Skylark – эзатэрычныя ўпрыгожанні Алены Жаўнерчык

Наша сённяшняе інтэрв’ю з адметнай беларускай дызайнеркай упрыгожанняў Аленай Жаўнерчык, чый брэнд Skylark Jewelry любяць не толькі беларусы, але і яркія асобы па ўсім свеце. Нягледзячы на тое, што Алена займаецца стварэннем эксклюзіўных ўпрыгожанняў з 2014 года, яна прыняла ўдзел у “Сардэчным конкурсе” ад ALOVAK і стала яго прызёркай. Пра яе крыніцы натхнення, шлях да творчасці, пераезд за мяжу і парады пачаткоўцам чытайце ў гэтым матэрыяле.

Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Архіў гераіні

Я і да гэтага часу не разумею, калі ж дзень нараджэння майго брэнда”… 

Ты з самага пачатку марыла ствараць упрыгожанні – ці гэта быў складаны шлях?

Мне 32 гады, і я ўсё яшчэ задаю сабе пытанне: кім я хачу стаць, калі вырасту? Ідэя ствараць упрыгожанні з’явілася з банальнага – мне не падабалася тое, што прадавалася ў крамах. І памятаю, калі я студэнткай медкаледжа ўдзельнічала ў індыйскай выставе, мяне захапіў менавіта біжутэрны ЛОМ, а не гатовыя завушніцы і каралі. Гэта было прыкладна ў 2009 годзе, і тады я задалася пытаннем: як гэта можна сабраць у нешта цікавае? 

З дазволу гаспадара нашага павільёна я забрала элементы з перлінамі і цырконіем сабе. Да гэтага часу яны ў мяне засталіся. Напэўна, гэта вельмі важны этап майго станаўлення як дызайнера.

У цябе на сайце напісана, што ты стала прафесійным мастаком-ювелірам у 2014 годзе. Раскажы, дзе ты вучылася свайму майстэрству?

Насамрэч, калі мы стваралі мой сайт, у мяне было замяшанне, якую дату пазначыць, як мяне ўвогуле назваць. Бо нейкія цацкі я пачала рабіць яшчэ ў дзяцінстве. Па выніку выбралі прыблізную дату – 2014 год, калі я пачала рабіць упрыгожанні не толькі для сябе. Вучылася на сваім досведзе і па карцiнках з інтэрнэту. Пазней з’явіўся пінтэстрэст, ютуб. Я і да гэтага часу не разумею, калі ж дзень нараджэння майго брэнда. Магчыма, у гэтым таксама я: успрымаю сваю справу не як маршрут з пункту А ў пункт Б, а як шлях. Проста шлях.

З якіх тэхнік і матэрыялаў ты пачынала ствараць упрыгожанні? І што змянілася цяпер?

Пачынала са зборкі. З тых матэрыялаў, якія можна было знайсці. Ой, як цяпер памятаю: пацямнелая фурнітура, крывы бісер. Сталь? Не, не бачыла. Потым паціху з’яўляліся натуральныя камяні. Стала спрабаваць гафт, тут пайшлі ў ход прышыўныя стразы, ланцужкі і іншая раскоша.

Цяпер у мяне ў арсенале матэрыялаў на некалькі пакаленняў наперад. Але мне ў гэтым камфортна, мне падабаецца працаваць у раскошы. Многія матэрыялы замяніла на больш устойлівыя. Зусім нармальна для мяне злучыць вінтажныя шкляныя пацеры і аліэкспрэс-фурнітуру, калі гэтага патрабуе творчая задача. Калі казаць пра тэхніку, то гэта мікс з вышыўкі і зборкі. У бліжэйшы час я планую ісці на ювелірныя курсы ў звыклым разуменні: выразаць, каваць, выплаўляць. Гэта будзе проста неймаверны ды ўнікальны прадукт.

“Маё – гэта готыка, эзатэрыка, бурлеск, вінтажны цырк”

Як нарадзілася назва твайго брэнда Skylark Jewelry? Чаму менавіта жаўрук?

У школе мяне дражнілі Жаваранкам, бо ў мяне прозвішча Жаўнерчык (насамрэч, па-беларуску “жаўнерчык” – гэта салдацік, і гэтак мяне таксама дражнілі). Як падлетку, мне было крыўдна, вядома. Але цяпер гэта ўжо пра тое, што Жаваранак высока лятае.

Твае ўлюбёныя сімвалы – сэрцы і вочы. Што яны для цябе значаць? Адкуль такая любоў?

Наглядзелася прыгожых карцінак – і пайшло-паехала:) Спрабавала вышываць кветкі, матылі ды іншую нейтральную тэматыку – не маё. І не купляюць у мяне такое. Маё – гэта готыка, эзатэрыка, бурлеск, вінтажны цырк. У складаны для мяне перыяд я чытала шмат літаратуры на тэму эзатэрыкі і сімвалізму. І ў мяне вымаляваліся самыя зручныя ва ўжыванні знакі: крыжы, вочы, сэрцы, рукі. Я б з задавальненнем рабіла больш упрыгожанняў з рукамі і крыжамі, але, на жаль, не паспяваю.

Ты казала таксама, што твае работы натхнёныя яшчэ і алхіміяй. Гэта вельмі цікава!  

Знаёмства з алхіміяй адбылося ў цесным супрацоўніцтве з Юнгам: ён перанёс стадыі атрымання філасофскага каменя ў псіхатэрапію. І для мяне большую цікавасць выклікалі загадкавыя малюнкі з манускрыптаў і трактатаў, чым чытво аўтарства Юнга і яго паслядоўнікаў. Я задумвалася: што намалявана на гэтым малюнку? Чаму гэта сярэднявечная кніжка такая дзіўная? Чаму гэтая сакральная эмблема такая вабная? Накшталт таго, што хацеў сказаць аўтар? Мяне вельмі натхняюць самі матэрыялы, тканіны; люблю разглядаць антычныя ўпрыгожанні, карціны. Немагчыма было б не згадаць іншых дызайнераў і іх інтэрпрэтацыі той тэматыкі, у якой таксама працую я. Велізарны ўплыў на мяне аказала мастачка Бетсі Янгквіст.

Немагчыма не заўважыць, што цябе таксама натхняюць чэрапы. Заўсёды памятаеш пра смерць? 

Чэрап гэта вядома таксама адзін з маіх улюбёных знакаў, хай і больш змрочны. Чытаючы кнігу Кларысы Пінколы Эстэс “Жанчыны, якія бягуць з ваўкамі”, а дакладней казку пра Васілісу Прыўкрасную і чэрап з агністымі вачніцамі, я разумею, што гэты сімвал не толькі пра смерць. Гэта пра мудрасць, сілу продкаў. Нездарма шаманы ў плямёнах выкарыстоўваюць у сваіх рытуалах сапраўдныя чалавечыя чэрапы.

Усе мы баімся смерці, у рознай ступені. Працуючы ў рэанімацыі ў 2010-12 гады, я сутыкалася са смерцю вельмі часта. Гэта трансфармавала мой страх у кантраляваны стан пры судотыку з ёй (смерць людзей, катастрофы, траплянне ў надзвычайныя сітуацыі, экстрэмальныя забаўкі). Але апошнім часам, на жаль, нават такія трансфармацыі ўва мне не вытрымліваюць напору навінаў. Таму вышыўка падобнага кшталту – мая асабістая псіхатэрапія.

“Мне падабаюцца такія творчыя свавольствы”

Ты ствараеш завушніцы, брошкі, кулоны, чокеры. Але нядаўна ў цябе з’явілася цалкам новае ўпрыгожанне  якое нават перамагло ў нашым калядным адвенце. Раскажы, як ты яго назвала і што паслужыла натхненнем?

Назвы яшчэ не прыдумала, а натхненнем паслужыў прагляд эпізоду “Джыбара” ў серыяле “Каханне, смерць і робаты”. Паскорыла стварэнне паездка ў Гданьск па сямейных справах. Дарэчы, такія штуршкі мяне часта падганяюць да ажыццяўленняі старых ідэй.

Для мяне гэта было візуалізацыяй ужо згаданай кнігі “Жанчыны, якія бягуць з ваўкамі”. Вобраз “Залатой жанчыны” – дасканаласць. Вельмі натхняе, як гэта ўсё стваралася: стыль рэжысёра, укладзены сімвалізм таксічных стасункаў, балгарскі фольк-ансамбль у саўндтрэку і рэальныя танцоры, якія сталі анімацыяй. Ад гэтага ўсяго ўнутры проста неймаверныя вібрацыі натхнення. Гэтыя фактары прывялі мяне да гэтага хаатычнага, крыху архаічнага ўпрыгожання. Так, не ў золаце, але чакаць ужо было немагчыма:)

Яшчэ з арыгінальнага ў цябе ёсць брошкі на смочкі – такі яркі акцэнт на грудзі для смелых жанчын. Адкуль у цябе такая смеласць? І ці шмат аказалася смелых жанчын, якія набылі сабе гэты парны аксэсуар?

Адвага прыйшла пасля псіхатэрапіі. Адкрылі скрыню Пандоры, называецца. Першы раз я зрабіла візуалізацыю ў снежні 2019 года, і гэта было вельмі весела для мяне. Раскупілі толькі паасобку:)

Праз некалькі месяцаў гэты дызайн знайшоў мяне зноў. Напісала дзяўчына з запытам: “А вы зможаце зрабіць такое на клейкай аснове?” Не ведаючы, як я гэта зраблю, уяўляючы ў галаве ўжо танцорку бурлеска, я адказала “Тааааак!!!” Пасля гэтага можна прызнацца, што матэрыялы я купляю яшчэ і ў сэкс-шопе:) Дзяўчына была ў захапленні (гэта быў падарунак для яе). 

Пасля гэтага, на жаль, парныя варыянты не куплялі. Але я ўсё роўна працягваю іх рабіць. Мне падабаюцца такія творчыя свавольствы.

“Музеі трэніруюць нагледжанасць, як і Pinterest”

Ты часта дзелішся сваімі прагулкамі па мастацкіх музеях розных краінаў. Як ты натхняешся творчасцю мастакоў і што з гэтага атрымліваецца?

Шчыра кажучы, цікавіцца музеямі я стала пасля пераезду ў Польшчу. Мая першая паездка за мяжу была гадоў 12 таму маршрутам Берлін-Парыж-Кёльн. Вядома, я тады не пайшла ў Луўр:) Да ўсяго трэба дарасці: да эспрэса, да алівак і да музеяў (у маім выпадку).
Насамрэч, музеі трэніруюць нагледжанасць як пінтэрэст, толькі страмчэй разоў у 20. Пасля прагляду арыгіналаў карцін Вінсэнта ван Гога і Клімта мае вышыўкі паводле іх карцінаў сталі ў разы лепшымі.

Апроч гэтага, знаёмячыся з біяграфіяй мастака (а бывае за паездку і не з адным), пераймаеш яго бачанне рэчаў, рысы характару, стыль яго прац. І вядома ж, я трэнірую сваё ўяўленне. Для мяне гэта вельмі важна, бо ў найбліжэйшай будучыні я хацела б вышываць работы па ўласных эскізах. Вядома, як маляваў Клімт рэлігійныя сюжэты, я хутчэй за ўсё не змагу, але паспрабаваць нічога не замінае:)

Назаві сваіх улюбёных мастакоў.

  • Гюстаў Маро! Пра маю любоў да яго гатова крычаць на ўвесь свет, але да музея ў Парыжы пакуль яшчэ не даехала. Вось ужо сапраўды: убачыць Парыж і памерці:)
  • Другі: Арнольд Беклін. Убачыла яго працы ў Базэлі – і яны патрапілі ў маё сэрца назаўжды.
  • Трэці: Густаў Клімт. Круціла носам ад яго распіяранага “Пацалунку”, а ўбачыўшы ўжывую, памяняла сваё меркаванне.
  • Чацвёрты: Яцэк Мальчэўскі, польскі сімваліст. Ягоная выстава ў Кракаве была першай, на наведванне якой я знайшла маральныя сілы пасля 24 лютага. Спалучэнні колераў, сюжэты, тоны сімвалізму мяне пакарылі і напоўнілі.
  • Пяты: Пітэр Брэйгель Старэйшы. Змясціць 112 прыказак на адной карціне ці пад 70 дзіцячых гульняў? Так, гэтаму хлопцу гэта было пад сiлу!
  • Пад нумарам шэсць не мастак, а яго карціна – “Шал” Уладзіслава Падкавінскага. Калі я ўбачыла ўпершыню гэтае манументальнае палатно ў тры метры, мяне накрыла эмоцыямі гэтай карціны. У яе нейкі адмысловы магнетызм, за кошт кантрасту настрояў (узбуджаны жарабец і спокойная вершніца) і за кошт кампазіцыі (фігуры з’яўляюцца з імглы, а што ззаду гэтых двух персанажаў – можна толькі здагадвацца).Мне падабаюцца карціны з гісторыяй. Пагаворваюць, што на палатне намалявана жанчына, у якую Падкавінскі быў неўзаемна закаханы. Гэта дадае яшчэ больш сімвалізму. Таксама карціна была парэзана самім мастаком пад канец выставы, на якой яна была прадстаўлена. Чаму – аўтар не распавядаў.Мне вельмі складана разглядаць гэтую карціну ў адной трактоўцы. З аднаго боку, сюжэт пра адносіны паміж мужчынам і жанчынай. З іншага, гэта пра жаночую энергію. З трэцяй – гэта жанчына, якая скача на жарабцы. І ва ўсіх інтэрпрэтацыях карціна цудоўная, што робіць яе для мяне адметнай.
“Шал” Уладзіслава Падкавінскага

Таксама асаблівыя месцы ў сэрцы займаюць мастакі Макс Эрнст, Фрыда Кало, Сальвадор Далі, Францішак Купка ў перыядзе сімвалізму.

А ці ёсць у цябе ўлюбёныя ювеліры?

Упрыгожанні Скіяпарэлі, італьянкі Тэрэзы Марцінс ,Grainne Morton, Kotomi Yamamura, Macabre Gadgets. Тут сказаць нешта складана – лепш глядзець!

“Без вас гэта ўсё не мела б ніякага сэнсу!”

Раскажы, хто носіць твае ўпрыгожанні? Што гэта за людзі? 

Ой, у мяне вельмі розная аўдыторыя, калі меркаваць па Instagram і краме на Etsy. Псіхолагі, мастакі, танцоры, аматары кэжуал і яркіх упрыгожанняў, прадстаўнікі ЛГБТ, татуіроўшчыкі, дызайнеры, кансультанты ў краме, лекары, ІТ-адмыслоўцы, дырэктары будаўнічых кампаній… Часам мне здаецца, што мае пакупнікі – вельмі вузкае кола людзей, але потым задумваюся… ды яно проста вялізарнае! Вялізарнае настолькі, што складана вылучыць нейкія агульныя рысы ўвогуле. 

Купляў у мяне ўпрыгожанне мужчына з Нью-Ёрка. Ён сам дызайнер інтэр’ераў, у такім эпатажным стылі … І ён купіў у мяне брошку ў дызайне залатога падпаленага сэрца. Спецыяльна для наведвання канцэрта Florence and the Machine. Вось гэта стыль жыцця!

Зусім нядаўна я рабіла замову для дзяўчыны, якая аднаўляецца пасля нейрадэгенератыўнай хваробы. У адзін дзень яна мне не адказала на ўзгадненне далейшага дызайну… Праз некалькі дзён яна напісала, што патрапіла ў рэанімацыю з алергічнай рэакцыяй на лекі і ледзь не памерла. У той дзень я працавала, не перастаючы плакаць. Дужацца за жыццё, але пры гэтым замовіць для сябе велізарныя завушніцы – ужо не ведаю, хто можа быць ярчэйшай за гэтую асобу.

Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць словы падзякі ўсім маім пакупнікам і тым, хто цікавіцца маёй творчасцю. Без вас гэта ўсё не мела б ніякага сэнсу!

Ты адкрытая для творчых фотасэтаў і калабарацый. Падзяліся досведам, з кім табе ўжо даводзілася працаваць, хто звычайна ініцыюе калабы, як праходзіць працэс фотаздымак і як фота трапляюць у замежныя часопісы?

Ці то сарамлівасць, ці то недахоп часу мне перашкаджае самой ініцыяваць падобныя справы… Таму мяне знаходзілі стылісты і фатографы самі. Самая першая здымка была з фатографам Індыяй Горохавай. Гэта было нешта неймавернае па эмоцыях і дзівосны вынік. 

Працэс просты: у інстаграм мне піша стыліст ці фатограф з прапановай супрацоўніцтва на бартэрных умовах, я паказваю тое, што ёсць у наяўнасці, і нясу гэта ў студыю ці адпраўляю пасылкай. Цалкам давяраю камандзе і маральна гатова да таго, што з упрыгожаннямі можа нешта здарыцца. На шчасце, інцыдэнтаў з паломкамі не здаралася. Пасля ўпрыгожанні забіраю і чакаю выніку. Ніколі не прыспешваю фатографаў, бо сама працавала фатографам і ведаю, як падгоны нервуюць.

У першую чаргу такое супрацоўніцтва дае задавальненне ад супрацоўніцтва, прыгожыя фатаграфіі, новыя знаёмствы, а часам і новых пакупнікоў. Падпісчыкі таксама новыя прыходзяць. Ключавое для мяне: узаемадзеянне ў камандзе. Гэтага мне вельмі не хапае зараз, і пакуль я ў пошуку, як гэта прыўнесці ў маю працу.

“Польскія маркеты адмаўлялі ў рэалізацыі”

Ты  цяпер жывеш у Польшчы. Як ты прыняла рашэнне пра пераезд і як праходзіў працэс адаптацыі, легалізацыі твайго творчага бізнэсу?

Спачатку мы, на ўсялякі выпадак, зрабілі візу Poland Business Harbour, калі яшчэ не было такога ажыятажу з візамі. Пасля маіх бясконцых трыгераў мы вырашылі пераязджаць. Прымалі рашэнне разам з мужам. Я не магу сказаць, што гэта было проста. Цэлы год у Польшчы я правяла ў нейкім засмучэнні. Нудзілася па родных, сяброўства не прайшло выпрабавання адлегласцю, польскія маркеты адмаўлялі ў рэалізацыі, у інстаграм пайшлі адпіскі праз тое, што я не ў Менску. Былі моманты слабасці, маўляў, “каму гэта патрэбна”. 

Але мой муж – самая вялікая мая падтрымка. Забараняў здавацца, калі я думала ісці працаваць “хоць куды”. Адкрыла краму на Etsy, разбіралася з семантычным ядром, псіхавала, дзе мне шукаць праверачную суму на рахунку… Першы продаж прыйшоў праз паўтара месяца пасля адкрыцця крамы на Etsy. Як гэта адбылося: паслізнуўшыся, я разбіла калена на Марскім Воку ў гарах. Пакрыўдзілася на мужа моцна. Потым, калі прыйшлі ў хату, я ўпала на ложак, інтэрнэт ужо пачаў нармальна загружацца… Яшчэ крыўдуючы, я спрабавала стрымаць усмешку на сваім твары… Першы продаж! На 450$! Крыўдзіцца перастала.

Пасля гэтага мая крама пачала паступова набіраць абароты, праз некалькі месяцаў стала зразумела – польскаму ІП быць. Мой муж мне вельмі ва ўсім дапамагае, літаральна кожны крок легалізацыі прахадзіла разам з ім. Мы звярнуліся ў канцылярыю, і ва ўсім дакументазвароце разбіраюцца яны. Маё першае дэлегаванне, шчыра кажучы.

Улетку мінулага гады я вырашыла паўдзельнічаць у маркеце, арганізаваным дыяспарай беларусаў у Кракаве, Беларускі пікнік.
Я так радавалася ад жывых зносін з пакупнікамі! Не перадаць… Пазнаёмілася з творчымі людзьмі. Пытанне адаптацыі стала паступова закрывацца, і я стала сябе адчуваць больш упэўнена.

Польскія маркетплэйсы адмаўляліся браць твае работы на рэалізацыю? Чым яны гэта тлумачылі?

На жаль, яны нічым гэта не тлумачылі. Са свайго боку растлумачу так: любы маркетплэйс зарабляе ад продажу тавару ці ад яго размяшчэння (як Etsy). Магчыма, польскія маркетплэйсы не зусім разумелі, як гэта прадаць і на гэтым зарабіць, таму адмовiлi. Магчыма, паўплывала грамадзянства іншай краіны. Больш я не спрабавала ім пісаць.

У цябе ёсць сайт, але набыць упрыгожанні можна толькі праз краму на Etsy ці праз інстаграм. Раскажы, праз якія каналы цябе знаходзяць пакупніцы і адкуль у цябе найлепшы прыбытак.

Сайт мы рабілі больш іміджавы, і сапраўды, гэтага вельмі хацеў мой муж:) Пакуль што старонку, дзе можна купіць тавар на сайце, мы не прыкручвалі – гэта каштуе дадатковых грошай, а мая прадуктыўнасць яшчэ не такіх маштабаў, каб акупіць укладанні на раскрутку гэтага сайта.

Вывучаючы розныя спосабы рэкламы і цяперашнія абставіны працы (цяпер я не рамеснік, а індывідуальны прадпрымальнік у Польшчы з усімі наступствамі), я зразумела, што самы вялікі даход прыносяць продажы на Etsy. У іх свой рэкламны алгарытм, дзе за 30$ у месяц прыходзяць продажы і новыя прыхільнікі крамы. Таму ўпор я раблю на яго. 

Трэба разумець, што Etsy – гэта велізарная сусветная крама вырабаў, зробленых рукамі (не заўсёды гэта хэндмэйд, але цяпер не пра гэта). І ў яе ёсць свая агромністая аўдыторыя, якая прыходзіць на Etsy за эксклюзівам ручной працы, за кастамізацыяй. Вось адтуль я і бяру ўвесь трафік у краму. 

Цяпер мала зрабіць прыгожы прадукт і чакаць, што кліент неяк сам цябе знойдзе. Паўсюль свае алгарытмы, якія ўплываюць на залучанасць. І на дадзеным этапе я надаю ўвагу алгарытмам Etsy, а інстаграм вяду ў рэжыме без якіх-небудзь чаканняў. 

Яшчэ, вядома, працуе рэклама ад саміх пакупнікоў. Вялікі, вялікі дзякуй за адзнакі ў сторыс і публікацыях. Рабіце гэта часцей, пакідайце водгукі – майстры ад гэтага рэальна радуюцца!

Як у Польшчы выглядае рынак дызайнерскіх упрыгожанняў і чым ён адрозніваецца ад беларускага? 

Адрозненні ёсць. Калі нашы дызайнеры, якія працуюць у тэхніцы зборкі упрыгожанняў, у большасці выпадкаў выкарыстоўваюць гатовую фурнітуру, то польскія дызайнеры яе вырабляюць самі. І, вядома, гэта адбіваецца на выніковым кошце. Вельмі папулярная тэма з натуральнымі камянямі ў ювелірнай агранцы, у боха стылі. Ювелірная школа мацнейшая, чым у Беларусі, і адносна даступная для асвойвання (650 злотых за курс). А вось вышыўкі вельмі мала, змагла б назваць толькі аднаго дызайнера (яна працуе з тэматыкай вачэй, дарэчы).

“Пачатковец можа абагнаць прызнанага аўтара, выдаць абсалютна ўнікальны прадукт, які здзівіць сваім наватарствам”

Перад апошнім сваім фэшн-маркетам ты пісала, што за два гады твайго ўдзелу ў маркетах было ўсё: факапы, фантастычныя здымкі, калабарацыі і знаёмствы. Раскажы падрабязней, як складваўся твой удзел у маркетах?

Напэўна, я раскажу пра свой першы сур’ёзны маркет (да гэтага быў яшчэ адзін несур’ёзны, дзе Аксана Ласюк сказала ісці мне на Вялікі модны маркет:)

І вось, мой удзел ухвалілі. Далей – паніка. Дзе ўзяць стол, дзе ўзяць антураж, дзе ўзяць стэнд. Крыва-коса падрыхтавалася. Надыходзіць першы дзень маркета – і ўсё. Як ёсць так ёсць.Першыя гадзіны чатыры ўвогуле было мала цікавасці да майго стэнда. Аднак потым пайшлі і продажы, і шмат прыемных слоў ад дызайнераў і ад пакупнікоў. Пасля ўсе маркеты праходзілі больш гладка і падрыхтавана.

А факапы – гэта ў першую чаргу паломкi, не зусім удалы дызайн, недаацэненыя асаблівасці паводзін матэрыялу, алергія на сталь, замовы, якія не забралі па выніку… Але гэта ўсё частка шляху – без гэтага ніяк.

Ты прыняла ўдзел у нашым конкурсе вырабаў на тэму сэрца – дзякуй табе за гэта. Што ты наогул думаеш пра ўдзел у конкурсах?

Дзякуй вам за конкурс: аб’яднаць такую ??колькасць удзельнікаў, завабіць… Гэта цудоўна і неймаверна!

Лічу, што ўдзельнічаць могуць усе. Калі ты навiчок – гэта не значыць, што шанцы зніжаюцца. Пачатковец можа абагнаць прызнанага аўтара, выдаць абсалютна ўнікальны прадукт, які здзівіць сваім наватарствам. А можа перамагчы і “дзядок”, які столькі шышак набіў на сваёй творчасці, што кожная праца дасканалая і ідэальная. І гэта возьме сваё. 

Перамога складаецца са шматлікіх фактараў – і важна гэта разумець. Суб’ектыўнае меркаванне, падтрымка ўласнай аўдыторыі, знаёмых і падпісчыкаў… Гэта ўрэшце не спорт, дзе ёсць нарматывы, а свайго роду дынамічная сістэма. Раю прачытаць кнігу “Сняданак у Sotheby’s.: Свет мастацтва ад А да Я” Філіпа Хука. Ён падрабязна тлумачыць коштаўтварэнне на той ці іншы твор мастацтва. Магчыма, майстрам, якія вельмі хвалююцца за пройгрыш у конкурсе (рэальны ці ўяўны), гэтая кніга дапаможа даць рады з іх эмоцыямі.

Магчыма, табе ёсць што параіць маладым майстрам, якія толькі пачынаюць развівацца ў сферы стварэння ўпрыгожанняў? Да якіх высноваў ты прыйшла за гэтыя гады?

Вядома, ёсць некалькі важных парадаў!
1. Правільна арганізуй сваю працоўную прастору. Хтосьці любіць працаваць у стэрыльнасці, хтосьці любіць працаваць у кантраляваным хаосе. Сваю майстэрню большасць маіх знаёмых дызайнераў арганізоўваюць у сябе дома.

2. Памятай пра сваё здароўе. Здароўе, запясці, спіна і іншыя часткі цела ў цябе ў адным камплекце – і ніводны дэдлайн не варты таго, каб іх вывесці з ладу. Рэжым дня з абавязковым адпачынкам, дастатковая колькасць сну, гімнастыка для вачэй, рук і спіны дапаможа працаваць у абранай сферы доўгія гады.

3. Не грэбуй сродкамі аховы пры працы з хіміяй. Цяпер, калі я выкарыстоўваю клей ці кіслату, надзяваю ахоўную маску.

4. Адмаўляйся ад заказаў, з якімі “нешта не так”. Называй рэальныя тэрміны стварэння ўпрыгожання, без страху, што кліент сыдзе праз гэта. Часам сыходзіць, гэта праўда. Але потым абавязкова прыходзяць іншыя пакупнікі.

5. Не заўсёды атрымліваецца тварыць на пазітыўных эмоцыях. І гэта нармальна. За 2022 год я навучылася працаваць на розных эмоцыях, і ў гэтым ёсць свае плюсы. У канчатковым вынiку гэта энергія, а эмацыйную афарбоўку мы надаём самі.

6. Не заўсёды ідэальна атрымліваецца нават тое, што робіш соты раз. Крыва прыляпіўся элемент, усё валіцца з рук – лепш пераключыцца ад працы ў гэты дзень на нешта іншае, а на наступны паўтарыць. Звычайна маё вока так “размыльваецца”, і ўсё атрымліваецца нават лепш, чым звычайна.

7. Не марнуй часу на высвятленне стасункаў з іншымі дызайнерамі і хэйтэрамi. Гэта канфлікт паміж двума процілеглымі пунктамі гледжання, а значыць тупіковы. Я грашыла гэтым я як абаронца, і як нападнік. Толку ад гэтага ніякага ва ўсіх сэнсах.

8. Падтрымка блізкіх і аўдыторыі – вельмі важная. Не саромся яе папрасіць, калі адчуваеш яе недахоп.

9. Стаў справядлівую цану на ўпрыгожанні. Калі прыніжаеш кошт з памкненняў, каб купілі – раю гэта прапрацаваць разам з псіхолагам. Якасная ручная праца не можа каштаваць танна.

Што для цябе поспех? Чым ты яго вымяраеш у сваёй творчасці?

Такія духоўныя адказы былі, а заканчваем так празаічна)) 

Як сказаў мой муж, гэта money rain. Мы жывем у вельмі капіталізаваным свеце, і я часта дома разважаю на тэму: “А што было б, калі б усе грошы ў свеце зніклі і ўсім людзям хапала ежы, адзення і камфорту? Было б больш адкрыццяў? Было б больш творчасці без неабходнасці выжываць?”

Калі адкінуць грашовую частку, то мой поспех вымяраецца ў прыняцці публікай маіх упрыгожанняў; іх цёплыя і сардэчныя водгукі, як з дапамогай іх прыбіраюцца жанчыны і мужчыны і адчуваюць сябе на ўсе 100%.

Гэтак жа поспех таіцца і ў тэхнічнай частцы – як я сабой ганарылася, калі вышыла партрэт Фрэдзі Мэрк’юры! Ці вось гэта: як крута аптымізавала агонь над сэрцам!

І я не магу выбраць, што важней у дадзеным выпадку, пэўна, усе тры складнікі – грошы, прыняцце, майстэрства – аднолькава важныя для поспеху.

(с) ALOVAK

Leave a Reply