Каляровы Мінск у жывапісе Надзеі Леановіч

Гісторыя карэннай мінчанкі Надзеі Леановіч пачалася з таго, што бацькі яшчэ да школы разгледзелі ў ёй творчыя здольнасці. А потым усё было перадвызначана: мастацкая школа, творчая адукацыя, размеркаванне ў дом творчасці горада… Любань. Як Надзея шукала сябе і свой стыль, дзе правяла сваю першую выставу (спойлер: на плоце!), чаму малюе Мінск і збіраецца тут заставацца, чытайце ў нашым матэрыяле.

Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: Юлія Барадзенка, Надзея Леановіч

“Я апынулася ў мастацкай школе – у мяне проста не было іншага выбару”

Надзея, як ты ў дзяцінстве распазнала ў сабе мастачку і ці не пашкадавала, што выбрала творчую адукацыю?

Я свой шлях не выбірала. Яшчэ да школы бацькі мяне аддалі на розныя гурткі: на танцы, спевы, мастацтва і ангельскую мову. З цягам часу ўсе астатнія адваліліся – засталося толькі мастацтва. Мая выкладчыца аднойчы сказала: “А вось ёсць такая добрая школа пры Акадэміі мастацтваў” – і я пайшла туды ў 1 клас. Аказалася, там быў іспыт, правяралі нашы агульныя веды і мастацкія здольнасці: трэба было намаляваць казку. Вось так я апынулася ў мастацкай школе – у мяне проста не было іншага выбару. 

Недзе ў класе сёмым у мяне быў крызіс, я крычала, што ненавіджу жывапіс, мне здавалася, што ў мяне нічога не атрымліваецца. Пачыналася ўсё прыгожа, а заканчвалася нейкай граззю, усё неяк развальвалася. Думаю, гэта былі мае ўнутраныя праблемы. Трэба было рабіць, як падабаецца, ці прасцей да гэтага ставіцца. Тады я нават думала, што пайду ў нейкую іншую сферу. А потым я гэта перажыла і паступіла ва Універсітэт культуры на дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. 

“Перамога”

Завочна я яшчэ пайшла на графічны дызайн, і мне гэта спадабалася нават больш, таму што там былі больш цікавыя выкладчыкі, якія прыходзілі да нас з БДУ ці Акадэміі мастацтваў. Там я знайшла людзей, апантаных сваёй справай, яны жылі гэтым – і гэта было сапраўды крута! Ва ўніверсітэце была вельмі разняволеная атмасфера, з нас не надта нешта патрабавалі ў параўнанні з гімназіяй. Нам сказалі, што калі мы хочам нейкія веды, то павінны іх самастойна здабыць. Мне падабалася ўсё, што звязана з афармленнем вітрын у крамах ці дэкарацый у тэатры. Падавалася, што гэта маё, бо я люблю нешта рабіць рукамі. 

Але склалася так, што мяне размеркавалі ў Любань выкладчыкам школы рамёстваў. Там можна было выбраць любы прадмет ад ткатцтва да бондарства, але я вырашыла выкладаць жывапіс. Пасля заканчэння адпрацоўкі я засталася яшчэ на год, каб падрыхтаваць сваіх дзяцей да паступлення ў мастацкую вучэльню, і толькі потым вярнулася ў Мінск.

“Я ламала сябе і стэрэатыпы ў сваёй галаве”

Як ты шукала свой стыль? Праз якія этапы прайшла ў сваіх пошуках?

Гэта добра, калі ты ведаеш асновы класічнай адукацыі, усе гэтыя светлацені, перспектывы, законы кампазіцыі, але мне яны доўгі час перашкаджалі. Мне цяжка было потым адрынуць, што ёсць прадмет і ў яго ёсць цень, блік, светлацень, – я думала, што гэта абавязкова трэба паказваць. А потым у нейкі момант мяне клеманула, што можна не перадаваць падабенства, ламаць перспектыву, рухаць прадметы, прыбіраць непатрэбнае. Са мной гэта адбылося толькі гады два таму.

Не люблю кваліфікаваць сябе, адносіць сваю творчасць да пэўнага стылю – хай за мяне гэта зробіць глядач. Часам мне кажуць, што гэта поп-арт – з гэтым я не зусім згодная: ёсць у мяне некалькі прац, якія можна аднесці да поп-арту, але не ўсю творчасць. Часам кажуць, што гэта ў мяне прымітывізм – з гэтым у нейкай ступені пагаджуся, бо мне падабаецца творчасць наіўных мастакоў без прафесійнай адукацыі, яны больш смела малююць, не думаючы пра законы і правілы.

Я ламала сябе і стэрэатыпы ў сваёй галаве, вучылася пісаць па-іншаму, але, здаецца, не выкінула ніводнай ранейшай карціны. Нехта мог на эмоцыях знішчыць сваю працу, а я лічыла, што мушу гэта перажыць, таму ўсё дагэтуль пільна захоўваю. Да таго ж акрыл дазваляе перакрыць карціну фарбамі, перапісаць яе наноў. Таму некаторыя працы я сфатаграфавала, захавала ў тэчку “Знішчаныя творы” і запісала наверх нечым іншым, што мне цяпер даспадобы. А калі праца не дужа падабаецца, я проста стаўлю на яе меншы кошт і імкнуся хутчэй прадаць, каб яна мне вочы не муляла. Рэч у тым, што ў мяне няма майстэрні, таму я лёгка развітваюся са сваімі працамі, бо не маю дома шмат месца для іх захоўвання.

Па тваіх карцінах можна скласці энцыклапедыю жоўтага колеру. Адкуль такая любоў?

На занятках па кампазіцыі, калі нам трэба было фарбамі выяўляць боль, здароўе, шчасце ды іншыя эмоцыі, я запомніла, што здароўе для мяне гэта аранжавы колер, а боль – шэра-фіялетавы. Але аранжавы пры гэтым я доўга ненавідзела, дый жоўты асабліва не любіла. Я лічу, што гэта быццам бы не мае колеры. Але гэта радасныя колеры, гэта колеры сонечнага святла. Жоўты нарадзіўся як колер неба, калі свеціць сонца і ты слепнеш ад сонечнага святла. Мне чамусьці жоўтае неба ўяўляецца натуральней, чым блакітнае.

“Трымаючы счэпку сэрцам”

Я адмыслова праверыла, калі ў мяне з’явілася чырвонае неба. Аказалася, яшчэ да 2020 года. Наогул жа я не часта гартаю свае работы, я і так ведаю, што мой узровень вырас, наладзіўся працэс, напрацаваныя пэўныя прыёмы. Магу пабачыць свае хібы, напрыклад, празмерную дэталёвасць ці, наадварот, умоўнасць. Мама смяецца, што адзін з першых маіх трамваяў нібы ўзлятае, як страказа. З аднаго боку, мне гэта падабаецца, што ён больш наіўны, а з іншага, я разумею, што ў мяне ўжо ўсё іначай, больш аргументавана.

“Гэта тая мастачка, якая малюе Мінск!”

Здаецца, у тваіх працах галоўны герой – Мінск. Пры гэтым некаторыя будынкі ты малявала разоў 12, а некаторыя – ні разу. Без якіх элементаў гарадскога ландшафту ты не ўяўляеш вобраз Мінска?

Для мяне самы знакаміты краявід Мінска нават не Чырвоны касцёл, а плошча Перамогі. Мне падабаюцца вежы, паўкруглыя будынкі з надпісамі і сам гэты абеліск. Гэта пазнавальны від Мінска – я яго малявала з розных бакоў. 

А плошча Свабоды – гэта мой эксперымент: мне цікава было паглядзець, ці будзе нешта мяняцца, калі яе маляваць з аднаго і таго ж ракурсу. Звычайна я не малюю з натуры. Мне лянотна цягаць эцюднік ці рабіць эскізы. Таму я прыходжу на месца, раблю шмат здымкаў з розных ракурсаў, дома выбіраю найбольш удалы і пераношу яго на палатно. Я здымала плошчу Свабоды ў розны час з аднаго ракурсу і малявала яе на працягу года – усё мянялася!

“Шапчы шыбам вершы”

Мікіта Моніч неяк заўважыў, што твае карціны пра Мінск шматузроўневыя, бо маюць шырокі кантэкст ці нават глыбокі падтэкст, які прачытваецца беларусамі. У адрозненне, напрыклад, ад больш турыстычных замалёвак з Піцера, дзе ты часта бываеш… А сама ты заўважала гэтую розніцу?

У маіх карцінах можна знайсці падтэкст, калі я свядома нешта мяняю: прыбіраю шыльду, якая мне не падабаецца, змяняю колер, ігнарую гатэль “Кемпінскі” на краявідзе са Свіслаччу.  Як мастак, я б магла зрабіць так, каб ён прыгожа ўпісаўся ў кампазіцыю, але я свядома яго не малюю, таму што яго не павінна тут быць. 

Але часам у маіх творах знаходзяць больш глыбокі сэнс, чым той, які я ў іх укладала. Аднойчы на выставе да мяне падышоў адзін хлопец, які сказаў, што набыў маю карціну, якая называецца “Сонечны ранак перад Еўрапейскімі гульнямі”. Я тады гуляла каля стадыёна “Дынама”, там ішоў рамонт дарогі і стаяла тры асфальтаўкладчыкі. Я тады падумала: як цудоўна яны тут сталі, як яны свецяцца ў сонечным святле! А хлопец, які набыў гэтую карціну, распавядае сябрам, што яна пра тое, як нас закатваюць у асфальт. Як нас прымушаюць хадзіць па струнцы, наводзяць вонкавы марафет і вырашаюць усё за нас. Во, аказваецца, колькі чалавек усяго ўбачыў у маёй карціне, а я нават  не думала, што гэта можа быць сімвалам дыктатуры! Я ў той момант думала, што тэхніка дужа добра спалучаецца з пейзажам. Але я не выключаю, што я нешта раблю на падсвядомым узроўні.

“Сонечны ранак на Кірава-Камсамольскай перад эўрагульнямі”

А карціна з вазамі ўзнікла вельмі цікава. Мне прапанавалі сфатаграфавацца з карцінамі – і я стала перабіраць свае працы: гэтая не падабаецца, гэтая не пасуе – трэба нешта новае зрабіць! Я нават сама не чакала, што гэта будзе так трапна. Тэма ж раскрытая, ужо рабілі працы пра вазы – што я тут новага магу стварыць? Але нешта атрымалася. Дарэчы, спачатку я таксама здзівілася, што іх пафарбавалі ў жоўты колер, але потым я падумала, што гэта адметна. Мы і так жывем у горадзе, дзе мала аб’ектаў, якія можна зрабіць брэндам. Я наогул за тое, каб зрабіць акцыю – каб кожная ваза была непаўторнай, каб гэта быў такі сімвал, як мішкі ў Берліне ці гномы ва Ўроцлаве. У нас жа мастак Аляксандр Адамаў рабіў цацкі з гіпсу ў выглядзе вазы з наборам фарбаў, каб кожны мог размаляваць, стварыць сваю непаўторную вазу з праспекта.

“Затое чысценька”

Як табе прыйшла ідэя выдаць мастацкі альбом Nice to Minsk you і ці меў ён поспех?

Шмат у каго з мастакоў ёсць нейкія альбомы ці каталогі, каб прэзентаваць сябе. Я паглядзела, што ў мяне ўжо шмат краявідаў Мінска, і гэта выглядае як нейкі турыстычны даведнік ці альбом, які можна падарыць, напрыклад, сябрам з-за мяжы. Напэўна, ён прынёс нейкі прыбытак, але я яго не заўважыла. Калі я раблю нейкую прадукцыю (мерч, альбом, паштоўкі, календары), я закладаю свае грошы. Мне трэба прадаць больш за палову накладу, каб адбіць толькі сабекошт. З таго, што я рабіла, найбольш выгадна аказалася друкаваць календары. Магчыма, калі б я гэта рабіла супольна з выдавецтвам, вялікімі накладамі, з сеткай распаўсюду па крамах, гэта было б выгадней. Але я ніколі не магу пралічыць, наколькі гэта будзе паспяхова. 

“Мая выставачная дзейнасць пачалася тады, калі мне гэта стала цікава”

Ты пачала выстаўляцца 5 гадоў таму. Што дагэтуль цябе спыняла?

Чамусьці, калі я навучалася ў школе, мае аднакласнікі недзе выстаўляліся, удзельнічалі ў конкурсах, а я была да сябе больш крытычная, лічыла, што я яшчэ не гатовая да выставаў. Мая выставачная дзейнасць пачалася тады, калі мне гэта стала цікава. Каб быць мастачкай, трэба, каб нехта пра мяне неяк даведаўся. Трэба недзе выстаўляцца, паказваць свае творы. Я стала шукаць інфармацыю, кідала заяўкі, спрабавала ўдзельнічаць у нейкіх конкурсах. На сёння я ўжо тройчы выстаўлялася на “Арт-Мінску” і тройчы на “Асеннім салоне”, але мяне туды ўзялі не адразу. Проста трэба спрабаваць – і ўсё атрымаецца.

Наколькі выставачная дзейнасць патрэбна сучаснаму мастаку пры наяўнасці інтэрнэт-пляцовак? 

Падчас пандэміі шмат хто зразумеў, што людзі будуць наведваць і анлайн-выставы. Гэта таксама мае быць, але ў нашым асяроддзі выставы больш важныя не для продажу сваіх прац, а для пошуку сувязяў, супрацы з галерэямі, знаёмстваў з мастацкай супольнасцю. Гэта нагода для сустрэч ці кантактаў. Але яшчэ лічыцца, што ў цябе ёсць пэўны ўзровень, калі ў цябе былі персанальныя выставы, калі твае працы выстаўляліся ў тых ці іншых галерэях. Ці нават кавярнях – цяпер і такое пракатвае.

Першую сваю персанальную выставу я зрабіла на плоце свайго дома. Хто туды мог прыйсці? Я кінула абвестку ў суполку нашага мястэчка, але яе амаль ніхто не пабачыў. Прыйшлі мае суседзі, паглядзелі – і мяне пацешыла, што нават у сеціве мяне віншавалі з гэтай нагоды, хаця такую выставу я магу рабіць хоць штодзень. Але, калі так паглядзець, то і галерэі цяпер супрацоўнічаюць з мастакамі прыблізна на такіх умовах: няма ніякіх куратараў, ты сам робіш адбор, развешваеш свае працы, робіш афішу, запрашаеш гасцей на адкрыццё. Тое самае ты робіш і на ўласным плоце ці ў сваёй майстэрні. Праўда, я выстаўлялася не толькі на плоце – мае персанальныя выставы адбываліся ў галерэі ДК у Мінску, у офісе А1 і вось цяпер у кавярні “Маркс”.

“Я заўжды жыла выключна за кошт мастацкай дзейнасці”

Колькі часу ў цябе займае стварэнне адной работы, скажам, фармату 30*30 см?

Ніколі не замярала час, але калі рыхтавалася да персанальнай выставы і падпісвала даты, аказалася, што часам я рабіла і па дзве карціны на дзень. Калі так паглядзець, я саджуся працаваць недзе а шостай вечара – і за гадзін 5-6 атрымліваецца адна праца. Бывае, што з фарматам 30*30 см магу даць рады і за тры гадзіны. Рэч у тым, што я позна прачынаюся, раскачваюся, хаджу, потым бяруся за фотаздымку сваіх прац, публікую нешта ў сацсеткі і цягам дня магу намаляваць толькі фон, але так і не ўзяцца нічога пісаць.

Хаця кажуць, што трэба працаваць пры дзённым святле, бо ты бачыш рэальныя колеры, але ўсё адно я саджуся толькі ўвечары і магу працаваць да трох гадзін ночы. Калі ўсё сціхае, тады ў мяне нарэшце пачынаецца працоўны час. У мяне ёсць кальцавая лямпа, якая больш падобная да дзённага святла, але я яе рэдка ўключаю. Проста я ўжо прызвычаілася, раблю зніжку на больш цёплае святло. Але паколькі я не імкнуся да рэалістычнага падабенства, для мяне не дужа крытычна, наколькі гэты фіялетавы будзе зранку адрознівацца ад таго, што я бачу ўначы. 

“Мы не кранаемся зямлі, глядзі, на паўшляху ад рая мы вісім” – гэтая карціна стала героем відэароліка ALOVAK, у якім Надзея з карцінай шпацыруе па Мінску да свайго месца натхнення

Колькі работ ты звычайна прадаеш за месяц? І праз якія каналы знаходзіш пакупнікоў?

У сярэднім у мяне прадаецца 8-10 прац на месяц. У горшы месяц можа быць і ніводнай. Напрыклад, пасля самага лепшага месяца перад Новым годам я прызначаю сабе адпачынак – і ў студзені звычайна нічога не прадаецца. Больш за ўсё я прадаю праз інстаграм, але пакупнікі прыходзяць і з фэйсбука. Раней яшчэ добра прадавалася праз artcenter.by, а цяпер не вельмі. А яшчэ ў мяне была мэта прадаць штосьці праз vk.ru, неяк усё не складвалася, але ўрэшце я нешта прадала са сваіх мінскіх прац і, калі была ў Піцеры, яшчэ некалькі эцюдаў горада прадала мясцовым жыхарам.

За апошнія некалькі гадоў кошт тваіх прац вырас разоў у дзесяць. Раскажы, ты жывеш выключна з творчасці ці даводзіцца шукаць падпрацоўкі?

Я заўжды жыла выключна за кошт мастацкай дзейнасці. Спачатку я ставіла нізкія цэны на свае працы, каб проста паспрабаваць нешта прадаць. Тады я зарабляла выключна на матэрыялы. А потым паглядзела, што нешта прадаецца, і стала павышаць кошты, каб неяк існаваць. Некаторыя кажуць, што калі табе патрэбныя грошы, ты мусіш паставіць высокі кошт. Але я не магу чакаць, пакуль прыйдзе нехта і набудзе маю працу за кучу грошай. Мне трэба пакрываць выдаткі, таму я часам выстаўляю прымальны для пакупнікоў кошт, каб прадаць працу і мець сродкі на свае патрэбы.

Раскажы, чые інтэр’еры ўпрыгожваюць твае карціны?

Мае карціны набываюць людзі ад 25 да 45 гадоў, якія могуць сабе дазволіць мастацтва. Яны ці жывуць у месцы, якое намалявана, ці там працуюць, ці яно ім нечым роднае. Гэта могуць быць людзі, якія з’ехалі за мяжу ці збіраюцца з’ехаць і забіраюць з сабой часцінку дома. Часам я раблю гарадскія пейзажы ў сваім стылі на замову. Калі мне падабаецца месца ці той домік, які просяць намаляваць, я не бяру перадаплаты і магу нават зрабіць два варыянты, бо я ведаю, што я потым гэта прадам. 

Бываюць людзі, якія абіраюць карціну па колеры, бо лічаць, што яна добра ўпішацца ў інтэр’ер. У гэтым выпадку добра працуюць снежныя карціны з чалавечкамі. Гэта хутчэй менавіта інтэр’ерная карціна, там збольшага няма прывязкі да месца.

Наогул, мяне забаўляе, калі людзі набываюць карціну дамка, у якім жывуць. Гэта для мяне гэтак жа дзіўна, як калі ў цябе дома вісіць твой партрэт. Але потым я прыгадваю, што ў мяне дома вісіць мой партрэт, напісаны маім братам, – і тады думаю: Ok. 

“Я выбіраю адметныя, пазнавальныя вобразы, каб задзець за жывое”

З часоў грыбной ванны многія цябе ведалі найперш як эпатажную блогерку, чым таленавітую мастачку. Цяпер усё змянілася?

Раней мяне ведалі па фотачках у інстаграме, а потым здзіўляліся: “Ты яшчэ і мастачка?” А цяпер, калі я пачала часцей публікаваць свае працы і пазіцыянаваць сябе як мастачку, большасць ужо ўспрымае мяне адпаведна. Часам хочацца вярнуцца ў гэта, але не стае часу, дый не хочацца паўтарацца. Напрыклад, серыю Мадонаў можна было б зрабіць з любымі прадметамі, хоць мільён такіх здымкаў зверху, але мне гэта самой нецікава. Трэба шукаць іншае рашэнне.

На большасці сваіх сэлфі ты без вопраткі – гэта такі мастацкі прыём?

Калі я на фота без адзення, яно не перашкаджае, не перацягвае на сябе ўвагу сваёй формай і колерам, дазваляе сканцэнтравацца на іншых прадметах. Але далёка не ўсім, бо некаторыя пачынаюць выглядаць, што там бачна, а чаго не бачна. А вось, напрыклад, Русалка і мусіць быць без адзення – там маглі быць ракавінкі, але ў мяне іх не было, затое былі бляшанкі шпротаў! Наогул, я выбіраю адметныя, пазнавальныя вобразы, каб задзець за жывое, узрушыць, прымусіць выказаць сваю рэакцыю – і гэта працуе.

Чаму з чатырох запрашэнняў на тэлебачанне ты згадзілася толькі аднойчы?

Мяне неаднаразова запрашалі на тэлевізію, але часам я проста ленавалася ісці, бо мне тэлефанавалі і запрашалі прыехаць у гэты ж вечар, а я сяджу расслабленая на лецішчы, п’ю какаву і думаю: “Ой, гэта мне трэба зараз збірацца, бегчы на маршрутку, ехаць у горад”… І я казала: “Прабачце, я маральна не гатовая”. Але, бывае, што я бянтэжуся: ну вось што я буду казаць? З аднаго боку, я б хацела быць больш вядомай, але, з іншага боку, я не дужа люблю прысутнічаць каля сваіх карцін, слухаць, што людзі скажуць, быць тварам сваіх твораў. Хаця ўжо цяпер часам мае карціны больш пазнавальныя, чым мой твар. На адной выставе мы паразмаўлялі з дзяўчатамі, а потым я дастала сваю карціну, і дзяўчаты такія: “А, гэта ты тая мастачка, якая малюе Мінск!” Значыць, карціны недзе нехта бачыў, а мяне, на шчасце, не. 

Канешне, я задумвалася, ці зашквар з’явіцца ў перадачы пра культуру на дзяржаўным тэлеканале. Тады ў нас не склалася, але калі раптам зноў будзе запрашэнне, я зноў буду задумвацца. Рэч у тым, што засталіся яшчэ адэкватныя людзі, якія глядзяць тэлебачанне. Я таксама яго гляджу. Паколькі я жыву з бацькамі, мы разам глядзім вандроўкі па Беларусі, біятлон і лыжы, а таксама замежнае кіно і дэтэктыўныя серыялы. І навіны культуры я таксама часам гляджу, бо мне цікавы даведвацца пра выставы і імпрэзы, якія праводзяцца па той бок люстра. Ці варта зусім забіць на гэтую аўдыторыю, я не ведаю.

“Мас-старт”

“Я той сабачка з мема, які сядзіць на крэсле, а вакол усё гарыць”

Раскажы, як ты рэагуеш на сённяшнюю сітуацыю ў свеце? 

Цяпер цяжка, але не так, як было ў 2020-м. Тады бліжэй было: і геаграфічна, і эмацыйна. Гэта было пра нас, таму было больш балюча. Але часам я разумею, што цяпер яшчэ горш, і не ведаю, што будзе далей. Проста калі я працую, я як быццам той сабачка з мема, які сядзіць на крэсле, а вакол усё гарыць. У жніўні 2020-га я не працавала першыя тры дні, а цяпер вярнулася да працы яшчэ хутчэй. Проста заглыбляюся ў іншы свет і адключаюся, не скролю навіны, не перабіраю ў галаве варыянты падзей. Я проста ўключаю нейкі серыял – і для мяне існуюць толькі героі кіно і маіх карцін.

Мяркую, падзеі не надта адбіваюцца на маёй творчасці, бо ў сваёй стылістыцы я проста не ведаю, як гэта адлюстраваць. Я думала, што ў мяне з’явіцца серыя пейзажаў украінскіх гарадоў, але пакуль я да гэтага не прыйшла. Думаю, калі б бамбілі нейкі наш горад, я б ужо гэта намалявала.

“Найс ту Мінск ю”

Ці назіраеш ты крызісны стан у сферы мастацтва?

12 траўня пачнецца “Арт-Мінск”. Цікава паглядзець, хто застаўся і прайшоў пільны адбор (я вось, да прыкладу, не прайшла). Шмат людзей сталага веку не хочуць адсюль з’язджаць ці не маюць сродкаў на гэта. Шмат тых, хто яшчэ трымаецца і каго пакуль не прыціснулі. Цікава, ці будзе бачна, што ўзровень выставы змяніўся, бо шмат хто з таленавітых мастакоў цяпер за мяжой. Напрыклад, сярод іх Аляксандр Адамаў, Цемра, Андрэй Анро, Анастасія Рыдлеўская – яны класныя. Але шмат хто з таленавітых і застаецца: я ў захапленні ад прац Жанны Капуснікавай, Марты Шматавай, Таццяны Радзівілкі, Аляксандра Бельскага, Яўгена Шадко.

Ты паўдзельнічала ў флэшмобе #язастаюся. На фоне масавых пастоў з-за мяжы такія флэшмобы грэюць душу. А чаму для цябе так важна цяпер заставацца ў Беларусі?

Калі сустракаемся з сябрамі, вітаемся выключна так: “Ну што, вы яшчэ тут? Не надумалі з’язджаць?” Для мяне абсалютна натуральна, што нехта з’язджае, а нехта застаецца. Калі я з’еду, я там буду чужая. Тут я знайшла сваё месца, тут я знайшла сябе. Калі я з’еду, я не змагу гэтым займацца, я буду іншым чалавекам. Там прыйдзецца займацца больш будзённымі пытаннямі, а не мастацтвам. У мяне лакалізаваны жывапіс – і тут гэта пакуль што патрэбна. А ці будзе патрэбна гэта там? А ці не буду я там займаць чыёсьці месца? Я застаюся, таму што не думаю, што мне там будзе лепш. Я застаюся, таму што мне так прасцей, прынамсі пакуль што.

БОНУС!

Каб даведацца, якіх мастакоў Надзея Леановіч лічыць сваімі фаварытамі, чаму фатаграфуе натуру на тэлефон і толькі потым піша карціну са здымка, а таксама як афармляе свае працы для міжнароднай перасылкі, падпісвайцеся на наш тэлеграм-канал! Там вы і знойдзеце бонусны ўрывак з нашай гуртаркі.

(с) ALOVAK

3 Comments

  1. Учился с этой девушкой в универе в одной группе до конца, я могу сказать что она интересная личность и добрая. i маляванки яе вельмi цудоуныя.

  2. […] мастачкі Надзеі Леановіч, у якой мы сёлета бралі інтэрв’ю.  Наклад усяго 25 асобнікаў, то варта паспяшацца […]

Leave a Reply