Дзіцячыя кніжкі Святланы Татарнікавай

З нагоды выхаду ў выдавецтве “Папуры” дзіцячых кніг пра Еву, якая намалявала коніка і цмока, пагутарылі з іх аўтаркай і ілюстратаркай Святланай Татарнікавай пра гісторыю стварэння кніг пра мышак і Еву, якая намалявала Цмока і Коніка, сапраўдныя радасці і найлепшыя водгукі ад чытачоў. Але не ўсё адразу ў Святланы атрымалася – ад першай кнігі мастачкі адмовіліся ўсе выдавецтвы. Як Святлана дала рады эмоцыям, не здалася, і ўсё ж у выніку пабачыла сваё імя на вокладцы, чытайце ў матэрыяле.

Тэкст: Вера Сірата

Фота: выдавецтва “Папуры” і архіў гераіні

“Мае кніжкі – цалкам мая ініцыятыва”

Святлана, вас упэўнена можна назваць паспяховым аўтарам і ілюстратарам. Што ўвогуле для вас значыць поспех?

Пра свае кнігі неяк не думаю ў катэгорыі поспех, больш у катэгорыі радасць. Адносна нядаўна пачалі выходзіць мае кніжкі для дзетак, выдадзена ўсяго пяць, але на розных мовах, і кожнае выданне моцна мяне радавала. Як дызайнеру мне часта даводзілася працаваць з тыражнымі праектамі: калі атрымліваецца добра, гэта прыемна. Але адчуванне шчасця, якое прыносіць аўтару надрукаваная кніга, ні з чым не параўнаеш.

Поспехам лічу пяць добра выдадзеных кніжак на беларускай.

Ёсць меркаванне, што ў кожнага кніжнага ілюстратара мусіць быць свой пазнавальны стыль, адыход ад якога не вітаецца. Наколькі ўсё ж сучасны кніжны ілюстратар скаваны падобнымі патрабаваннямі?

Адметнасць павінна быць у ілюстратара, стварэнне свайго вобразнага свету і ёсць яго дзейнасцю. Звычайна мастака запрашаюць ва ўжо дзейны праект, да літаратурнага твора. У такім выпадку і рэдакцыя, і аўтар хочуць разумець, што ў выніку атрымаецца. Мастак, канешне, можа сказаць “пачакайце, я пашукаю новы стыль”, але звычайна так не робіць, а ідзе шляхам удасканалення свайго.

У мяне іншая сітуацыя, мае кніжкі – цалкам мая ініцыятыва: тэкст і ілюстрацыі без папярэдніх замоваў. Таму ёсць свабода абіраць сваю стылістыку і свае тэрміны да кожнага праекта. Ніхто мяне не кантралюе, але ніхто і не чакае. Ёсць рызыка, што выдаўцы праігнаруюць чарговую прапанову разам з новым стылем.

Многія асцерагаюцца выбіраць творчыя прафесіі, бо яны нестабільныя з фінансавага пункту гледжання. А што наконт вас?

Ёсць дызайнеры з офісным раскладам, звязаным з вытворчасцю, які нічым ад іншых прафесій не адрозніваецца. Напэўна, фрыланс-фармат творчай прафесіі больш фінансава рызыкоўны за іншыя. Асабліва ў першыя гады працы. Але, калі ў мастака ўжо ёсць пазнавальны стыль, часам ёсць і чарга с замоваў. Выяўленчыя працы не маюць моўных бар’ераў, тэхналагічна свет адкрыты, і можна пераадолець слабое запатрабаванне ў асобным месцы. 

“Мы з братам раслі літаральна ў мастацкай майстэрні”

Раскажыце пра свой шлях у прафесіі. Дзе вы вучыліся?

Скончыла я графічны дызайн у нашай Акадэміі мастацтваў і шмат гадоў працую як дызайнер, у тым ліку з кнігамі. Спецыяльнасць мне вельмі падабаецца, яна мяжуе з ілюстратарскай графікай, але не чыстая графіка. Гэта мяне стрымлівала спачатку ад ідэі з кнігамі. У нас моцная графічная школа, хапае выдатных графікаў, нашто я там. А потым падумала: ці нехта мне забараняе? Тое ж з тэкстамі гісторый для дзетак – у акадэміі не вучылі іх пісаць, але ж чаму не?

Каго вы можаце назваць сваім настаўнікам у прафесіі?

Калі гаворка пра настаўнікаў – гэта мае бацькі. Мы з братам, дарэчы, вядомым графікам Паўлам Татарнікавым, выраслі ў мастакоўскай сям’і, у майстэрні літаральна. Стосы паперы, любыя фарбы і алоўкі заўсёды пад рукой. Звычка атрымліваць асалоду ад малявання – галоўнае, чаму яны нас навучылі.

Бацькі, вядома, паўплывалі на выбар прафесіі – у тым сэнсе, што яны на ўсё ў жыцці паўплывалі, але свабоду выбару мне ніяк не абмяжоўвалі. Наадварот, знаходзілі здольнасці ў розных напрамках і імкнуліся іх развіваць. Скрыпачка ў музычнай школе, гурток хіміі, першыя іспыты былі ў медычны інстытут. І толькі ў Акадэміі мастацтваў я адчула сябе гарманічна, дзе мне ўсё блізка і зразумела: і праца, і людзі.

Як гэта – мець такую творчую сям’ю, дзе кожны член сям’і становіцца тваім калегам? Ці бывае канкурэнцыя ўнутры сям’і ў такіх выпадках?

Калі абое бацькі – мастакі, большасць іх сяброў таксама, у дзяцей сусвет, дзе ўсе малююць, нібы як усе чытаюць. Потым проста ёсць супольныя інтарэсы і лепшае ўзаемаразуменне, адэкватная крытыка, радасць за поспехі родных, як за свае. Гэта калі бабуля заве ўнука ў госці, бо “хачу цябе намаляваць, пакуль ты такі”. Калі часта чуеш “пасядзі так хвілінку” і маеш шмат розных партрэтаў ва ўсіх ўзростах. Гэта калі замалёўка з заснулым на тваіх руках дзіцем трапляе ў ілюстрацыю легенды. Калі дома на сценах, на паліцах кніг творы родных і сяброў. 

Канкурэнцыі ўнутры сям’і не можа быць, бо там цябе любяць і ты праходзіш па-за конкурсам ва ўсіх намінацыях.

Звонку, мабыць, могуць параўноўваць. Але каб атрымалася спаборніцтва, трэба стаць на суседнія бегавыя дарожкі, а гэта амаль немагчыма, свет выяўленчых прафесій вельмі разнастайны. Напрыклад, тата – выкладчык у мастацкай школе, а мама – мастак-канструктар на прадпрыемстве. Яны адназначна не калегі. Нават два ілюстратары – розныя досведы, тэмы, стылі. Адзін, умоўна кажучы, оперы піша, другі песенькі да мульцікаў – як іх параўноўваць? Ну так, адзін у гісторыю мастацтва ўвойдзе, другі дзяцей парадуе – у кожнага сваё жыццёвае заданне.  

Дызайнер і графік таксама вельмі розныя прафесіі. Ёсць кнігі з ілюстрацыямі майго брата і маім дызайнам. “Cummerias de memorie” з італьянскімі легендамі, “Рыцары і дойліды Гародні”, беларускія казкі “Залатая шарсцінка, срэбраная павуцінка”, большасць постэраў да выставаў. У гэтых працах найлепшай адзнакай для мяне бывае пытанне “а што ты тут рабіла?” Калі фармат і маштаб, памеры і прапорцыі, шрыфты і колеры на сваіх месцах – дызайн натуральны і незаўважны – значыць, усё зроблена як мае быць. 

“Ева – гэта мая ўнутраная дзяўчынка”

З чаго пачынаецца стварэнне твора?

У мяне гісторыя пачынаецца з вобраза, персанажа. Уяўляецца, як ён выглядае, гаворыць, які ў яго характар, чым ён цікавіцца. Ён ходзіць са мной нейкі час, з ім нешта здараецца, што можна занатаваць ці замаляваць. Нешта з гэтага не ўваходзіць, нешта застаецца, прыемны такі перыяд. Потым ўжо збіраю ў цэльную гісторыю.

Ці патрэбныя вам нейкія “рытуалы”, каб сесці і пачаць працаваць?

Калі ўжо ёсць замалёўкі, патрэбны толькі вольны час. А грунтоўны паход ў краму па мастацкія матэрыялы можна адзначыць як рытуал.

Раскажыце, калі ласка, як з’явілася ідэя кніг пра Еву, якая малюе?

Сярод іншых ідэй я абрала Еву таму, што гэта мая ўнутраная дзяўчынка. Яна любіць каляровыя алоўкі і вялікія аркушы белай паперы, сама хоча ўладкоўваць свет вакол сябе і часам хоча, каб памылкі і складанасці можна было проста перамаляваць ці прыбраць гумкай. Для чытачоў гэта нагода пагаварыць з дзецьмі пра спачуванне, дапамогу, адносіны з сябрамі, пра канфлікты і пра тое, што ўсё можна паправіць.

Ева хоча сама ўладкоўваць свет вакол сябе і часам хоча, каб памылкі і складанасці можна было проста перамаляваць ці прыбраць гумкай. 

Ідэя з маляваннем гераіні прадыктавала матэрыялы і стыль. З’явіліся алоўкі, акварэль, лёгкія, нібы “хуткія” ілюстрацыі, як бы ў працэсе малявання, з персанажам, які малюе з боку гледача і адначасова прысутнічае на малюнку. Яны больш светлыя і празрыстыя, чым ў серыі пра мышанят (гаворка пра кнігі “Дзе расце пячэнне?”, “Адкуль прылятае сыр?”, “Хто нам дорыць рукавічкі?”, выдавецтва Янушкевіч, 2021 – прым.рэд.), дзе гуаш і кампутарная апрацоўка робяць карцінкі больш шчыльнымі і насычанымі колерамі і дэталямі.

Напэўна, мая формула стварэння кнігі такая: ідэя – замалёўкі і нататкі – фабула – раскадроўка – ілюстрацыі і тэкст адначасова – дызайн і вёрстка кнігі – прапановы рэдактарам – адмовы і запрашэнні – аўтарскія экземпляры ў крафтавай паперы і адчуванне шчасця адначасова.

Ці адсочваеце вы рэакцыі на свае на кнігі? Як вы ставіцеся да крытыкі?

Крытыка неабходна, асабліва ў працэсе. У мяне такі крытык ёсць. Мой муж Сяргей, таксама дызайнер, займаецца развівальнымі цацкамі для дзетак і заўсёды ў тэме. Пачынаючы ад ідэі, замалёвак, характараў, выбару матэрыялаў, маю яго рэакцыю і канструктыўнае абмеркаванне. Ідуць такія па Малінаўцы ўвечары цётка з дзяздзькам і спрачаюцца, у які бок павінен глядзець цмок, лежачы на ўзгорку пры заходзе сонца, і ці спявае ён у гэты час або яму не да песень.

Крытыка бывае вырашальнай. Першую маю кнігу ніхто не прыняў. Было сумна, падумала – не маё. Сяргей праз нейкі час гаворыць: “Паспрабуй яшчэ раз, а тады ўжо забудзешся на гэтую ідэю, калі не. Можна пакінуць фабулу, вось так змяніць гэтых персанажаў, дадаць гэтых, і недзе ў гэтым кірунку пасунуць стыль”. Паспрабавала – атрымалася.

Крытыкі гатовай кнігі няшмат. Рэдактары, калі не прымаюць праект, маўчаць ці пішуць прыгожыя кампліментарныя адмовы. Чытачы пакідаюць збольшага прыемныя водгукі, але трапляліся і добрыя заўвагі, пасля адной з іх я дадала яшчэ старонак.

“Лепшага водгуку немагчыма прыдумаць!”

Ваш ідэальны чытач – хто ён? Для каго вы пішаце свае кнігі?

Я бачу сваіх чытачоў як маладых бацькоў, якія шмат займаюцца са сваімі дзеткамі, гавораць з імі на розныя тэмы, і мая кніга – чарговая нагода для гульні ці размовы, можа нават штуршок да сумеснай творчасці. Адна мама напісала ў каменце, што, прачытаўшы кнігу пра мышак некалькі разоў, яны з дачкой далі маім мышанятам імёны і прыдумалі свой працяг гісторыі. Лепшага водгуку немагчыма прыдумаць!

Што вас натхняе?

Залежыць ад унутранага стану. Бывае час, што натхняе ўсё: творы мастацтва, іншыя ілюстратары, дзіцячыя малюнкі, добра выдадзеная кніга, невялічкае падарожжа. Бывае, што нічога не натхняе, трэба проста пачакаць. 

З якімі складанасцямі вы сутыкаецеся ў рабоце і як з імі змагаецеся? Што дапамагае вярнуцца ў працоўны стан, калі няма натхнення?

Вядома ж, перыяды сумневаў і незадавальнення прыходзяць. Бываюць часы, калі нешта мілае проста не ідзе да галавы. Раблю сваю звычайную дызайнерскую працу, дзе ёсць кароткія дэдлайны. І маю надзею, што некалі з’явіцца сэнс у тым, каб занатаваць прыгоды кагосьці смешнага і ружовага.

Якую параду вы б далі маладым аўтарам і ілюстратарам?

Не адчуваю сябе такім сталым аўтарам, каб парады даваць, але як калега калегам зычу не баяцца нешта ствараць, калі ёсць ідэя. Нічога не згубіцца і не сёння дык заўтра будзе вынік, пагатоў, творчы працэс захапляльны сам па сабе.

У матэрыяле змешчаны фота ілюстрацый да пяці кніг Святланы Татарнікавай, якія перакладзеныя на больш чым 10 моваў свету:

  • Ева намалявала Коніка
  • Ева намалявала Цмока
  • Адкуль прылятае сыр?
  • Хто нам дорыць рукавічкі?
  • Дзе расце пячэнне?

(С) ALOVAKMAG

1 Comment

  1. Дзякуй Святлане за такія пяшчотныя кніжачкі Няхай ідэі і натхненне не сканчваюцца і чытанка беларускіх дзетак будзе пашырацца творамі Святланы!

Leave a Reply