Сапраўдны маркет: рэпартаж з новага кірмашу беларускіх майстроў

У нядзелю 7 траўня ў Менску ўпершыню прайшоў новы маркет з вырабамі беларускіх дызайнераў і майстроў Сапраўдны маркет. Для першага кірмаша арганізатары абралі прастору Flame Plaсe на Машэрава 9/8. ALOVAK пабываў на мерапрыемстве, паразмаўляў з арганізатарамі і папрасіў удзельнікаў падзяліцца сваімі ўражаннямі.

Прынялі ўдзел ў мерапрыемстве больш за 20 дызайнераў і майстроў. “Сапраўдны маркет” зрабіў акцэнт на кастамізацыю і апсайклінг, а таксама вылучыўся даволі свежым і яркім афармленнем сваіх сацыяльных сетак і актыўным іх выкарыстоўваннем для прасоўвання мерапрыемства.

Тэкст і фота: Ангеліна Кавака

“Маркет нарадзіўся з болю”

Святлана Рулінская, адна з арганізатарак маркету, займаецца апсайклінгам і кастамізацыяй рэчаў у сваёй творчай майстэрні @studia_cust і таму мае досвед удзелу ў розных кірмашах.

Сапраўдны маркет” нарадзіўся з болю ад няўдалых маркетаў, мы жадалі зрабіць мерапрыемства максімальна пад майстроў, каб ім было камфортна. 

Мы рыхтаваліся да Сапраўднага маркету за два тыдні, бо вольныя даты былі ці на 7 траўня, ці на пачатак чэрвеня, і мы вырашылі рызыкнуць. У выніку атрымалася даволі добра, але не ўсе ідэі рэалізавалі. Мы плануем праводзіць кірмаш кожны месяц, з акцэнтам на апсайклінг, кастамізацыю і аўтарскія рэчы.

Тым, хто толькі збіраецца ўдзельнічаць ў кірмашах, я раю не баяцца і не рабіць у стол. Не думайце “Ды каму гэта цікава? Ды хто гэта набудзе?” – спрабуйце, прадавайце, паказвайце сваю творчасць. Будзьце смялейшыя – і ўсё атрымаецца.

ALOVAK пагуляў па шэрагах з вырабамі ручной работы і распытаў у майстроў пра іх уражанні ад удзелу ў новым маркеце.

“Людзі ахвотна набываюць рэчы ручной работы”

Іна @vnch.shop вырабляе упрыгожанні з кветкамі з эпаксіднай смалы.

Я ішла на маркет, каб падтрымаць арганізатараў. Новы маркет – нейкіх чаканняў не было. Але ў выніку я засталася вельмі  задаволеная! Продажы цудоўныя, ужо няма чаго выкладаць на стэнд. Мне вельмі спадабалася тое, што, з аднаго боку, няма натоўпу, але, з другога боку, тыя людзі, што прыходзяць, зацікаўленыя і ахвотна набываюць рэчы ручной работы. Таксама мне вельмі спадабалася агульная атмасфера творчасці і бясплатныя майстар-класы ад удзельнікаў.

“Арганізатаркі ўмеюць злучаць вакол сябе такіх розных людзей, а потым і знаёміць нас міжсобку”

Наста @pishu.malui займаецца вырабленнем планераў-канструктараў і нататнікаў з аўтарскімі дызайнамі.

Я, насамперш, бізнэс-кансультант і калекцыянер бізнэсаў, бяру ўдзел у розных маркетах, спрабую розныя каналы продажаў, раблю высновы і ўжо на сваім досведзе ў маіх праектах магу нешта рэкамендаваць сваім кліентам.

Запрашэнне на маркет прыйшло ад арганізатараў з такім пасылам: “Мы перагледзелі свой папярэдні досвед удзелу ў іншых кірмашах, нам шмат што не падабалася і мы вырашылі зрабіць свой, сапраўдны маркет. Будзеш браць удзел?” Буду!

“Ну вось і паглядзім, як арганізатары дадуць рады” – падумала я. Адзінае, у мяне не было вялікіх чаканняў наконт продажаў і плыні аўдыторыі. Таму што гэта першы, пілотны раз, і зразумела, што ў публікі павінна сфармавацца пазнаванне самой імпрэзы, і пляцоўка Flame Place – новая для такога фармату.

Што хочацца адзначыць? На маркетах заўсёды была праблема з прымяральнямі – выправілі. На “Сапраўдным” яна велізарная, прасторная, з добрым святлом, чыстым люстэркам і без смецця. Туалеты хочацца асобна адзначыць – яны чыстыя і ў іх лёгкі кветкавы водар.

На іншых маркетах была праблема з тым, што ўдзельнікі стаяць заблізка адзін да аднаго – тут расстаноўка была даволі вольная. Так, напэўна, з ростам папулярнасці маркету ўдзельнікаў будзе больш і мы будзем стаяць шчыльней.

Само памяшканне светлае, прасторнае, нядушнае. На пляцоўцы быў адзін з уласнікаў самога памяшкання. Мяне вельмі здзівіла яго тактоўнасць, паважлівае камунікаванне з намі (проста дагэтуль быў розны досвед)! І яшчэ адна прыемная дэталь – бар, адмысловае меню для ўдзельнікаў маркету з прыемнымі цэнамі.

Увесь дзень можна было ўзяць удзел у майстар-класах, я была на адным па стварэнні чокера ад Вікі @solovushek, вельмі займальна! Зрабіла сабе чокер з ракетамі Ілана Маска)

Вынікі маркету: у мяне здарылася 5 продажаў, гэта недзе каля 80 рублёў, то бок акупіць унёсак удзельніка атрымалася) З кім я мела зносіны, тыя ўдзельнікі акупілі ўнёсак удзелу, з улікам невялікага трафіку, бо гэта першая імпрэза.

Было шмат новых знаёмстваў, і сацыяльны капітал значна папоўніўся! Віка-арганізатарка ўмее злучаць вакол сябе такіх розных людзей, а потым і знаёміць нас міжсобку.

“На маркеце нельга сядзець і чакаць, што да вас прыйдуць і ў вас купяць”

@darinasaladukha – арт-мэнэджарка, арганізатарка мерапрыемстваў, вырабляе паштоўкі для свайго праекту “Открытка” і прасоўвае на маркеце сваіх сяброў-мастакоў.

Я грунтоўна занураная ў тэме рэалізацыі арт-аб’ектаў, і таму імкнуся браць удзел не ва ўсіх маркетах, а ў тых, якія адгукаюцца майму сэрцу. Удзельнічаць у “Сапраўдным маркеце” мне прапанавалі спантанна, і я пагадзілася. Было цікава пратэсціць новую пляцоўку. 

Былі чаканні: прадаць тавар, прапіярыць сваіх сяброў-мастакоў, добра прабавіць час. Усе чаканні рэалізаваліся. На маркеце было даволі душэўна.

Маё агульнае пажаданне майстрам для кожнага маркету: маркет – унікальны шанец не толькі прадаць свае вырабы, але таксама завесці новыя знаёмствы, знайсці новых замоўцаў, навучыцца простым продажам. І самае галоўнае, на маркеце нельга сядзець і чакаць, што да вас прыйдуць і ў вас купяць – патрэбна максімальна быць актыўнымі, ініцыятыўнымі і настойлівымі.

“Такімі шляхамі нараджаецца модная суполка і мода ў краіне!”

Кацярына, аўтарка праекта @romanenko_space, стылістка і дызайнерка, займаецца апсайклінгам.

Сапраўдны маркет

У першую чаргу я прыйшла, каб падтрымаць арганізатарак і пазнаёміцца з творчымі людзьмі, апынуцца ў гэтай творчай суполцы. На маркеце спадабалася сама атмасфера творчасці, бо творчасць – гэта жыццё. Новыя людзі, новыя знаёмствы, прыгожыя вырабы, смачная гарбата, цудоўная атмасфера. А якая тут прымерачная! У нас там калегі зрабілі асобную фотасэсію, бо яна цудоўная проста!

На “Сапраўдным маркеце” ў адным месцы сабралася разам столькі дызайнераў, апсайклераў і кастамераў, што я ўпэўненая – такімі шляхамі нараджаецца модная суполка і мода ў краіне.

Тым, хто збіраецца на маркеты, я раю ў першую чаргу несці на маркет сябе, а ўжо ў другую чаргу – творчасць. У такіх месцах нараджаецца дух мастака, той які праходзіць праз сэрца.

(С) ALOVAK

Leave a Reply