Важная шчэпавая птушка

Птушка займае асаблівае месца ў нашай культуры. Яна сімвалізуе чысціню, веснавы настрой, шчасце. Яе можна пабачыць і на вышытых рушніках, і на маляваных куфрах, і на прадметах побыту. А вось шчэпавую птушку сустрэнеш зрэдку. Між тым, гэта  наш традыцыйны абярэг. Калісьці яна жыла ў шматлікіх беларускіх хатах, а сёння трапляецца толькі што на кірмашах ці ў прыватных калекцыях. На шчасце, ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці традыцыя яе вырабу цудам захавалася, і на пачатку 2016 года яна была ўнесена ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Беларусі.

Тэкст: Марыя Кліменцьева
Фота: Яна Яфрэмава

Цэнтр рамёстваў, дзе сёння адраджаюцца традыцыі вырабу шчэпавай птушкі, змяшчаецца ў старым будынку чырвоных казармаў горада Бярозы. Зайшоўшы ўнутр, мы адразу адчулі моцны, але прыемны пах дрэва і ўбачылі драўляную качку пад столлю. Ды чаму дзівіцца: шчэпавая птушка стала сапраўдным сімвалам Бярозаўскага краю, і асабіста – самога Цэнтра рамёстваў. Мы паразмаўлялі з дырэктарам, Наталляй КАВАЛЕВІЧ, якая ў гасціннай абстаноўцы  расказала пра птушку, майстроў і працу Цэнтра ўвогуле.

-Раскажыце, як шчэпавая птушка атрымала сваё другое жыццё менавіта ў вашым Цэнтры?

Да мяне птушка “прыляцела” ад Сяргея Сяргеевіча Юркевіча, бярозаўскага майстра родам з вёскі Сасноўка. Дзіцячыя ўражанні падштурхнулі яго да спробаў зрабіць такую птушку, але ён не змог знайсці майстра,  таму звярнуўся да кніг. Сяргей Сяргеевіч расказваў, што бачыў шчэпавых птушак на кірмашы ў Бярозе, на вялікіх рынках, спрабаваў іх шукаць. Другі майстар, Канстанцін Канстанцінавіч Пунько, навучыўся рабіць птушак ад свайго бацькі, які быў добрым плотнікам. Пасля вайны бацька выразаў птушак і прадаваў на рынку. Хлопчык ведаў – калі тата нясе птушак на рынак, вернецца з цукеркамі ці якім іншым ласункам. Мабыць, таму ён іх запомніў, бо асацыяваліся яны з нечым прыемным, з радасцю. Сёння Канстанціну Канстанцінавічу ўжо за 80 год, вядома, птушак ён зараз не робіць, але вельмі хвалюецца за іх лёс. Таксама трэба ўзгадаць Мікалая Кандрацьевіча Галабурду з вескі Судзілавічы. Менавіта яго тэхналогію вырабу шчэпавай птушкі перанялі два майстры нашага цэнтра – Аляксандр Пракапчук і Аляксандр Лаўрыновіч.

Як рабіць шчэпавую птушку сваімі рукамі – глядзіце ў пакрокавым майстар-класе ад Аляксандра Прапапчука

-Шчэпавая птушка – гэта абярэг. А як ён дапамагаў, што азначаў?

Сімвал птушкі прасочваецца ва ўсіх традыцыйных абрадавых дзействах, песнях. Шчэпавая птушка была абярэгам дзіцяці, яе падвешвалі над калыскай. Бабуля казала: “На яе крылах застаецца дурны погляд суседкі, з нядобрым вокам”. Калі дзіця падрастала, птушку спальвалі ў печы: менавіта праз агонь, які заўсёды лічыўся ачышчальнай сілай. Яшчэ птушку вешалі ў куце, перад іконай. Да таго ж яна была абавязковым аздабленнем на Раство, як і саламяны павук. Раней ёлку ніхто не ставіў. У нас – вешалі птушку.

-У якіх яшчэ народаў можна сустрэць шчэпавую птушку?

Птушку пазнавалі ў Польшчы, на Люблінскім кірмашы, у якім мы прымаем удзел. Падыходзяць людзі, кажуць: “Вось у бабулі такія былі…” Але ўвогуле шчэпавая птушка сёння сустракаецца рэдка. Неяк на гэтым жа кірмашы да мяне падбег мужчына, нават не да мяне, а да птушкі, ды кажа, што вельмі доўгі час шукаў яе, бо ў кнігах бачыў, а вось “жывую” знайсці цяжка. Сам ён этнограф, зараз жыве ў ЗША. Робяць шчэпавыя птушкі таксама і на поўначы Расіі.

-Якія ж асаблівасці мае наша беларуская птушка?

Прынцыповых адрозненняў няма. Але нашыя – меншыя па памеры. Тыя ж расійскія птушкі робяць з сасны, яны вялікія. Нашы дрэвы – асіна, ліпа, яліна. З асіны, напрыклад, вялікую птушку не зробіш з-за ўласцівасцей дрэва: яно можа разламацца. Адрозніваюцца і ўзоры, якія выдумляе майстар, і асабліва дзюбка, па якой раней пазнавалі ўмельца. Але галоўнае і агульнае ва ўсіх птушках – гэта “замок”, то бок тэхналогіі злучэння пярынак.

-Дзе яшчэ ў Беларусі можна пабачыць шчэпавую птушку, то бок куды вы з ёй выязджаеце?

Мы штогод удзельнічаем у “Вясновым букеце”, які ладзіцца ў Мінску, робім выстаўкі на Дажынках. Заўсёды да нас падыходзяць майстры-разьбяры, цікавяцца. Думаю, пасля кожны з іх спрабаваў зрабіць такую ж. Мы толькі рады навучыць усіх ахвотных рабіць птушак, бо гэтая традыцыя павінна захоўвацца.

 –Як вы плануеце папулярызаваць птушку?

Ну вось прайшло толькі 3 месяцы, як традыцыі вырабу шчэпавай птушкі надалі статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці, а ўжо зроблена вялікая праца. Птушку паказвалі па тэлебачанні, распаўсюджваецца інфармацыя ў інтэрнэце. Мы таксама выходзім на кантакт з каледжамі. Я думаю, хутка мы самі будзем атрымліваць прапановы і ад іншых устаноў адукацыі краіны.

-Ці ёсць ідэі мадэрнізаваць птушку, каб вярнуць яе ў нашае штодзённае жыццё?

Саму птушку мы не мадэрнізуем: гэта традыцыя, якую нельга змяняць. Аднак ёй можна прыдаць сучаснае гучанне. Нашы майстры прыдумалі рабіць птушак на падстаўцы, гэта кабінетны варыянт. Дарэчы, такія ў нас замаўляла страхавая кампанія, як падарунак сваім кліентам. Аднойчы мы рабілі на заказ пару “галубоў”, якія цалуюцца. Іх набылі бацькі маладой пары, якія хацелі, каб іх дзеці ажаніліся. Супадзенне ці не, але так і адбылося.

Варта паглядзець

Бярозаўскі раён Беларусі багаты на цікавінкі. Вось няпоўны спіс:

·        Адна з галоўных славутасцяў горада Бярозы – руіны Картэзіянскага кляштара. Вялізны комплекс будаваўся на працягу 1648-1689 гг., належаў вядомаму роду Сапегаў і лічыўся самым буйным кляштарам картэзіянцаў на тэрыторыі Еўропы. Сёння намаганнямі мясцовых улад і жыхароў раёна адноўлена брама кляштара.

·        Сядзіба Пуслоўскіх у в. Старыя Пяскі, помнік архітэктуры класіцызму, пабудаваны ў XVIII-XIX стст. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць ацалелыя ўязныя брамы.

·        Царква Святога Мікалая-Чудатворца ў в. Чарнякова, што была пабудавана да 1725 году на месцы з’яўлення ў 1700 годзе цудатворнай іконы Божай Маці.

·        Фэстываль народнага гумару “Спораўскія жарты”, дзе можна пабачыць выступы выдатных фальклорных гуртоў. Кажуць, людзі гэтай вёскі – самыя вясёлыя!

(с) ALOVAK

Leave a Reply