Камяні – цудоўны матэрыял для творчасці. Дарогі і сцяжынкі, марское ўзбярэжжа, гарадскія вуліцы, сад у бабулінай вёсцы – яны могуць сустрэцца на вашым шляху дзе заўгодна. Некаторыя камяні добра выглядаюць самі па сабе і выдатна могуць упісацца ў ваш інтэр’ер. Але з дапамагай камянёў можна шмат чаго стварыць яшчэ – падабралі для вас 9 цікавых ідэй.
Тэкст: Ірына Бельская, Кацярына Буто
Фота: Юля Прашковіч, Кацярына Буто, архівы аўтараў ідэй
1.
Гірлянда
Гірлянда або падвеска з камянёў выдатна падыдзе для ўпрыгожвання вашага жылля ці саду.
Парада: Каб камяні не выпадалі і добра трымаліся ў падвесцы, плесці яе трэба ў чатыры ніткі. Сачыце, каб ніткі былі размешчаны з усіх бакоў кожнага каменя, а вузельчыкі шчыльна завязваліся. Каб камяні трымаліся, можна прамачыць нітку клеем ПВА і ў вільготным стане аплесці ёю камяні. Калі выкарыстоўваць падвеску вы будзеце ў якасці ўпрыгожвання ў садзе, то лепш замяніць клей ПВА любым іншым клеем, які не размокне пад дажджом.
2.
Упрыгожанні з камянёў
Паглядзіце, як вытанчана і прыгожа выглядае марская галька і звычайныя каменьчыкі ў біжутэрыі:
Аўтарка ўпрыгожанняў, Алена Light, паказала, як можна аплесці камяні для выкарыстання іх у кулонах і падвесках, вось як схематычна выглядае гэты працэс:
3.
Абвязаны камень
Вы любіце вязаць шыдэлкам? Тады гэтая ідэя для вас! Мілыя і хатнія, такія камяні могуць стаць упрыгожваннем вашага дому, а таксама выконваць даволі ўтылітарныя функцыі: калі такія каменьчыкі выкарыстоўваць пры сервіроўцы стала на свежым паветры, то яны не дадуць сурвэткам паляцець ад парыву ветру.
4.
Пано
Камяні дапамогуць аформіць уражанні пра лета і падарожжа. Збірайце падчас марскога адпачынку плоскія камяні і прывозьце дадому. З такіх камянёў апроч іншага можна складаць кампазіцыі-пано. Не забудзьцеся аформіць вашу працу ў рамку!
Парада: Папярэдне камяні трэба памыць. Калі ў вас ужо ёсць гатовая рамка, то лепш адразу складаць пано на шчыльнай паперы ці кардоне, па памеры, прыдатным для такой рамкі (асновы). Пасля таго, як вы вызначыцеся з кампазіцыяй, пачынайце прыляпляць камяні да асновы, падымаючы іх па чарзе. Для дробных каменьчыкаў спатрэбіцца пінцэт. Выкарыстоўвайце суперклей ці гарачы клей-пісталет.
5.
Роспіс камянёў
Камяні можна распісваць, напрыклад, як мастачка Аліка Калайда.
Вось як яна гэта робіць:
- Камяні для роспісу трэба добра вымыць у гарачай вадзе з мылам жорсткай шчоткай, потым раскласці на газеце і высушыць.
- Калі ў каменя роўная паверхня, можна маляваць адразу па ёй. Калі паверхня занадта порыстая, лепш яе загрунтаваць. Я бяру звычайную мастацкую грунтоўку белага ці чорнага колеру. Калі камень цёмны, а малюнак трэба зрабіць светлым, то добра б яго таксама загрунтаваць белым.
- Каб маляваць жывёл, карысна збіраць бібліятэку з фотаздымкамі, выразаць з часопісаў, захоўваць у інтэрнэце. Часам жывёлу можна ўбачыць у форме каменя, часам наадварот – падабраць камень да папярэдніх накідаў.
- Камень можна пакласці на паперу, абвесці контуры і паспрабаваць намаляваць тое, што вам хочацца, зрабіць некалькі варыянтаў і выбраць самы лепшы.
- Контуры на камені можна маляваць простым алоўкам або, як часцей я раблю, каляровым акварэльным патрэбнага колеру. Далей распісваць як вам зручней. Для роспісу падыдуць любыя акрылавыя фарбы, абы былі досыць густыя, непразрыстыя.
- Можна распісваць патроху кавалачак за кавалачкам да гатоўнасці, можна накласці асноўныя колеры больш шырокім пэндзлікам, напісаць цені і аб’ём, потым узяць тонкі пэндзлік і вымалёўваць ім дэталі – поўсць, вочы, насы, вусікі.
- Гатоваму вырабу даць канчаткова высахнуць, не менш за суткі, затым пакрыць камень лакам. Я люблю лак з балончыка, матавы, а не бліскучы.
6.
Інтэр’ерныя і ландшафтныя кампазіцыі
Інтэр’ерныя і ландшафтныя кампазіцыі з каменя – вось ужо дзе ваша фантазія можа разгарнуцца!
“БАЛАНС” – інтэр’ерная кампазіцыя-падманка
Гара і камневік
7.
Як яшчэ можна маляваць на камянях?
Камень-палатно
Бывае, сустракаюцца плоскія камяні, якія або добра стаяць на баку, або іх можна павесіць на сценку, прыдумаўшы спосаб мацавання. Камень можна выкарыстоўваць замест палатна. Такі камень цікава выглядае, калі не ўся яго паверхня замалявана.
Форма каменя
Часам камяні нешта нагадваюць – і вам застаецца толькі дамаляваць. Дайце шанец вашаму ўяўленню праявіць сябе!
8.
Гуляем
Прапануем вам цікавы спосаб баўлення часу, які развівае фантазію і добра падыходзіць у якасці гульні з дзецьмі або дарослымі. Выберыце камень, вазьміце ліст паперы і дамалёўвайце да каменя, што вам прыйдзе ў галаву.
Важна: камень выкарыстоўваецца адзін, яго проста трэба перамяшчаць па лісце паперы. Паспаборнічайце з сябрамі, хто больш прадметаў намалюе.
9.
Каменная мазаіка
Камянямі можна ўпрыгожыць сцены дома, як унутраныя, так і знешнія, як, напрыклад, гэта зрабіла мастачка Наста Глушко. Больш фота і парад, як зрабіць такую, вы знойдзеце ў нашым артыкуле.
(с) ALOVAK