Выцінанка набывае ў нашы дні ўсё большую папулярнасць. І ў першую чаргу дзякуючы тым, каму неабыякавы лёс гэтага віда народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод такіх людзей –– мастачка і народны майстар Вольга БАБУРЫНА. Наша гераіня не толькі зрабіла выцінанку справай свайго жыцця, але нават і дом, у якім жыве, вырашыла ператварыць у музей выцінанкі.
Тэкст падрыхтавала: Кацярына Буто
Фота: Наталля Каляда
6 гадоў таму ALOVAK ужо сустракаўся з Вольгай Бабурынай, каб паразмаўляць пра выцінанку і папрактыкавацца ў выразанні з паперы. На гэты раз асноўным накірункам нашай размовы стаў творчы лёс самой Вольгі як мастачкі і шчырай аматаркі выцінанкі.
Пра пераезд у вёску і стварэнне музея
– Вольга, што змянілася ў вашай творчай дзейнасці з часу, як мы бралі ў вас першае інтэрв’ю?
Cамае галоўнае, што змянілася за гэты час – у маім жыцці з’явілася месца сілы! Гэта мой фальварак Palunisa. Даўней я думала, што гэта проста байкі, ці прыгожыя словы – “месца сілы”. Але зараз уласна адчуваю моцную плынь, якая рушыць праз мяне і напаўняе маё жыццё якаснымі сэнсамі. Ды яшчэ спрыяе іх рэалізацыі.
Даўней я думала, што гэта проста байкі, ці прыгожыя словы – “месца сілы”.
– Раскажыце, калі ласка, пра ваш пераезд у вёску.
Я заўжды марыла пра дом на зямлі. І пасля пераезду ў Маладэчна цягам 4 год шукала варыянты па наваколлях. Аднойчы Лоск (вёска ў Валожынскім раёне – прым.рэд.) знайшоў мяне сам, даслаўшы жыхара суседняй вёскі на маю выставу ў арт-гасцёўні “Высокае месца”. Прыехаўшы ў супольнасць вёсак “Цудоўныя ўзгоркі” на кубак гарбаты, я знайшла ў той жа дзень свой фальварак. Пасля я проста купіла яго і пераехала.
– Вы вырашылі стварыць у сваім доме музей выцінанкі – якім вы яго бачыце і што для гэтага робіце?
Музей, насамрэч, сам вырашыў стварыцца 🙂 Гэта было як вынік узаемадзеяння маёй творчай унутранай прасторы з прасторай фальварку, пад уплывам агульнай энергетыкі апошняга году і, безумоўна, пры падтрымцы свядомых беларусаў. Я адчувала патрэбу з’яўлення такога музею для культурнага самасцвярджэння нашай нацыі.
Пасля аказалася, што больш чым за 30 год майго захаплення выцінанкай сабралася столькі матэрыялаў для музею, што памяшканне вясковай хаты агульнай плошчай каля 120 м.кв. зараз падаецца зусім маленькім. Але ж і самае вялікае дрэва ў свеце некалі пачынала расці з дробненькай семачкі!
Пра новы статус выцінанкі і спосабы яе папулярызацыі
– А якія змены адбыліся з самой выцінанкай за апошнія гады?
Беларускаму мастацтву выцінанкі, як элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны, быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Рашэнне аб гэтым было прынята на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ў Міністэрстве культуры 19 красавіка 2021 г.
Цягам двух год збіраліся звесткі, сістэматызаваліся матэрыялы і падрыхтоўваліся дакументы. І нарэшце гэта адбылося, хаця, пагадзіцеся, дзіўна, што гэта не здарылася раней! Гэта, безумоўна, падняло ўсплёск цікаўнасці да гэтага віду мастацтва. І ад нас саміх зараз залежыць, як мы скарыстаем гэты патэнцыял.
– Нядаўна вы выпусцілі электронны альманах пра выцінанку – раскажыце пра яго падрабязней.
“Выцінанка. Palunisa. Almanac” – першы беларускі альманах, цалкам прысвечаны выцінанцы і выразанню з паперы. Ідэя стварэння выдання прыйшла мне дзеля пашырэння культуры папяровага выразання на Беларусі, падтрымання сувязяў паміж майстрамі, мастакамі і спажыўцамі. Гэты від мастацтва ўжо даўно выйшаў за рамкі тэрміна «народнае», але застаецца такім па сутнасці сваёй, бо палюбілася самымі рознымі людзьмі, незалежна ад узросту і сферы сваёй дзейнасці.
Гэта некамерцыйная ініцыятыва. “Выцінанка. Palunisa. Almanac” распаўсюджваецца бясплатна, дастаткова толькі падпісацца, запоўніўшы гугл-форму. Альманах ствараецца намі ўсімі, і кожны з вас можа даслаць свае матэрыялы для размяшчэння ў ім.
– Якія яшчэ планы па папулярызацыі беларускай выцінанкі ў вас ёсць цяпер?
Пакуль усю ўвагу займае музей выцінанкі, але я мару зрабіць выставы ў ЗША, Японіі, Аўстраліі і некалькіх краінах Еўропы. Найперш у Даніі – радзіме вялікага казачніка і такога ж неверагоднага выразальшчыка з паперы Х. К. Андэрсана.
Пра выцінанку, як справу жыцця
– Наколькі складана быць у нашай краіне майстрам па выцінанцы?
Гэта дакладна цікава!
– Ці можа такая праца забяспечыць належны прыбытак?
На маю думку, калі чалавек жыве ў сімбіёзе са сваім прызначэннем, то ўсё патрэбнае прыходзіць, трэба толькі скарыстоўваць тыя шанцы, што сусвет падае! Я задаволеная сваім жыццём.
– Ці параілі б вы маладым мастакам і мастачкам зрабіць выцінанку справай свайго жыцця?
Я б параіла не адмаўляцца ад сваіх мараў ні пры якіх умовах. І “прынюхвацца” да паветра жыцця, каб лавіць спрыяльныя ўмовы для іх здзяйснення. Там, недзе сярод мар, і ёсць наша асабістае ўнікальнае прызначэнне. Хаця, канечне, выцінанка шматгранная ў сваіх праяўленнях, і кожны можа знайсці ў ёй свой почырк. Падцверджанні гэтаму існуюць шматлікія.
Я б параіла не адмаўляцца ад сваіх мараў ні пры якіх умовах. І “прынюхвацца” да паветра жыцця, каб лавіць спрыяльныя ўмовы для іх здзяйснення.
– Якія парады вы б далі новаму пакаленню майстроў па выцінанцы?
Яшчэ можна пачуць рэха выцінанкавай традыцыі мінулага стагоддзя. Гаварыце з бацькамі, перапытвайце, што і як яны выразалі ў дзяцінстве, а можа бачылі, як рабілі выразкі бабулі-дзядулі. Гэта каштоўны матэрыял! Спрабуйце разам паўтарыць. А вынік сваіх “этнаграфічных даследаванняў” дасылайце ў “Выцінанка. Palunisa. Almanac”. Культуру і гісторыю ствараем уласна мы, тут і зараз!
Каб трапіць у музей выцінанкі – пішыце Вользе ў сацыяльных сетках: Instagram ці Facebook
(с) ALOVAK