Цікавыя беларускія кнігі пра лета і вакацыі

Спіс літаратуры на лета: найцікавейшыя кнігі пра лета і вакацыі

Лета – той час, калі хочацца забыць пра школу і бавіцца з сябрамі рознымі цікавымі заняткамі, а не чытаць кніжкі са спісу літаратуры на лета. Але наша падборка кніг пра лета і вакацыі, створаная супольна з блогам «Кніжныя размовы», адрозніваецца ад традыцыйных школьных спісаў: гэтыя кнігі самі па сабе могуць стаць файнай летняй прыгодай альбо – утульнай чытанкай на выпадак, калі раптам сапсуецца надвор’е і давядзецца колькі дзён пасядзець дома.

Мы паспрабавалі вызначыць узроставыя рэкамендацыі, але яны вельмі прыблізныя. Да таго ж, некаторыя кнігі можна чытаць самастойна дзіцяці 6-8 гадоў, а з бацькамі і ў 3-4 гады. Усе дзеці розныя, і ніхто не ведае вашага юнага чытача лепей за вас 😉

Змест

  • Лета Гармана (5+)
  • Небяспечнае лета (5+)
  • 24 сонечныя перыяды: лета (5+)
  • Вухуцік і яго таямніца (6+)
  • Таямніца зачараванага балота (6+)
  • Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя (6+)
  • Хлопчык Лёкса і Купальскі дзядок (6+)
  • Піпі Доўгая Панчоха (6+)
  • Жэнька – каралева мышак (6+)
  • Рыцар Янка і каралеўна Мілана (6+)
  • Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага (6+)
  • Незвычайныя прыгоды Луізы і Лоты (8+)
  • Таямніца гары Міндоўга (8+)
  • Шчарбаты талер (10+)
  • Палескія рабінзоны (10+)
  • Італьянскае падарожжа (12+)
  • Зніч ваўкалака (12+)
  • Адваротны бок люстра (12+)

Лета Гармана

Лірычная ды інтравертная гісторыя ад нарвежскага пісьменніка і дызайнера Стыяна Холе пра перадшкольнае лета хлопчыка Гармана. У апошнія летнія дні ён задуменны, крыху разгублены і трывожны. У дадатак да гэтага ў госці прыязджаюць старэнькія цётачкі ягонай мамы. Як і заўсёды, яны прывозяць вязаную пруткамі шапку для Гармана, а таксама «раматус, артрыт і міндальны пірог». Разам з цётачкамі і сам на сам Гарман разважае пра жыццё і смерць і пра страхі, што жывуць унутры кожнага з нас.

Ілюстрацыі зрабіў сам аўтар, разам з тэкстам яны ствараюць лаканічнае і глыбокае выказванне. Гэтая кніга атрымала мноства прызоў і прэмій на розных кніжных выставах, у тым ліку самую прэстыжную – Балонскую – у 2007 годзе.

«Лета Гармана», Стыян Холе. Пераклад з нарвежскай мовы Юлі Цімафеевай. Выдавецтва «Янушкевіч», 2018.

Дзе знайсці: яшчэ ёсць у кнігарнях

Узрост: 5+ 

Небяспечнае лета

«Небяспечнае лета» – адна з серыі кніг пра мумітроляў фінскай пісьменніцы Тувэ Янсан. Кнігі цыкла зусім неабавязкова чытаць паслядоўна, таму смела бярыцеся за «Небяспечнае лета», нават калі раней нічога не чыталі пра мумітроляў.

Гэтае лета ў мумітроляў будзе сапраўды небяспечным: агнядышная гара, што доўга спала, раптоўна прачнецца, і пасля вывяржэння марскія хвалі затопяць даліну. Жыхары Мумідола застануцца без даху над галавою і вымушаны будуць ратавацца ў дзіўным плывучым доме. У гэтым доме грымяць навальніцы, поўна неядомай ежы, чуваць чыйсьці кплівы смех, а лесвіцы і дзверы нікуды не вядуць. І нават Снусмумрык, самотны падарожнік, які больш за ўсё на свеце цэніць сваю свабоду, трапіць у незвычайную для сябе сітуацыю: стане шматдзетным татам!

Традыцыйна кніга поўная дробных штодзённых дзівосаў, купальскіх варожбаў, раптоўных расстанняў і шчаслівых сустрэч. А яшчэ гэта самая тэатральная з усіх мумітрольных гісторый.

«Небяспечнае лета», Тувэ Янсан. Пераклад са шведскай мовы Алесі Башарымавай. Выдавец Зміцер Колас, 2014.

Дзе знайсці: у бібліятэках

Узрост: 5+

24 сонечныя перыяды: лета

Гэта адна з чатырох «сезонных» кніг ад кітайскіх аўтараў Гао Чуньсян і Шао Мінь. У кнігах расказваецца пра тое, што традыцыйна ў Кітаі вылучаюць 24 сонечныя перыяды, па 6 перыядаў на кожную пару года. Сонечныя перыяды не толькі падказваюць, што трэба рабіць земляробам, але і дапамагаюць кожнаму з нас прадбачыць змены надвор’я.

Гэта хутчэй ілюстраваны нон-фікшн, чым мастацкая літаратура, але і скразны сюжэт у гэтай серыі прысутнічае. Дзяўчынка Яя рэгулярна наведвае сваіх бабулю і дзядулю ў вёсцы і назірае, як 24 сонечныя перыяды паступова змяняюцца на працягу года. Разам з Яяй можна трапіць на традыцыйныя кітайскія святы, даведацца пра старажытныя абрады, навучыцца лепш разумець мову прыроды і паназіраць за жывёламі, раслінамі і з’явамі надвор’я. У гэтай частцы – усё, што звязана з 6 сонечнымі перыядамі, якія выпадаюць на лета.

«24 сонечныя перыяды: Лета», Гао Чуньсян, Шао Мінь. Ілюстрацыі Сю Мінчжэнь, Лі Цзын. Пераклад з ангельскай мовы Таццяны Цуканавай. Выдавецтва “Новое знание”, 2021. 

Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках

Узрост: 5+

Вухуцік і яго таямніца

«Вухуцік і яго таямніца» – адна з гісторый ад нястомнай дзіцячай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой (колькасць ейных кніжак ужо сягае за 20). Гэтым разам аўтарка расказвае пра сяброўства дзяўчынкі Улады з Зямлі і хлопчыка Вухуціка з загадкавай планеты Вухуція.

Вухуцік і Улада падарожнічаюць у Космасе і даследуюць новыя планеты, тэлепартуюцца ў госці адно да аднаго і, вядома, трапляюць у прыгоды. Карацей, канстатуюць, што свет вялікі і цікавы, а для сапраўднага сяброўства перашкод не існуе.

Гэта не першая кніга пра Вухуціка, таму калі дзіця зацікавіцца, то можна пашукаць папярэднія гісторыі пра іншапланетнага хлопчыка.

«Вухуцік і яго таямніца», Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Ілюстрацыі – В.П.Лапіна. Выдавецкі дом «Звязда», 2022.

Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках

Узрост: 6+

Таямніца зачараванага балота

«Таямніца зачараванага балота» – яшчэ адна кніга Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Гэтым разам падзеі кнігі разгортваюцца ў аўтэнтычным беларусім асяроддзі – на балоце. Падчас школьных вакацый Андрэй і Юля едуць да дзядулі з бабуляй, забыўшыся пры гэтым на тэлефоны і планшэты. Таму ў дзяцей не застаецца іншых варыянтаў, як даследваць наваколле. У выніку яны знаёмяцца з міфілагічнымі істотамі, што жывуць на балоце, атрымаўшы запрашэнне ад самога гаспадара Багністага балота – Багніка. У спадара Багніка, дарэчы, ёсць сям’я: жонка Кікімара, сын Балоць і дачка Кіма.

Дрыгва, вядома, небяспечнае месца для гульняў, але ў кампаніі з мясцовымі жыхарамі – іншая справа. Дзеці знаёмяцца з балотам як экасістэмай, зазіраюць у самыя загадкавыя яго куточкі. Ну, і без прыгодаў пры такім раскладзе не абысціся. Шкада, што цяпер такое магчыма, толькі калі ў дзяцей забраць гаджэты.

«Таямніца зачараванага балота», Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Ілюстрацыі Юліі Давыдавай. Выдавецтва «Мастацкая літаратура», 2021.

Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках.

Узрост: 6+

Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя

Бадай што самы распаўсюджаны сюжэт у беларускай дзіцячай літаратуры – гэта калі дзеці прыязджаюць да бабулі ці дзядулі ў вёску. Вось яшчэ адна з такіх гісторый – не самая выбітная, але прыгожа аформленая і даволі добра напісаная.

Галоўны герой – 6-гадовы хлопчык Янка, якога тата прывозіць да бабулі з дзядулем у вёску, пакуль хварэе малодшая сястрычка. Тут хлопчык знаёміцца з катом Шмурдзікам, які прыадчыняе Янку дзверы ў чароўны вясковы свет. У выніку Янка, Шмурдзік і курачка Бухматка становяцца гэтакай dream team, якая ўпотай ад бабулі з дзядулем дапамагае бабрам і вожыкам, ратуе пчол ад шэршняў, вывучае наваколле і нават некалькі разоў падарожнічае на Кудыкіну гару праз партал за хлявом. На Кудыкінай гары яны знаёмяцца з дзецьмі мясцовых валадароў і ратуюць прынцэсу Шыпшыну ад людажэра.  

Кніга вялікага фармату, шрыфт буйны, мова нескладаная, таму кніга – добры варыянт для самастойнага чытання.

«Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя», Міхась Зізюк. Ілюстрацыі Ганны Булатавай. Выдавецтва «Галіяфы», 2015. 

Дзе знайсці: у бібліятэках

Узрост: 6+

Хлопчык Лёкса і Купальскі Дзядок

«Хлопчык Лёкса і Купальскі дзядок» Аляксандра Вашчанкі – класічная гісторыя пра гарадскога хлопчыка, які прыязджае на вакацыі да бабулі. Падчас святкавання Купалля ён знаёміцца з дзядком, які распавядае хлопчыку і сябрам паданні пра русалак, дамавікоў, ваўкалакаў, пра Змея і Вужынага цара. Папулярная для беларускай дзіцячай літаратуры спроба спалучыць гісторыю, міфалогію і сучаснасць, каб зацікавіць дзяцей мінуўшчынай. Напрыканцы кнігі ёсць нават слоўнічак міфалогіі беларусаў і спіс рэкамендаванай літаратуры.

«Хлопчык Лёкса і Купальскі дзядок», Аляксандр Вашчанка. Ілюстрацыі Марыны Мароз. Выдавецкі дом «Звязда», 2012.

Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках

Узрост: 6+

Піпі Доўгая Панчоха

Піпі Доўгая Панчоха ў папулярнасці можа паспрачацца адно што з Гары Потэрам і ў прадстаўленні патрэбы не мае. Аднак не нагадаць пра яе немагчыма, бо трэцяя кніга ейных прыгодаў – «Піпі Доўгая Панчоха ў Ціхім акіяне» – вельмі летняя і выдатна будзе чытацца на вакацыях.

У гэтай кнізе Піпі па-ранейшаму гарэзнічае і лічыць сябе адукаванай і без табліцы множання. Але ейныя сябры і суседзі Томі і Аніка у школу ходзяць і ў выніку так стамляюцца, што пачынаюць хварэць. Пасля працяглай хваробы мама дзяцей гатовая на любую рэабілітацыю, а тут бацька Піпі, вядомы падарожнік і шукальнік прыгод, запрашае сваю дачку пагасціць на востраў Барабабох, дзе ён зрабіўся магутным конунгам. Томі і Аніка з дазволу маці едуць на востраў разам з Піпі.

Нарэшце ніякіх вёсак у бабулі і чароўных артэфактаў!

«Піпі Доўгая Панчоха падымаецца на борт», Астрыд Ліндгрэн. Ілюстрацыі Інгрыд Ванг Нюман. Пераклад са шведскай мовы Алены Казловай. Выдавецтва «Папуры», 2020. 

«Піпі Доўгая Панчоха ў Ціхім акіяне», Астрыд Ліндгрэн. Ілюстрацыі Інгрыд Ванг Нюман. Пераклад са шведскай мовы Алены Казловай. Выдавецтва «Папуры», 2021. 

Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках

Узрост: 6+

Жэнька – каралева мышак

Жэньку можна смела назваць беларускай Ёрдзіс, калі вам гэта пра што-небудзь кажа. Як і ў кніжцы Юі Вісландэр пра шведскую дзяўчынку Ёрдзіс, тут аповед вядзецца ад першай асобы і пра самае звычайнае жыццё: сям’ю, сяброў, дзіцячы садок і школу.

Школьная штодзённасць тут сучасная, бацькі – ура! – неідэальныя, сяброўства – не толькі з дзяўчаткамі, але і з хлопцамі. Да таго ж, хлопцы тут могуць плакаць, а дзяўчаткі – быць рашучымі і бараніцца прыёмамі дзюдо. Карацей, усё тое, чаго не хапае сучаснаму дзіцячаму белліту.

У кнізе 12 гісторый – пра тое, як Жэнька стала каралевай мышак, пра лега, пра летнік, пра самаробны караблік, які даплыве ажно да Балтыйскага мора; пра адпачынак на Адрыятычным моры і знаёмства са славацкім хлопчыкам Янкам… Калі вашых хлопцаў не спыняе “дзявочая” назва і вокладка, то кнігу можна і трэба чытаць хлопчыкам ці з хлопчыкамі. Як і з дзяўчатамі. Яна ўніверсальная і будзе цікавая ўсім.

Варта дадаць, што гэта вельмі беларуская кніга. Жэнька жыве ў невялічкім беларускім мястэчку і шмат расказвае пра свае мясціны. З любоўю, проста і шчыра разважае пра сваю мову і сваю краіну.

«Жэнька – каралева мышак. Гісторыі жыцця адной беларускай дзяўчынкі», Валеры Гапееў. Ілюстрацыі Элеаноры Ляхновіч. Выдавецтва «Кнігазбор», 2021. 

Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках

Узрост: 6+

Рыцар Янка і каралеўна Мілана

Падзеі кнігі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» Алега Грушэцкага адбываюцца падчас летніх вакацый (зноўку без вёскі беларускім дзецям не абыйсціся). Гэтым разам у вёску прыязджаюць брат з сястрою, Янка і Мілана. У дзедавай каморы дзеці знаходзяць старажытнае люстэрка, упрыгожанае шляхецкім гербам, і праз яго трапляюць у таямнічае каралеўства Сварга, якое нагадвае беларускае Сярэднявечча. Янка і Мілана выпраўляюцца ў падарожжа па каралеўстве, дзе жывуць рыцары, дзівосныя міфічныя істоты і нават Цмок. Паводле старажытнага падання, менавіта дзецям належыць выратаваць каралеўства ад злога чараўніка Волха і войска ваўкалакаў.

У кнігі ёсць працяг, які называецца «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі». Каралеўства Сварга зноўку ў небяспецы, бо яго захапіў яшчэ больш магутны вядзьмак. Брат з сястрою выпраўляюцца на дапамогу і вядуць за сабой ваяроў, каб вызваліць караля Мацея. У дадатак да злых чараў і змагання з ваўкалакамі тут чытача чакае і першае каханне.

«Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства», Алег Грушэцкі. Ілюстрацыі – Віктара Козела. Выдавецтва «Чатыры чвэрці», 2021. 

«Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі», Алег Грушэцкі. Ілюстрацыі – Віктара Козела. Выдавецтва «Чатыры чвэрці», 2022. 

Дзе знайсці: кнігарні і бібліятэкі.

Узрост: 6+

Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага

«Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» – гэта постмадэрновая казка для дзяцей і дарослых, якую альбо моцна любяць, альбо не. Але не прачытаўшы – не даведаецеся.

Паны Кубліцкі ды Заблоцкі праелі ды прагулялі ўсю сваю гаспадарку, а пасля сеялі рэпу, наседжвалі яйка з-пад Куры-Шчабятуры, змагаліся з Цмокам ды траплялі ў іншыя гісторыі. Тут поўна літаратурных і культурных адсылак, стылізацый, карыкатур ды жартаў. Усё гэта – сакавітай і самабытнай мовай.

Варта дадаць, што «Дзівоснае лета» – гэта другая часта прыгод шматпакутных і непаўторных паноў. Пачатак панскіх авантураў можна знайсці ў кнізе пад назвай «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі».

«Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага», Пятро Васючэнка. Ілюстрацыі Крысціны Баранавай. Выдавецтва «Кнігазбор», 2018. 

Дзе знайсці: у кнігарнях ды бібліятэках, а кнігу «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» можна паслухаць у мабільнай праграмцы «Кніжны воз».

Узрост: 6+

Незвычайныя прыгоды Луізы і Лоты

Дзве 9-гадовыя дзяўчынкі, Луіза і Лота, жывуць у розных гарадах, але нечакана сустракаюцца на вакацыях. Аказваецца, што яны не проста неверагодна падобныя адна на адну, яны – сёстры. Калісьці, калі Луіза і Лота толькі нарадзіліся, іх бацькі разышліся і падзялілі дзяцей. І гэта той самы момант, які ў сучасных дзяцей і бацькоў можа выклікаць пэўныя пытанні. Але варта памятаць, што кніга пабачыла свет ў 1943 годзе. Цяпер гэта ўжо класіка нямецкамоўнай дзіцячай літаратуры, шматкроць выдавалася па ўсім свеце і неаднаразова экранізавалася (магчыма, вы ў дзяцінстве глядзелі фільм).

Луіза і Лота вельмі хочуць жыць разам з мамай і татам, таму прыдумляюць план па аднаўленні сям’і і пачынаюць з таго, што мяняюцца месцамі. Гісторыя дынамічная і захапляльная, на яе падставе можна паразмаўляць пра стасункі бацькоў, якія могуць распадацца, пра адчуванні дзяцей, шчырасць і павагу да іх пачуццяў.

«Незвычайныя прыгоды Луізы і Лоты», Эрых Кэстнер. Ілюстрацыі Насты Арайс. Пераклад з нямецкай мовы Галіны Скакун. Выдавецтва «Тэхналогія», 2018. 

Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках

Узрост: 8+

Таямніца гары Міндоўга

Сюжэт гэтай кнігі Міхася Зізюка разгортваецца ў сучасным Наваградку, але тычацца гістарычных падзей 17 стагоддзя – першага вялікага разбурэння Наваградскага замка. Галоўныя героі кнігі – чацвёра сяброў: Ігнат, Стась, Мікіта і Юля. Разам з настаўнікам яны выпраўляюцца ў падарожжа па наваградскіх мясцінах і спрабуюць разгадаць сакрэт гары Міндоўга. Праз сакрэтны лаз яны трапляюць у мінулае – і вось тут іх чакаюць прыгоды і выпрабаванні.

Пасля прачытання гэтай гісторыі дзеці, натхнёныя гэтым творам, пішуць свае прыгодніцкія апавяданні і рэкамендуюць гэтую кніжку сябрам (неаднаразова праверана!). А таксама з задавальненнем едуць у Наваградак, каб пашукаць вуліцы, згаданыя ў кнізе, ну і, канешне, забрацца на гару Міндоўга.

Кніга шыкоўна праілюстраваная малюнкамі Лізаветы Валанцэвіч і Анастасіі Юстус.

«Таямніца гары Міндоўга», Міхась Зізюк. Ілюстрацыі Лізаветы Валанцэвіч і Анастасіі Юстус. Выдавецтва «Галіяфы», 2019.

Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках.

Узрост: 8+

Шчарбаты талер

Гэта беларуская падлеткавая літаратура, якой яна мусіць быць. Тут ёсць усё: дынамічны сюжэт і нават саспенс, а разам з імі – шчырае сяброўства, любоў да роднай краіны і роднай мовы, цікаўнасць да гісторыі.

Адна з галоўных гераінь, 12-гадовая Аксана, жыве ў Менску з татам-археолагам, а на вакацыі ездзіць да бабулі ў вёску Паплавы. Там у дзяўчыны ёсць сябрукі: мясцовыя хлопцы Чэсь і Міхал, а таксама Зміцер, які прыязджае з Бярозы на выходныя.

Праз школьную сяброўку Кацю да Аксаны трапляе стары талер, вакол якога (а таксама скарба часоў напалеонаўскай вайны) закручваецца сюжэт. Разам з падлеткамі скарб шукаюць школьны настаўнік гісторыі, дзед Макар з Паплавоў і канкурэнты – крымінальныя персанажы Сева і Лысы, якія ўдаюць з сябе археолагаў.

Аўтар з аднолькавай цеплынёю і веданнем справы піша пра Менск (вы знойдзеце тут канкрэтныя лакацыі) і пра вёску з рыбалкай, буданамі на дрэве, паходам на рацэ і штодзённымі гаспарадчымі працамі. А яшчэ ў аповесці вельмі незвычайна для дзіцячага белліту падымаецца моўнае пытанне. Героі, якія самі карыстаюцца абедзвюма мовамі, у пэўны момант прыходзяць да развагаў пра важнасць ведання беларускай мовы.

«Шчарбаты талер», Андрэй Федарэнка. Выдавецтва «Мастацкая літаратура», 2021.

Дзе знайсці: у кнігарнях і біблятэках.

Узрост: 10+

Палескія рабінзоны

«Палескія рабінзоны» – гэта, вядома, класіка, але цяпер ужо супярэчлівая і вартая тлумачэнняў.

Калі раптам вы не чыталі кнігу ў дзяцінстве, то сюжэт тут такі: два сябрукі і навучэнцы тэхнікума, Мірон і Віктар, бавяць вясновыя вакацыі на Палессі. Падчас паводкі яны не даюць рады з лодкай-душагубкай і трапляюць на выспу. У чаканні, пакуль вада спадзе і выспа перастане быць выспай, яны вымушаны нейкім чынам сябе карміць і бараніць. Мясціны дзікія і на іншых людзей спадзявацца не даводзіцца.

Прыгоды хлопцаў чакаюць сур’ёзныя, ды і беларуская прырода – во дзе нечаканка! – даволі суворая. Ёсць эпізоды, якія сучасным дзецям могуць падацца занадта жорсткімі – напрыклад, забойства вожыка. Але калі б толькі вожык! Герояў чакае сустрэча з кантрабандыстамі-злачынцамі і савецкім ідэалагічна бездакорным памежнікам – таварышам Саўчуком. Гучыць так сабе, але не думаю, што кардонная савецкая прапаганда нейкім чынам паўплывае на дзяцей. Пра кантрабандыстаў яны пасля ў Пясецкага пачытаюць J

Асобна трэба адзначыць афармленне і ілюстрацыі ў новым выданні «Палескіх рабінзонаў». Мастачка Лізавета Лянкевіч і выдавецтва «Папуры» зрабілі вельмі сучасную і прыгожую кнігу.

«Палескія Рабінзоны», Янка Маўр. Ілюстрацыі і афармленне Лізаветы Лянкевіч. Выдавецтва «Папуры», 2022.

Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках.

Узрост: 10+

Італьянскае падарожжа

Гэта гісторыя беларускай дзяўчынкі, якая едзе ў Італію ў сям’ю «па праграме» (шмат хто з беларускіх дзяцей меў такі досвед, прынамсі, у 1990-я). Але тут сітуацыя ўскладняецца тым, што 11-гадовая Каця застаецца без мамы. У дзяўчынкі засталася цётачка Лёля, якая па ўзросце бліжэй да старэйшай сястры, ейны муж Эдзік і бабуля Маша. Лёля працуе ў турфірме і ўладкоўвае пляменніцу ў «італьянскую праграму» прыкладна праз паўгода пасля смерці мамы.

Дзяцей прывозяць у паўднёвы італьянскі горад ля мора, і Каця трапляе ў вялікі белы дом на гары. У ім халодна, бо яшчэ красавік, а ацяплення няма. Гаспадыня дома, мамма, хоча ад Каці эмоцый, усмешак і ўдзячнасці, а дзяўчынка – інтравертная і прынцыповая. Яна не ўсміхаецца і амаль не размаўляе, але паступова пачынае разумець італьянскую.

Апавядае пра ўсё сама Каця, таму ў тэксце ёсць пэўная сумбурнасць. Агулам, гэты цікавы і сучасны тэкст, у якім ёсць вельмі цёплыя моманты – напрыклад, эпізод з сяброўкай маммы, якая на цэлы дзень забірае Кацю з халоднага дома і адагравае сваёй пяшчотай і ўважлівасцю.

Для тых, хто ўпадабае гісторыю, ёсць добрая навіна: «Італьянскае падарожжа» мае працяг. Кніга называецца «Італьянскае падарожжа. Чао, лета!». Тут Каці ўжо 13, яна ператвараецца ў калючага падлетка і стасункі з цётачкай становяцца не такімі пяшчотнымі, як раней. На лета дзяўчына зноўку едзе ў Італію са спадзевам, што гэтым разам усё будзе інакш.

«Італьянскае падарожжа», Аляксандра Хамянок. Пераклад з расейскай мовы Паліны Грынчанкі. Выдавецтва «Народная асвета», 2021.

«Італьянскае падарожжа. Чао, лета!», Аляксандра Хамянок. Ілюстрацыі А.Ткачовай. Пераклад з расейскай мовы Паліны Грынчанкі. Выдавецтва «Народная асвета», 2022.

Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках.

Узрост: 12+

Зніч ваўкалака

Гісторыя пра старшакласнікаў на вакацыях ад мэтра беларускай падлеткавай літаратуры Валера Гапеева. Старшакласнік Стась даглядае на лецішчы кветнікі і грады, пакуль бацькі адпачываюць ля мора. Стась крыху нудзіцца, але нечакана знаёміцца з мясцовымі – Віталём і Янінай, якія прыкладна аднаго з ім узросту. Урэшце яны і студэнт-этнограф Арцём разблытваюць гісторыю з мясцовым «чупакабрам» і ратуюць зніклую сяброўку Арцёма.

Гісторыя цікавая, складана закручаная, багатая на народныя павер’і і сучасныя тэхналогіі. Характары ў кнізе яркія: сціплы разумнік Стась, рукасты і «ад зямлі» Віталь, вострая на язык Яніна, мяккахарактарны звонку, але з унутраным стрыжнем Арцём… А яшчэ файныя Віталёвы бабуля Зося і прабабуля Арына, хамаваты бацька і лагодная маці Стася, загадкавы сусед…

«Зніч ваўкалака», Валер Гапееў. Выдавецтва «Мастацкая літаратура», 2020.

Дзе знайсці: у кнігарнях і бібліятэках.

Узрост: 12+

Адваротны бок люстра

Адметнасць гэтай кнігі ў тым, што яна напісаная вельмі маладой аўтаркай. На момант першага выдання рамана Ксеніі Шталенковай не было яшчэ і 20 гадоў. Таму ведайце: усе рэакцыі і ўчынкі галоўнай гераіні, якія даросламу чытачу могуць падацца дзіўнымі і нават раздражняльнымі, напісаныя аўтаркай, вельмі блізкай паводле ўзросту да сваёй гераіні. Таму, напэўна, яна і атрымалася натуральным, жывым, крыху экзальтаваным падлеткам.

Сюжэт цікавы і дынамічны: 15-гадовая віленская школьніца Варвара Станкевіч выпадкова набывае старажытнае люстра і трапляе скрозь яго ў Вільню сярэдзіны 16 стагоддзя. Там яна знаёміцца з маладым шляхцічам Міхалам Саколічам, разам з якім яны даведваюцца пра таямніцу люстраў, наведваюць каралеўскі двор Жыгімонта ІІ Аўгуста і Барбары Радзівіл і трапляюць у вір змоў ды інтрыг.

Кніга выходзіла спачатку ў выдавецтве «Логвінаў», а пасля – у «Мастацкай літаратуры». Для другога выдання аўтарка дапісала некалькі раздзелаў, а сам тэкст быў добра адрэдагаваны. Таму калі вы зацікавіліся кнігай, то шукайце пазнейшае выданне.

«Адваротны бок люстра», Ксенія Шталенкова. Выдавецтва «Мастацкая літаратура», 2016.

Дзе знайсці: яшчэ можна знайсці ў кнігарнях.

Узрост: 12+

Вядома, гэта далёка не ўсе кнігі пра лета і вакацыі, якія можна пачытаць па-беларуску. Калі ў вас ёсць, чым дапоўніць гэты спіс, пішыце ў каментарах!

За падрыхтоўку гэтага матэрыялу шчыра дзякуем Кацярыне – аўтарцы блога «Кніжныя размовы», дзе вы знойдзеце багата аглядаў на кніжныя навінкі і беларускую класіку.

(С) ALOVAK

Leave a Reply