе насякомых. Мы паразмаўлялі з Паўлам пра яго творчы шлях, пра нежаданне называцца ювелірам, пра майстэрню ў вёсцы і прасоўванне свайго брэнда. А фатографка Наталля Каляда пабывала ў майстэрні мастака на Валожыншчыне і адлюстравала на здымках яе атмасферу і цікавы працэс стварэння брошкі-жука.
Тэкст падрыхтавала: Паліна Маслянкова
Фота: Наталля Каляда і архіў героя
“Аднойчы я зразумеў, што дасягнуць жаданых вынікаў у творчасці можна і праз невялікія, амаль ювелірныя маштабы”
Павел, раскажы, чым ты займаўся да таго, як пачаў ствараць упрыгожанні ў выглядзе насякомых.
У 2014 годзе я скончыў дзяржаўную акадэмію мастацтваў у Мінску і адразу па размеркаванні пайшоў працаваць мастаком на прадпрыемства па вытворчасці і рэстаўрацыі. Я быў мастаком на ўчастку металаапрацоўкі, дзе набыў вялікі досвед у гэтай галіне. Праца была вельмі творчая, заўсёды нешта новае і цікавае: гістарычны метал у экстэр’еры, інтэр’еры, посуд, сучасны метал, помнікі, манументы, узоры вырабаў, карацей, амаль усё, што звязана з металам.
З чаго пачалося тваё захапленне кузуркамі?
Я заўсёды цягнуўся да манументальных формаў, нават майстэрню будаваў з гэтым разлікам, але час ішоў, погляды змяняліся… І аднойчы я зразумеў, што дасягнуць жаданых вынікаў у творчасці можна і праз невялікія, амаль ювелірныя маштабы. Так я пачаў працаваць з невялічкімі формамі, такімі як дэкаратыўны посуд, свечнікі і інш.
Не ведаю дакладна, чаму я перайшоў на казурак, проста ў адзін момант захацелася зрабіць нейкі максімальна непрыемны, але прывабны, жывы вобраз, так атрымаўся клоп, потым таракан, затым мнаганожка…
Ну і не забыўся пра ўтылітарнасць – замацаваў іх на магніце, так і з’явіліся першыя казуркі ў маёй калекцыі. Якраз тады я моцна не любіў іх. Можа, гэта своеасаблівая барацьба з фобіямі?
І як вынік? Як ты цяпер ставішся да насякомых?
Сусвет казурак для мяне – гэта, у першую чаргу, сродак натхнення, бясконцая колькасць дызайну, форм, колеру. Скарб для мастака!
Але магу сказаць, што былі дзяўчаты, якія набывалі брошкі з павучкамі менавіта для барацьбы з арахнафобіяй.
Ты казаў, што звычайна ствараеш кузурак, якіх сустракаў у сваім жыцці. Што гэта за гісторыі? Укус кляшча ці палёт хрушча?
Проста нашмат прасцей перадаць вобраз таго, што бачыш вачыма, што можна пакруціць у руках. Сустрэчы з казуркамі – гэта заўсёды цікавыя гісторыі!
У мяне ўсе вырабы любімыя, бо кожны праходзіць праз мае рукі. І калі мне нешта не падабаецца, я пераробліваю да таго часу, пакуль не спадабаецца.
“Тварыць можна дзе заўгодна, галоўны інструмент – гэта галава, а астатняе дадасца”
Ты не хочаш, каб цябе называлі ювелірам, чаму?
Ювелір – гэта цяжкая прафесія, якая патрабуе высокай кваліфікацыі. Мая прафесія – мастак, а ювелірны падыход – толькі сродак для рэалізацыі ідэй. Такім чынам я дазваляю сабе выбіраць любыя сродкі дзеля дасягнення вынікаў.
Раскажы пра працэс стварэння аднаго жучка.
Працэс стварэння можна падзяліць на дзве часткі:
- Спачатку маляванне і распрацоўка ідэі, якая можа заняць даволі шмат часу;
- Непасрэдна выкананне.
І вынік моцна залежыць ад майго настрою, бо да кожнага вырабу асаблівы падыход, пачынаючы ад зарыхтоўкі і скончваючы выбарам колераў пакрыцця.
Без чаго ты не ўяўляеш сваю майстэрню?
Мая майстэрня пабудавана на зямлі маіх продкаў, у вёсцы побач з хатай, якая засталася мне ад прадзеда, і я не ўяўляю яе ў іншым месцы. Але, як паказвае жыццё, тварыць можна дзе заўгодна, галоўны інструмент – гэта галава, а астатняе дадасца.
Як паўплываў пераезд у вёску на тваю творчасць?
Дарэчы, не магу сказаць, што я цалкам пераехаў у вёску. Я тут працую, у мяне ёсць усё для камфортнага жыцця, не хапае толькі людзей, і за гэтым я часам езджу ў горад.
Жыццё ў вёсцы – гэта насамрэч цяжкая праца, ад якой я стамляюся, але і атрымліваю асалоду.
“Пункты продажаў сёння адны, а заўтра іншыя, я працую з тым, з кім мне падабаецца працаваць”
Ты падкрэсліваеш, што стварэнне ўпрыгожанняў з металу – гэта для цябе перадусім творчасць, а не камерцыйны інтарэс. А чым ты тады зарабляеш на жыццё?
Так, гэта цалкам творчасць, але бываюць выключэнні – я зарабляю на жыццё творчасцю.
Асноўны мой пакупнік – гэта чалавек, які можа быць з любой краіны, рознага полу, узросту і прафесіі, але заўсёды з багатай творчай душой.
Ці ўдзельнічаеш ты ў маркетах, як да іх ставішся?
Так, удзельнічаю. Я не лічу сябе прадаўцом і не надта люблю стаяць на маркетах, але гэта добры шанец пазнаёміцца са сваімі пакупнікамі, сустрэць сталых кліентаў, пагутарыць з калегамі. Так і наведнікі маркету заўсёды адзначаюць, што прыемна пазнаёміцца менавіта з майстрам асабіста, лічу гэта добрай практыкай.
Дзе можна купіць твае ўпрыгожанні, акрамя як праз тваю старонку ў інстаграме і на маркетах?
Пункты продажаў сёння адны, а заўтра іншыя, я працую з тым, з кім мне падабаецца працаваць. На дадзены момант у Беларусі ёсць два пункты продажу ў Мінску і адзін у Гродна. За мяжой пакуль толькі адна крама, якая прадае мае вырабы, і яна знаходзіцца ў Вільнюсе.
Ты не спрабаваў нейкім чынам адкрыць сваю крамку на Этсі?
Пакуль складана шукаць нейкія шляхі для стварэння і вядзення крамы на Этсі з Беларусі, бо гэта ўжо будзе трошкі камерцыя, плюс ёсць пытанні да арганізацыйных момантаў вядзення крамы. Карацей, калі гэта і здарыцца, то крамай будзе займацца спецыяльна навучаны чалавек, а я займуся прадуктам.
Шляхі прасоўвання майго брэнду пакуль – гэта, у першую чаргу, захаванне высокай якасці вырабаў, уважлівыя ўзаемаадносіны і зваротная сувязь з кліентам, таксама рэклама ў інстаграме, удзел у маркетах.
“Натхняюць усе мастакі і майстры, якія знаходзяць у сабе сілы працаваць у цяжкія часы, працаваць якасна і аддана”
Шмат хто з дасведчаных майстроў у нейкі момант перастае працаваць на замову, аддаючы перавагу ўласным задумкам. А табе падабаецца працаваць на замову ці не?
Гледзячы што назваць замовай. Калі чалавек замаўляе ўжо распрацаваную мадэль – гэта адно, а калі пытаецца пра нешта новае – гэта другое.
Калі гаворка пра нейкую казурку ці, напрыклад, іншая мадыфікацыя маёй мадэлі, то, канешне, мне падабаецца з гэтым працаваць, шмат казурак з маёй калекцыі менавіта так і нарадзіліся, пасля такіх замоваў.
Але ад замоваў іншага плану, усяго, што не датычыцца казурак, я дакладна адмаўляюся.
Якія мастакі, майстры і дызайнеры цябе натхняюць?
Цяжка і пералічыць усіх майстроў, хто на мяне паўплываў, і замежных, і беларускіх. Дакладна адкажу, што натхняюць усе мастакі і майстры, якія знаходзяць у сабе сілы працаваць у цяжкія часы, працаваць якасна і аддана.
(с) ALOVAK