У майстэрні Бярозаўскага раённага Цэнтра рамёстваў мы на свае вочы змаглі пабачыць “нараджэнне” шчэпавай птушкі. Майстар Аляксандр ПРАКАПЧУК пакрокава паказаў працэс вырабу ды падзяліўся карыснымі парадамі.
Тэкст: Марыя Кліменцьева
Фота: Яна Яфрэмава
Неабходныя матэрыялы:
- дрэва (асіна, ліпа, яліна);
- разцы па дрэве;
- клей;
- лак;
- кручок для падвешвання.
Парады майстра па вырабу шчэпавай птушкі
1. Дрэва. Дрэва павінна быць сырое і пэўнага ўзросту. Напрыклад, калі гэта яліна, – то не маладзейшае за 20 год. Сухое дрэва расшчэпваецца дрэнна, ламаецца, а сырое – цягнецца, вяжацца, і яго лепш апрацоўваць. Брускі, якія не выкарыстоўваліся адразу, варта кінуць у ваду, каб захаваць матэрыял для будучай працы.
2. Інструменты. Нож ці адмысловыя разцы. Вельмі зручна выкарыстоўваць востры канцэлярскі нож: лязо тонкае, добра адчуваецца рука. Але працэс вырабу ў гэтым выпадку даволі небяспечны. Разцы – надзейны інструмент, аднак праца атрымліваецца не такая вытанчаная. Пры выкарыстоўванні разцоў загатоўку ставяць у сталярныя ціскі, заціскаюць і вырэзваюць узор. Рэжуць вертыкальна – расшчапляюць.
3. Злучэнне цела і крылаў. Раней часткі птушкі злучаліся драўляным чопікам, які нашы дзяды самі рабілі. Сёння выкарыстоўваецца клей, вадзяны ці хуткасохлы.
4. Падвешванне. Зручна выкарыстоўваць маленькія металічныя кручкі. Галоўнае – спачатку даць птушцы высахнуць і толькі пасля шукаць цэнтр важкасці, каб прымацаваць падвеску, пакрываць гатовую птушку лакам неабавязкова, але мы гэта робім, каб пярынкі былі мацнейшыя і калі трапіть пыл ці бруд які, то была магчымасць пачысціць.
5. Тэхніка бяспекі. Выраб птушкі – працэс небяспечны. Трэба валодаць базавымі навыкамі працы з дрэвам, разумець тэхналогію. Нават дасведчаным майстрам варта быть акуратнымі, цярплівымі і не спяшацца.
6. Разнастайнасць. Акрамя традыцыйнай шчэпавай птушкі-голуба майстры цэнтра робяць сарок, снегіроў і качак. Калі пярынкі пры развядзенні сталі веерам, добра атрымліваецца лебедзь. Галоўнае для майстра – не пераставаць развівацца, эксперыментаваць.
ПРАЦЭС:
- Адразаем ад дрэва невялікі брусок, у залежнасці ад плануемага памеру птушкі. У нас 15 см.
- Прыкладваем да бруска гатовае лякала (сваеасаблівы трафарэт) і абмалеўваем контуры птушкі.
- Канцылярскім нажом ці іншым інструментам выразаем загатоўку па контуры. Не спяшаемся! Адмерваем сярэдзіну загатоўкі – тут пачнецца хвосцік. Але спачатку “абчэсваем”, надаем форму галаве і целу птушкі, каб зрабіць яе круглявай і гладкай.
- Пераходзім да хвосціка. На стыку хвосціка і тулава птушкі выразаем паглыбленне, каб нашчапаныя пярынкі не адламаліся, а раскрыліся “веерам”.
- Выразаем узор на хвосціку: спачатку трохкутнікам “замок”, а потым даем волю фантазіі.
- Расшчапляем хвосцік, то бок наразаем яго ўздоўж ці ўпоперак (у залежнасці ад абранага варыянту птушкі) на тонкія пласцінкі. Іх павінна быць няцотная колькасць. Чым больш – тым пышнейшы будзе хвосцік.
- Разводзім пярынкі ў бакі па чарзе: першую (верхнюю) пакідаем на месцы, другую – улева, трэцюю – управа, чацвертую – улева, і г.д. Апошнія пярынкі (самыя ніжэйшыя) могуць развадзіцца ў бок амаль на 90?.
- Зрабіўшы першую частку птушкі, пераходзім да другой – крылаў. Даўжыня брусочка, г.зн. даўжыня двух крылаў (у нашым выпадку – 2?6-6.5 см), павінна супадаць з памерамі бруска, з якога рабілі тулава і хвосцік. Шырыня мусіць адпавядаць шырыні пярынак на хвасце, а вышыня – прыкладна палове таўшчыні цела птушкі ці памеру выразу ў целе птушкі, у які будуць устаўляцца крылы. На крылах вырэзваем замок і ўзор, які супадае з узорам на хвосціку.
- Пасля – “шчапуем” крылы і разводзім па такім жа прынцыпе, што і пёркі на хвосціку. Каб пярынкі выпадкова не адламаліся, можна замацаваць дрэва пасярэдзіне ніткамі ці зафіксаваць пласкагубцамі.
- Нарэшце, злучаем дзве часткі нашае птушкі: робім у целе знізу невялічкі разрэз (прыкладна палова ад таўшчыні птушкі), куды ўстаўляем крылы нашае птушкі.
- Пакідаем “птушку” на некаторы час, каб дрэва падсохла. Пасля дадаем трошачкі клею, каб надзейна замацаваць цела і крылы між сабой. Ці можна забіць маленькі цвічок. Пакрываем птушку празрыстым лакам. Даем падсохнуць.
- Знаходзім цэнтр важкасці і прымацоўваем падвеску. Для гэтага можна выкарыстоўваць маленькія металічныя кручкі.
Птушка гатова!
(с) ALOVAK
[…] Як рабіць шчэпавую птушку сваімі рукамі – глядзіце ў пакрокавым майстар-класе ад Аляксандра Прапапчука […]