Рэпартаж з зімовага Craftmall – маркету вырабаў беларускіх дызайнераў і майстроў

25 і 26 лютага ў Менску прайшоў маркет вырабаў беларускіх дызайнераў і майстроў  MASLENITSA Craftmall. Анлайн-часопіс для творчых людзей ALOVAK пабываў на маркеце, паразмаўляў з удзельнікамі і арганізатарамі мерапрыемства і падрыхтаваў фотарэпартаж.

Фота: Дар’я Піскун

Сярод іншых кірмашоў, дзе можна набыць вырабы ручной работы, Craftmall вылучаецца найперш утульнай атмасферай. Мерапрыемства праходзіць у прасторы Vershy  на Кастрычніцкай. Арганізатары выбарачна падыходзяць да адбору ўдзельнікаў маркету, стараюцца сабраць самых цікавых і адметных майстроў. Перавага такога падыходу – за кароткі час вы пазнаёміцеся з усімі майстрамі і не паспееце стаміцца.

Мы папрасілі ўдзельнікаў Craftmall падзяліцца сваімі ўражаннямі. Майстры і дызайнеры шчыра расказалі, ці засталіся яны задаволеныя вынікамі маркету. У канцы рэпартажу вы таксама знойдзеце парады арганізатаркі маркету Вольгі Жадзеевай патэнцыйным удзельнікам наступнага Craftmall. Раім абавязкова прачытаць іх тым, хто раздумвае над удзелам у такіх мерапрыемствах.

Калі знойдзеце на фотаздымках ніжэй сябе ці свой стэнд на фота, напішыце нам – мы вас адзначым!

@sashaborscheva

Ішла  на маркет з прадчуваннем таго, што сустрэнуся з новымі цікавымі людзьмі. Аўдыторыя Craftmall адрозніваецца ад іншых, вельмі прыемная. Гэта мне падабаецца. Ну і былі чаканні продажаў, натуральна. Мне падабаецца атмасфера маркету, тое, што арганiзатары вельмі стараюццая, каб усё было гарманічна. З гэтым было ўсё клас, але наведнікаў было мала. Такое бывае, такі перыяд.

Я вельмі люблю сустракацца на маркетах з людзьмі і калегамі, гэта каштоўны досвед. Увесь маркет прагаварыла з суседкамі па стэндзе, хадзіла да іншых майстроў. Лічу, што вельмі важна абменьвацца досведам, я заўсёды шчыра дзялюся з калегамі сваімі дасягненнямі і планамі.

Пачаткоўцам магу параіць удзельнічаць у маркетах, але без асаблівых чаканняў. Рабіць класны стэнд. Трэба даць людзям прыгледзецца, зразумець, што за вырабы ў цябе, развіваць у іх нагледжанасць. Спрабаваць розныя пляцоўкі, маркеты, ну і ствараць каштоўны прадукт. Можна пахадзіць па маркетах як наведнік, пагаварыць з майстрамі, спытаць іх меркаванне наконт вырабаў і магчымай пляцоўкі.  Я б, напрыклад, падказала, я люблю даваць парады)

@utki_uu

Удзельнічаю тут ўжо раз трэці. Падабаецца гэтае мерапрыемства за атмасферу, яно непадобнае на звычайны маркет, а хутчэй на сустрэчу. Асаблівых чаканняў не было, было пажаданне адчуць людзей, публіку. Убачыць знаёмых майстроў. Наогул, калі ўдзельнічаеш у маркеце, гэта заўсёды вялікі стымул падрыхтавацца і зрабіць новыя работы. Таму на маркет прыходзіш крыху выціснуты, ды яшчэ надвор’е было не вельмі. Праз гэта настрой быў не надта, але ў цэлым усё прайшло добра.

Продажы былі не вялікія, напэўна, бывала лепш. Але для мяне гэта не паказчык. Было шмат людзей – аматараў ручной работы, я бачыла, што здымкамі маіх вырабаў дзеляцца ў сацсетках, паказваюць мяне, і гэта класна ў плане далейшага прасоўвання. Ну і парадавала, што побач былі знаёмыя майстры, можна было нагаварыцца ўдосталь.

@watchme_art

Я ўдзельнічаю ў Craftmall з лета. Мне спадабалася з першага ўдзелу, гэта кожны раз падзея. Па-першае, ты знаходзішся сярод такіх жа творчых людзей, дызайнераў і аўтараў. І наведнікі – гэта людзі, якія разумеюць і шануюць вырабы ручной работы, не абясцэньваюць нашу працу, як часам бывае на іншых маркетах. Таксама мая любімая частка мерапрыемства – канцэрты з жывой музыкай. Як маркет, Craftmall моцна вылучаецца сярод іншых кірмашоў, у першую чаргу ўзроўнем падрыхтоўкі, усё прадумана да дробных дэталяў. Відаць, што арганізатаркі гараць гэтай справай.

Я планую і далей удзельнічаць, наогул я заўсёды за любы рух, актыўнасць. Раю майстрам-пачаткоўцам заўсёды спрабаваць нешта новае, эксперыментаваць. Я шмат усяго пераспрабавала ў творчым плане, і гэтыя метамарфозы выпадкова прывялі да таго, чым я цяпер займаюся.

@verushka_upcycle

Першы мой ўдзел у Craftmall быў у снежні 2021 года. Можна сказаць, я “старажыл” маркету:) Удзельнічала перыядычна, па магчымасці, але ў будучым планую не прапускаць.

На гэты маркет ішла з добрым настроем, бо ведала, што да мяне завітаюць мае сталыя кліенты, якія ўжо даўно чакалі сустрэчы (бо мая майстэрня знаходзіцца ў спальным раёне, далёка не ўсім зручна прыехаць туды, а на маркет добра зайсці “праходам” па сваіх справах).
Апошнія два гады я пастаянна ўдзельнічаю ў розных маркетах – у Менску, Берасці, па 1-2 маркеты на месяц, таму я добра ведаю, што бываюць і вельмі добрыя продажы, і зусім ніякія. Таму высокіх заробкаў не чакаю.

Ад Craftmall я чакала прыемнай атмасферы, сустрэчы з сябрамі і калегамі, кліентамі, абмену досведам – нэтворкінгу, як кажуць. Гэта мерапрыемства пра эстэтыку, прыгажосць, камфорт, музыку, толькі самыя цікавыя брэнды. Асабіста я адчуваю эстэтычнае задавальненне, калі знахаджуся тут. І мне прыемна, что мае рэчы ацанілі і былі продажы. Я адбіла арэнду і яшчэ нешта зарабіла.

@victoriakalenik

Гэта мой другі ўдзел у гэтым маркеце. Мы засумавалі па падзеях такога плану. Да гэтага нешта падобнае я адчувала на Цэнтральным модным маркеце. Крафтмол валодае шэрагам пераваг – камернасць, асаблівая творчая атмасфера, прыемныя ўважлівыя наведнікі, у тым ліку і замежнікі, пільны адбор удзельнікаў, неабыякавае стаўленне арганізатараў.

Тым майстрам, якія яшчэ не прымалі ўдзел у маркетах, раю абавязкова прыкласці намаганні, каб стаць часткай гэтага свята і атрымаць новыя незвычайныя адчуванні. Вельмі ўдзячная стваральнікам Craftmall за магчымасць сустрэцца з цікавымі і таленавітымі людзьмі, а таксама за ўсе намаганні зрабіць праект лепшым. Спадзяюся, што змагу паўдзельнічаць у наступны раз.

@do.jewelry

Мне падабаецца атмасфера Craftmall і тое, як арганізатары клапоцяцца пра тое, каб гэта было стылёвае мерапрыемства. Гэта мой 5 удзел у маркеце, я ішла сюды з жаданнем пагутарыць і добра папрацаваць. Чаканні, на жаль,  на гэты раз не спраўдзіліся, было няшмат людзей, і зусім ніякія продажы.

 

Але кампанія сяброў была добрая, таму выходныя былі не сумнымі. Планую ўдзельнічаць яшчэ, бо пакуль гэта самы цікавы маркет у Менску. Раю калегам не сумаваць, калі маркет праходзіць дрэнна , таму што так бывае.

@by_black_salamander

Удзельнічаю ўжо трэці раз. Падабаецца атмасфера мерапрыемства, таму выязджала на маркет з некаторым прадчуваннем. На гэты раз, на жаль, было не вельмі шмат наведнікаў. Думаю, гэта звязана з надвор’ем гэтымі днямі і святкаваннем масленіцы на многіх іншых пляцоўках.

Для майстра-пачаткоўца важна звярнуць увагу на колькасць наведнікаў маркету (можна зазірнуць на яго яшчэ да падачы заяўкі, як наведнік), спосабы прасоўвання і рэкламы ад самой пляцоўкі, а таксама на патрабаванні арганізатараў у допісах пра маркет для майстроў-удзельнікаў. Вельмі важную ролю таксама адыгрывае месца правядзення маркета. Але, у любым выпадку, пакуль не паспрабуеш, складана сказаць, што нейкае канкрэтнае мерапрыемства падыдзе асабіста табе. Вельмі шмат залежыць ад інтарэсаў наведнікаў на канкрэтнай пляцоўцы, і ці спадабаюцца ім вашыя вырабы.

@cozy_homeby

Удзельнічаем тут сёмы раз. Ішлі з прыемным настроем, бо ведаем фармат праекта, аўдыторыю і атмасферу мерапрыемства. За час усіх удзелаў у нас з’явіліся пастаянныя кліенты, якія прыходзяць менавіта на Craftmall па нашу прадукцыю і чакаюць з нецярпеннем гэты маркет.

Мы ўдзельнічаем у шматлікіх выставах, але вельмі складана параўнаць Craftmall з імі, бо ўсе маркеты абсалютна розныя па фармаце і аўдыторыі. Парадавала цёплая атмасфера ў коле таленавітых творчых людзей і, вядома, новыя знаёмствы з нашымі кліентамі.

Лічу, што вельмі важна ведаць свой прадукт і сваю аўдыторыю. Таму, не варта мець асаблівых надзей, а проста быць упэўненым у сваім прадукце і, натуральна, рабіць яго якасна.

@andistore_by

Удзельнічаем у Craftmall ужо раз шосты. Ішлі на маркет з добрым настроем, бо гэта не толькі продажы, але і камунікацыя з класнымі людзьмі. У нас не было вялікіх чаканняў, бо студзень і люты не самыя лепшыя месяцы ў плане продажаў. Але яны на здзіўленне нас парадавалі.

У параўнанні з іншымі маркетамі Craftmall самы атмасферны, спакойны. Людзей прыходзіць не вельмі шмат, але яны мэтанакіравана прыходзяць па пакупкі. Шануюць ручную працу, адэкватна ставяцца да коштаў. Прыемна, што вечарамі жывая музыка.

Люблю камунікаваць з нашымі калегамі! Ніхто так не зразумее рамесніка, як іншы рамеснік. Мора эмоцый, падтрымкі, гутарак.

@olya_flowersroom

Гэта мой першы ўдзел, і я старалася не мець ілюзій і вялікіх чаканняў. Магчыма, таму ўсё прайшло добра.

Надвор’е падпсавала настрой, але ўнутраная атмасфера на Craftmall усё ураўнаважыла. Галоўная мэта, за якой я ішла, гэта эмоцыі – эмоцыі людзей, якія набываюць мой тавар. Я іх атрымала, і цяпер ведаю, куды рухацца далей.

Новым майстрам жадаю смеласці! А “старэнькім” не губляць надзею і працягваць тварыць.

@velmihome

Удзельнічала ў Craftmall ўпершыню. Шмат чаго не чакала, маркет дастаткова малады. Пра яго яшчэ мала хто ведае. Пачаўся ён для мяне вельмі сумна. Яшчэ да адкрыцця я разбіла па неасцярожнасці кубкі сваёй суседкі па маркеце, таму адразу сышла ў мінус. Збіраючы аскепкі, парэзала палец і пакінула сляды крыві на сваіх працах. Хацелася расплакацца і сысці. Але маркет пачаўся. Да мяне прыйшлі мае людзі, тыя, хто на мяне падпісаны. Падтрымлівалі, абдымаліся. Адна дзяўчына падарыла мне керамічныя кольцы для сурвэтак.

З мінусаў – было замала месца. Ці, можа, я шмат тэкстылю ўзяла? Мае хусткі і фартухі не асабліва добра можна было разглядзець.

З плюсаў – людзі. Пакупак было не шмат, але яны былі. На здзіўленне, нямала было замежнікаў. Германія, Канада, Славакія. Нягледзячы на тое, што на маркеце выручка была невялікая, ён прынёс мне добрыя замовы.

Стасункі з калегамі на маркетах – асобны від задавальнення. Я ўжо 15 гадоў у хэндмэйдзе. 50% удзельнікаў былі мне знаёмыя. Усе гатовы падтрымаць адзін аднаго. У кагосьці нажнічкі папросіш, з кімсьці пакуначкам падзелішся.

Удзельнічаць буду яшчэ. Калі возьмуць. Такія камерныя невялікія маркеты – добры старт для пачаткоўцаў. Тут зручна ладзіць развіртуалізацыю з пакупнікамі, знаёміцца з майстрамі, ствараць калабарацыі. Не стаўце сабе за мэту распрадаць усё. Знізьце ступень чаканняў і проста імкніцеся добра правесці час, паказаць сябе і свае працы.

Парады ўдзельнікам маркету ад арганізатаркі Craftmall Вольгі Жадзеевай:

Мы імкнёмся рабіць тэматычныя канцэпцыі нашых мерапрыемстваў ў залежнасці ад нагоды, прадумваем аздабленне, музычную праграму. У гэты раз была Масленіца. Мы супрацоўнічаем з рознымі медыямі, паблікамі, блогерамі, каб прывабіць больш аўдыторыі, і ўжо напрацавалі сабе добры імідж, я лічу. Але:

1) Вырабамі ручной работы лепш за ўсё гандлююць самі стваральнікі. Ніводны іншы прадавец не раскажа так цікава і не падзеліцца сваім запалам. Людзі рэагуюць на асабістую энэргію і бляск у вачах! І гэта тое, чаго не набудзеш у крамах, і што так запатрабавана цяпер.

Часта найміт сядзіць з абыякавым выглядам увесь дзень або бегае выпіць кавы, а майстар потым здзіўляецца, чаму продажаў так мала.

2) Сторытэлінг патрэбны не толькі ў інстаграме! Я кожны раз бачу, як каля адных майстроў увесь час натоўп, каля іншых – пуста. Розніца ва ўзаемадзеянні з пакупнікамі: калі кожны выраб – гэта асобная гісторыя, цікавыя факты, казка – ад такога майстра немагчыма адарвацца. І нават калі цяпер табе непатрэбныя яго рэчы, у наступны раз захочацца вярнуцца.

3) Настрой майстра мае вялікае значэнне. Кіслы незадаволены твар палохае людзей, шчырая ўсмешка – прываблівае. Здаецца, гэта проста і відавочна, але чамусьці не для ўсіх.

4) Аздабленне месца таксама вельмі важна! Мы нават праводзілі конкурс на лепшы варыянт, госці галасавалі. Выйграла тады фларыстка Кацярына Карэнюгіна.

І калі да майстроў, якія размяшчаюцца на сталах, у нас няма пытанняў, то да брэндаў адзення, на жаль, ёсць. Каб захацелася нешта прымерыць, трэба, каб вешалкі былі аднолькавымі, адзенне выглядала аднародна, ў адным стылі, а не як рэшткі 10 розных калекцый – гэта вельмі важна.

Craftmall – гэта мерапрыемства пра творчасць, самабытнасць, а яшчэ пра эстэтыку і прыгажосць, гэта частка нашай філасофіі. Некаторыя ўдзельнікі крыўдзяцца, што мы робім заўвагі наконт розных вешалак, але ж гэта не дробязі, гэта псуе ўвесь выгляд.

5) Шыльдачка з назвай брэнда і спасылкі на інстаграм неабходныя!

Па-першае, пэўныя рэчы могуць быць неактуальныя гасцям, але потым яны захочуць вас знайсці.

Па-другое, шмат хто робіць сторыз з адзнакамі, а гэта адразу новыя падпісчыкі і патэнцыйныя кліенты.

Пра тое, што трэба мець інстаграм са зразумелай шапкай профілю, неабходнай кантактнай інфармацыяй, якаснымі здымкамі і прыстойнымі тэкстамі, нават узгадаваць не хочацца. Але, на жаль, гэта таксама ёсць не ва ўсіх… “Няма часу”, – кажуць. Ну вазьміце ўжо SMM-спецыяліста, няхай у вас будзе 1 гісторыя ў дзень і 1 допіс у тыдзень. Без гэтага ніяк.

Ад рэдакцыі. Далучаемся да парады мець шыльдачку. Будзе выдатна, калі будзе яшчэ і QR-код
  1. Калі ў вас круты якасны асартымент, прыгожая падача, добры настрой, то ўдзел у такіх мерапрыемствах – гэта выдатная рэклама і магчымасць паказаць сябе, знайсці новую аўдыторыю, пазнаёміцца з людзьмі, прадэманстраваць свае вырабы ўжывую патэнцыйным кліентам, кола якіх будзе павялічвацца з кожным разам.

  1. І яшчэ. Успрымайце ўдзел у такіх мерапрыемствах як нэтворкінг і майстармайнд, як магчымасць пабыць у асяроддзі таленавітых калег, творчых людзей, пастасавацца з імі ў прыгожым месцы, натхніцца.

Больш фота з Craftmall ад Дар’і Піскун

(с) ALOVAK

Leave a Reply