Фоташкола і фотастудыя BLENDA: гісторыя творчага бізнэсу Ірыны Козел

Сёння ALOVAK публікуе гісторыю пра тое, як выпускніца юрфака набыла фоташколу і развіла яе ў паспяховы творчы бізнэс. З чаго ўсё пачыналася, якія выпрабаванні давялося перажыць за час апошніх крызісаў і ў чым сакрэт даўгалецця фоташколы BLENDA – пра гэта нам распавяла ўладальніца фоташколы, арганізатарка фотатураў і заснавальніца фотастудыі BLENDA Ірына Козел.

Тэкст: Паліна Маслянкова
Фота: фоташкола BLENDA                             

“Я купіла магчымасць працаваць у гэтай сферы”

Я вучылася на юрфаку і марыла стаць крутым адвакатам, але ў той жа час я захаплялася творчасцю: займалася бальнымі танцамі і арганізацыяй вяселляў. І тут мне прапанавалі папрацаваць у фоташколе Паўла Бабарыкіна: я павінна была камунікаваць з кліентамі, прадаваць фотакурсы, весці справы – увогуле, усё тое, чаго я ніколі не рабіла. Я падумала і пагадзілася. Прапрацавала я мэнэджарам па продажах дзесьці паўтара года і вельмі прасяклася гэтай сферай: па-першае, фатаграфія – гэта справа творчая, а па-другое, зносіны з людзьмі – гэта няспыннае развіццё і бясконцая крыніца энэргіі.

Нейкі час справы ішлі добра, Паша мяне шмат чаму навучыў: і продажам, і кіраванню, і рэкламе. Мне ўжо тады здавалася, што я дакладна ведаю, як весці падобныя справы, але я б ніколі не адкрыла свой бізнэс у гэтай сферы, бо не магла перайсці дарогу свайму калегу і сябру. Аднак у нейкі момант Паша прыйшоў і сказаў, што вырашыў прадаць фоташколу, з’ехаць у Вільню і адкрыць там новую справу. Сума, якую ён агучыў, была для мяне нерэальнай, але я нават не брала паўзы на падумаць – адразу ж пагадзілася. Мяне падтрымалі бацькі, сябры. Я купіла фоташколу, у якой працавала, і ўжо праз месяц ад яе нічога не засталося: з’явілася новая назва BLENDA, мы правялі рэбрэндынг, стварылі новы сайт, набралі людзей і цалкам памянялі падыход да працы. Праз некалькі гадоў я зразумела, што я купіла не фоташколу, а магчымасць працаваць у гэтай сферы.

Раскажы, як ты, юрыст па адукацыі, рызыкнула ачоліць фоташколу?

Наогул, рызыка – гэта пра мяне. Я спачатку раблю, а потым думаю. Мая рызыка для мяне абгрунтаваная, я сама сабе давяраю. Магчыма, я пакуль не разумею, чаму я прыняла такое рашэнне, але дакладна ведаю, што не пашкадую. Набыццё фоташколы таксама было інтуітыўным рашэннем. Я не выпісвала на аркуш плюсы і мінусы, што я страчу і што я атрымаю. Я проста разумела, што творчы бізнэс – гэта вельмі крута, што гэта мара любога прадпрымальніка. Мне заўжды хацелася працаваць там, дзе мне будзе цікава.

Фота з выпускнога занятку ў фоташколе BLENDA

Фоташкола – гэта і творчасць, і інтэлектуальная праца, і фізічная актыўнасць – у ёй злучылася ўсё тое, што раней я шукала ў розных сферах, а цяпер я магу займацца адной справай і цалкам задавальняць усе свае патрэбы.

А дзе ты вучылася кіраванню творчым бізнэсам?

Нідзе. Я проста пачытала пару кніг для прадпрымальнікаў, пераканалася, што я ўжо гэта ведаю, таму што я на практыцы вучылася працаваць з людзьмі, з пярэчаннямі, з негатывам. Колькі б ты ні прачытаў кніг, ні ведаў крутых кейсаў, калі ты выпускаеш няякасны прадукт, рана ці позна продажы пойдуць на спад.

“Фотаздымкі для мяне гэта натхненне і зносіны з людзьмі”

Ты не фатограф. У тваім выпадку гэта хутчэй плюс ці мінус?

У маім выпадку гэта дакладна плюс, таму што я магу абстрагавацца ад шматлікіх фатаграфічных момантаў і прынцыпаў. Фатографы – гэта вельмі творчыя людзі, з імі працаваць не так і проста: не будзеш выкарыстоўваць нейкія бізнэс-паняцці, абмяркоўваць аналітычныя пытанні. Я разумею, што калі б я была фатографам, я б не змагла займацца і кіраваннем, і творчасцю. Мяне б проста разрывала на кавалачкі ад творчых крызісаў.

Ты асабіста арганізуеш і прысутнічаеш на шматлікіх творчых здымках. Навошта табе гэта?

Напэўна, збоку можна падумаць, што я кантралюю працэс: як працуе выкладчык, ці задаволеныя студэнты. Але найперш для мяне гэта натхненне. Калі я сама дакранаюся да прадукту, які мы ствараем, я разумею, што мы займаемся крутой справай. Я натхняюся на яшчэ больш файныя здымкі, праекты, івэнты. Акрамя таго, зносіны з людзьмі, якія прыходзяць да нас на воркшопы і майстар-класы, людзьмі розных узростаў, прафесій, інтарэсаў – гэта так каштоўна і цікава для мяне! Я сама па сабе экстраверт, і для мяне гэта невычэрпная крыніца энергіі ад зусім розных людзей, дзякуючы якой я жыву, працую і развіваюся.

Хто гэтыя людзі, якія вучацца фатаграфаваць?

Калі я запаўняю любы маркетынгавы брыф, у ім абавязкова трэба апісаць партрэт нашага кліента. Але ў нас яго няма. Да нас прыходзяць вельмі розныя людзі. За 8 гадоў працы хто ў нас толькі не вучыўся! Ёсць людзі, якія ідуць да сваёй мары гады, збіраюць грошы на фотаапарат і набываюць курсы ў растэрміноўку. У той жа час ёсць людзі, якія займаюць высокія пасады і могуць дазволіць сабе любы фотаапарат і абанемент на сем курсаў фоташколы. Самае галоўнае, калі пачынаецца занятак, сціраюцца ўсе межы і грані – шмат у чым гэта заслуга выкладчыкаў, таму што яны згладжваюць усе магчымыя вуглы.

Многія дзівяцца, але і па ўзросце ў нас няма абмежаванняў: прыходзяць і дзеці 10-11 гадоў, і вельмі дарослыя людзі, максімум 82-86 гадоў. Няма інтэлектуальнай прорвы паміж гэтымі людзьмі, бо фатаграфія – гэта сфера творчая. Шмат і тэхнічных момантаў, але выкладчыкі імкнуцца ўсё тлумачыць простымі словамі.

Людзі прыходзяць з выразнай мэтай, таму не важна, колькі табе гадоў, колькі ў цябе грошай, калі ты хочаш фатаграфаваць, то ў цябе ўсё атрымаецца.

Можаш назваць выпускнікоў фоташколы, чые працы цябе натхняюць?

Вось я толькі што вярнулася з вельмі крутой здымкі – нас здымаў наш адміністратар і выпускнік камерцыйнага курса фоташколы Лёша Рындзевіч. Ён стаў выдатным фатографам дзякуючы фоташколе – і пры любым выпадку ён сам пра гэта кажа. Гэта вельмі прыемна, што я як кліент прыходжу на здымку да нашага выпускніка і кайфую ад працэсу і ад выніку. Вельмі файна быць часткай усяго гэтага!

Фота Аляксея Рындзевіча

Якія кірункі фатаграфіі найбольш запатрабаваныя сярод вучняў BLENDA?

Для тых, хто толькі пачынае асвойваць фатаграфію, у нас ёсць курс па асновах фатаграфіі ў Мінску, Гродне і Брэсце, а таксама анлайн для ўсяго свету. Сярод тых, хто хоча працягнуць развівацца ў сваім майстэрстве, карыстаюцца попытам курсы прафесійнай, партрэтнай фатаграфіі, студыйнага святла, розныя творчыя воркшопы. На курсы фуд- і фэшн-фатаграфіі, якія мы праводзім раз на паўгода, увогуле складана патрапіць, трэба запісвацца загадзя. А таксама ў нас ёсць курсы камерцыйнай фатаграфіі, дзе мы рыхтуем фатографаў, якія хочуць зарабляць на фатаграфіі.

“Не ўяўляю, што б я рабіла без фоташколы!”

Які перыяд для фоташколы быў самым паспяховым, а які – найбольш крызісным?

Самым паспяховым быў 2018, 2019 год. Паразмаўляўшы з многімі прадпрымальнікамі, я зразумела, што для многіх дробных бізнэсаў у Беларусі гэта быў добры час. Ён быў дастаткова стабільным, спакойным, таму ў людзей былі фінансавыя магчымасці і жаданне займацца творчасцю. А самы крызісны час – гэта пачатак пандэміі. І гэта больш складаны для нас перыяд, чым нават сітуацыя ва Ўкраіне, але не таму, што пандэмія ў цэлым складаней, а проста мы навучыліся даваць рады крызісным сітуацыям. Мы з цвярозым розумам паставіліся да новага крызісу, спакойна працуем, робім, што можам, не апускаем рукі.

А калі пачалася пандэмія, здавалася, што гэта крах усяму. Не ведаю, колькі разоў у мяне тады ў галаве круцілася думка аб продажы фоташколы. Пасля гэтага ў мяне ніколі не было такіх думак. Я ўвогуле цяпер сябе лаю за гэтую слабасць. Не ўяўляю, што б я рабіла без фоташколы!

А як ты спраўлялася з думкамі пра закрыццё або продаж бізнэсу?

Калі б я гэтыя думкі агучвала ці запісвала, гэта было б падобна да нататак вар’ята. Складана пераказаць гэты дыялог, які я вяла ўнутры сябе, але ў першую чаргу я задавала сабе пытанне: што будзе, калі не будзе фоташколы? Што далей? Я сябе ўвогуле не бачыла ні ў чым іншым. І тады ўсё рабілася зразумела. І мае блізкія людзі таксама лічаць, што я на сваім месцы, што гэта маё пакліканне, таму яны мяне вельмі падтрымлівалі, казалі, што трэба проста пацярпець, перажыць цяжкасці. Гэта быў для мяне першы крызіс – і я як чалавек без досведу антыкрызіснага мэнэджмэнту ў той перыяд моцна нервавалася. А зараз я не ведаю, што павінна здарыцца, каб я зноў пра такое падумала.

“Фотастудыя – гэта выратаванне для фоташколы”

Адкрыццё ўласнай студыі вясной 2020 года, а потым яшчэ і набыццё студыі ў Брэсце – гэта для цябе апраўданая рызыка ва ўмовах крызісу?

Упершыню думка пра ўласную студыю наведала мяне недзе чатыры гады таму, але гэта было на ўзроўні: крута было б, калі б у мяне была свая фотастудыя! Аднак калі фоташкола расла і маштабавалася, калі я бачыла, што ў нас адначасова ў розных залах займаецца пяць групаў, я ўжо разумела, што ім патрэбная нейкая прастора, якая б адпавядала ўзроўню фоташколы. Тады я зразумела, што пара ездзіць глядзець варыянты і ствараць сваю фотастудыю. Пасля нядоўгіх пошукаў дамову арэнды з “Гарызонтам” я падпісала яшчэ да таго, як увесь свет пачуў пра Covid-19.

Такім было памяшканне будучай фотастудыі BLENDA
Такой стала зала Time адразу пасля адкрыцця фотастудыі BLENDA

Я ні разу не задумвалася, што б цяпер было з фоташколай, калі б тады мы не вырашылі адкрыць сваю фотастудыю. Напэўна, мы б не зачыніліся, але, мусіць, сталі б маленькай фоташколай, вярнуліся б да вытокаў. Фотастудыя нас падштурхнула да развіцця. З фоташколай можна было б у крызіс скараціць штат, паменшыць колькасць набораў і напрамкаў – і паволі б далі рады. Але калі ты бярэш у арэнду мінімум на год памяшканне плошчай 400 квадратных метраў, узводзіш сцены і закупляеш матэрыялы, то назад дарогі няма. Дзякуючы таму, што мы пабудавалі фотастудыю, школа прынамсі засталася на тым узроўні, на якім была да крызісу. Мы проста не мелі права сядзець склаўшы рукі – трэба было пакрываць выдаткі на аздабленне і дэкор студыі. Фотастудыя ў той момант была галоўным стымулам і матыватарам ісці наперад. Фоташколе давялося працаваць за дваіх, прыдумляць новыя мерапрыемствы, каб падтрымаць студыю. 

А на сённяшні дзень фотастудыя – гэта выратаванне для фоташколы. Надоечы мы адкрылі новую залу People. Я, вядома, разумела, што нам патрэбная яшчэ адна здымачная зала з эксперыментальным, мінімалістычным інтэр’ерам, але павінна было нешта сур’ёзнае адбыцца, каб у мяне зноў з’явілася матывацыя працаваць з падвоенай сілай. І далей будзем дакідваць сабе выдаткі зверху, каб заўсёды знаходзіцца ў тонусе.

Дзве фотастудыі ў розных гарадах – гэта вельмі накладна? Ці наадварот?

Акрамя фоташколы ў Мінску, у нас ёсць філіялы ў Гродне і Брэсце. І ў Брэсце прасцей арганізоўваць навучанне, бо ў нас нам ёсць свая фотастудыя. А Брэст – гэта горад фатографаў, там шмат творчых людзей, гэтая індустрыя там вельмі развітая. Дарэчы, часам мы выкарыстоўваем добра адпрацаваныя мінскія лакацыі ў Брэсце і наадварот. Чаму б не выкарыстоўваць паспяховы кейс? Гэта вельмi зручна. Напрыклад, у Мінск мы зараз плануем прывезці антыкварную мэблю, а ў Брэсце скарыстаем ідэі, якія добра сябе зарэкамендавалі ў новай зале People. Як правіла, брэсцкія фатографы ўдзячныя, што мы рэалізуем у Брэсце рашэнні, папулярныя ў Мінску, Кіеве ці Піцеры.

“Я не мастак, але я ўсё малюю на аркушыку паперы”

Ты кіраўнік бізнэсу без бізнэс-адукацыі. Ты абстаўляеш інтэр’ерную студыю нават без курсаў па дызайне інтэр’еру. Як гэта магчыма?

Наадварот, калі б у мяне была адукацыя дызайнера інтэр’еру, яна б мне замінала, таму што я завастрала б сваю ўвагу на тым, што для фотастудыі не важна. Напрыклад, роўныя сцены, правільныя куты, прадуманае размяшчэнне разетак пад кожную свяцільню, вялікая колькасць месцаў захоўвання або дзве тумбачкі каля ложка – усё гэта тут не мае значэння.

Тут важна, каб інтэр’ер падабаўся гасцям, а фатографам было камфортна працаваць з іх фокуснымі адлегласцямі аб’ектываў, з расстаноўкай мэблі, з бакамі святла ў памяшканні. Інтэр’ер фотастудыі павінен быць максімальна мабільным і трансфармацыйным, таму тут мы ставім мэблю на колцы, падбіраем розныя аб’екты і аксэсуары, каб хутка можна было змяніць настрой у той ці іншай лакацыі.

За два гады залы абедзвюх студый перажылі поўную змену дэкору ўжо шэсць разоў. Гэта больш за дваццаць дызайн-праектаў. Адкуль ты бярэш ідэі і натхненне?

Гэта досвед і нагледжанасць. Я натхняюся прыгожымі здымкамі ў пінтрэсце, мяне ўражваюць кіеўскія, маскоўскія, піцерскія студыі. У гэтым плане таксама вельмі каштоўныя цесныя стасункі з кліентамі, якія даюць свае парады, з якіх часам нараджаецца цікавая ідэя.

Я не мастак, але я ўсё малюю на аркушыку паперы: бяру асадку і візуалізую для сябе расстаноўку. Потым я падбіраю канкрэтныя прадметы інтэр’еру: шукаю іх на “Куфры”, заказваю ў крамах ці мы робім іх сваімі рукамі. Затым я ў фоташопе ўсё гэта складаю ў калаж – вось так нараджаецца гатовы праект дызайну і дэкору інтэр’еру нашых залаў.

“У крызісных сітуацыях таксама ёсць свае плюсы”

Падчас пандэміі і масавай эміграцыі многія бізнэсы сышлі ў анлайн. Як гэты трэнд адбіўся на фоташколе?

Я пыталася ў сябе шмат разоў: чаму толькі складанасці прымушаюць мяне думаць больш маштабна і прымаць сур’ёзныя рашэнні? Калі людзі масава пайшлі на добраахвотную самаізаляцыю, мы вельмі хутка, літаральна за тыдзень запісалі першы анлайн-курс, а за першы месяц пандэміі было гатова ўжо тры анлайн-курсы, якія мы да гэтага часу паспяхова прадаем. Гэта для нас дадатковы кірунак, які ніколі не стане асноўным, бо мне важныя жывыя зносіны, творчая тусоўка і атмасфера, якая пануе ў фоташколе. А для тых, хто не можа фізічна быць з намі, але хоча вучыцца менавіта ў BLENDA, анлайн-фармат навучання – гэта сапраўдная знаходка.

Ты яшчэ арганізуеш фотатуры па розных краінах. Як ідуць справы з гэтым напрамкам цяпер?

Нядаўна мы вярнуліся з Байкала: цяпер там ужо 31 ° цяпла, а яшчэ тры месяцы таму было -34 °. Да гэтага мы былі ў Кападокіі, Стамбуле, іншых гарадах Турцыі. Яшчэ раней у нас быў еўратур па Чэхіі, Нямеччыне, Францыі і Нідэрландах. Мы ўжо выйшлі на такі ўзровень праграмаў і напрамкаў, што рабіць нешта просценькае мне і самой ужо не вельмі цікава. 

Хочацца адкрываць гарады і краіны, складаныя або нязвыклыя для звычайнага турыста, але цікавыя для фатографаў і заўзятых падарожнікаў. Апошнім часам у нас у фотатуры ездзяць людзі, якія пабывалі ў розных краінах, іх складана нечым здзівіць, але мы пакуль даем рады. Разглядаем цяпер напрамкі, даступныя для беларусаў. Напрыклад, я даўно мару паехаць у Іарданію – для фотатуру там ёсць вельмі цікавыя месцы і магчымасці. Мы абавязкова павінны з’ездзіць у Дагестан – думаю, нават самыя спрактыкаваныя падарожнікі будуць у поўным захапленні.

Калісьці я запусціла фотатуры, каб сумясціць прыемнае з карысным: калі б не фоташкола, я б не пабывала ў такой колькасці краінаў – гэта ўсё дзякуючы фотатурам!

“Калі ў цябе ў камандзе не проста наёмныя работнікі, а твае блізкія людзі – гэта шлях да поспеху”

Як ты падбіраеш фатографаў для выкладання ў фоташколе? Напрыклад, што для цябе важней: творчы патэнцыял фатографа, яго чалавечыя якасці ці выкладчыцкія здольнасці?

Так атрымалася, што практычна ўсе людзі ў нашай камандзе – гэта або мае знаёмыя, або людзі, якіх мне парэкамендавалі сябры. Калі мне кагосьці рэкамендуе чалавек, якому я давяраю, то апрыёры ў кандыдата больш шанцаў стаць сябрам нашай каманды. У мяне няма жорсткіх крытэраў, я проста падчас размовы разумею, спрацуемся мы ці не. За 8 гадоў у фоташколе я паспела паразмаўляць з многімі таленавітымі фатографамі, але я разумела, што далёка не кожны з іх мог бы стаць добрым выкладчыкам. Раней я без праблем брала ў каманду фатографаў, якія не мелі досведу выкладання. Кожны з чагосьці пачынаў, усяму можна навучыцца – было б жаданне. А калі не дадзена, як правіла, самі фатографы разумеюць гэта ўжо на нашай першай сустрэчы, калі я расказваю пра прынцыпы нашай працы.

Для многіх праца фоташколы – гэта, у першую чаргу, праца выкладчыкаў. Але каманда фоташколы толькі напалову складаецца з фатографаў. Што ж робяць людзі, якіх звычайна не бачна?

Калі пачытаць водгукі пра курсы, у кожным трэцім можна сустрэць падзяку не толькі выкладчыку, але і свайму асабістаму мэнэджару. Мы выбудавалі працу так, што ад першага званка і да віншавання з заканчэннем фоташколы кожнага вучня вядзе яго асабісты мэнэджар – і нашы выпускнікі іх вельмі шануюць, не абясцэньваюць іх працу, не называюць безаблічным словам “персанал”. Яны самі бачаць, што мы не штампуем аднолькавых фатографаў, даючы ўсім у рукі гатовы прэсэт для фота, а паказваем розныя інструменты і магчымасці, якія кожны фатограф ужывае па-свойму. Як і ў любой працы, часам здараюцца накладкі, але мы над імі працуем, прымаем зваротную сувязь і выпраўляемся.

Акрамя мэнэджараў, у нас ёсць маркетолагі. Некаторыя лічаць, што поспех бізнэсу – гэта добрая рэклама. І так, і не. Крызісныя часы паказалі, што не рэклама дапамагае бізнэсу. Напрыклад, мы ўжо паўтара месяца не круцім таргетаваную рэкламу. На дадзены момант розніцы ў колькасці заявак няма ўвогуле: працуе сарафан, працуе сайт па пошукавай выдачы, ідуць уваходныя званкі. Заўсёды трэба адсочваць настрой аўдыторыі і грамадства ў цэлым, часам проста трэба паставіць рэкламу на паўзу, і нашыя маркетолагі гэта разумеюць. Але ў той жа час яны адчуваюць, калі лепш аб’явіць пра новае мерапрыемства або запусціць свежую акцыю – і я за гэта ім удзячная.

Цяпер я непарыўна звязваю каманду фоташколы і фотастудыі. Адміністратары фотастудыі сустракаюць гасцей і дапамагаюць нашым фатографам і мадэлям, сочаць за чысцінёй і парадкам. І я спакойная: нават калі мяне няма на месцы, рэпутацыя BLENDA у надзейных руках.

А што ты думаеш пра сямейны бізнэс і асабістыя стасункі на працы? Яны хутчэй дапамагаюць ці перашкаджаюць агульнай справе?

Я надоечы пачала вывучаць вельмі добрую кнігу, якая распавядае пра шляхі паспяховых японскіх кампаній. І там гаворка ідзе пра тое, што супрацоўнікі павінны быць не проста супрацоўнікамі, а сябрамі, і толькі ў гэтым выпадку яны да апошняга будуць змагацца за кампанію, за агульную справу, таму што кожны ў камандзе адчувае, што ў яго ёсць не проста заробак, а месца ў жыцці.

Ірына з SMM-спецыялісткай Алінай на выставе “Фотакрафт”

Практычна ўся каманда фоташколы BLENDA – гэта мае найлепшыя сябры, і я дакладна ведаю, што, калі б гэта было не так, фоташкола не была б на тым узроўні, на якім ёсць цяпер, мы б не змаглі перажыць крызісы так, як перажываем іх цяпер.

БЛІЦ:

Самая незвычайная здымка ў фоташколе BLENDA:

Здымкі ў нас настолькі розныя, што немагчыма вылучыць самую незвычайную. Для кагосьці здымка з кураняткамі ці ламамі будзе вельмі незвычайнай, бо чалавек ніколі не быў у вёсцы і не бачыў такіх жывёл. Для кагосьці здымка з мукой – гэта вельмі незвычайна. Можа, нават ніводная фотастудыя ў Беларусі не дазваляе праводзіць такія здымкі, бо прыборка займае некалькі гадзінаў адразу пасля здымкі і яшчэ столькі ж на наступны дзень, калі мука асядзе. Нядаўна была здымка, калі мы проста на цыклараме зрабілі басейн! Мы ўвесь час прыдумляем нешта новае, таму я магу дакладна сказаць, што ў нас у фоташколе ёсць шырокі спектр незвычайных здымак, каб натхніць практычна любога фатографа.

Самы неверагодны момант у фотатуры:

Мусіць, для мяне гэта быў момант, калі я ўпершыню выйшла на лёд на Байкале. Ён зацямніў для мяне нават палёт на паветраным шары ў Кападокіі, хоць гэта таксама было вельмі крута. І ўсё ж Байкал – гэта такая ўнутраная моц і энэргетыка, што там хочацца маўчаць, углядацца ў бездань і слухаць, як трэскаецца лёд. Нездарма кажуць, што Байкал – гэтае месца сілы. Ён у топе нават у тых людзей, якія пабывалі ў сотнях падарожжаў па розных кутках зямной кулі.

Фота Яўгена Мяркулава з фотатура на Байкал

Самы яркі эпізод на фотазлёце:

Самыя запамінальныя рэчы здараюцца тады, калі сканчаюцца ўсе здымкі – і мы нарэшце адпачываем сваёй дружнай камандай разам з выпускнікамі, якія нам ужо як родныя. Насамрэч, акурат цяпер мы рыхтуем марафон воркшопаў у гонар 8-годдзя фоташколы, які пройдзе ў нашай мінскай студыі 4 чэрвеня, і калі я думаю пра фотазлёт, які запланаваны на 30 ліпеня, мяне дрыжыкі бяруць. Але пасля марафону я крышку адпачну і з усёй галавой нырну ў падрыхтоўку фотазлёту – сёлета ён пройдзе ў вельмі прыгожым месцы пад Салігорскам.

Самая запаветная мара Ірыны Козел:

Каб усё было добра. У маім разуменні добра, гэта каб мы жылі ў міры, працавалі, атрымлівалі асалоду ад жыцця. Каб людзі нарэшце набылі ўпэўненасць у заўтрашнім дні, пачалі больш усміхацца і тварыць.

(с) ALOVAK

Leave a Reply