Вікторыя, маці дваіх дзяцей і лінгвіст па адукацыі, амаль 2 гады таму пакінула працу ў парыжскім офісе, каб стаць фатографам. За гэты час яна не толькі не пашкадавала пра гэта, але стала больш упэўненай і адчула сябе ў сваім новым жыцці як “рыба, якую нарэшце пусцілі ў ваду”. Мы папрасілі Вікторыю падзяліцца сваім досведам.
Пачатак
Фатаграфія заўсёды была маім захапленнем. А ў дзяцінстве я дапамагала дзядулю і тату праяўляць фота дома. Тата заўсёды шмат фатаграфаваў, вечарамі мы праглядалі плёнкі, выпісвалі нумары кадраў для друку, рабілі альбомы. Для мяне фатаграфія была такой жа важнай часткай штодзённага жыцця, як, напрыклад, чытанне.
Пры пераездзе ў Францыю, 6 гадоў таму, я хацела заняцца фатаграфіяй прафесійна. Але мяне ўсё адгаворвалі: «Хіба гэта можа быць працай?! Займайся фота як хобі, у сваё задавальненне». Толькі якое гэта хобі, калі ты разрываешся паміж двума дзецьмі, працай у офісе і хатнімі клопатамі… Але я вырашыла не рызыкаваць і пайсці па больш бяспечным шляху – адвучылася на курсах па імпарце-экспарце і ўладкавалася працаваць у тыповую французскую кампанію, якая арганізуе дастаўку дэлікатэсаў па ўсім свеце.
Змяніць усё
Я вырашыла сысці з офіса, калі зразумела, што не магу цалкам укладвацца ў сваю працу, а хадзіць і «адседжваць» працоўныя гадзіны, атрымліваючы стабільны заробак у канцы месяца, несумленна ў адносінах і да сябе, і да працадаўцы. Акрамя таго, праца не дазваляла мне праводзіць дастаткова часу з дзецьмі. У цесным офісе калегі чакалі ад мяне сядзення за кампутарам дапазна, а ў яслях і школе мае стомленыя дзеці чакалі маму.
Калі я толькі пачынала займацца фатаграфіяй, шукала кліентаў усюды. Да прыкладу, суседка, з якой я ніколі не мела стасункаў, нарадзіла дзіця – я адразу да яе з прапановай фотасесіі. На Facebook рэгулярна маніторыла групы рускамоўных у Парыжы. Вось, напрыклад, хтосьці пытаецца, у якім парыжскім радзільным доме лепш нараджаць – я пішу ў каментары і рэкамендацыі радзільняў, і прапановы сваіх фотапаслуг. Цяпер сама дзіўлюся, адкуль у мяне столькі смеласці і нахабства было. Недзе праз год-паўтара запрацавала сарафаннае радыё. Потым пачалі вяртацца мае ж кліенты (хрысьбіны дзяцей, дні нараджэння дый проста сямейныя фотасесіі). Бачыць ізноў знаёмыя твары , ужо падрослых і калісьці фатаграфаваных мной дзяцей – гэта наогул самая вялікая радасць для мяне.
Цяпер сама дзіўлюся, адкуль у мяне столькі смеласці і нахабства было.
Фатографы Францыі
У Францыі па статыстыцы каля 25 000 фатографаў (афіцыйна зарэгістраваных). За апошнія 15 гадоў іх колькасць павялічылася на 37%. Фатограф зарабляе ў сярэднім каля 30 000 эўра на год. Як і ва ўсёй Еўропе, фатографаў тут становіцца ўсё больш і больш, а ў звычайных людзей з’яўляецца больш магчымасцяў купіць сабе якасны тэлефон з выдатнай камерай ці практычна прафесійны фотаапарат. Ужо некалькі разоў я чула гісторыі пра тое, як людзі адмаўляюцца ад паслуг фатографа, аргументуючы гэта “а ў нас ёсць дзядзька з вельмі добрым фотаапаратам, ён і будзе ўсё здымаць”.
На мой погляд, французскія фатографы больш лянівыя. Пачынаючы ад стасункаў з кліентам і заканчваючы апрацоўкай фатаграфій. Аднойчы я хацела замовіць сямейную здымку для сваёй сям’і: з 5 фатографаў, якім я даслала лісты, мне адказаў толькі адзін. Пры гэтым тут абсалютна нармальным лічыцца, што пасля двухгадзіннай здымкі, якая каштуе кліенту 200-300 еўра, вы атрымаеце 10-15 апрацаваных фатаграфій. Жадаеце больш? Плаціце за кожнае дадатковае фота асобна. А яшчэ часта ў іх кадрах шмат самалюбавання і мала цікавасці да героя здымкі…
Стаць фатографам
Наогул, каб стаць кімсьці, трэба пякучае жаданне і зацятасць. У Францыі тое самае. Ніякіх спецыяльных дыпломаў для фатографа не патрабуецца. Важна ўмець якасна рабіць сваю працу, а ўжо за кошт чаго ў фатографа гэта атрымліваецца (вучоба ў фоташколе ці самаадукацыя) – гэта яго справа.
Што да афіцыйнай рэгістрацыі, то для гэтага дастаткова сабраць пэўны набор дакументаў і заплаціць каля 100 еўра. Часам, у залежнасці ад першапачатковага дыплома або досведу працы, будучага індывідуальнага прадпрымальніка могуць папрасіць прайсці 5-дзённыя курсы, на якіх падрабязна распавядаюць пра тое, як зарэгістраваць і весці бізнэс у Францыі.
Я выбрала для сябе самы просты юрыдычны статус: я плачу падаткі толькі тады, калі дэкларую прыбыткі. Гэта значыць, напрыклад, калі ў нейкім месяцы я вырашу не працаваць, то ніякіх адлічэнняў дзяржаве мне плаціць не давядзецца. Гэта вельмі зручна для пачаткоўцаў, хоць і мае шэраг недахопаў (напрыклад, зусім невялікія адлічэнні ў страхавы і пенсійны фонды).
Наогул, каб стаць кімсьці, трэба пякучае жаданне і зацятасць.
У Францыі дзяржава душыць падаткамі любы бізнэс, але ўсё ж імкнецца неяк падтрымліваць яго. Напрыклад, фатограф, які афіцыйна зарэгістраваў свой бізнэс, мае права на бясплатныя курсы (дакладней яны аплачваюцца за кошт нашых падатковых адлічэнняў) па развіцці бізнесу, маркетынгу, камунікацыі. Акрамя таго, можна атрымаць фінансавую падтрымку для частковай аплаты майстар-класаў і больш спецыялізаваных курсаў.
Магчымасцяў атрымліваць новыя веды ў фатаграфіі зараз вельмі шмат. У інтэрнэце ёсць выдатныя сайты з карыснымі і натхняльнымі матэрыяламі для фатографаў. А яшчэ не варта забывацца на культурнае жыццё. Паходы ў музеі, наведванне выставак – гэта асаблівая крыніца натхнення: разглядаць спалучэнні кветак на карцінах, паставы людзей, кампазіцыю. Прыдумляць здымкі, у якіх гэта можна было б так ці інакш ужыць.
Парады Вікторыі
Сайты, карысныя фатографам:
- https://www.creativelive.com/
- https://amlab.me/
- https://www.empara.fr/
- https://www.clickinmoms.com/
- https://loeildelaphotographie.com
Рабіць крыху больш за запланаванае
Ва ўсім свеце і ў любой галіне толькі адзінкам поспех даецца лёгка. Я лічу, што калі ўлягаць у сваю працу і рабіць крыху больш за запланаванае, вынікі будуць радаваць. У мяне столькі прыкладаў паспяховых фатографаў у Парыжы: ёсць тыя, хто здымае толькі блогераў, толькі турыстаў у Эйфелевай вежы, толькі вяселлі. Няважна, які кірунак выбіраюць людзі, яны дастаткова зарабляюць пры ўмове правільна арганізаванай працы.
Задавальненне ад працы, жаданне заўсёды рухацца наперад, камфортная фінансавая сітуацыя, правільны баланс паміж сферамі праца / сям’я / хобі – усё гэта для мяне на дадзены момант крытэрыі жаданай паспяховасці. Імкнуся да таго, каб ажыццяўленне гэтых пунктаў у мяне было стабільным, а не ад месяца да месяца.
Я ўвесь час (раз у месяц) карэктую свае кароткатэрміновыя мэты, дадаю новыя – гэта бясконцы працэс. Мне ўвогуле здаецца, што калі працуеш на сябе, па-іншаму проста быць не можа.
Няважна, які кірунак выбіраюць людзі, яны дастаткова зарабляюць пры ўмове правільна арганізаванай працы.
Натхненне
На працягу некалькіх гадоў я хадзіла на фотагурток у Парыжы. У нас быў курс, які доўжыўся год, пад назвай “У стылі…”. Нам давалі імя фатографа, на працягу месяца трэба было вывучыць яго творчасць і зрабіць адну фатаграфію, натхнёную ім. Дзякуючы гэтаму курсу я зразумела, што вучыцца можна і трэба нават у тых фатографаў, творчасць якіх мы не заўжды разумеем і любім. Гэта дазваляе выходзіць з зоны ўласнага камфорту. Ёсць два фатографы, дарагія майму сэрцу: Бернар Пласю, які стаў для мяне выдатным прыкладам таго, што тэхніка не мае ніякага значэння, важна толькі тое, што мы хочам перадаць на фота. І Юджын Сміт – мой кароль дакументальнай фатаграфіі з душой.
Я натхняюся людзьмі. Я вельмі шмат размаўляю з кліентамі падчас здымкі, мне важна іх зразумець і адчуць. А як часта я лячу на крылах дадому пасля здымкі! Так я зараджаюся любоўю ад людзей.
(C) ALOVAK