Страхавыя ўнёскі ў ФСАН для рамеснікаў і самазанятых (плацельшчыкаў ППД)

У 2023 годзе многія рамеснікі сталі працаваць па-новаму, змянілася стаўка рамеснага збору, а хтосьці ўвогуле перайшоў на выплату падатку на прафдаход (ППД). Актуальным для ўсіх засталося пытанне выплаты ўнёскаў у Фонд сацыяльнай аховы насельніцтва (ФСАН) і налічэння пенсіі.

У новым матэрыяле юрыстка Алена Федарынчык расказала больш падрабязна пра тое, як выплачваюць страхавыя ўнёскі для будучай пенсіі плацельшчыкі рамеснага збору і плацельшчыкі ППД.

Хто можа атрымліваць працоўную пенсію?

У Беларусі права на працоўную пенсію набываецца толькі пры наяўнасці ў фізічнай асобы неабходнага страхавога стажу – гэта значыць, перыяду, на працягу якога ім самастойна або за яго (напрыклад, яго наймальнікам) былі выплачаны страхавыя ўнёскі ў бюджэт ФСАН.

Мінімальны перыяд выплаты ўнёскаў для прызначэння працоўнай пенсіі складае:

у 2023 годзе – 19 гадоў,

у 2024 годзе – 19 гадоў і 6 месяцаў,

з 2025 года і пазней – 20 гадоў.

Далей у артыкуле разбяромся, як выплачваюць страхавыя ўнёскі ў ФСАН плацельшчыкі рамеснага збору (рамеснікі) і плацельшчыкі ППД (самазанятыя).

Рамеснікі

Як выплачваць унёскі ў ФСАН рамеснікам?

Рамеснікі адносяцца да фізічных асоб, якія самастойна выплачваюць страхавыя ўнёскі. Гэта значыць, што рамеснік аплачвае страхавыя ўнёскі сам за сябе ў добраахвотным парадку.

Дапускаецца аплачваць страхавыя ўнёскі толькі за перыяды ажыццяўлення дзейнасці, тады і страхавы стаж будзе налічвацца толькі за гэтыя перыяды.

Як рамеснікам стаць плацельшчыкамі страхавых унёскаў?

• Стаць на ўлік у органах ФСАН па месцы жыхарства.

Для гэтага трэба напісаць заяву і прад’явіць пашпарт, а таксама копію дакумента, які пацвярджае ажыццяўленне дзейнасці, якая не адносіцца да прадпрымальніцкай (квітанцыю аб аплаце рамеснага збору).

• Непасрэдна аплачваць абавязковыя страхавыя ўнёскі.

Рабіць гэта можна штогод, штомесяц ці штотыдзень. Калі рамеснік выбірае штогадовую аплату, рабіць гэта неабходна не пазней за 1 сакавіка наступнага года (напрыклад, за 2023 год – не пазней за 01.03.2024).

• Прадстаўляць у ФСАН справаздачу па форме ПУ-3.

ПУ-3 – гэта дакумент персаніфікаванага ўліку. Ён падаецца ў органы ФСАН 1 раз на год не пазней за 31 сакавіка наступнага года.

Памер страхавых унёскаў для рамеснікаў

Для рамеснікаў памер страхавых унёскаў складае 29 працэнтаў ад сумы даходу, якую рамеснікі заявілі самастойна. Важна: заяўленая сума даходу не павінна быць меншай за мінімальную заработную плату па краіне (МЗП). Цяпер гэта сума з’яўляецца базай для разліку страхавых унёскаў.

На момант напісання артыкула МЗП складае 554,00 бел.руб. у месяц (на чэрвень 2023 года).

Прыклад.

Пры аплаце за май 2023 года страхавых унёскаў на суму 160,66 бел.руб. увесь месяц будзе ўключаны ў страхавы стаж для прызначэння пенсіі, а 554,00 бел. руб. (МЗП) будзе прынята як сума даходу для вылічэння пенсіі.

Важна! Сума даходу, заяўленага рамеснікам для падліку ўнёскаў у ФСАН можа быць не роўнай суме даходу, атрыманага рамеснікам ад сваёй дзейнасці.

Плацельшчыкі ППД (самазанятыя)

Як выплачваць унёскі ў ФСАН самазанятым?

Плацельшчыкі ППД выплачваюць страхавыя ўнёскі ў ФСАН аўтаматычна. Гэта значыць, што ім НЕ трэба:

  • спецыяльна станавіцца на ўлік у фондзе,
  • праводзіць разлік і выплату ўнёскаў,
  • падаваць справаздачу ПУ-3.

60 працэнтаў ад сумы ППД накіроўваецца ў бюджэт фонду.

Калі самазаняты(ая) ўжо пенсіянер(ка), сума ППД для яго/яе ў ільготным парадку складае 4% (замест 10%).

Як для самазанятых вызначаецца даход для будучай пенсіі?

Для плацельшчыкаў ППД даход для прызначэння пенсіі вызначаецца з сумы ППД у частцы абавязковых страхавых унёскаў, выплачаных у адпаведных месяцах з улікам памеру ўнёскаў на пенсійнае страхаванне – 29 працэнтаў.

Прыклад.

Калі за май 2023 года ваш даход склаў 1000 бел.руб., то:

  • падатак на прафесійны даход складзе 100 бел. руб. (1000х10%),
  • сума ўнёскаў у бюджэт фонду складзе 60 бел. руб. (100х60%) і будзе пералічана аўтаматычна,
  • даход пры прызначэнні пенсіі будзе ўлічаны ў памеры 206,90 руб. (60/29%).

Як для самазанятых вызначаецца стаж для будучай пенсіі?

У стаж работы для прызначэння пенсіі залічваюцца перыяды работы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці пры ўмове, што на працягу гэтых перыядаў праводзілася выплата абавязковых страхавых унёскаў у бюджэт фонду згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні.

Пры гэтым, калі сярэднямесячны фактычны заробак (даход) (як у нашым прыкладзе 206,90 бел.руб.), з якога выплачаны абавязковыя страхавыя ўнёскі, за каляндарны год* аказаўся ніжэйшы за МЗП (цяпер 554 бел.руб.), названыя перыяды залічваюцца ў стаж працы з ужываннем паправачнага каэфіцыента.

*або менш каляндарнага года, калі ў адпаведным годзе мелі месца прыём на працу або звальненне, рэгістрацыя або выключэнне з ліку плацельшчыкаў абавязковых страхавых унёскаў або іншыя падобныя акалічнасці.

Паправачны каэфіцыент разлічваецца шляхам дзялення сярэднямесячнага даходу на сярэднеарыфметычную велічыню мінімальнай заработнай платы за адпаведны перыяд выплаты абавязковых страхавых унёскаў.

Іншымі словамі, перыяд аплаты страхавых унёскаў будзе ўлічаны ў страхавым стажы прапарцыйна перыяду аплаты ўнёскаў у памеры, не ніжэйшым за 29% ад МЗП.

Звярніце ўвагу, што, калі плацельшчык ППД разлічвае, што ў страхавым стажы для прызначэння пенсіі будзе ўлічаны ўвесь каляндарны год, сярэднямесячны памер даходу павінен складаць не менш як 2677,67 бел.руб. У такім выпадку сярэднямесячны памер страхавых унёскаў будзе складаць не менш як 160,66 руб.

Пры гэтым у самазанятых няма абавязку атрымліваць даход і выплачваць унёскі ў ФСАН у такім памеры. Проста пры меншым даходзе ў страхавы стаж будзе залічаны меншы перыяд выплаты ўнёскаў.

Крыніцы:

1) Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2018 N 500 “Аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні”

2) Закон Рэспублікі Беларусь ад 15.07.2021 N 118-З (рэд. ад 30.12.2022) “Аб унёскахах у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай аховы насельніцтва Рэспублікі Беларусь”

3) Закон Рэспублікі Беларусь ад 17.04.1992 N 1596-XII (рэд. ад 01.06.2022, з змен. ад 30.12.2022) “Аб пенсійным забеспячэнні”

4) сайт www.ssf.gov.by

(с) ALOVAK

Leave a Reply