Мастак па ляльках Святлана САЛАВАЯ, аўтар праекту “500 эскімо”, ужо больш за 10 гадоў стварае пазнавальныя елачныя ўпрыгажэнні з ваты. Яе кранальныя вобразы дзяцей у строях звяроў з серыі цацак “Ранішнік у дзіцячым садку” нібыта перанесліся на машыне часу з нашага дзяцінства.
Тэкст падрыхтавала: Кацярына Буто
Фота: Святлана Салавая
Натхненне
Распавядаючы пра час з’яўлення захаплення, Святлана ўзгадвае свае самыя раннія гады:
– Хутчэй за ўсё, гэта любоў з дзяцінства, бацькі заўсёды ўпрыгожвалі елку, і Новы год быў па-сапраўднаму чароўным святам. Усе цацкі на нашай елцы былі старадаўнімі, захавалася нават крыху ватных”.
На пытанне пра тое, як з’явіліся такія вобразы, мастачка адказала:
– Напэўна, таму што Новы год для мяне ў першую чаргу дзіцячае свята, і ён вяртае мяне ў тую казачную атмасферу. Можа быць яшчэ і таму, што сярод старых цацак, з якіх усё і пачыналася, было шмат дзіцячых персанажаў”.
Тэхніка
Традыцыя вырабу цацак з ваты вядомая даўно, агульныя прынцыпы і тэхналогіі практычна не змяніліся, толькі матэрыялы выкарыстоўваюцца больш сучасныя і дасяжныя. Так крухмальны клейстар майстры замяняюць клеем ПВА, а для твараў сталі выкарыстоўваць не масціку ці воск, а, напрыклад, палімерную гліну.
Аснова такіх цацак – вата – выдатны матэрыял, дасяжны і лёгкі, працаваць з ёй вельмі прыемна, але цярплівасць трэба назапасіць, бо працэс вырабу дастаткова доўгі.
https://www.instagram.com/p/BtVTwE3g2S8/?utm_medium=copy_link
Парады Святланы Салавой па тэхніцы
вырабу цацак з ваты
Матэрыялы і інструменты, якія спатрэбяцца ў працы:
- вата,
- клей ПВА,
- дрот таўшчынёю каля 2 мм,
- белыя баваўняныя ніткі,
- акварэльныя фарбы,
- пэндзлі (для клею і для фарбы),
- абцугі, кусачкі.
1.Найперш, вызначцеся з тым, што менавіта вы будзеце ствараць, намалюйце эскіз. Затым у адпаведнасці з эскізам зрабіце каркас з дроту.
2. Наступны этап – абмотванне каркасу ватай. Рабіць гэта трэба не вельмі шчыльна.
3. Ніткі спатрэбяцца для абмотвання фігуры, каб надаць ватнай нарыхтоўцы форму, да якой імкнёмся. Пасля гэтага, калі трэба, дадайце вату там, дзе яе не хапіла, і зноў фармуйце фігуру пры дапамозе нітак.
4. Далей фігура абклейваецца пластамі ваты з клеем. Каб цацка была трывалай, трэба зрабіць некалькі такіх пластоў.
5. Сохнуць фігура будзе доўга, да 12 гадзін. Рабіць гэта можна ў падвешаным стане. Працэс высыхання клею можна паскорыць, напрыклад, пры дапамозе фена.
6. Пасля высыхання фігурка павінна быць цвёрдай. Калі ў нейкіх месцах яна прамінаецца ці, на ваш погляд, фігуры не хапае аб’ёму, можна прыклеіць яшчэ ваты.
7.Апошні этап – роспіс акварэльнымі фарбамі. Тут усё залежыць толькі ад вашага ўмення. Майце на ўвазе, што па мокрай ваце фарбы будуць вельмі прыгожа расплывацца. Таму калі патрэбна дакладная лінія, то малюйце па высахлай ваце, а калі расплывістая, то па сырой.
Хочаце паспрабаваць сябе ў стварэнні цацкі з ваты? На старонцы Святланы Салавой на партале “Ярмарка мастеров” вы знойдзеце майстар-клас па стварэнні ката з ваты.
(с) ALOVAK