Ілюстратар і дызайнер Лілія Давыдоўская дзеліцца з ALOVAK працэсам стварэння гарадскіх замалёвак з дапамогай каляровых маркераў.
Тэкст, фота: Лілія Давыдоўская
Я вельмі люблю падарожнічаць і заўсёды падчас вандроўкі замалёўваю тое, што мяне ўразіла. Бо даўно заўважыла, што мая тысяча з нечым здымкаў не перадае той настрой, што захоўваецца ў некалькіх хуткіх і экспрэсіўных ці наадварот доўгіх і ўважлівых малюнках, якія я пакідаю ў нататніку ці альбоме. Кожны горад, кожная вуліца, кожны куток маюць сваю атмасферу, якую я прапускаю праз сябе ў працэсе і потым частку гэтай атмасферы вязу з сабой дадому ў тэчцы. У сваіх родных мясцінах таксама заўжды можна знайсці шмат цікавага і вартага ўвагі, толькі трэба імкнуцца глядзець на ўсё навокал так, як быццам бачыш першы раз у жыцці, і знаходзіць незвычайныя дэталі.
З матэрыялаў і інструментаў нам спатрэбіцца:
- адмысловая папера;
- маркеры;
- чорны лінер;
- просты аловак;
- гумка;
- канцылярскія заціскі, каб замацаваць аркуш.
А таксама: кавалак паперы для эскізу.
Парады
Я звычайна выкарыстоўваю спіртавыя маркеры і спецыяльны альбом фармату А4+. Маркерамі можна маляваць на любой паперы, але трэба мець на ўвазе, што звычайная “выцягвае” фарбу з інструмента нашмат хутчэй, і ён служыць не так доўга, да таго ж колеры праступаюць на адваротным баку малюнка.
Кожны чалавек выбірае сваю характэрную гаму сам: камусьці падабаюцца яркія колеры, хтосьці любіць рабіць больш стрымана. Усё залежыць ад задачы і настрою. Шляхам спроб і памылак я вызначыла тое, што лепш не набываць адныя яркія чыстыя колеры, яны добрыя толькі для акцэнтаў. Варта мець у запасе складаныя адценні, напрыклад, у мяне заўсёды з сабой абавязкова некалькі амаль чорных колераў, набор халодных (фіялетавы, светлы і цёмны блакітны ), цёплы набор (цёмна-вохрысты, бледны жоўты, светла-цагляны) і салатавы для зеляніны проста таму, што я люблю менавіта гэты колер.
Працэс
1.Выбраць выгляд, які мы будзем маляваць. У дадзеным выпадку я вазьму сваё фота, зробленае ў Варшаве. Найлепш, канешне, рабіць замалёўкі з натуры, на здымках шмат якія рэчы губляюцца, а задача спрашчаецца, бо за нас палову справы робіць камера.
2.Зрабіць невялікі эскіз, каб вызначыцца з кампазіцыяй і тонам. Ён не павінен быць прыгожым і займаць шмат часу, і гэта не канон, ад якога нельга адступаць, гэта толькі дапамога. На сваім эскізе я вызначыла, што мост будзе светлым на цёмным фоне, а дрэвы, наадварот, цёмнымі на светлым, ад гэтага ўжо з’яўляецца цікавы рытм, які нам падказала само фота.
3.Прыступаем да замалёўкі. Я адразу пачынаю лінерам, бо так вучышся думаць, трэніруеш руку і вока. Але калі ёсць сумненні, то можна злёгку абазначыць алоўкам асноўныя масы і прапорцыі, абапіраючыся на эскіз. Затым, абавязкова дачакаўшыся таго, каб лінер высах, ахайна сцерці. Маркерная папера даволі тонкая і лёгка камячыцца, а пасля слою маркераў аловак ужо не знікне. Я не прамалёўваю дробныя дэталі лінерам, бо ён можа непрадбачна расцерціся і трохі папсаваць замалёўку і маркер.
4.Пераходзім да маркераў і абазначаем імі асноўныя колеры. У любой “жывапіснай” працы заўжды варта вызначыць пэўную абмежаваную колькасць колераў, якія будуць дамінантнымі, зазвычай – каля чатырох. Я гляджу на натуру і вырашаю адразу пачаць з неба, як з самага зразумелага для мяне. І тут жа я даю гэты ж сіні крыху ў іншых месцах для падтрымкі. Мост я вырашаю зрабіць умоўна жоўтым. У натуры ён не такі, але, па-першае, у нас не заўжды ёсць усе колеры пад рукой, як у фарбах, па-другое, мне хочацца такім спосабам перадаць менавіта адчуванне яркага сонечнага дня. Фіялетавым я падкрэсліваю цень, ён цудоўна падыходзіць для такога, а салатавым – зеляніну.
Парада
З маркерамі лепш пачынаць з ценяў і менавіта ў іх паказваць сапраўдны колер прадмета, а на святле пакідаць белым.
5.Прамалёўваем яшчэ трохі дэталяў лінерам і ставім акцэнты цёмным маркерам. Я размяркоўваю ўсё па рытме, чаргую зафарбаваныя плоскасці з некранутай паперай. Я люблю пакідаць шмат белай паперы і выкарыстоўваць фон як яшчэ адзін колер, гэта надае працы свежасць і лёгкасць.
Парада
Маркеры добра падыходзяць для розных характэрных фактур і структуры прадметаў, імі можна як зафарбаваць роўную плоскасць (асфальт), так і зрабіць дробныя мазкі (дрэва), і адразу адчуваецца рознасць матэрыялаў.
6.Працягваем працу з маркерамі. Маркеры можна змешваць па тых жа правілах, як і звычайныя жывапісныя матэрыялы. Не ўсе спалучэнні атрымліваюцца заўжды ўдалымі, трэба спрабаваць. Варта быць асцярожным: тры і больш змешаных маркераў могуць стварыць брудны незразумелы колер.
Парада
Я імкнуся на кожным этапе весці малюнак так, каб ён выглядаў цэльна, не прамалёўваю нейкі адзін фрагмент, пакуль астатняя частка аркуша застаецца незапоўненай. Увесь час вяртаюся то да аднаго, то да другога.
7.У фінале дадаем лінерам дэталі. Я выкарыстоўваю чорны лінер, бо ён добра аб’ядноўвае, дапамагае ствараць дэталі і надае жывасці і фактурнасці, ім заўжды можна разбіць аднатонны фрагмент, не мяняючы тон. І трэба ўмець своечасова спыніцца: калі ёсць сумненні, то лепш пакінуць і падумаць, чым на гарачую галаву ўсё сапсаваць. Такі фармат у мяне займае прыкладна каля 40 хвілін – гадзіны часу.
Усё, замалёўку можна лічыць завершанай!
(с) ALOVAK