Робім лісце з гіпсу сваімі рукамі – у гэтым нам дапаможа майстар-клас ад вядомага дызайнера, аўтара кніг пра handmade Лары Хаметавой. Для ALOVAK Лара распавяла, як з гіпсу зрабіць злепкі з жывога лісця, якія, пасля, стануць нарыхтоўкай для ўтульнага восеньскага падсвечніка.
Тэкст, фота: Лара Хаметава
Такія гіпсавыя лісткі могуць стаць выдатнай чашай або вазай для дробязі, попельніцай, падстаўкай пад араматычныя палачкі і сталовыя прыборы… Замацаваўшы ліст у раме на прыгожай падкладцы, вы атрымаеце незвычайную “карціну”. Некалькі такіх “карцін” – і гіпсавы гербарый запоўніць сцяну. Лісцем можна аформіць раму для люстэрка або падстаўку настольнай лямпы. З іх жа можна сабраць столевую разетку. Гэта толькі некалькі прыкладаў выкарыстання злепкаў, вашай фантазіі тут ёсць дзе разгуляцца!
Неабходныя матэрыялы
Такім чынам, каб стварыць гіпсавы ліст, нам спатрэбяцца простыя і даступныя матэрыялы:
- пясок, каб зрабіць “падушку”;
- поліэтылен, каб абараніць паверхню ліста ад пясчынак;
- ліст расліны;
- гіпс;
- вада.
Працэс
- Абярыце неабходны ліст. Прыдатны ў нашым выпадку азначае прыгожы і просты. То бок, не варта браць для працы лісце рабіны або акацыі, хай гэта будзе ліст клёну або лопуху. Пры выбары ліста звярніце ўвагу на форму або на малюнак жылак – гэта важна. Кляновы ліст мае цікавую форму, а вось ліст лопуху багаты малюнкам жылак, і адліўкі ад яго атрымліваюцца вельмі фактурнымі.
- Падрыхтуйце “падушку”. У скрынку або на паднос насыпце звычайны пясок. Намачыце яго вадой – вільготны пясок лепш трымае форму. Загадзя прадумайце, адліўку якой формы вы хочаце атрымаць. Калі вам патрэбна чаша (талерка, падсвечнік), сфармуйце з пяску горку. Калі патрэбны выпуклы злепак – ямку. Калі вам патрэбны пляскатыя адліўкі, можаце абысціся без пяску, выклаўшы лісце проста на стол.
- Накрыйце “падушку” кавалкам поліэтыленавай плёнкі. Пакладзіце на плёнку ліст жылкамі ўверх.
- Прыгатуйце гіпсавы раствор: насыпце ў ваду гіпс горкай. Гіпс будзе хутка насычацца вадой – сыпце, пакуль вярхушка горкі не пачне ўбіраць ваду павольна. Дайце гіпсу ўвабраць ваду і размяшайце раствор.
- Лыжкай выкладвайце раствор на ліст, ад чаранка – да канца ліста, ад цэнтральнай жылкі – да бакоў. Пласт гіпсу залежыць ад памеру ліста. Для вельмі буйнога лісця яго таўшчыня можа быць 2-2,5 см, часам і больш. У гэтым выпадку не перашкодзіць нанесці два пласты, праклаўшы паміж імі кавалкі дроту. Так будзе надзейней. Дробнае лісце можа быць тонкім – 3-5 мм.
- Трохі пачакайце – гіпс павінен застыць. Затым перавярніце адліўку і, прытрымліваючы яе, зніміце ліст з гіпсу. Аддзяляйце яго ад краёў да цэнтральнай жылкі і ад канца да чаранку. Калі цэнтральная жылка аддзяляецца дрэнна, надрэжце яе і вымайце з адліўкі па частках.
Парада
Пасля таго як гіпсавы ліст цалкам высахне, яго можна будзе свідраваць, фарбаваць, прыляпляць. Буйное лісце лепш мацаваць на сцяну з дапамогай самарэза. Дробнае лісце можна наляпіць з дапамогай клеявога пісталета або спецыяльнага будаўнічага клею (“вадкія цвікі”). Для афарбоўвання лісця выдатна падыдуць акрылавыя фарбы.
(c) ALOVAK