Творчы маркетынг: ёсць што прапанаваць! Альбо гід па падрыхтоўцы да святаў

Ужо зусім хутка лютаўскія і сакавіцкія святы, і мы так шмат чаго мусім паспець. Пачнем жа!

Тэкст: Яна Мелько
Ілюстрацыі Ірына Бельская

Мы ўжо даведаліся пра ўнікальную гандлёвую прапанову (УГП) і як яе развіваць для эфектыўнага дасягнення бізнес-мэтаў. У гэтым нумары мы зоймемся аналізам УГП і дапаможам канчаткова сфарміраваць вашую прапанову.

Як вядома, попыт і прапанова працуюць у звязцы, і добра, калі яны сябруюць. Сітуацыя, калі попыт перавышае вашую прапанову, азначае, што вы малайчына: цудоўна папрацавалі з УГП і зараз можаце адрэгуляваць кошт на вашую карысць.

А калі ваш попыт і прапанова яшчэ знаходзяцца не ў тых суадносінах, да якіх вы імкнецеся, прапануем прадумаць некалькі момантаў, якія дапамогуць гэты баланс усталяваць.

Ніжэй мы склалі спіс найбольш частых пытанняў, якія звязаныя з попытам і  якія ўзнікаюць у пакупніка пры прыняцці рашэння нешта набыць:

  • Што гэта?
  • Як гэта працуе?
  • Нашто мне гэта патрэбна?
  • Колькі гэта каштуе?
  • Як хутка я змагу гэта атрымаць?
  • Якія ёсць спосабы дастаўкі?
  • Што, калі я захачу гэта вярнуць?
  • Якім чынам я магу гэта аплаціць?

 Такім чынам, тавар, а таксама сукупнасць адказаў на гэтыя пытанні, прадстаўленая на вашым стэндзе, у вашай інтэрнэт-краме, на вашай старонцы ў сацыяльных сетках, называюцца прапановай.

 Запомніце, каб зацікавіць пакупнікоў, вашая прапанова мусіць быць максімальна зразумелай і па магчымасці ўтрымліваць у сабе адказы на ўсе пералічаныя вышэй пытанні.

 Парада 1

Не распыляйцеся. Гэта цудоўна, што вы ўмееце і карціны пісаць, і вязаць, і крыжыкам вышываць. Але для таго, каб вас запомнілі, істотна абраць адзін асноўны напрамак, праз які вы сябе будзеце пазіцыяніраваць, а астатняе – пасунуць на другасны план. Вызначцеся, што вам падабаецца болей, і дзейнічайце! Нам жа вядома, як творчым людзям цяжка выбраць нейкі адзін творчы кірунак!

Дапусцім, вы вызначыліся, што вашае ключавое ўменне – выраб упрыгожанняў са скуры. Сканцэнтруйцеся на гэтым, развівайце ваш непаўторны стыль, эксперыментуйце з тэхнікамі, колерам, формай – стварыце цэлую калекцыю аксэсуараў!

Парада 2

Адкіньце сарамлівасць. Распавядзіце пра вашую УГП на старонцы вашай інтэрнэт-крамы, акаўнтах у сацыяльных сетках.

Запытайце сябе:

  • Чым мае вырабы вылучаюцца сярод аналагічных прац іншых майстроў?
  • Што больш за ўсё шануюць мае пакупнікі? Што найчасцей гавораць пра мае працы?
  • Што асаблівага ў тым, як я вырабляю свой прадукт? У спосабе апрацоўкі, у матэрыялах?
  • Што асаблівага ў тым, дзе я іх вырабляю? Ці бачыў хто-небудзь маю майстэрню?
  • У чым перавагі перад фабрычнымі вырабамі і вырабамі іншых майстроў?
  • Што я раблю для таго, каб паказаць сваім патэнцыйным пакупнікам, наколькі цікавым, займальным і разам з тым няпростым з’яўляецца працэс вырабу?

Памятайце, што апроч вашых вырабаў, адказы на гэтыя пытанні таксама з’яўляюцца неад’емнай часткай вашай УГП, таму істотна, каб яны былі даступныя для ўсіх.

Парада 3

Будзьце своечасовымі. Пастаўце сабе дэдлайн, да якога вашая прапанова мусіць быць поўнасцю гатовая, а таксама пазначце прамежкавыя крокі на шляху да яго. Напрыклад, вы вырашылі стварыць калекцыю паштовак, прысвечаных да 8 Сакавіка. Гэта значыць, што ўжо ў сярэдзіне лютага вашая УГП сфармулявана і праца па падрыхтоўцы і анансаванні вашых вырабаў ужо бурліць.

Парада 4

Вызначцеся з коштавай палітыкай. Неістотна, у якім коштавым сегменце вы працуеце, граматна вызначаны кошт – адзін з галоўных рухавікоў попыту. Некаторыя майстры схільны заніжаць кошт сваіх вырабаў, разлічваючы на колькасны рост продажаў. Перш чым гэта рабіць, неабходна дасканала пралічыць, ці акупяцца ўкладзеныя намаганні, ці ёсць сэнс прадаваць выраб практычна па сабекошце? Больш высокі кошт з аднаго боку задае больш высокую планку для вас як майстра, з другога боку, ставіць вас у адзін шэраг з больш прафесійнымі майстрамі. Наша парада – працуйце адразу ў некалькіх коштавых сегментах, эксперыментуючы з рознымі відамі матэрыялаў і цяжкасцю працы.

 Парада 5

Не забывайцеся пра конкурсы, розыгрышы і “цукеркі”. Што можа быць лепш за конкурс напярэдадні святаў? Добрапрадуманы праведзены конкурс падагрэе цікаўнасць да вашых вырабаў, пашырыць аўдыторыю і павысіць лаяльнасць кліентаў.

Жадаем вам плённай падрыхтоўкі да надыходзячых святаў, і няхай на вашу прапанову заўсёды будзе выдатны попыт!

P.S. Больш матэрыялаў пра творчы маркетынг шукайце тут – http://alovakmag.by/be/tag/marketyng

(с) ALOVAK

Раскажыце сябрам

Отправить ответ

Пакіньце першы каментар!

Leave a Reply

  Падпісацца  
Паведаміць пра