Раслінны дызайн Сашы Баршчовай

Аднойчы ўбачыўшы брошкі, якія стварае менская дызайнерка Саша Баршчова, іх ужо не зблытаеш ні з чыімі іншымі – яны сапраўды ўнікальныя. Каманда ALOVAK пабывала ў гасцях у Сашы і даведалася, як яна прыйшла да стварэння сваіх упрыгожванняў і ў чым заключаецца асаблівасць яе стылю.

Тэкст: Юлія Багданчык
Фота: Алена Драздова

Пра працу

Я вучылася на дызайнера інтэр’еру, а пасля атрымання дыплома стала працаваць з дызайнам мэблі. І гэта было жахліва… Я не ўяўляю, колькі ў нашых рэаліях мусіць прайсці гадоў, каб у мэблевым дызайне можна было працаваць над тым, што табе па-сапраўднаму падабаецца. 80% часу на ранейшай працы мне даводзілася займацца канструяваннем шафаў-купэ. І калі гэта ўсё мне надакучыла, я вырашыла сысці і змяніць дзейнасць.

Творчасцю я займалася заўсёды, і ўсё сваё жыццё марыла быць мастаком. Таму, калі пакінула працу дызайнера мэблі, запланавала заняцца ілюстрацыяй. Нават купіла для гэтага дарагі планшэт і малявала на ім, але ў выніку ўсё роўна закінула.

А тое, што я пачала ляпіць і прадаваць свае працы, – гэта абсалютная выпадковасць, усё атрымалася вельмі стыхійна. Каля 4 гадоў таму я зляпіла свае першыя брошкі – яны спадабаліся маёй сяброўцы, дызайнерцы Алене Дзядовіч, і яна прапанавала ўзяць іх з сабой на наступны маркет. І, як гаворыцца, панеслася – брошкі спадабаліся наведнікам, мне спадабалася іх рабіць. З часам я вырашыла, што хопіць нагружаць чалавека, і пачала ўдзельнічаць у маркетах самастойна.

Пра лепку

Лепцы я вучылася сама. Кветкі з гліны многія робяць, але я вырашыла паглядзець на іх не зверху, а збоку – гэта і стала асаблівасцю маіх вырабаў. Яшчэ я прыдумала рабіць сцябло з тонкага матузка, за кошт чаго ён выглядае як жывы, пры гэтым сама кветка застаецца статычнай.

Я ляплю даволі далікатныя па стылістыцы кветкі, але, шчыра кажучы, гэта зусім не тое, што першапачаткова было ў маіх планах. Хацелася вырабляць нешта больш калючае і дзікае, як, напрыклад, дзядоўнік ці эхінацэю. Даўно маю вялікі сантымент да падобных раслін. Але я паддалася ўсёй гэтай “мімімішнасці” і пяшчоце, затым палюбіла і па-сапраўднаму захапілася ёю.

Сярод маіх брошак-кветак ёсць як сапраўдныя батанічныя віды, так і выдуманыя. У любым выпадку, нават калі прыдумляю, адштурхоўваюся ад жывых кветак. Калі няма ідэй у галаве, іду ў лес. Колькі б я ў ім ні была, увесь час адкрываю для сябе нешта новае, гэта проста парадокс нейкі!

Пра гліну

Першапачаткова я працавала са звычайнай палімернай глінай, але яна аказалася таксічнай для мяне і выклікала алергічную рэакцыю. У той час я шмат з кім наконт гэтага гаварыла, і мне адказвалі, што лепяць без праблем, а вось мой арганізм яе адпрэчыў.

Калі шчыра, я не асабліва засмуцілася, бо палімерная гліна мне не дужа падабаецца. Я ўсімі рукамі і нагамі за экалогію, і мне не даспадобы ўсё, што з часам не раскладаецца. Тады я і стала шукаць ёй больш натуральную замену.

Цяпер я ляплю з японскай палімернай гліны. Яна цэлюлозная, раскладальная і гіпаалергенная. Яе вынайшла Казука Міяй сумесна з хімікамі, запатэнтаваўшы склад і тэхніку лепкі. Гліна называецца Claycraft by Deco, а тыя, хто лепяць падобным спосабам, – клейкрафтарамі. Гэтую гліну не трэба запякаць, але ў яе ёсць недахоп – яна баіцца вады. Я знайшла для сябе апраўданне гэтаму: менавіта тое, што гэтая гліна нявечная, робіць вырабы з яе ўнікальнымі.

Мая мара – ляпіць яшчэ і з прыроднай гліны, тата нават зрабіў для мяне ганчарнае кола, але пакуль не даходзяць рукі.

Пра драўляныя брошкі

Праз нейкі час я ўспомніла пра свой занядбаны планшэт і вырашыла, што не дарма ж я яго набывала. Так з яго дапамогай нарадзіліся драўляныя брошкі. Мне падабаюцца гранаты – раней я ляпіла іх з палімернай гліны. Але, пераходзячы на японскую гліну, ужо разумела, што з яе не атрымаецца змайстраваць нешта падобнае. Тады і з’явілася альтэрнатыва ў выглядзе дрэва. Я стала працаваць з мадэлямі ў графічным рэдактары Corel і адпраўляць іх на лазерны станок. Пасля нанясення фарбы я не прыляпляю, а менавіта прышываю бісер да гранатаў, бо хочацца, каб мае брошкі яшчэ доўга цешылі маіх кліентаў. Спачатку я лічыла, што разнастайныя пацеркі – гэта не мая тэма, але як пасля аказалася – вельмі нават мая!

У нейкі момант я звярнула ўвагу на тое, што пры змешванні розных відаў пацерак паміж сабой атрымліваюцца куды цікавейшыя і прыгожыя працы. І гэта ўжо не проста бісер, а нейкая алхімія. Успамінаецца адразу сітуацыя, як на адным з піцерскіх маркетаў да майго стэнда падышла наведніца са словамі: “Гэта першы раз, калі мяне не ванітуе ад пацерак”. Вось такі своеасаблівы камплімент.

Пра продажы, дапамогу і натхненне

Асноўны спосаб рэалізацыі маіх вырабаў – удзел у маркетах. І мясцовых, і замежных: напрыклад, гэтай вясной я пабывала на Фланэлевым маркеце ў Пецярбургу, а ўжо зараз еду ў Адэсу на Гешэфт Garage Sale. Заўсёды добра прадаюцца мае брошкі ў крамах, з менскіх падабаюцца Mushishop, “Плюш”. А вось разнастайныя інтэрнэт-пляцоўкі пакуль абыходжу бокам, таму што банальна не хапае часу іх весці.

Каб падрыхтавацца да маркета, мне трэба ўзмоцнена працаваць каля тыдня – у асноўным начамі, таму што 10 месяцаў таму ў мяне нарадзіўся сын. Я думала, што з нараджэннем дзіцяці ўсе справы давядзецца адкласці ў доўгую скрыню, але дзе там! Калі няма дзяцей, па нейкіх прычынах нічога ніколі не паспяваеш, а калі ў мяне з’явіўся Федзя, я стала ўсяму даваць рады. Дзіўна! Можа, усё таму, што з маім Федзем вельмі лёгка. І адназначна дзякуючы невялікай камандзе пчолак, якія мне шмат у чым дапамагаюць: і з вырабамі, і з продажамі на кірмашах. Хацелася б у далейшым поўнасцю перадаць ім гэтую працу, а самой паглыбіцца ў распрацоўку і ўвасабленне новых ідэй.

Вось толькі лепка з гліны пакуль цалкам на мне. Можа, калі б я праводзіла майстар-класы, я б ужо знайшла сабе памагатых. Я зусім не супраць дзяліцца ведамі з ахвотнікамі, але пакуль ніяк не атрымліваецца – усё ж з дзіцем займацца арганізацыяй мерапрыемстваў цяжка.

Мяне натхняюць на працу будучыя маркеты 🙂 А калі сур’ёзна, то мусіць, трэба добра ведаць мяне, каб зразумець гэта. Самае вялікае натхненне для мяне – гэта, напэўна, маё жыццё. Я ўвесь час знаходжуся ў пошуку новых ідэй, заняткаў. Напрыклад, цяпер вельмі захапляюся лёнам, шыю кожны дзень і не магу спыніцца. У нейкім выглядзе гэтае захапленне пераносіцца і на лепку – я ўсё больш увагі надаю палявым колерам, уласцівым прыродзе Беларусі.

(C) ALOVAK

Leave a Reply