Па-летнему цёплае надвор’е натхніла нас на гэтую сакавітую сервіроўку велікоднага святочнага стала. Мы, як заўжды, выкарыстоўвалі прыродныя матэрыялы, і абралі галоўным акцэнтным колерам зялёны і яго адценні – ад ярка-салатавага да цёмна зялёнага. Дзелімся вельмі простымі ідэямі, як эфектна ўпрыгожыць святочны стол!
Тэкст, фота: Кацярына Буто
Фларыстыка: Ганна Савановіч
Не стамляемся паўтараць, як прыгожая сервіроўка адбіваецца на нашым настроі і ўнутраным стане. За густоўна накрытым сталом стравы выглядаюць вельмі апетытна, ды і смак страў раскрываецца лепш. І дыетолагі падцвярджаюць: сервіроўка спрыяе свядомаму харчаванню і можа змяняць у лепшы бок харчовыя звычкі.


Трэндавы акцэнтны колер
Адзін з трэндаў 2025 года ў прадметнай фатаграфіі – колеравая лаканічнасць, ці акцэнт на адным колеры. Гэты прыём вельмі файна глядзіцца і ў сервіроўках. У якасці асновы мы ўзялі ільняны не выбелены абрус і посуд нейтральнага светлага колеру (снежна-белы ў дадзеным выпадку будзе пасаваць, калі такога ж колеру і абрус).
Акцэнтны колер нам дапамаглі падтрымаць даступныя прыродныя матэрыялы, гародніна і садавіна самых розных адценняў зялёнага: яблыкі, грушы, вінаград, капусныя лісты, прарошчаная трава і галінкі дрэваў. Падтрымалі акцэнтны колер таксама і зялёныя сцябліны нарцысаў – іх жаўтаватыя галоўкі таксама выдатна ўпісаліся ў колеравую гаму сервіроўкі.

Таксама добра ўпішуцца ў такую сервіроўку агуркі, гарох, спаржавая фасоля, ківі, стравы з кабачкоў, розных відаў зеляніны і капусты, зялёная цыбуля, авакада, мікразеляніна і іншыя прадукты нейтральных і зялёных адценняў. А таксама любая страва, шчодра пасыпаная зелянінай:)



(прыклады страў зялёнага колеру ўзяты з unsplash.com)
Палянка для яек
У якасці падстаўкі для яек мы ўзялі дастаткова шырокую талерку і ўпрыгожылі яе сапраўднай травой. Яе можна прарасціць самастойна, але трэба зрабіць гэта загадзя, мінімум за 2 тыдні да Вялікадня. Для самастойнага прарошчвання падыйдзе насенне газоннай травы ці злакаў (напрыклад, пшаніца ці авёс). А можна набыць гатовую прарошчаную траву ў заакрамах.

Падсвечнікі з яблыкаў
Гэта не толькі бюджэтная, але яшчэ і вельмі эфектная замена традыцыйных падсвечнікаў. Рабіць падсвечнікі з яблыкаў вельмі проста:
- Пастаўце на яблык зверху (туды, дзе хвосцік) чайную свечку і абвядзіце яе фламастарам.
- З дапамогай нажа прарэжце абведзены круг (павінна атрымацца варонка)
- Лыжкай паглыбьце сценкі варонкі, каб туды магла змясціцца свечка.
- Каб яблык унутры не пацямнеў, апырскайце адтуліну лімонным сокам.
- Засталося ўставіць свечкі – і гатова!

Вазачка з капуснымі лістамі
У нашым выпадку вазачка стала падсвечнікам для высокіх сталовых свечак, але ў ёй будуць добра глядзецца і кветкі! Ўсё элементарна проста – любую шклянку ці слоік абкруціце лістамі капусты (колькасць залежыць ад памераў шклянкі і саміх лістоў), перавяжыце некалькі разоў шпагатам і завяжыце акуратны банцік. Абірайце абавязкова цэлыя лісты капусты – для гэтага можа спатрэбіцца зняць у як некалькі верхніх. Падыйдзе пекінская ці ранняя звычайная капуста – для дэкаратыўных мэтаў лепш абіраць зелянейшыя галоўкі.

Галінкі ў вазе з кветкамі
Выкарыстоўванне квітнеючых галінак у букетах з вясновымі кветкамі – сапраўдны трэнд у фларыстыцы! А яшчэ гэта вельмі прыгожа, пагадзіцеся. Акрамя таго, галінкі дрэваў захоўваюць сваю прывабнасць даўжэй, чым многія зрэзаныя кветкі, асабліва пры правільным доглядзе. Можна выкарыстоўваць галінкі пладовых дрэваў (вішні, чарэшні), вярбы ці любога іншага дрэва ці кустарніка.


Яйка ў сурвэтцы ў выглядзе трусіка
Мілая дэталь сервіроўкі – яйкі ў сурвэтках, якія нагадваюць трусікаў (зайчыкаў). Рабіць такія вельмі проста:
- Сурвэтку трэба раскласці на роўнай паверхні і скласці па дыяганалі, каб атрымаўся трохвугольнік.
- Пасля – скласці ў некалькі разоў, пачынаючы ад большага боку трохвогульніка, каб атрымалася доўгая “стужка”.
- Скручаную сурвэтку пасля трэба абгарнуць вакол яйка – так, каб канцы апынуліся над ім, і завязаць джутавым шпагатам. Гатова!

Ручная работа
Вырабы майстроў у сервіроўках – заўжды ўдалы выбар, з імі ваша сервіроўка стане яшчэ цікавей! У нашай здымцы паўдзельнічалі керамічныя вырабы ад @harlachyk.ceramics, ільняны абрус ад @barninak_ і свечкі з натуральнай вашчыны ад @beeheartwhispering.



Няхай вашыя святы будуць яркімі, радаснымі і прыгожымі!
(c) ALOVAK

