Сказаць, што ў Беларусі шмат майстроў, якія ствараюць дызайнерскія сумкі, дык гэта нічога не сказаць. Іх сапраўднае мноства! Сумкі майстры вырабляюць са скуры, тэкстылю, дрэва і эпаксіднай смалы, вяжуць і плятуць, а таксама распісваюць і вышываюць! Мы паспрабуем стварыць падборку самых адметных мадэляў сумак ад нашых вытворцаў, не ўлічваючы хіба шопераў і авосек, бо гэта матэрыял для асобнай гісторыі.
А ці трэба казаць, што значыць для жанчыны сумка? Сумка – гэта цэлы свет, не менш! Таму абірайце сабе свой свет і дасылайце спасылку тым, ад каго чакаеце падарунак. Таксама ў многіх майстроў ёсць падарункавыя сертыфікаты – карыстайцеся імі, калі не да канца ўпэўненыя, якая мадэль падыдзе жонцы, маці ці сяброўцы. Ну што, паехалі?
@artbags.by
Мастачка Ірына Дзёміна стварае аўтарскія творы са скуры ў адным экзэмпляры.
@bags_by_less
У гэтага брэнда шмат цікавых скураных мадэляў сумак з драўлянымі бакавінамі, спражкамі ды іншымі адметнымі дэталямі.
@mrs.bag
Торба цікавай формы, якую яшчэ называюць савой, бутэлечніцай ці нават алкагалічкай!
@feelingtrees
Сумкі са скуры і дрэва ды яшчэ з раслінамі ў эпаксіднай смале – гэта спраўдны мікс усяго прыгожага ў адной сумцы.
@stankevich_bags
@aptieziev.store
Дызайнер Апці Эзіеў вядомы сваімі сумкамі з клёпкамі, але мы абралі для падборкі больш стрыманую мадэль.
@killtoday
Паспяховы брэнд Міланы Хасіневіч, якая праславілася сваімі торбамі з вушкамі-крылцамі і цяпер выпускае шырокі мадэльны шэраг жаночых сумак для пакупніц з вытанчаным густам.
@innaprinz
Калі брэнд выпускае сумкі і рамні, то чаму б на самой сумцы не завязаць рамень?
@maniere.studio
Аксамітная сумка з ручной вышыўкай і вінтажнай фурнітурай – адна з цэлай калекцыі рыдыкюляў Мaniere.studio.
@mashkova.by
Ганна Машкова заснавала брэнд Mashkova.by ў 2018 годзе, а цяпер разам з мужам Анатолем яны ствараюць colorblock сумкі і аксэсуары, якія раскупаюцца як гарачыя піражкі.
@olshuk_natalya
У Наталлі Альшук цікавы мікс скуры і вязанай пражы, які добра глядзіцца нават на фоне міксу шкарпэтак!
@nikitakozlov_bags
У Мікіты Казлова свая маленькая вытворчасць сумак з новымі мадэлямі кожны сезон.
@voodoo.paperbag
Брэнд стварае сумкі з папяровай скуры, а на іх малююць мастакі. Гэтую мадэль распісала беларуская мастачка Надзя Бука.
@baskanci_by
Сямейная майстэрня BASKANCI робіць цікавыя сумкі і аксэсуары з натуральнай скуры.
@holywool_bags
Гэтыя торбачкі з грудзямі – сапраўдная фішка брэнда! А фон! Які фон!
@sadovska.by
Cумачкі з фермуарам – слова ж якое чароўнае! Аказваецца, фермуар – гэта такая зашпілька з дзьвюма перлінкамі, якая замыкае рыдыкюль – яшчэ адно чароўнае слова з водарам Францыі!
@gryshel_
Сумкі ручной работы з італьянскай скуры, лукі з сумкамі ў лонданскім фэшн-часопісе – усё гэта пра Грышэль.
@ant.design_
Майстар робіць не толькі такія цікавыя сумкі-карціны, але і клатчбукі – клатчы ў форме кніг!
@verzasko
Тут сумкі са скуры ручной работы – ніякіх машын! Затое шмат аксэсуараў.
@pankovec_bags
У профілі майстра Панкаўца напісана, што ён “швея-пацан”. Але ў беларускай мове ёсць два словы: фемінітыў “швачка”, які абазначае жанчыну, што шые адзенне з тэкстылю, і маскулятыў “шавец”, які абазначае мужчыну, што шые абутак са скуры. Яшчэ ёсць кравец і краўчыха, датычныя больш да стварэння адзення. А якое слова лепей ужываць да тых майстроў, што шыюць сумкі, цяжка сказаць. Пэўна, дызайнер)))
@lulamay.bags
Дызайнерка Ксенія Лоік цяпер ва Ўроцлаве, але прадае сумкі па ўсім свеце. Мяжа не праблема!
@stefi_bag
Прыгожыя рыдыкюлі і стылёвыя сумачкі з налётам вінтажнасці.
@grays_ly_leather
Гэты майстар робіць вырабы са скуры ўжо больш за 15 гадоў, дае майстар-класы і можа зрабіць любую рэч на замову, напрыклад, такую торбачку ў стылі боха.
@nikolaypolivkin
Аўтарскія торбы гарадзенскага майста Мікалая Паліўкіна самых розных формаў часам можна набыць у крамах падарункаў, але лепей замаўляць наўпрост у майстра.
@novich_bags
Сумкі ручной працы з драўлянымі, вязанымі і скуранымі элементамі самых розных формаў і памераў.
@bagira_homedecor
Незвычайная сумка-пельмешка надасць вобразу пэўнай гуллівасці.
@bags_with_love_minsk
Круглыя вязаныя торбы са скуранымі элементамі самых розных колераў.
@o__kaza
Майстрыца Вольга Казаноўская стварае і вучыць рабіць цікавыя сумкі з дрэва і нітак, а таксама ўпрыгожваць іх рознымі выявамі.
@veron.accessories
Сумка-вядро – гэта не самая папулярная форма сумкі, але яна можа быць зручнай, калі вы не носіце ў сумцы альбомы для малявання.
@julia_vasilevskaya
Плеценыя торбы, кошыкі і капелюшы Юліі Васілеўскай створаны, хто б мог падумаць, з папяровай лазы!
@sidoruk.viktor
Сумка з бамбуку і драўляных бакавінаў – такія робіць майстар Віктар Сідарук.
@s.v_bags
Цікавая торбачка ад майстрыцы Валерыі, якая вяжа іх са жгуту.
@voliechka_piletskaya
Арт-сумка, якая прайшла роспіс па матывах маляваных дываноў і паказы на Belarus Fashion Week.
@anastasia.hudach
Цікавыя торбы з вязаных элементаў і пласцінаў з аргшкла з празрыстым дном робіць Анастасія Гудач.
@naked__skin
Гэтую торбу-малышку можна насіць і цераз плячо, і на поясе, але ў брэнда маюцца і паўнапамеравыя мадэлі.
@mymoon.by
Гэты брэнд выпускае не толькі ўласную калекцыю сумак, але і можа зрабіць шэдэўр паводле вашых накідаў на замову!
@mimihandmade
Гэтыя торбачкі можна ўжывую памацаць беларусам Літвы, а замовіць – хоць з усяго свету.
@_shiny_style_
Гэтая малютка – ідэальная для самага важнага: памады, тэлефона, ключоў і картачак.
@kozhanaya_lavka
Цудоўныя сумкі-бананкі з ручной вышыўкай-арнаментам – майце на ўвазе, што шыюцца і вышываюцца яны пад замову, то паспяшайцеся!
Калі мы абмінулі ўвагай нейкі цікавы беларускі брэнд ці майстра, які робіць адметныя сумкі, дасылайце нам спасылкі на іх у каментарах – мы дадамо іх у калекцыю!
P.S. Дзякуем нашым чытачам, што дасылаюць нам спасылкі на сумкі, вартыя быць уключанымі ў нашую падборку!
@antonejj_leather
@urban_kraft_bags
Сумкі з крафтавай скуры, трывалыя і вільгацеўстойлівыя, нягледзячы на папяровы выгляд.
@drazdovskybrand
А гэтая сумачка 2 ў 1: унутры кубіка яшчэ ёсць невялікая кросбодзі-сумачка з ланцужком!
@woodbag.s
Вышыўка на драўляных сумках цікавай формы – што можа быць арыгінайльнейшым?
(С) ALOVAK